• Часопісы
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Такі быў канец старажытнага этапа гісторыі і культуры, але не канец яўрэйскай культуры наогул, бо выратаванае было галоўнае — Кніга. Яшчэ ў час асады Іерусаліма Веспасіянам адзін з выдатных духоўных законавучыцеляў, знаўцаў Торы — Ёханан бэн Закай — цудам пакідае горад, які кантралюецца не толькі рымлянамі звонку, але і ўласнымі «раўніўцамі веры» — зелотамі, якія лічаць, што ўсім патрэбна прыняць смерць у Імя Бога — аль кідуш гаШэм. З’явіўшыся ў шатры Веспасіяна, Ёханан бэн Закай прадвясціў яму лёс імператара Рыма. Веспасіян быў вельмі ўражаны гэтым і паабяцаў выканаць усялякую просьбу мудраца, калі спраўдзіцца яго прадказанне. Стары рабі адказаў: «Дай мне Яўнэ!» Гэта была просьба дазволіць, калі Іерусалім будзе разбураны, адкрыць у невялічкім га-
    радку Яўнэ першую духоўную школу — іешыву (ешыбот; іўрыц. йешыва — «сядзенне», «паседжанне»), дзе будуць вывучацца святыя тэксты. I сапраўды, у Яўнэ ўзнікла Духоўная Акадэмія, дзе пачаўся непрыкметны і складаны працэс выратавання К.нігі — яе кананізацыі і уніфікацыі.
    Менавіта акадэмікі Яўнэ (у славянскай Бібліі — Іамніі) вырашылі ў II ст. пытанне пра канчатковы склад трэцяй часткі Танаха — Кетувім (Пісанні). Цікава, што следам за іудзейскімі рабінамі маладая хрысціянская традыцыя перавяла некаторыя адхіленыя імі кнігі ў статус дэйтэракананічных (другакананічных) — Кнігу Іудзіф (Юдзіф), Кнігу Товіта (Тобіта), Кнігу Ісуса, сына Сіраха, Кнігі Макавеяў і інш. Усё гэта сведчыць аб тым, што на той час яшчэ не была перарэзаная жывая пупавіна паміж іудзейскай і хрысціянскай традыцыямі. У гэты ж час, у II ст., пачынаюць запісвацца тэксты Дабравесцяў (Евангелляў), якія апавядалі пра жыццё, смерць і Уваскрэсенне Ісуса Хрыста, а таксама неслі Яго пропаведзь, запісаную вучнямі. 3 мноства тэкстаў, якія мелі хаджэнне ў розных хрысціянскіх гуртках, паступова адбіраюцца чатыры Евангеллі, што найбольш поўна і адэкватна выяўляюць сутнасць хрысціянскага вучэння. Да іх дадаюцца Пасланні апостала Паўла і іншых апосталаў, кніга Дзеянні Апосталаў і Апакаліпсіс (Адкрыццё) Яна Багаслова. Прыблізна да 140 г. (паводле некаторых дадзеных — да 120 г.) хрысціянскія суполкі сабралі ўсё, што сёння ўваходзіць у склад Новага Запавету. Заходні Касцёл раней за Усходнюю Царкву прыйшоў да прызнання канона. Саборы ў Гіпоне (393 г.), у Карфагене (397 г.), у Рыме — пры Інакенціі I (пачатак V ст.), а таксама Consilium Romanum пры Геласіі I (493 г.) зацвердзілі ўвесь канон.
    Доўгі і цяжкі шлях прайшла Вялікая Кніга. За яе старонкамі — больш за дзве тысячы гадоў жывой гісторыі, надзеяў, пакутаў, парыванняў, пошукаў ісціны, памылак і адкрыццяў розных людзей, цэлага народа і ўсяго чалавецтва. Зноў і зноў людзі схіляюцца над старонкамі Бібліі, каб атрымаць адказ на самыя складаныя пытанні чалавечага жыцця. Паспрабуем і мы ўвайсці ў гэты незвычайны, велічны, дзівосны, напоўнены суровай рэальнасцю і хараством, ашаламляльны свет.
    ТОРА ЯК АДЗІНЫ РЭЛІГІЙНА-ГІСТАРЫЧНЫ ЭПАС
    I ЯК МЕТАТЭКСТ
    Вялікая ёсць Тора, бо тым, хто выконвае яе, дае яна жыццё і ў гэтым свеце, і ў будучым, як сказана: «Таму што яна — жыццё для таго, хто знайшоў яе, і для плоці яго — вылячэнне». ...1 яшчэ: «Дрэва жьшця яна для тых, хто прытрымліваецца яе, і тыя, хто абапіраецца на яе, шчаслівыя». I яшчэ: «...яна — цудоўны вянок на галаве тваёй і каралі на шыі тваёй».
    (Пірке Авот 6:7)
    На пачатку біблейнага канона стаяць пяць эпічных і заканадаўчых кніг, звязаных з імем вялікага прарока Майсея, — Пяцікніжжа Майсеева, альбо Тора, як яны завуцца ў іудзейскай традыцыі. Тора ў перакладзе з іўрыту значыць «Закон», і гэтая назва як нельга лепей адпавядае сутнасці і прызначэнню Пяцікніжжа: у ім даецца Закон Божы, запаведзі, выконваючы якія, чалавек застаецца чалавекам перад Тварам Усявышняга і перад іншымі людзьмі. Але, акрамя маральнага Закону, тут дадзены і той Закон, што прывёў у рух Сусвет, што даў імпульс жыццю на Зямлі. У самім Пяцікніжжы паняцце Тора вызначае не толькі тэкст Торы як часткі яўрэйскай Бібліі — Танаха, але і ў вузкім сэнсе — сукупнасць законаў і пастаноў, якія тычацца таго ці іншага прадмета ці з’явы. Даволі часта як Тора ў іудзейскай традыцыі вызначаецца ўвесь Танах; адрозніваюцца таксама Пісаная Тора, ці Пісьмовы Закон (Тора шэ-бі-xmde), г. зн. уласна Тора, і Вусная Тора, ці Вусны Закон (Тора шэ-бэ-аль пэ), які тлумачыць Пісьмовы, з’яўляецца каментарам да яго (звычайна пад апошнім маецца на ўвазе Талмуд). У самым шырокім сэнсе слова Тора абазначае ўсю сукупнасць яўрэйскіх рэлігійных тэкстаў, а таксама ўсю Галахў — іудзейскае рэлігійнае заканадаўства. Але ж найчасцей назва Тора ўжываецца ў адносінах да Пяцікніжжа Майсеева.
    Назвы Тора няма ў хрысціянскай Бібліі, але кожная з першых пяці кніг, што стаяць на яе пачатку, маюць у надзагалоўку ўказанне, што гэта адна з Пяці кніг Майсеевых, напрыклад: Першая кніга Майсеева. Быццё', Другая кніга Майсеева. Зыход і г. д.; пар. у лютэраўскай Бібліі: Das erste Buch Mose (Genesis); Das zweite Buch Mose (Exodus) i г. д.; адсюль найменне Пяцікніжжа, якое ўжываецца не толькі ў яўрэйскай традыцыі (Хумаш — Пяць [кніг], або Хаміша Хумшэй Тора — Пяць Кніг Торы), але і ў еўрапейскай традыцыі, як багаслоўскай, так і навуковай (напрыклад, англійскае The Pentateuch). У арыгінале пяць кніг Торы называюцца па першаму слову, з якога яны пачынаюцца: Бэрэшыт («У Пачатку»), Шэмот («Імёны»), Вайікра («I заклікаў»), Бэмідбар («У пустыні»), Дэварым, або Дварім («Словы» і адначасова «Справы»), Ім адпавядаюць у хрысціянскай традыцыі назвы, якія прыйшлі з грэчаскага перакладу, зробленага ў Александрыі яўрэйскімі мудрацамі, тлумачальнікамі Торы: Быццё, Зыход (Выхад), Левіт, Лічбы, Другазаконне.
    У яўрэйскай традыцыі Тора мае асаблівы статус: менавіта яна з’яўляецца Святым Пісаннем паводле азначэння. Калі кнігі астатніх двух раздзелаў Танаха — Нэвіім (Прарокі) і Кетувім (Пісанні) — напісаныя людзьмі, якія непасрэдна чулі голас Божы і трансфармавалі яго праз свой унутраны слых, як і відзежы, ім адкрытыя, — праз свой унутраны зрок (сачыненні прарокаў), ці людзьмі, якія былі натхнёныя Духам Святым (Руах га-Кддэш), як аўтары Агіёграфаў (так па-грэчаску мянуюцца Пісанні: Пісанні Духам Святым), то Тора лічыцца не проста Боганатхнёнай, але дадзенай Богам. Яна з’яўляецца, згодна з рэлігійнай традыцыяй (дарэчы, і хрысціянскай таксама), непасрэдным Адкрыццём Бога, дадзеным праз прарока Майсея яўрэйскаму народу і ўсяму свету. 3 пункту гледжання іудзейскай рэлігійнай свядомасці, Тора ўяўляе сабою светавое цэлае: у ёй прадстаўлены сакральны план, у адпаведнасці з якім развіваецца свет, у ёй зашыфраваная ўся чалавечая гісторыя (такі падыход прымусіць шмат каго шукаць тут асаблівыя таямніцы, асаблівыя прароцтвы наконт будучага чалавецтва, што будзе асабліва яскрава прадстаўлена як у яўрэйскай, так і ў хрысціянскай містыцы).
    Тэксты Пяцікніжжа з’яўляюцца апірышчам, фундаментам, на якім стаіць увесь будынак як Бібліі яўрэйскай (Танаха), так і Бібліі хрысціянскай, бо ў ім сфармуляваныя найважнейшыя ідэі, якія працінаюць увесь біблейны тэкст і пра якія гаворка ішла ва «Уводзінах»: ідэя монатэізму, або Адзінабожжа, Саюзу, або Запавету з Адзіным Богам, Зыходу як матэрыялізацыі Запавету, Абяцання Божага. Тора — адзін з найстаражытнейшых пісьмовых заканадаўчых кодэксаў; яна ўтрымлівае ў сабе найгалоўнейшыя маральна-этычныя нормы і запаведзі, што маюць агульначалавечую каштоўнасць і фундуюць як іудзейскую, так і хрысціянскую і ісламскую цывілізацыі; апрача таго, у ёй прадстаўленыя законы і пастановы, якія тычацца абсалютна ўсіх бакоў жыцця індывідуальнай чалавечай асобы і жыцця соцыума, рэлігійнай суполкі. Нездарма ў свой час англійскі асветнік, навуковец і філосаф Джон Толанд вызначыў Пяцікніжжа як найлепшую грамадзянскую канстытуцыю, якую ён толькі бачыў. Вось чаму назва гэтай часткі Танаха як нельга болей адпавядае яе сутнасці: Тора значыць «Закон», прычым менавіта Закон Божы. Закон, дадзены Богам, вызначае ўзнікненне і развіццё свету, існаванне чалавецтва і гісторыю народа, выбранага Богам, народа, які першым заключыў свядомы Саюз з Богам, высокую Дамову ўзаемнай вернасці і любові. У сувязі з гэтым Тора мае адзіны магістральны сюжэт, які немагчыма звесці толькі да непасрэднай фабульнай гісторыі (у гэтым сэнсе ў ёй вельмі шмат розных сюжэтаў, асобных гісторыяў). Гэты генеральны сюжэт можна вызначыць як рух свету ад хаосу да гармоніі, ад бязладдзя да ладу, ад адпадзення людзей ад Бога, парушэння Яго Закону — да свядомага яго выканання хаця б адным народам, што становіцца своеасаблівым «інструментам» у Божых руках дзеля выпраўлення свету, прывядзення яго ў стан першапачатковых гармоніі і хараства. Гэты сюжэт можна таксама вызначыць, паводле словаў Мікалая Бярдзяева, як «сустрэчу народа з Богам шляхам гісторыі», a яшчэ — як дыялог паміж Богам і чалавекам, чалавецтвам, і перадусім — паміж Богам і народам Ізраіля (на адкрыццях Торы, па сутнасці, трымаюцца ўсе канцэпцыі дыялагізму гісторыі і культуры, у прыватнасці — канцэпцыі
    Марціна Бубера, Франца Розэнцвейга, Міхаіла Бахціна, на якога моцна ўздзейнічаў Бубер, Эмануэля Левінаса). У Торы ўпершыню зафіксаваная асаблівая канцэпцыя гісторыі народа, упісанай у сусветную гісторыю: гэта сакральная гісторыя (Свяшчэнная гісторыя), што разгортваецца як праява волі Творцы, як Яго «раскрыццё» праз гісторыю яўрэйскага народа, які нараджаецца, паводле азначэння, у якасці сакральнай еднасці.
    Тора ўяўляе сабою унікальны адзіны рэлігійна-гістарычны эпас, цэласнасць якога задаецца генеральнымі ідэямі-матывамі, што праходзяць праз увесь тэкст, выконваючы, акрамя іншых, і формастваральныя, і сюжэтастваральныя функцыі: Запавет, Зыход, Абяцанне. Пры тым, што ўсе кнігі, якія ўваходзяць у Тору, з’яўляюцца эпічнымі, яны маюць розную жанравую прыроду. Кніга Быцця злучае ў сабе рысы міфалагічнага (касмаганічнага, антрапаганічнага, этыялагічнага) і гістарычнага эпасу, а Кніга Зыходу — гістарычны эпас у больш чыстым выглядзе; тры наступныя кнігі — Левіт, Лічбы, Другазаконне — у большай ступені заканадаўчыя, хаця і ўключаюць у сябе шматлікія наратыўныя (апавядальныя) элементы, а таксама ўпісваюцца ў агульную апавядальную «раму»: ад пачатку свету і чалавецтва — да пачатку гісторыі выбранага Богам роду, потым — ад выхаду народа Ізраіля з Егіпта да прыходу яго да межаў Зямлі Абяцанай і смерці Майсея, вялікага прарока і правадыра, які паспявае ўбачыць у апошні свой час неверагодна прыгожую Святую Зямлю і благаславіць народ, што павінен увайсці ў яе.