• Часопісы
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Усе кнігі Пяцікніжжа напісаныя асаблівай, моцна рытмізаванай прозай, якая вельмі часта пераходзіць у так званую прозіметрыю. Гэта ўзмоцненая рытмічнасць узнікае часцей за ўсё, як здаецца, міжволі, за кошт спецыфічных якасцяў старажытнага біблейнага іўрыту, што захоўваюцца і ў беражлівых, піетэтных рэлігійных перакладах, і тым больш у перакладах філалагічных. Так, на іўрыце займеннікі, асабліва прыналежныя, не толькі стаяць у постпазіцыі, але і зліваюцца з папярэднім словам, ствараючы часта сугуччы на канцах словаў, што ўспрымаецца як спантанны (а можа, свядомы?) рытм, напрыклад: Вэ-ёмэр: ка-на эт-бінха, эт-йехідха, ашэр-агавта, эт Йіцхак... («I сказаў
    [Бог]: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака...» (Быц 22:2)). У арыгінале ўсё гучыць (дзякуючы «зрастанню» словаў і іх сцісласці, гранічнай кароткасці) больш рэльефна, больш рытмічна, чым ва ўсялякім перакладзе; у прыведзеным радку (а такіх мноства) увачавідкі бачная асанансная рыфма: -на, -ха, -ха, -та. Яшчэ адна прычына моцнай рытмізаванасці тэксту — наяўнасць вялікай колькасці злучнікаў «і» (у арыгінале — вэ), якія стаяць літаральна перад кожным дзеясловам: «I ўстаў Аўраам раніцой рана, і асядлаў асла свайго, і ўзяў з сабою двух хлопцаў сваіх і Йіцхака, сына свайго, і накалоў дроў для ахвяры ўсеспалення, і ўстаў, і пайшоў на месца, пра якое сказаў яму Бог» (Быц 22:3). Падобныя сінтаксічныя канструкцыі, якія ўключаюць у сябе своеасаблівы полісіндэтон (шматразовы паўтор злучніка «і»), — можа, самая тыповая стылёвая прыкмета старажытнаяўрэйскага тэксту. Але справа ў тым, што вэ, якое стаіць у тэксце і гучыць пры яго чытанні (а ён пастаянна чытаецца ў арыгінале вернікамі-яўрэямі індывідуальна і падчас Суботняга богаслужэння ў сінагозе), не заўсёды мае сэнс злучніка, дакладней — часцей за ўсё не мае такога сэнсу. Сапраўды, гэтыя бясконцыя паўторы здаюцца залішнімі: «I благаславіў Бог Ноаха [Ноя] і сыноў яго, і сказаў ім: “Пладзіцеся і размнажайцеся і напаўняйце зямлю”» (Быц 9:1). Тут, можа, толькі два ці тры разы вэ мае функцыю злучніка «і». Навошта ён, напрыклад, стаіць на пачатку гэтага верша? Чаму два разы — у словах Бога? Ці нелыа абысціся адным разам? Справа ў тым, што ў старажытным тэксце Торы вэ (на пісьме — літара, якая завецца ў алфавіце вав) найчасцей адыгрывае ролю граматычнага паказчыка пры дзеяслове: гэта так званы «вав, які пераварочвае», — «пераварочвае» сённяшні час у мінулы. Таямніца найстаражытнейшых біблейных тэкстаў у тым, што ў іх няма мінулага часу ў нашым сэнсе слова — як катэгорыі і як граматычна выяўленай формы дзеяслова; ёсць толькі сённяшні і будучы час. Але, каб ва ўнутранай логіцы аповеду аддзяліць для чытача падзеі, якія ўжо былі, ад тых, што маюць быць, уводзіцца граматычны паказчык перад дзеясловам — вэ. Незалежна ад сэнсу гэта стварае асаблівую ўзвышаную і паэтычную стылістыку тэксту, узмацняе яго
    рытмічнасць. Даўно ўжо склалася традыцыя беражліва перадаваць гэтыя вавы на розных мовах злучнікамі «і», і здаўна такі ход, як выкарыстанне перад дзеясловамі «і», прымяняўся і прымяняецца пры неабходнасці стылізацыі біблейнага тэксту шматлікімі мастакамі слова. Напрыклад, так робіць Ганна Ахматава ў першых радках сваіх «Біблейных вершаў», каб адразу настроіць слых чытача на пэўны кантэкст, менавіта біблейны фон: «й праведнйк шел за послэннйком Бога...»; «й встретнл йаков в долйне Рахйль...»; «й отрок йграет безумцу царю, // й ночь беспошадную рушйт, // й властно победную клйчет зарю, // й прйзракй ужаса душмт. // й царь благосклонно ему говорйт...» Яшчэ раней такі «дзеяслоўны» полісіндэтон выкарыстоўвалі ў сваіх вершах паэты эпохі барока (XVII ст.) — Джон Дон і «метафізікі», Андрэас Грыфіус і нямецкія паэты-містыкі і інш. У XVIII ст. да гэтага прыёму звяртаецца ў сваіх рэлігійна-філасофскіх гімнах Фрыдрых Готліб Клопштак, вялікі наватар і рэфарматар нямецкай паэзіі і наогул паэтычнай мовы (для яго стылістыкі і жанравых формаў яго паэзіі вельмі значнымі былі рысы біблейнай паэтыкі), а пасля яго — і па-свойму, непаўторна — Фрыдрых Гёльдэрлін. Прыклады можна працягваць. Дарэчы, важна зазначыць, што стыль, багаты на паўторы злучніка «і», непазбежна адбіўся ў грэчаскім тэксце Евангелляў (самыя старажытныя з іх — Евангеллі ад Марка і ад Мацвея), бо яны абапіраліся на старазапаветны ўзор і мелі ў якасці першавытокаў запісы на іўрыце: «I быў Ён там у пустыні сорак дзён, і спакушаў Яго сатана, і быў [Ён] са звярамі, і Анёлы служылі Яму» (Map 7:73); «I выйшаў [Ісус] ізноў да мора, і ўвесь народ пайшоў да Яго, і Ён вучыў іх» (Map 2:13)\ «I пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і наляцелі на дом той, і ён упаў, і было падзенне яго вялікім» (Mau, 7:27) і г. д. Заўважым, што ў той час, калі запісваліся Евангеллі, формы дзеясловаў мінулага часу ўжо даўно былі замацаваныя. Але нават у тым Евангеллі, якое першапачаткова пісалася па-грэчаску, — у Евангеллі ад Лукі — мы знойдзем вялікую колькасць падобных прыкладаў: «I павёў Яго ў Іерусалім, і паставіў Яго на крыле Храма, і сказаў Яму: калі ты Сын Божы, кінься адсюль уніз» (Лук 4:9у, «I прыйшоў
    у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень Суботні ў сінагогу, і ўстаў чытаць» (Лук 4:16) і г. д. Дарэчы, чытае Ісус у сінагозе, устаўшы на ўзвышшы — бімё (правобраз амвона), менавіта Тору і гафтарў (літаральна — «заканчэнне»; раздзел з прароцкіх кнігаў, які абавязкова завяршае чытанне тыднёвага раздзела Торы): «Яму падалі Кнігу прарока Ісаі, і Ён, раскрыўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана... // I закрыўшы кнігу і аддаўшы яе служыцелю, сеў; і вочы ўсіх у сінагозе глядзелі на Яго...» (Лук 4:17, 20).
    Вернемся ізноў да самой Торы. Патрэбна памятаць, што слова Торы — сакральнае, літургічнае слова, з самога пачатку прызначанае для рытмічнага вымаўлення ўслых і выканання з асаблівым меладычным распевам (так гэтыя тэксты і чытаюцца, дакладней — пяюцца, паводле сістэмы кантыляцыі, падчас сінагагальнай службы). Усё гэта абумовіла значныя адрозненні біблейнай прозы ад сучаснай: першая больш набліжаецца да вершаванай мовы, часта нагадвае верлібр — свабодны верш, альбо вызвалены верш, — вызвалены не толькі ад рыфмы (яе не было ў літаратурах блізкаўсходняй і міжземнаморскай Старажытнасці; дакладней, яна з’яўлялася спарадычна і спантанна і не адыгрывала асаблівай ролі), але і ад дакладнага рытму: кожны радок мае свой непаўторны рытмічны малюнак, усё трымаецца на вазе аднаго, асобна вылучанага слова, на дынамічным кантрасце доўгіх і кароткіх радкоў. У самых семантычна значных і эмацыянальна напружаных месцах рытмізаваная проза Торы лёгка пераходзіць у вершаваную мову. Старажытнаяўрэйскае вершаскладанне, як і ў іншых семіцкіх літаратурах — акадскай (вавілонскай і асірыйскай) і ханаанейскай, было танічным (ад грэч. tonos — «націск»). Гэта значыць, што рытм і даўжыня вершаванага радка (верша) трымаліся на пэўнай колькасці націскаў (значыць, і словаў), якая магла быць аднолькавай у вершах (ці паўвершах), а магла і ўяўляць сабою пэўную асіметрыю, якая, тым не менш, паўтаралася, ствараючы той ці іншы рытмічны малюнак: 2 + 2;3 + 3;4 + 4; 5 + 5 (сіметрычны танічны верш); 2 + 3; 3 + 2; 3 + 4; 4 + 3 і г. д. (асіметрычны танічны верш). Некаторыя памеры былі асабліва папулярнымі і мелі свае назвы: так, памер
    3	+ 2 называўся кіна («плач»), бо выкарыстоўваўся ў жалобных песнях. Важным сродкам упарадкавання паэтычнай мовы Торы і Бібліі наогул, як і сродкам дыдактычным, з’яўляецца семантычны і сінтаксічны паралелізм: думка часцей за ўсё не гучыць аднойчы, а вар’іруецца (ці даецца па кантрасце) у абсалютна падобнай сінтаксічнай канструкцыі (прамы паралелізм) ці праз хіазм (зваротны паралелізм). Так, семантычныя і сінтаксічныя паралелізмы бачым у «Развітальнай песні прарока Майсея»:
    Слухайце, нябёсы, і я гаварыць буду, няхай чуе зямля словы вуснаў маіх.
    Пальецца, як дождж, вучэнне маё, закапае, як раса, павучэнне маё, Як дробны дождж на зеляніну і як кроплі на траву.
    Калі Імя Госпада мовіць буду, ўшануйце славу Бога нашага.
    Ён — цвярдыня, дасканалае дзеянне Яго, бо ўсе шляхі Яго праведныя;
    Бог праўдзівы, і няма крыўды, праведны і справядлівы Ён.
    (Друг 31:1-4)
    Час запісу гэтага фрагмента датуецца ХІП—XII стст. да н. э., і на пісьме дакладна вылучаюцца паловы вершаў, аддзеленыя адна ад адной на старонцы вялікімі прабеламі, як некалі на клінапісных вавілонскіх таблічках (напрыклад, у «Эпасе пра Гільгамеша»), Яшчэ больш старажытным вершаваным тэкстам, але запісаным таксама не paHeft XIII—-XII стст. да н. э., з’яўляецца «Благаславенне Іакава сваім сынам» (Быц 49), у якім таксама выкарыстаныя падкрэсленыя семантычныя і сінтаксічныя паралелізмы: «Ён [Йегуда] прывязвае да вінаграднай лазы асляня сваё // і да лазы вінаграда сына асліцы сваёй. // Мые ў віне вопратку сваю // і ў крыві гронкаў адзенне сваё. // Чырвоныя вочы яго ад віна // і белыя зубы ад малака» (Быц 49:11—12). Разгорнутыя і такія ж старажытныя па часе запісу вершаваныя фрагменты ўяўляюць сабой «Песня на моры», альбо «Песня на пераход цераз Трысняговае мора» (Зых 15), і «Благаславенне прарока Майсея свайму народу» (Друг 31—32). Тора захавала таксама некаторыя найстаражытнейшыя формы фальклорнай паэзіі, якія ўзыхо-
    дзяць яшчэ да першабытных часоў, як, напрыклад, працоўная песня, звязаная з архаічнымі магічнымі ўяўленнямі: усялякая справа, каб яна ўдалася, павінна суправаджацца асаблівым магічным словам, песняй. Асколак такой працоўнай песні зафіксаваны ў 21-м раздзеле Кнігі Лічбаў: гаворка ідзе пра капанне калодзежа, на месцазнаходжанне якога ў пустыні паказаў Бог прароку Майсею; капанне калодзежа, крыніцы жыцця, суправаджаецца песняй-заклінаннем: «Ліся, калодзеж! // Спявайце яму! // Калодзеж! — Князі капалі яго, // Старшыні народа рылі яго II Посахамі сваімі, // Жэзламі сваімі!» (Ліч 21:17—18).
    Вельмі складаным для навукі з’яўляецца пытанне пра вытокі і станаўленне тэкстаў Пяцікніжжа. Рэлігійная традыцыя (у роўнай ступені іудзейская і хрысціянская) лічыць гэтыя кнігі вынікам непасрэднага Адкрыцця: яны былі адкрытыя Богам Майсею на гары Сінай і запісаныя прарокам з вуснаў Госпада. Іх таксама разглядаюць як духоўны запавет (духоўнае завяшчанне) прарока. Аднак Майсей з’яўляецца адным з цэнтральных герояў Торы, размова пра якога часцей за ўсё ідзе ад трэцяй асобы (што, аднак, не выключае прыналежнасці фрагментаў Майсею, бо падобная рыса ўласцівая старажытным тэкстам) і чыя смерць апісаная ў фінальных раздзелах Кнігі Другазаконня. I хоць сучасная біблеістыка прызнае рэальнае існаванне вялікага заканадаўца, без якога не маглі быць прыведзеныя ў сістэму і запісаныя шматлікія законы, зафіксаваныя ў Торы, асабліва этычныя, аўтарства гістарычнага Майсея ў дачыненні да ўсяго Пяцікніжжа вызывае сумнеў. Яшчэ ў XII ст. выдатны яўрэйскі паэт, філосаф і каментатар Танаха Аўраам Ібн Эзра выказаў думку пра больш позні запіс усяго тэксту Торы ў параўнанні з часам жыцця Майсея. Ён абапіраўся на некаторыя лагічныя супярэчнасці ў тэксце Кнігі Другазаконня. Палажэнні Аўраама Ібн Эзры развіў у XVII ст. Барух (Бенедыкт) Спіноза, які лічыў, што тэксты Торы былі запісаныя праз шмат стагоддзяў пасля смерці Майсея. Потым, у XVIII—XIX стст., дзякуючы намаганням X. Б. Вітэра, Ж. Аструка, К. Д. Ільгена, Р. Сменда, К. X. Графа і асабліва нямецкага навукоўца Юліуса Вельгаўзэна, была распрацаваная так званая дакументальная гіпотэза, або «тэорыя крыніцаў».