Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Голад паразіў не толькі Егіпет, але і Ханаан, і стары Іакаў выправіў дзесяць сваіх сыноў да мудрага карміцеля Егіпта за хлебам, бо ўсе яны могуць памерці з голаду. Толькі малодшага, Біньяміна, ён пакінуў каля сябе; ён ніколі не адпусціў бы яго добраахвотна, бо гэта — апошняе, што засталося яму ад каханай Рахелі: «А Біньяміна,
брата Ёсэфа, не паслаў Йаакоў з братамі яго, бо сказаў: не здарылася б з ім бяды» (Быц 42:4). 1 вось — адзін з кульмінацыйных момантаў аповеду — дзесяць братоў паўстаюць перад хлебадарам Егіпта, не ведаючы, што гэта іх брат Іосіф. «I Ёсэф пазнаў братоў сваіх, але яны не пазналі яго» (Быц 42:8). Яны пакланіліся яму нізка, да самай зямлі, і Іосіф зразумеў, што спраўдзіўся яго даўні сон. Яны ж і падумаць не маглі, што гэты вяльможны пан, гэты егіпцянін і ёсць іх брат, які так маліў іх адпусціць яго, выцягнуць з ямы.
Іосіф робіць выгляд, што ён зусім чужы гэтым людзям, гаворыць з імі з падкрэсленай суровасцю і нават палохае, абвінавачваючы ў тым, што яны выведнікі, шпіёны (у арыгінале — мергатм, літаральна — «тыя, хто абыходзіць», «разведчыкі»): «...вы выведнікі, выглядзець прыйшлі вы галізну [г. зн. таямніцы] зямлі гэтай» (Быц 42:9). Устрывожаныя браты клянуцца, што яны не разведчыкі, што яны сыны аднаго чалавека, што было іх дванаццаць, але аднаго не стала (такую фігуру змоўчвання выбіраюць яны), а яшчэ адзін застаўся з бацькам... Паводле другой версіі (Быц 43:6—7), Іосіф сам распытвае іх пра малодшага брата, здзіўляючы іх сваёй праніклівасцю. I вось, на жах братоў, гэты дзіўны і непрадказальны хлебадар затрымлівае іх, бярэ пад стражу і кажа, што ён паверыць у іх сумленнасць, калі прывядуць яны да яго іх малодшага брата; аднаго ж з братоў зараз ён пакіне тут у заложніках. Іосіф робіць гэта дзеля таго, каб выпрабаваць сваіх братоў, каб зразумець, што робіцца ў іх душах, каб убачыць іх пакаянне. I сапраўды, ён чуе, як гавораць яны паміж сабою, не ведаючы, што егіпцянін разумее іх мову (дагэтуль размаўлялі яны з ім з дапамогаю перакладчыка), і гавораць пра сваю віну: «...мы вінаватыя перад братам нашым, бо мы бачылі пакуты душы яго, калі ён маліў нас, але мы не паслухалі; за тое і найшло на нас гора гэтае» (Быц 42:21). Іосіф чуе горкія словы Рувіма: «...я ж казаў вам: не грашыце супраць хлопчыка, але вы не паслухаліся; і вось, кроў яго і спаганяецца» (Быц 42:22). Рувім лічыць, як і астатнія, што брат іх загінуў, і гэтыя словы віны дабрадушнага Рэувена выклікаюць слёзы на вачах Іосіфа: «I ён адвярнуўся ад іх і заплакаў» (Быц 42:24). Але пакуль што
не час адкрыцца братам, бо яшчэ не скончылася іх выпрабаванне. Яны мусяць адправіцца назад у Ханаан, каб вярнуцца з Біньямінам. Толькі тады яны атрымаюць дастаткова хлеба і толькі тады адпусціць Іосіф Шымона (Сімяона), якога ён звязаў на іх вачах (ці не напамін гэта ім пра звязанага Іосіфа?) і пакінуў у сябе. Іосіф выбірае Шымона таму, што ён быў старэйшы пасля Рэувена, але, у адрозненне ад апошняга, не заступіўся за Іосіфа, не падумаў пра бацьку.
Іосіф даў братам такую колькасць хлеба, каб ім хапіла на шлях да Ханаана і назад. На першым жа начлезе здзіўленыя браты знайшлі ў сваіх мяшках срэбра, якое яны заплацілі за хлеб і якое было ўпотай пакладзенае па загаду Іосіфа назад. Браты напалохаліся, не ведаючы, як можна гэта растлумачыць, што яшчэ задумаў гэты дзіўны егіпцянін. Яны гатовыя ўбачыць у гэтым здарэнні нейкі асаблівы знак, дадзены Богам: «I замёрла сэрца іх, і яны са страхам казалі адзін аднаму: што гэта Бог зрабіў з намі?» (Быц 42:28). Іакава таксама ўстрывожылі незразумелыя дзеянні егіпецкага хлебадара, але яшчэ больш — тое, што ў Егіпце застаўся Шымон і што патрэбна цяпер адпусціць туды з астатнімі Біньяміна. «I сказаў ім Іакаў, бацька іх: вы пазбавілі мяне дзяцей: Ёсэфа няма, і Шымона няма, і Біньяміна хочаце забраць — усё гэта на мяне!» (Быц 42:36). 1 як не ўгаворваюць сыны баньку, асабліва Рэувен, які абяцае Іакаву клапаціцца пра Біньяміна і нават прапануе, калі Біньямін не вернецца, каб бацька аддаў на смерць двух яго, Рэувена, сыноў (як быццам гэта можа зрабіць Іакаў і як быццам гэта можа яго суцешыць!), той застаецца няўмольным: «...не пойдзе сын мой з вамі, таму што брат яго памёр, і ён адзін застаўся; і калі здарыцца з ім няшчасце на шляху, якім вы пойдзеце, то звядзеце сівізну маю са смуткам у апраметную» (Быц 42:38). У гэтых словах — неверагодныя боль і туга з-за Іосіфа, якія не сталі меншымі; у гэтых словах — нязменнае, хоць і схаванае глыбока, каханне да Рахелі, бо Біньямін — апошняе, што засталося ў яго ад яе; у гэтых словах — пяшчота і любоў да свайго малодшага, да ўсіх сыноў. I браты вінавата змоўклі, разумеючы, што расстанне з Біньямінам сапраўды заб’е бацьку.
Але голад у Ханаане становіцца ўсё больш невыносным. Скончыліся ўсялякія запасы хлеба, і Іакаў разумее, што яны ўсе могуць загінуць. Йегуда ўпрошвае бацьку адпусціць з імі Біньяміна і дае яму цвёрдае слова, што верне яго назад: «I сказаў Йегуда Йісраэлю, бацьку свайму: адпусці юнака са мною; і мы ўстанем і пойдзем, і будзем жыць, і не памрэм, і мы, і ты, і дзеці нашы. // Я ручаюся за яго, з маіх рук ты запэтрабуеш яго. Калі я не прывяду яго да цябе і не пастаўлю яго перад тварам тваім, то буду я вінаватым перад табою ва ўсе дні. // Праўда, калі б мы не адцягвалі, то ўжо абярнуліся б два разы» (Быц 43:8—10). Нічога не застаецца Іакаву: ён адпускае ў цяжкі шлях сваіх сыноў, і ў тым ліку дарагога яго сэрцу Біньяміна. Сэрца яго пры гэтым сціскаецца; ён так устрывожаны за іх усіх; ён дае наказ, каб яны перш-наперш вярнулі назад срэбра, якое знайшлі ў сваіх мяшках, a то, не дай Бог, стане гэта новай прычынай гневу таямнічага хлебадара. «А Бог Усёмагутны няхай дасць вам міласць у чалавека таго, каб ён адпусціў вам і другога брата вашага, і Біньяміна...» (Быц 43:14). I раптам — такое нечаканае і горка-безнадзейнае: «...а я — як быў бяздзетным, так і буду бяздзетным» (Быц 43:14). Что гэта значыць? Абсалютная пакорлівасць волі Божай? Калі Бог вырашыў, што дзеці яго павінныя быць аднятыя, то гэта чамусыді трэба? Ці гэта ўсё той жа ўздых услед страчанаму Іосіфу: без яго ён усё роўна што бяздзетны? Як заўсёды, тэкст такі тонкі і складаны, што нельга даць адназначны адказ. Але, безумоўна, праўда тое, што праведнік Іакаў цалкам даручае сябе волі Божай...
I вось браты ізноў — ужо з Веніямінам — паўстаюць перад Іосіфам і схіляюцца ў паклоне. Ён распытвае іх пра іх здароўе, пра здароўе старога іх бацькі, і раптам позірк яго падае на Біньяміна, і адчувае ён, што ўжо не можа размаўляць, бо душаць яго слёзы: «I заспяшаўся Ёсэф, таму што ўскіпела ў ім любоў да брата яго, і ён гатовы быў заплакаць; і ўвайшоў ён ва ўнутраны пакой, і плакаў там. // I памыў твар свой, і выйшаў, і ўмацаваўся, і прамовіў: падавайце страву» (Быц 43:30). Уся сцэна ўражвае тонкасцю псіхалагічнага малюнка, глыбокім пранікненнем ва ўнутраны свет чалавека.
Іосіф саджае братоў з сабою за стол, частуе іх, а потым дае ім удосталь зерня, але зноў загадвае сваім слугам, 406
каб у дарожныя мяшкі братоў падклалі срэбра, якое яны заплацілі, і асобна ў мяшок Біньяміна — каштоўную срэбраную чашу. На досвітку браты выправіліся ў зваротны шлях. Але вельмі хутка іх дагнаў чалавек, пасланы хлебадарам, і абвінаваціў іх у тым, што яны заплацілі злом за дабро яго гаспадару — укралі каштоўную чашу. Браты абураныя, яны клянуцца, што не рабілі гэтага, яны нават клянуцца, што на смерць пойдзе той, у каго чаша знойдзецца (упэўненыя, што не знойдзецца), а ўсе астатнія навечна застануцца рабамі ў хлебадара Егіпта. «I ён сказаў: цяпер, згодна са словамі вашымі, няхай так і будзе: у каго знойдзецца, той будзе мне рабом, а вы будзеце чыстыя» (Быц 44:10). Як жа былі ўражаныя браты, калі чаша знайшлася ў суме Біньяміна! Безумоўна, Іосіф учыняе ім выпрабаванне: як будуць яны паводзіць сябе зараз? Можна адразу адмовіцца ад Біньяміна, пайсці сваім шляхам дадому. Але не могуць ужо зрабіць такога браты. I хоць Мідраш кажа, што ашаломленыя браты ў першую хвіліну накінуліся на Біньяміна, абзываючы яго злодзеем, сынам зладзейкі (бо ўкрала некалі Рахель тэрафімаў у Лавана), але потым прыціхлі, засаромленыя Йегудам, і вырашылі не пакідаць у бядзе малодшага брата, у Торы няма гэтай сцэны: браты не кажуць ні слова, толькі раздзіраюць сваё адзенне ў знак смутку і вяртаюцца да хлебадара Егіпта разам з Беноні, якога не могуць пакінуць у бядзе.
Такім чынам, Іосіф свядома, каб убачыць, ці змяніліся кардынальна браты, каб адчуць, што адбываецца ў іх душах, ставіць іх, па сутнасці, у тую ж сітуацыю, у якой яны некалі былі, калі вырашылі адправіць яго як мага далей з вачэй бацькі. Толькі цяпер замест Іосіфа выступае малы Біньямін (ён, вядома, не такі ўжо малы ў гэты час, але вакол яго, як самага малодшага, захоўваецца атмасфера пяшчотнасці і дзяцінства), і браты добра ведаюць, што бацька любіць яго болей за ўсіх, таму што ён — сын Рахелі. Браты чуюць страшныя словы з вуснаў хлебадара: «...чалавек, у чыіх руках знайшлася чаша, ён будзе мне рабом, а вы ідзіце з мірам да бацькі вашага» (Быц 44:17). I тады наперад выступае Іуда, які, безумоўна, з гэтага моманту становіцца духоўным лідэрам братоў. Ён распавядае егіпецкаму хлебадару ўсю гісторыю стратаў іх бацькі,
ён гаворыць пра яго з вялікім болем і пяшчотай, ён тлумачыць, што не могуць яны вярнуцца без Біньяміна, бо бацька гэтага не перажыве: «...калі я прыйду да раба твайго, бацькі майго, і не будзе з намі хлопчыка, з душою якога звязаная душа яго... // ...то ён памрэ» (Быц 44:30, 31). Іуда з хваляваннем гаворыць пра тое, што ўсё жыццё ён, які даў слова бацьку захаваць малодшага брата, будзе перад бацькам вінаваты, і просіць самому застацца рабом карміцеля Егіпта: «А цяпер няхай раб твой застанецца замест хлопчыка рабом у гаспадара майго, а хлопчык няхай пойдзе з братамі сваімі. // Бо як я прыйду да бацькі майго, калі хлопчыка няма са мною? як бы не ўбачыць мне бяды, што станецца з бацькам маім» (Быц 44:33—34).
I калі пачуў Іосіф гэтыя словы любові да роднага брата і да бацькі свайго, словы, якія недвухсэнсоўна гаварылі аб тым, што велізарныя змены адбыліся ў душах братоў, ён ужо не мог стрымлівацца, і пачуцці і слёзы хлынулі ракою: «I не мог Ёсэф стрымацца пры ўсіх, што стаялі каля яго, і закрычаў: выведзіце ад мяне ўсіх! I не засталося нікога пры ім, калі Ёсэф адкрыўся братам сваім. // I ён падняў лямант і плач, і пачулі егіпцяне, і пачуў дом фараона. // 1 сказаў Ёсэф братам сваім: я Ёсэф, ці жывы яшчэ бацька мой? Але не маглі браты яго адказваць яму, бо яны збянтэжыліся перад ім. // I сказаў Ёсэф братам сваім: падыдзіце да мяне. I яны падышлі. I ён сказаў: я Ёсэф, брат ваш, якога вы прадалі ў Егіпет. // Але цяпер не смуткуйце і не шкадуйце, што прадалі мяне сюды, таму што Бог паслаў мяне перад вамі для захавання вашага жыцця» (Быц 45:1—5). У гэтых словах — увесь характар Іосіфа: усе свае пакуты і ўсе ўзлёты свайго лёсу ён успрымае як неабходнасць для выратавання сваіх братоў. А тыя ўсё не могуць паверыць, што перад імі Іосіф; а калі і паверылі, то баяцца помсты, бо лічаць яе заслужанай, справядлівай. А ён паўтарае ім: «I паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць ваша жыццё... // Дык вось, не вы паслалі мяне, але Бог» (Быц 45:7—8). Так можа казаць толькі сапраўдны праведнік, які ўсе бядоты і ўсе ўзнагароды ўспрымае не як свае ўласныя, а як волю Божую дзеля бліжніх, дзеля братоў сваіх. «I паў ён на шыю Біньяміну, брату свайму, і плакаў; і Біньямін плакаў на