Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Далейшы шлях Іосіфа — нібыта «матэрыялізацыя» гэтых узлётаў і падзенняў, гэтага руху па спіралі, якая ўзыходзіць. Так, ён узняты з ямы, але толькі дзеля таго, каб перажыць яшчэ больш страшэнны спуск. Па-першае, гэта аддаленне яго, такога яшчэ маладога, яшчэ зусім хлопчыка, ад бацькоўскай любові, якая так сагравала яго і абараняла, адыход яго ў жорсткі свет зусім дарослага досведу. Па-другое, гэта менавіта спуск, бо як на старажытным, так і на сучасным іўрыце ўсялякі сыход са Святой Зямлі вызначаецца як «спуск», «паніжэнне» (дзеяслоў йарад — «спускацца», «паніжацца»), а вяртанне ў яе — як «пад’ём», «узыходжанне», «павышэнне» (дзеяслоў ала — «узыходзіць», «павышацца»). I сёння тыя, хто вярнуліся на старажытную радзіму яўрэяў, рэпатрыянты, завуцца олім (літараль-
на — «тыя, хто ўзышлі»), а тыя, што пакінулі яе — йордзім («тыя, хто панізіліся»), Так што, калі можна так мовіць, Іосіф у прамым лексічным сэнсе спускаецца ўніз, паніжаецца. Да таго ж з самых старажытных часоў гэта разумелася і ў сімвалічным, духоўным плане: той, хто сышоў са Святой Зямлі, — панізіў свой духоўны статус, хто вярнуўся — павысіў. Апрача таго, спускаецца Іосіф не кудынебудзь, а ў Міцраім (Егіпет); гэтая назва на іўрыце літаральна значыць «ніжнія землі». Егіпет сапраўды знаходзіцца значна ніжэй горнай краіны Ізраіля (Іерусалім — на вышыні 800 метраў над узроўнем мора). Важна таксама, што для старажытнаяўрэйскай монатэістычнай свядомасці язычніцкі Егіпет з яго культам мёртвых целаў, з яго зоаморфнымі і антрапаморфнымі багамі — сапраўдная апраметная. I справа менавіта ў тым, што Іосіф мусіць выжыць у гэтай апраметнай, захаваць сваю веру, сваю сувязь з Адзіным Богам, застацца самім сабою, больш таго — духоўна ўзысці.
У Егіпце прыгожы малады раб быў куплены Паціфарам, адным з царадворцаў фараона (у арыгінале — паро\ імя ж Паціфара, якое, напэўна, гучала па-егіпецку як Петэп-Ра, або Па-дзі-пе-ра, значыць «падараваны богам Ра»). Паціфар займаў вельмі важную пасаду — узначальваў асабістую ахову фараона, г. зн. быў галоўным целаахоўнікам і меў самыя блізкія стасункі з фараонам. Гэта значыць, што адначасова ён быў еўнухам (скапцом, кастратам), і інакш не магло быць паводле законаў егіпецкага двара. Гэта шмат што тлумачыць у далейшых паводзінах няшчаснай жонкі Паціфара, шлюб якога з ёй быў тыповым дварцовым шлюбам. Паціфар быў чалавекам, надзеленым дастаткова вялікай праніклівасцю, бо хутка заўважыў, што Іосіф — асаблівы чалавек, што ўсё ладзіцца ў яго руках, а гэта значыць, што яго падтрымлівае нейкая Найвышэйшая Сіла. Сапраўды, Гасподзь не пакідаў Свайго выбранніка: «I быў Гасподзь з Ёсэфам, і стаў ён чалавекам, які дасягнуў вялікіх поспехаў, і жыў у доме гаспадара свайго, егіпцяніна. // I ўбачыў гаспадар яго, што Гасподзь з ім, і што ўсяму, што ён робіць, дае Гасподзь поспех у руцэ яго. // I заслужыў Ёсэф міласць у вачах яго...» (Быц 39:2—4). Так адбылося ўзыходжанне героя з
«ямы»: Паціфар паставіў яго аканомам свайго вялікага маёнтка, кіраўніком усёй гаспадаркі і адразу адчуў, як асаблівае благаславенне сышло на яго дом: «I было, з таго часу, як ён назначыў яго над домам сваім і над усім, што меў, Гасподзь благаславіў дом егіпцяніна дзеля Ёсэфа, і было благаславенне Гасподняе на ўсім, што ў яго ў доме і ў полі» (Быц 39:5).
Аднак за гэтым узлётам прыйшло новае падзенне, новае выпрабаванне: у Іосіфа закахалася жонка Паціфара. Усю сваю нерэалізаваную жарсць яна сканцэнтравала на гэтым юнаку, які быў такім прыгожым і разумным — «прыгожым постаццю і выглядам» (Быц 39:6). Напэўна, гэтае падвойнае ўказанне на асаблівую падвойную прыгажосць Іосіфа патрэбна разумець як указанне на яго і фізічную, і духоўную прыгажосць. Закаханая жанчына аднойчы не вытрымала і прама прапанавала юнаку раздзяліць з ёю ложак: «I... звярнула жонка гаспадара яго свой позірк на Ёсэфа, і сказала: лажыся са мною» (Быц 39:7). Іосіф адмовіўся, і не толькі таму, што гэта пралюбадзейства, але перадусім таму, што для яго гэта — найвялікшая здрада і няўдзячнасць у дачыненні да гаспадара, які цалкам давярае яму, а такая няўдзячнасць — страшэнны грэх перад Богам: «...гаспадар мой... усё, што мае, аддаў у рукі мае. II Ён не большы за мяне ў доме гэтым; і ён не ўтрымаў ад мяне нічога, апрача цябе, таму што ты жонка яму; а як жа зраблю я такое велізарнае зло і саграшу перад Богам» (Быц 39:8—9). Аднак жонка Паціфара працягвала гаварыць Іосіфу пра сваё каханне, кожны дзень прапаноўвала яму сябе і, бачачы яго цвёрдасць, адважылася аднойчы на крайні крок: «...здарылася ў адзін з такіх дзён, што ён увайшоў у хату рабіць справу сваю, а нікога з дамашніх там не было. // Яна схапіла яго за адзенне яго і сказала: лажыся са мною. Але ён пакінуў адзенне сваё ў руках яе1, і пабег, і выбег вон. // I было, калі ўбачыла яна, што ён пакінуў у руках яе адзенне сваё і выбег вон, // To паклікала дамашніх сваіх і сказала ім: паглядзіце, ён [муж,
1 У тым, што адзенне Іосіфа засталося ў руках жонкі Паціфара, няма нічога дзіўнага, калі памятаць, што ўсё яго адзенне ў асноўным складала павязка на яго сцёгнах, якую прынята было насіць у спякотным і вільготным клімаце Егіпта.
Паціфар] прывёў да нас гэтага чалавека, яўрэя, каб насміхацца над намі. Ён прыйшоў да мяне, каб легчы са мною, але я закрычала гучным голасам. // I ён, пачуўшы, што я падняла голас свой і закрычала, пакінуў адзенне сваё, і пабег, і выйшаў вон» (Быц 39:11—15).
Такім чынам, жонка Паціфара абвінавачвае Іосіфа ў спробе згвалтаваць яе і тое ж самае паўтарае свайму мужу (паказальна, што яна ўпершыню ў сусветнай культуры апелюе да паходжання Іосіфа, да таго, што ён яўрэй; шмат разоў будуць паўтарацца ў гісторыі самыя фантастычныя абвінавачванні яўрэяў ва ўсіх грахах; але, безумоўна, патрэбна памятаць, што тут гаворыць гэта няшчасная жанчына, якая вельмі пакрыўджаная адмоваю прадмета свайго кахання, да таго ж напалоханая тым, што ўсё выйдзе на паверхню). Тым самым у аповед уключаецца яшчэ адзін архетыпічны матыў: паклёп абражанай жанчыны на цнатлівага юнака, які не пажадаў раздзяліць яе каханне (дарэчы, гэты матыў быў упершыню зафіксаваны менавіта ў Егіпце — у казцы «Два браты»; еўрапейскі чытач ведае яго таксама з грэчаскай міфалогіі, дакладней — з трагедыі Эўрыпіда «Іпаліт», дзе герой гіне з-за паклёпу закаханай у яго Федры). Паказальна, што Іосіф ні слова не вымаўляе ў сваю абарону, як ні словам не абвінавачвае няшчасную жанчыну. У гэтым праяўляецца высакароднасць яго душы і ўсведамленне ўласнай віны, уласцівае, на погляд Бібліі, усялякаму сапраўднаму чалавеку: значыць, Hernia не дагледзеў ён у стасунках з гэтай жанчынай, не трымаўся на дастатковай дыстанцыі ад яе (гэта, дарэчы, ставіць яму часткова ў віну яўрэйская каментатарская традыцыя, тлумачачы яе як «памылку праведніка»; Томас Ман разгортвае як асаблівы псіхааналітычны эцюд спробы героя «перавыхаваць» жонку Паціфара размовамі на маральныя тэмы; паводле Мана, Іосіф усведамляе сваю саманадзейнасць толькі тады, калі жанчына, ахопленая страсцю, прапануе яму забіць мужа, які перашкаджае каханню). Апрача таго, у маўчанні Іосіфа асаблівы сэнс: чалавек пакорлівы і цярплівы, як і яго бацька, ён ва ўсім бачыць волю Божую, ён аддае сябе цалкам у рукі Госпада.
А пакуль што, здаецца, для яго няма ніякай надзеі, бо ён апынуўся ў новай «яме» — у турме, якая і завецца ў
тэксце гэтак жа, як першая яма — «яма», «роў» (бор), і якая ўяўляе сабою падземную цямніцу. Але і тут Гасподзь не пакідае яго, і Іосіф заваёўвае сімпатыю начальніка турмы і становіцца распарадчыкам у ёй над астатнімі вязнямі. На гэтай пасадзе ён захоўвае найвышэйшую чалавечнасць, вельмі ўважліва і міласэрна ставячыся да ўсіх насельнікаў «ямы». Так, ён распытвае двух царадворцаў фараона — хлебадара (галоўнага пекара, дакладней — міністра харчавання) і галоўнага віначэрпа фараона, якія апынуліся ў турме (як можна здагадацца, іх падазраюць у спробе атруціць фараона), чаму ў іх такія сумныя твары (Быц 40:7). Аказваецца, яны абодва бачылі трывожныя сны, сэнс якіх не могуць зразумець. Яны распавядаюць пра свае сны Іосіфу, а той — вялікі снавед — тлумачыць іх, прарочачы хуткае вызваленне з турмы невінаватаму віначэрпу і пакаранне смерцю хлебадару, сумленне якога нячыстае. Усё, што сказаў Іосіф, спраўдзілася. А віначэрп, вызвалены з турмы і зноў пастаўлены на свой пост, аказаўся няўдзячным, бо не выканаў просьбу Іосіфа, не замовіў слоўца за яго, нявіннага чалавека, перад фараонам.
Але прыйшлося і віначэрпу ўспомніць пра гэтага дзіўнага Іосіфа, калі праз два гады сам фараон убачыў нейкія незразумелыя сны, якія ніяк не маглі растлумачыць усе яго мудрацы і чарадзеі: сны пра сем тлустых кароваў, паглынутых худымі каровамі (прычым ад гэтага яны не сталі тлустымі), і пра сем добрых, поўных каласоў, паглынутых пустымі. Трывожна на сэрцы ў фараона, ніхто не можа супакоіць яго. Вось тады па парадзе віначэрпа і прыводзяць з турмы да фараона Іосіфа, і той тлумачыць сны так лагічна і проста, што гэта ўражвае фараона. Іосіф кажа, што сем вельмі добрых, ураджайных гадоў чакаюць Егіпет, але следам за імі ідуць сем гадоў страшэннага неўраджаю і голаду. «А што паўтарыўся сон фараона двойчы, гэта таму, што сапраўды гэтая справа ад Бога і што Бог хутка выканае гэта» (Быц 41:32). Іосіф раіць паставіць якога-небудзь разумнага дзяржаўнага мужа над усім Егіптам дзеля таго, каб кожны ўраджайны год збіраць пятую частку ўсяго ўраджаю ў спецыяльныя сховішчы; толысі так можна будзе пазбегнуць голаду. Фараон, здзіўлены мудрасцю і разважлівасцю Іосіфа, менавіта яму і даручае
ажыццяўленне гэтай праграмы, даючы яму асаблівае імя: Цафнат-панэах (Быц 41:45), што па-егіпецку значыць «той, хто сілкуе [жывіць] жыццё» і што адначасова вельмі сугучна з іўрыцкім «той, хто раскрывае ўтоенае» (так тлумачыць гэтае імя Мідраш, намякаючы на тое, што Іосіф мусіць у пэўны час адкрыцца сваім братам).
Так Іосіф становіцца самым славутым пасля фараона чалавекам у дзяржаве, хлебадарам, карміцелем Егіпта. Сам фараон кажа: «...толькі тронам буду я большы за цябе» (Быц 41:40). Тора падкрэслівае, што Іосіфу ў гэты час споўнілася трыццаць гадоў. Гэты ўзрост невыпадковы: паводле біблейнай традыцыі, трыццаць — узрост духоўнай сталасці, духоўных здзяйсненняў. Здаецца, пасля дванаццаці гадоў турмы ўсё складаецца вельмі добра ў жыцці Іосіфа: ён ажаніўся з егіпцянкаю Аснат (Асэнэф; па-егіпецку — «служыцельніца багіні Нэйт»), дачкою самога жраца бога Ра — Паціфера (імя іншае, чым Паціфар) з гораду Он (Геліопаль); яна, прыняўшы Адзінага Бога, нарадзіла Іосіфу двух цудоўных сыноў — Менашэ (Манасію) і Эфраіма (Яфрэма). Гэтыя імёны ён даў дзецям невыпадкова. Вось як тлумачыць іх Тора: «I назваў Ёсэф імя першынцу Менашэ, таму што [гаварыў ён] Бог даў мне забыцца пра ўсе мае пакуты і ўвесь дом бацькі майго. // А другому назваў імя Эфраім, таму што [гаварыў ён] Бог зрабіў мяне пладавітым у зямлі пакутаў маіх» (Быц 41:51—52). Бог узнагародзіў праведніка за яго пакуты. Дык можа, у гэтым і сэнс распавяданай гісторыі? Але, паводле Торы, не ў гэтым. Справа ў тым, што, нягледзячы на свае горкія словы, Іосіф ніколі не мог забыцца пра дом бацькі свайго, пра сваіх братоў, і толькі цяпер, на вяршыні жыццёвага поспеху, калі слава яго перасягнула межы Егіпецкай дзяржавы, бо і суседнія краіны ратаваў ён ад голаду, толькі цяпер перад ім пачало адкрывацца яго сапраўднае прызначэнне, сэнс перанесеных ім пакутаў.