• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Яўрэйскага народа, ці народа Божага і г. д. ...Аўраама звычайна лічаць бацькам вернікаў, але Іакаў, або Ізраіль, зрабіўся, так бы мовіць, сімвалам усёй Царквы Божай на зямлі. Выразы Іакаў, семя Іакава, сыны Іакава часта дастасоўваюцца наогул да ўсіх сапраўдных вернікаў на зямлі...»1
    Іакаў пад імем Йакуб шануецца як прарок у мусульманскай традыцыі. Аднак у ранніх сурах Карана Йакуб завецца сынам Ібрагіма, г. зн. Аўраама, і братам Ісхака, г. зн. Йіцхака (Каран 6:84; 19:50; 21:72; 29:26). У больш позніх сурах Йакуб паўстае — у адпаведнасці з Бібліяй — як сын Ісхака (Каран 2:130, 134). Найбольш часта імя Йакуба ўзгадваецца ў Каране ў разгорнутай гісторыі яго сына Йусуфа, які адпавядае біблейнаму Ёсэфу (Каран 12)2.
    Драматычна-напружаная, часам гранічна трагічная гісторыя жыцця Іакава, звязаная з вандроўкамі, пошукамі ісціны, блуканнямі і вялікімі адкрыццямі, яго вобраз, так выпукла і паўнакроўна намаляваны ў Кнізе Быцця, — вобраз, які вабіць сваёй звычайнасцю і адначасова загадкавасцю, таямніцай, не адзін раз станавіўся прадметам рэфлексіі для еўрапейскага мастацтва і літаратуры. У жывапісе найбольшую папулярнасць набылі наступныя сюжэты: «Іакаў атрымлівае благаславенне Ісаака» (гэты сюжэт часта сустракаецца ў мастацтве XVII ст.; звычайна Іакаў стаіць на каленях перад Ісаакам, які прыўзняўся на ложку; за Іакавам, паклаўшы яму руку на плячо, стаіць Рэвека; часам гэтая сцэна паўстае ў інтэр’еры еўрапейскай хаты; на заднім плане — Ісаў з паляўнічымі сабакамі); «Лесвіца Іакава» (найбольш ранні сюжэт з кола сюжэтаў пра Іакава, які з’явіўся яшчэ ў раннесярэднявечным жывапісе; Іакаў спіць ля падножжа лесвіцы, якая хутчэй нагадвае ступеньчатую піраміду Вавілонскай вежы; на вяршыні лесвіцы — Бог; па прыступках лесвіцы падымаюцца і спускаюцца анёлы; пад галавой Іакава — вялізны камень ці каменная пліта); «Іакаў і Рахіль» (сцэна сустрэчы Іакава і Рахілі ля калодзежа; напрыклад, карціна Якава Пальмы Старэйшага, каля 1520); «Іакаў абвінавачвае Лавана ў падмане» (на карціне паўстае Іакаў, які з нараканнем звяртаецца да Лава-
    1 Бнблейская энцнклопедня / Труд н нзданне Архнмандрнта Ннкнфора. М., 1990. С. 312. (Репрянтное нзданне 1891).
    2 Гл. падрабязней наступны падраздзел.
    на, а той сядзіць за сталом; побач з Лаванам — пакрыўджаная Рахіль; з-за дзвярэй зазірае Лія; часта гэта таксама прадстаўлена у звычайным еўрапейскім інтэр’еры, як, напрыклад, на карціне X. Тэрбругена, 1627); «Іакаў, Лія і Рахіль» (у сцэне звычайна паўстае Рахіль, якая сядзіць на тэрафімах — хатніх ідалах, выкрадзеных ёю з бацькоўскай хаты; побач з ёю — Іакаў, Лія, дзеці і Лаван, які шукае тэрафімаў); «Іакаў і Ісаў» (сустрэча братоў і прымірэнне; звычайна Іакаў стаіць на каленях перад Ісавам, за Іакавам — уся яго сям’я і слугі; за спіною Ісава — яго ваяры); «Іакаў, які змагаецца з Анёлам» (найбольш славутая ілюстрацыя — карціна Рэмбрандта, каля 1659); «Іакаў закопвае ідалаў пад дубам у Сіхеме» (карціна С. Бурдона, 1650-я гады). Іакаў таксама паўстае на шматлікіх карцінах, прысвечаных гісторыі Іосіфа (гл. далей). Практычна ўсе асноўныя эпізоды з жыцця Іакава праілюстраваныя на рэльефе ўсходніх дзвярэй баптыстэрыя ў Фларэнцыі «Гісторыя Іакава і Ісава» Л. Гіберці (каля 1429).
    Сярод найбольш разгорнутых і глыбокіх літаратурных распрацовак гісторыі Іакава — раман Томаса Мана «Былое Іакава», які адкрывае тэтралогію «Іосіф і яго браты». На думку В. У. Іванава, Іакаў у рамане паўстае як «увасабленне “асацыятыўнай шматслойнасці” міфапаэтычнага мыслення» і як «асяродак міфалагічных архетыпаў, суадносячыся адначасова і са сваімі міфалагічнымі правобразамі ў мінулым (Ноем, Авелем, Аўраамам), і з Іосіфам, чыя гісторыя аказваецца ў істотных рысах паралельнай лёсу Іакава»1. Апрача гэтага, Іакаў паўстае ў рамане Т. Мана як увасабленне чалавекалюбства і гуманнасці, мудрасці і спагадлівасці, адкрытасці свету і містычнай адлучанасці ад яго, практычнай разважнасці і дару выбранніцтва — якасцяў, якія ён цалкам перадаў свайму сыну Іосіфу. Іакаў пад пяром Т. Мана паўстае як сімвал і выбранага народа, і ўсяго чалавецтва ў яго найлепшых памкненнях, у яго пошуках Бога; яго жыццё асэнсоўваецца як парадыгма самапазнання, шляху да свайго «я». Сам пісьменнік так вызначыў галоўны пафас свайго рамана: «Я распавядаў пра нараджэнне “я” з першабытнага калек-
    1 йванов В. В. йаков // Мнфы народов мнра: Энцнклопедня: В 2 т. М„ 1991-1992. Т. 1. С. 476.
    тыву — Аўраамава “я”, якое не здавальняецца малым і мяркуе, што чалавек мае права служыць найвышэйшаму, — імкненне, якое прыводзіць яго да адкрыцця Бога. Запатрабаванні чалавечага “я” на ролю цэнтра светабудовы з’яўляюцца перадумоваю адкрыцця Бога, і пафас высокага прызначэння “я” з самага пачатку звязаны з пафасам высокага прызначэння чалавецтва»1. Гісторыя Іакава для Т. Мана — гэта якраз гісторыя вылучэння «я» з тоўшчы калектыўнай памяці, як «выбіраюцца» з каменнай тоўшчы стварэнні Радэна. «Ахутаны покрывам гісторыяў Іакаў — таксама такая фігура, якая толькі напалову стала выразнай: у яго велічнасці ёсць нешта, што ідзе ад міфа, і ў той жа час яна ўжо індывідуальная; культ, якім ён акружае свае пачуцці, — за што яго карае раўнівы Усёдзержца, — гэта мяккае па форме, але гордае сцвярджэнне свайго “я”, якое з поўным усведамленнем сваёй годнасці бачыць у сабе галоўную асобу, сапраўднага героя драматычнай аповесці свайго жыцця»2.
    А вось з Іосіфам, сынам Іакава, лічыць Т. Ман, справа больш складаная: «яго асоба сцвярджае сябе намнога больш дзёрзка і больш рызыкоўным шляхам»3. Паглядзім, чаму гэта так, і паспрабуем зразумець, чаму без гісторыі Іосіфа нельга зразумець ні папярэднія гісторыі патрыярхаў, ні Кнігу Быцця цалкам, ні Біблію наогул, хаця мае гэтая гісторыя больш-менш самастойны характар.
    1 Манн Т. Носнф н его братья: Доклад // Манн Т. йоснф н его братья: В 2 т. М., 1987. Т. 2. С. 712. Тут і далей — паводле перакладу Ю. Афонькіна.
    2 Тамсама.
    3 Тамсама.
    «Бог паслаў мяне перад вамі для захавання вашага жыцця...»
    (Прыпавесць пра Іосіфа і яго братоў)
    А Йісраэль любіў Іосіфа больш за ўсіх сыноў сваіх...
    (Быц 37:3)
    I паслаў мяне Бог перад вамі, каб пакінуць вас на зямлі і захаваць жыццё ваша да вялікага выратавання.
    Дык вось, не вы паслалі мяне сюды, але Бог.
    (Быц 45:7—8)
    Адна з найбольш выдатных гісторыяў, прадстаўленых у Кнізе Быцця, — гэта гісторыя, якой завяршаецца першая біблейная кніга, — аповед пра Іосіфа і яго братоў. Нягледзячы на сваю сувязь з папярэднімі і наступнымі сюжэтамі ў Пяцікніжжы, яна мае самастойнае, скончанае значэнне і ўяўляе сабою сапраўдную рэалістычную псіхалагічную навэлу пра лёс чалавека і пошукі ўласнага прызначэння. Але гэтая навэла мае глыбокія падтэксты і шырокі абагулены рэлігійна-філасофскі і маральна-дыдактычны сэнс і таму з’яўляецца прыпавесцю ў самым класічным сэнсе гэтага слова. Прыпавесць пра Іосіфа — адна з самых разгорнутых па аб’ёму ў Кнізе Быцця: яна займае чатырнаццаць раздзелаў, з 37-га па 50-ты, але пры гэтым вылучаецца ёмістасцю фразы і зместу, цэласнасцю і ўяўляе сабою адну з найстаражытнейшых і высокамастацкіх біяграфіяў.
    Гісторыя Іосіфа пачынаецца як лагічны і плаўны працяг жыццяпісу Іакава пасля яго вяртання ў Ханаан з Месапатаміі: «I пасяліўся Йаакоў у краіне вандравання бацькі свайго, у зямлі Кенаанскай. // Вось радавод Йаакова. Ёсэф, якому было сямнаццаць гадоў, пасвіў з братамі сваімі дробную скаціну...» (Быц 37:1—2). Гэта не зусім звычайны пачатак: тэкст нібыта хоча давесці да нас радавод Іакава (у арыгінале — слова тольдот, што літаральна і значыць «генеалогія», «радавод»; у рускім Сінадальным
    перакладзе перадаецца як жйтйе, г. зн. «жыццё», або «быццё», што не зусім дакладна), але ўся "генеалогія" пачынаецца і заканчваецца адным імем: Іосіф. Чаму так? Безумоўна, у сакральным тэксце няма нічога выпадковага, і нават алагізмы маюць сваю логіку. Тым самым Тора падводзіць нас да думкі, што менавіта Іосіф быў на той момант адзіным духоўным пераемнікам Іакава, іншыя ж яго сыны яшчэ мусілі кардынальна змяніцца, прайсці складаны шлях ачышчэння душы. Гаворка, такім чынам, ідзе не столькі пра радавод у біялагічным сэнсе, колькі ў духоўным. I гэта лагічна падводзіць нас да наступнага верша, ключавога ў пачатку гісторыі Іосіфа: «А Йісраэль любіў Ёсэфа болей за ўсіх сыноў сваіх, таму што ён быў сын старасці яго...» (Быц 37:3).
    Біблейны апавядальнік дае вельмі глыбокую псіхалагічную матывіроўку бязмежнай любові Іакава менавіта да Іосіфа. Безумоўна, Іакаў любіў усіх сваіх сыноў, але амаль падсвядома Іосіф выклікаў самыя моцныя яго пачуцці: ён — сын Рахелі, страчанай Іакавам і па-ранейшаму каханай; у абліччы сына, які быў «прыгожы постаццю і прыгожы тварам» (Быц 39:6), для яго яўна прабіваліся рысы Рахелі; да таго ж ніхто іншы, а толькі Іосіф нагадваў пра самыя шчаслівыя імгненні жыцця Іакава, у той час як малодшы, Беноні-Біньямін (Веніямін), таксама вельмі дарагі сэрцу бацькі, міжволі навяваў успаміны аб пакутах і смерці жонкі. Іосіф вызначаны як «сын старасці» — у сэнсе «доўгачаканы сын». Сапраўды, Іакаў з Рахеллю чакалі яго вельмі доўга, сем гадоў, але ў гэтым вызначэнні ёсць пэўны знешні алагізм: па-першае, Іакаў быў не такі ўжо стары, калі нарадзіўся Іосіф; па-другое, здаецца, больш падыходзіць пад такое вызначэнне Веніямін. Магчыма, Іакаў прадчувае, што ў яго старасці Іосіф будзе клапаціцца аб ім болей за ўсіх яго сыноў, забяспечваць яго старасць. Дарэчы, невыпадковае і супадзенне тэрмінаў: семнаццаць гадоў Іакаў выхоўваў Іосіфа, і роўна семнаццаць апошніх гадоў Іакаў пражыве ў Егіпце, акружаны адданым і пяшчотным клопатам сына. Але, здаецца, тут ёсць і больш глыбінны сэнс. Справа ў тым, што ў Торы нехта ўжо быў вызначаны як «сын старасці» («сын у старасці»), і без усялякіх сумненняў быў сынам, народжаным ў глы-
    бокай старасці, сынам, якога доўга і напружана чакалі бацькі. Вядома, што такім «сынам старасці» быў Ісаак, дзед Іосіфа. Верагодна, адна з мэтаў апавядальніка — правесці для нас пэўную аналогію паміж Ісаакам і Іосіфам. Гэтая аналогія тычыцца найважнейшага ў лёсе абодвух герояў: і той, і другі не проста праходзяць жорсткія выпрабаванні, але максімальна набліжаюцца да смерці, амаль што паміраюць і ўсё ж такі, з дапамогай Божай, пераадольваюць смерць, нараджаюцца да новага жыцця. Так кароткай фразай Тора ўказвае на глыбінны падтэкст гісторыі Іосіфа: перад намі паўстане шэраг сімвалічных смерцяў і нараджэнняў, духоўных абнаўленняў героя.