Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Між тым скончылася гегемонія персаў на Старажытным Усходзе, надышоў час грэкаў: ужо Аляксандр Македонскі выступіў з войскам услед за сваім бацькам Філіпам на заваёву велізарнай імперыі, якая працягнулася ад Індыйскага да Атлантычнага акіяна. У 332 г. да н. э. Іудзея была заваяваная Аляксандрам, а пасля яго смерці, калі імперыя распалася на некалькі царстваў, яна апынулася ва ўладаннях дынастыі Пталемеяў. Упершыню яўрэйская культура блізка сутыкнулася з грэчаскай, і гэта была больш чым значная падзея для еўрапейскай цывілізацыі. Прыкладна ў сярэдзіне Ш ст. да н. э., пры Пталемеі II Філадэльфе, быў выкананы першы пераклад тэкстаў Танаха, якія амаль усе склаліся да гэтага часу, на першую замежную мову — грэчаскую. Так з’явілася знаная Сэптуагінта (з лаціны Septuaginta — «семдзесят») — грэчаская версія тэкстаў Танаха, зробленая вельмі натхнёна і памайстэрску яўрэйскімі мудрацамі-хйхамш1 у Александрыі,
1 Множны лік ад слова хахам («мудрэц»); ганаровая назва знаўцаў і тлумачальнікаў Торы ў яўрэйскай традыцыі; звычайна, калі яны ўзгадваюцца ў гаворцы, вымаўляецца асаблівая формула: хахамёйну зіхронам лівраха («нашы мудрацы, няхай будзе благаславёная іх памяць»).
дзе існавала даволі вялікая яўрэйская рэлігійная суполка. Паданне гаворыць, што мудрацоў было семдзесят два (па шэсць чалавек сімвалічна ад кожнага з каленаў Ізраілевых) і што пераклад, які прызналі боганатхнёным, выкананы быў па просьбе цара Пталемея. Але на самой справе пераклад быў стымуляваны патрэбамі яўрэйскай суполкі ў Александрыі: многія ўжо гаварылі на грэчаскай мове лепш, чым на сваёй роднай. Вельмі хутка народ складзе горкую прыпавесць: і згасла сонца, калі прынеслі мудрацы Талмаю (Пталемею) Тору. «Згасла сонца» — таму што Кнігу хутка «абагулілі», яна стала ўсеагульнай, многія нават забыліся, што тут робяць яўрэі, і ператварылі Кнігу ў нейкі абвінаваўчы акт супраць народа. Але дзякуючы Сэптуагінце Кніга выйшла ў шырокі свет, з ёю змаглі пазнаёміцца іншыя народы. Пачаўся (праз некалькі стагоддзяў) яе моцны ўплыў на заходні (еўрапейскі) свет. Хто можа сказаць, што такі шлях не наканаваў ёй Сам Бог? Менавіта Сэптуагінта разам з тэкстамі Новага Запавету склала першапачаткова хрысціянскі канон, яна застаецца і зараз кананічным тэкстам Грэчаскай Праваслаўнай Царквы. Доўгі час паводле Сэптуагінты выконваліся пераклады Старога Запавету на іншыя мовы. Першым перакладам з арыгінала, з іўрыту, стала слынная Вульгата (у перакладзе з лаціны Vulgata — «простанародная», «агульнадаступная») — пераклад св. Іеранімуса (Іераніма), які быў зроблены на мяжы IV—V стст. і стаў кананічным перакладам Каталіцкай Царквы (Каталіцкага Касцёла). Пазней пераклад на жывую еўрапейскую (нямецкую) мову першым зрабіў Марцін Лютэр (XVI ст.), пачынальнік Рэфармацыі ў Германіі і тым самым — пратэстантызму, дакладней, такой яго формы, як лютэранства. У перакладзе Лютэра Біблія ўвайшла ў кожны нямецкі дом, стала самай выдаваемай і чытаемай кнігай у Еўропе, з яе пачалася сапраўдная нямецкая проза і паэзія.
Час панавання Пталемеяў быў часам адноснай верацярпімасці: Іудзея мела самакіраванне, якое ўзначальваў Першасвятар (га-Когэн га-гаддль — Вялікі святар, або Рош га-когэн — Галоўны святар) Іерусалімскага Храма. Але ў 198 г. да н. э. Іудзеяй авалодалі Селеўкіды — яшчэ адна дынастычная галіна спадчыннікаў Аляксандра Македон-
скага. Яны пачынаюць гвалтоўную элінізацыю, спрабуюць адмяніць Адзінабожжа і ўвесці ў Іудзеі язычніцтва. Асабліва лютаваў Антыёх IV Эпіфан, які ў 168 г. да н. э. падпісаў указ, паводле якога іудзеі павінныя былі забыцца пра тое, кім яны ёсць. Эдыкт адмяняў усе галоўныя ўстановы веры, забараняў іўрыт і чытанне ў арыгінале Святога Пісання. Але дзеці ўсё роўна вывучалі родную мову, гуляючы на вуліцах з ваўчкамі (цацкамі), на баках якіх былі выразаныя літары роднага алфавіту. Хутка рэпрэсіі абрынуліся на няскораных. У Іудзеі ўпершыню ў гісторыі многія прынялі смерць за веру (аль кідўш га-Шэм — «у асвячэнне Імя Госпада»), Апошняй кропляй, што перапоўніла чашу народнага цярпення, стала ўсталяванне ў Іерусалімскім Храме язычніцкіх ідалаў — статуяў грэчаскіх багоў. Народ адказаў на гэта паўстаннем, якое ўспыхнула ў 167 г. да н. э. і перарасло ў самую сапраўдную вайну супраць войска Селеўкідскага царства — у так званую Макавейскую вайну. Паўстанцаў узначальвалі браты з роду Хашманаім (Хасманёяў), і асабліва выдатную ролю ў паўстанні адыграў таленавіты палкаводзец і мужны чалавек Йегуда Хашманай, або Йегуда Макабі (Іуда Макавёй). Яго мянушка (паводле адной з версіяў, ад слова макэвет — «молат», бо як молат ён абрынуўся на ворагаў; згодна з другой, Макабі — абрэвіятура, у якой зашыфраваны радок Псальмы — «Хто сярод багоў падобны Табе, Госпадзі!») перайшла потым і да яго чатырох братоў. У 164 г. Макабі вызвалілі Іерусалім. Быў ачышчаны ад язычніцкіх ідалаў, нанова асвечаны і прысвечаны Адзінаму Богу Іерусалімскі Храм (у сувязі з гэтым усталявалася свята Ханукі — свята перамогі духу над грубай матэрыяй, Адзінабожжа над язычніцтвам). Вайна з Селеўкідамі працягвалася ў цэлым дваццаць пяць гадоў. У выніку Селеўкіды ўсё ж такі пайшлі на ганебныя для іх перамовы з апошнім Макабі, які застаўся жывым, — Шымонам, і ўсталявалася Хасманейскае царства. У неспакойную эпоху Макавейскай вайны складаюцца і набываюць канчатковы выгляд некаторыя кананічныя кнігі Старога Запавету, напрыклад Кніга Эстэр, Кніга Даніэля (у ёй вельмі многа ўказанняў на ганенні Антыёха). У гэты ж час ствараюцца слынныя Кнігі Макавейскія, якія данеслі да нас трагічнае
дыханне эпохі, яе гераічны пафас, але не былі ўключаныя яўрэйскімі мудрацамі ў канон. Часам Макавеяў мудрацы «падвялі рысу» пад завяршэннем канона: кнігі, створаныя пазней, у яго не трапілі; тыя ж, што ствараліся непасрэдна ў гэтую эпоху, трапілі ў канон толькі часткова. Шмат якія кнігі былі адкінутыя з-за несупадзення з духам Святога Пісання, некаторыя — з той прычыны, што не захаваўся арыгінальны тэкст на іўрыце (так сталася з шэдэўрам яўрэйскай афарыстыкі — Кнігай Мудрасці Йегошуа бэн Сіры, або Ісуса, сына Сірахава, арыгінал якой быў знойдзены толькі ў XX ст.).
У I ст. да н. э. Іудзея была заваяваная рымскім палкаводцам Гнэем Пампеем і ператвораная ў правінцыю (пратэктарат) Рымскай імперыі. У наступным стагоддзі, з якога пачынаецца Новая эра ў разуменні заходняй цывілізацыі, тут разгортваецца велічная драма веры: гэта час пропаведзі Йешуа (Йешу) га-Ноцры (Ісуса з Назарэта), прапаведніка з Галілеі (паўночная частка тэрыторыі Ізраіля), час нараджэння хрысціянства. Новая эра і адлічваецца ад Нараджэння Хрыстова. Ён нарадзіўся, згодна з дадзенымі навукі, у 7 або ў 4 г. да н. э., хутчэй за ўсё ў Назарэце. Гэта здаецца парадоксам: нарадзіўся да Нараджэння? Але справа не ў дакладнай даце, якую зараз вельмі складана высветліць, а ў тым, што Ісус сапраўды нарадзіўся, а з ім нарадзіліся вялікае святло і вялікая надзея для мноства людзей і народаў. У самы цяжкі час, калі народ Божы пакутаваў пад гнётам Рыму і марыў аб збавенні, Ісус прыйшоў, каб нагадаць пра Праўду, Міласэрнаснь, Любоў — Любоў да Бога і чалавека, каб адкрыць шлях да выратавання душы. Усё лепшае, што было ў пропаведзі Майсея і іншых вялікіх прарокаў Ізраіля, Ісус сканцэнтраваў у Сваёй пропаведзі, прадставіў у форме крыштальнапразрыстых і адначасова невычэрпна глыбокіх маральнафіласофскіх прыпавесцяў. Слова Яго ішло ад сэрца і запальвала сэрцы іншых людзей. Слова Яго ўспрымалася ў краіне, ахопленай тэрорам, акрываўленай, напоўненай прадчуваннем вялікіх катастрофаў, як глыток халоднай вады ў спякотнай пустыні. Ісус выйшаў на пропаведзь у трыццацігадовым узросце (паводле Бібліі, узрост духоўнай сталасці), і яна працягвалася некалькі гадоў. У 30 або 33 годзе Новай эры Ён прыняў пакутніцкую смерць — быў
распяты рымлянамі на крыжы ў выглядзе літары «Т», на перакладзіне (гэта быў тыпова рымскі спосаб пакарання, у Іудзеі нікога і ніколі так не каралі смерцю). Здавалася, што ўсё загінула з Яго смерцю. Але ўсё выратавала ідэя Уваскрэсення, якая ўжо трывала замацавалася ў іудзейскай культуры. На трэці дзень пасля смерці Ісус, як Ён і прадракаў, уваскрэс, крывёю Сваёю выкупіўшы, згодна з хрысціянскай канцэпцыяй, грахі людзей і адкрыўшы ім шлях да Вечнага Жыцця. I ўжо паводле Яго Слова — «Ідзіце і навучыце ўсе народы!» — выправіліся ў дарогу Яго верныя апосталы (з грэчаскага — «пасланнікі»). Адным з першых панёс Слова Ісуса язычніцкім народам апостал Павел.
Першапачаткова хрысціянства перажывае станаўленне як адна з сектаў унутры іудзейскай традыцыі. Толькі рэформы апостала Паўла (у мінулым — Шауля, або Саула, з Тарса) кладуць пачатак размежаванню дзвюх традыцый, і «рэлігія Сына», калі можна так сказаць, аддзяляецца ад «рэлігіі Айца» (патрэбна толькі памятаць, што Бог Айцец і Бог Сын у хрысціянстве — не розныя багі, а іпастасі Адзінага Бога). Павел не толькі адмяніў для язычніхаў, якія прымалі хрысціянства, абмінаючы іудаізм (раней гэта было немагчыма), такія ўстановы яўрэйскай традыцыі, як запаведзь абразання (дакладней — абрэзання) і законы кашрута (дазволенай і недазволенай ежы), але — самае галоўнае — паставіў на месца Торы постаць Ісуса. I ў той час, і сёння яўрэі лічылі і лічаць, што прыйсці да Бога можна толькі праз вывучэнне Торы і выкананне яе запаведзяў. Павел жа пастанавіў, што наблізіцца да Бога можна толькі праз асабістую любоў і вернасць Ісусу, што выратоўвае чалавека Яго вялікая літасць. Першыя па часе хрысціянскія творы — гэта Пасланні апостала Паўла, якія ён адпраўляе ў розныя хрысціянскія суполкі таго часу і якія ўвайшлі пазней у канон Новага Запавету. I ўжо перадаюць прыхільнікі новага вучэння з вуснаў у вусны і запісваюць па памяці логіі (кароткія выказванні) і прыпавесці Хрыста, якія крыху пазней лягуць у фундамент чатырох кананічных Евангелляў.
У гэты драматычны час яўрэйскі народ адчайна спрабуе скінуць іга Рыма: у 66 г. успыхвае так званая Іудзейская вайна, назаўсёды ўвасобленая ў аднайменным творы Іосіфа Флавія, сведкі і ўдзельніка абароны Іерусаліма, a
потым — гісторыка пры імператарах з дынастыі Флавіяў, які пісаў па-грэчаску. Паўстанне жорстка падаўляюць рымскія палкаводцы, а потым імператары Веспасіян і яго сын Ціт. У 70 г., у цяжкім, спякотным месяцы аве (канец ліпеня — пачатак жніўня), пасля вельмі доўгай і пакутлівай асады, Ціт захапіў Іерусалім. Рымляне ўчынілі ў горадзе самую сапраўдную разню, амаль усё насельніцтва, якое выратавалася, было ўзята ў палон, у тым ліку і Ёсэф бэн Маціцягу — той, хто потым стане Іосіфам Флавіем, аўтарам «Іудзейскіх старажытнасцяў». Быў разбураны і спалены Другі Храм. Захавалася толькі частка заходняй сцяны храмавай агароджы — Сцяна Плачу, галоўная іудзейская святыня, малітва ля якой лічыцца асабліва дзейснай (і сёння, як і дзве тысячы гадоў таму назад, іудзеі, дзе б яны ні знаходзіліся, моляцца, звярнуўшыся тварам у бок Сцяны Плачу, у бок Іерусаліма). Яшчэ тры гады мужна абаранялася крэпасць Масада на беразе Мёртвага мора недалёка ад Іерусаліма. Калі рымляне ўсё ж такі захапілі Масаду, то знайшлі ўсіх абаронцаў (некалькі сотняў чалавек) мёртвымі. Кінуўшы жэрабя, яны забілі адзін аднаго, прыняўшы смерць аль кідуш га-Шэм, і толькі апошні скончыў жыццё самагубствам. Адчайным актам супраціўлення стала паўстанне пад кіраўніцтвам Бар-Кохбы (132—135 гг.). Пасля падаўлення паўстання рымляне выдаюць указ, які забараняў яўрэям жыць на радзіме (большая частка іх загінулі ці апынуліся ў рымскім нявольніцтве).