Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Паводае гіпотэзы Вельгаўзэна, тэксты Пяцікніжжа з’явіліся вынікам кантамінацыі (ці нават кампіляцыі) чатырох асноўных крыніцаў, якія атрымалі ўмоўныя абазначэнні J (Jahwist — «Ягвіст»), Е (Elohist — «Элагіст»), D (Deuteronomist — «Дэўтэранаміст», г. зн. звязаны з Другазаконнем) і Р (Priestercodex — Жрэцкі кодэкс). J і Е адрозніваюцца ў выкарыстанні Імёнаў Бога: у першай крыніцы ўжываецца Тэтраграматон — сакральнае невымаўляльнае Імя Бога з чатырох зычных літараў — YHWH, якое гіпатэтычна рэканструюецца як Йагвэ (Ягвэ), а пры чытанні тэкстаў у арыгінале замяняецца словам Адонаі («Гаспадар мой», «Гасподзь мой»; традыцыйна ў царкоўных перакладах перадаецца па-нямецку як Herr, па-англійску — як Lord, па-руску — Господь, па-беларуску — Гасподзь, Спадар, Пан)-, у другой крыніцы ўжываецца найменне Элогім — «множная вялікасць», традыцыйна перакладаемая як Бог. Пры гэтым, паводле J, Бог Ізраіля спрадвечна, яшчэ да з’яўлення на авансцэне яўрэйскага народа і нават яго родапачынальніка Аўраама, шанаваўся пад святым Імем, якое хаваецца за Тэтраграматонам (Быц 4:26). Паводле Е, гэтае Імя ўпершыню было адкрыта толькі прароку Майсею ў момант яго прароцкага заклікання (Зых 3:6). У крыніцы Р апошняя пазіцыя сфармуляваная экспліцытна: «З’яўляўся Я Аўрааму, Йіцхаку і Йаакову як Эль Шаддай («Бог Моцны»), а з Імем Маім Йагвэ не адкрываўся ім» (Зых 6:3). Розніца паміж J і Е дастаткова яскрава прасочваецца ў Кнізе Быцця, але пачынаючы з Кнігі Зыходу гэтае адрозненне становіцца цяжкім ці наогул немагчымым, так што біблеістам прыходзіцца весці гаворку пра крыніцу JE (у Е таксама ўжываецца Тэтраграматон). У J Йаакоў выступае пад сваім першапачатковым імем, у Е — як Йісраэль (Ізраіль), у J Бог непасрэдна завязвае стасункі з патрыярхамі, у Е Ён адкрываецца ім праз пасланыя ім сны ці праз асаблівых Сваіх пасланцаў — анёлаў. Абедзве крыніцы паслядоўнікі Вельгаўзэна паспрабавалі разбіць на некалькі падгрупаў і нават вылучыць уласцівыя ім рысы стылю. Так, лічылі, што менавіта для Ягвіста характэрныя такія рысы, як наіўнасць і канкрэтнасць, свежасць і нават грубасць у выяўленні свету, вялікая колькасць антрапамарфізмаў у дачыненні да Бога; у сваю чаргу для Элагіста
нібыта характэрныя больш фармалізаваны стыль, цікавасць да рытуальнай чысціні і святасці, імкненне пазбегнуць антрапамарфізмаў у дачыненні да Бога. Нямецкі даследчык О. Айсфельдт спрабаваў даказаць, што Ягвісту ўласцівыя «нацыянальна-рэлігійны пафас», «найрадаснейшае сцвярджэнне земляробскай культуры, нацыянальнадзяржаўнай улады і культу», а Элагісту — «духоўны этас, у якім сувязь рэлігійнага і нацыянальнага не такая моцная»1. Аднак гэтыя крытэрыі здаюцца занадта хісткімі і расплывістымі, і такі погляд не падзяляе сёння большасць біблеістаў.
Задоўга да Вельгаўзэна, у 1805 г., В. В. М. Л. дэ Ветэ выказаў здагадку, што Кніга Другазаконня (у тэрміналогіі Вельгаўзэна — крыніца D) адлюстроўвае эпоху кіравання іудзейскіх цароў Хізкіягу (Езэкіі) і Ёшыягу (Іосіі), што пазней было прызнана большасцю даследчыкаў. Як мяркуюць, Кніга Закону (Кніга Торы), знойдзеная падчас царавання Ёшыягу ў Іерусалімскім Храме (каля 621 г. да н. э.), была менавіта Кнігай Другазаконня (яе змест добра стасуецца да рэформаў Ёшыягу па ўмацаванні монатэізму і цэнтралізацыі культу ў Іерусалімскім Храме). Да таго ж стылістыка кнігі выяўляе пераклічкі з іншымі творамі, якія датуюцца канцом VII ст. да н. э., у прыватнасці з Кнігай прарока Йірмеягу (Іераміі). Крыніца D — цэласны літаратурны твор, пабудаваны як духоўнае завяшчанне прарока Майсея. Дэ Ветэ лічыў Другазаконне самым познім па часе складнікам Пяцікніжжа. Аднак Вельгаўзэн вылучыў канцэпцыю, паводле якой «Жрэцкі кодэкс» (Р — асобныя фрагменты кніг Быцйё, Зыход, Лічбы і цалкам Кніга Левіт) узнік пазней за D у асяродку святароў эпохі Другога Храма, калі не існавала царства. Гэты пункт гледжання абгрунтавана крытыкавалі многія даследчыкі, і перадусім I. Каўфман, які паказаў, што рэаліі, зафіксаваныя ў Р, і перш за ўсё ідэя Боскай прысутнасці (Шэхіны) у асяроддзі народа Ізраіля, сакральная прастора Скініі Запавету, законы святасці і чысціні, больш за ўсё стасуюцца да даманархічнага і ранняга манархічнага перыяду яўрэйскай гісторыі. На думку даследчыкаў, фарміраванне Р доўжылася
1 Eissfeldt О. Einleitung in das Alte Testament. Tuebingen, 1964. S. 265, 267.
некалькі стагоддзяў, і рэдагаваў гэтую крыніцу той жа, хто рэдагаваў J і Е. Навейшыя тэксталагічныя даследаванні Р пацвердзілі, што яе мова і стыль больш старажытныя за мову і стыль Кнігі прарока Йехэзкэля (Іезэкііля), якая датуецца пачаткам VI ст. да н. э. і прадстаўляе пераходны этап ад літаратуры дапалоннай эпохі (Першага Храма) да літаратуры пасляпалоннай эпохі (Другога Храма).
Усе спробы разглядаць чатыры крыніцы як самастойныя аўтарскія творы аказаліся няслушнымі (да гэтых тэкстаў наогул нельга прыстасаваць паняцці сучаснага аўтарства). Па сутнасці, усе вылучаныя крыніцы з’яўляюцца крыху рознымі інтэрпрэтацыямі адной і той жа традыцыі, што дазваляе некаторым даследчыкам меркаваць пра існаванне адзінай першакрыніцы, ці пракрыніцы, з якой выйшлі J, Е, Р і D. Ключавыя моманты такой першакрыніцы — Запавет Бога з Аўраамам; Абяцанне, дадзенае патрыярхам; Зыход з Егіпта; заключэнне Запавету з усім народам ля гары Сінай; запаведзі, дадзеныя прарокам Майсеем; прыход у Зямлю Абяцаную. Так, вядомы гебраіст і біблеіст У. Касута, які крытыкаваў «дакументальную гіпотэзу», лічыў, што існаваў вялікі нацыянальны старажытнаяўрэйскі эпас пра Зыход з Егіпта і перамогі Ізраіля і што розныя версіі гэтага эпасу былі аб’яднаныя ва унітарны тэкст Пяцікніжжа1. Пры ўсіх адрозненнях інтэрпрэтацыяў першакрыніцы, наяўнасці ўнутры крыніцаў аповедаў рознага тыпу, створаных у розных грамадскіх колах (ці, паводле канцэпцыяў фон Рада, Г. Гункеля, Г. Гросмана, у розных «майстэрнях»), існуе безумоўнае ідэйнамастацкае адзінства тэксту Торы. Таму мае рацыю даследчык гісторыі і культуры Старажытнага Блізкага Усходу, аўтар апошняга па часе свецкага перакладу Пяцікніжжа з арыгінала на рускую мову, доктар гістарычных навук I. III. Шыфман: «“Дакументальная гіпотэза” фактычна разбурае адзінства тэксту, які дайшоў да нас перадусім як цэласны помнік, што склаўся гістарычна, г. зн. так, як ён рэальна існаваў і існуе. Здаецца малаверагоднай і такая “метода” працы складальніка Пяцікніжжа, якую ўяўляе сабе “дакументальная гіпотэза”: ён [складальнік] нібыта
1 Гл. падрабязней: Тантлевскнй Н. Р. Введенне в Пятакннжне. М.: РГГУ, 2000.
выхопліваў асобныя кавалкі і фрагменты з розных крыніцаў (іншым разам — абрыўкі фразаў, асобныя словы) і іх кампіляваў. Але пры такой “працы” не мог скласціся тэкст таго мастацкага і ідэйнага ўзроўню, таго адзінства, якое ўласцівае Пяцікніжжу»1. 3 гэтым нельга не пагадзіцца. Безумоўна, тэксты Торы запісваліся ў розныя часы, пра што сведчаць як моўныя дадзеныя, так і гістарычныя факты, якія ў ёй узгадваюцца. Але гэта не супярэчыць ні канчатковай цэласнасці і адзінству, ні перакананню, што людзьмі, якія гэта рабілі, кіравала Найвышэйшая Воля, што ўвасобілася ў духоўным і гістарычным досведзе народа. Крайнія пункты таго часавага інтэрвалу, у якім ствараліся тэксты Торы, наступныя: па-першае, час прыручэння (адамашнівання) вярблюдаў, у тым ліку выкарыстанне іх для язды (Быц 12:16; 24:10—11), што адбылося, на думку даследчыкаў, не раней XIV—ХШ стст. да н. э. (гэта якраз супадае з часам Зыходу з Егіпта і пачатку запісу тэкстаў Пяцікніжжа); па-другое, важна тое, што Тора была і застаецца Святым Пісаннем рэлігійнай абшчыны самарыцянаў — той часткі насельніцтва Паўночнага Ізраільскага царства, якая пазбегла асірыйскага палону, а потым часткова асімілявалася з язычнікамі, што былі прыгнаныя на гэтую тэрыторыю асірыйцамі (самарыцяне і цяпер жывуць ізалявана ў горных раёнах Ізраіля, утвараючы асобную рэлігійную суполку); самарыцяне ж маглі прыняць Тору як Святое Пісанне не раней, але і не пазней VII ст. да н. э. (г. зн. пасля гібелі Ізраільскага царства і напярэдадні гібелі Іудзеі ад нашэсця Навухаданосара). Канчаткова, як гаварылася ва «Уводзінах», Тора была адрэдагаваная і кананізаваная пасля вяртання іудзеяў з Вавілонскага палону, перадусім намаганнямі святара і пісца (софэра) Эзры (каля 444 г. да н. э.).
Такім чынам, Пяцікніжжа адлюстравала велізарны перыяд жыцця яўрэйскага народа, тое, што ён стварыў на працягу XIII—VII стст. да н. э., а таксама паданні мінулых часоў, сівой даўніны, легенды, што распавядаюць і пра быццё іншых народаў, пра вытокі чалавечай культуры і цывілізацыі. Безумоўна, даволі моцна паўплывалі на
1 Шнфман Н. Ш. Введенне // Ученне: Пятіікннжне Монсеево / Пер., введ. н коммент. Н. Ш. Шнфмана. М., 1993. С. 6.
яўрэйскую культуру больш старажытныя магутныя культуры Месапатаміі і Пярэдняй Азіі, асабліва шумерская і акадская культуры. Але ўсё, што атрымлівала яўрэйская культура з агульнай спадчыны культураў старажытнай еўра-афра-азіяцкай, або прыміжземнаморскай, або (спрошчана) блізкаўсходняй, гісторыка-культурнай зоны, дзе культурная актыўнасць народаў зафіксаваная — і ўжо ў пісьмовых крыніцах! — на пачатку 4-га тыс. да н. э.1, яна плённа перапрацоўвала, даючы часцей за ўсё сваю арыгінальную інтэрпрэтацыю распаўсюджаным сюжэтным архетыпам і міфалагемам, кардынальна пераасэнсоўваючы іх у рэчышчы паслядоўнага монатэізму.
Тора стала своеасаблівым Метатэкстам (ці Гіпертэкстам), г. зн. тэкстам, які стымулюе новыя тэксты, спараджае іх, шмат у чым вызначае шляхі наступнай культуры, перадусім для яўрэйскай цывілізацыі і культуры, але ж пэўным чынам і для цывілізацыяў хрысціянскай і мусульманскай (нездарма ў Каране ўзгадваецца ал-Таура, якая дадзеная была прароку Мусе, г. зн. Майсею). Амерыканскі гісторык і публіцыст Макс Даймант пісаў: «Пасля краху грэчаскай цывілізацыі Еўропе спатрэбілася 16 стагоддзяў, каб усвядоміць, што яе літаратура, навука і архітэктура каранямі паглыбляюцца ў грэчаскую глебу. Можа, спатрэбяцца яшчэ некалькі стагоддзяў, каб усвядоміць, што духоўныя, маральна-этычныя і ідэалагічныя вытокі заходняй цывілізацыі караняцца ў іудаізме»2. Даследчык мае на ўвазе перадусім тыя велічныя рэлігійна-філасофскія і этычныя адкрыцці, якія крышталізаваліся ў старажытных тэкстах Торы3 і сталіся — безумоўна, праз хрысціянскую культуру — духоўным падмуркам еўрапейскай цывілізацыі. Але нельга прымяншаць значэнне старажытных тэкстаў Торы і для еўрапейскіх літаратуры і мастацтва. К.аб зразумець гэта, дастаткова прайсціся па залах якога-небудзь буйнога мастацкага музея ці пагартаць старонкі альбома пра еўра-