Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Сладчайшее нз слов земных! Рахнль!
Пасля смерці Рахелі, якую Іакаў страціў так заўчасна, калі ёй было толькі трыццаць сем гадоў, яго чакае яшчэ адна страшэнная страта — знікненне ўлюбёнага сына Іосіфа, які так нагадваў яму Рахель, які ўзгадваў пра самыя шчаслівыя імгненні іх жыцця. Несапраўдная смерць Іосіфа абярнулася жыццём, але даведаўся па гэтае Іакаў і пабачыўся з сынам пасля доўгіх гадоў разлукі і пакутаў. Прыйшоўшы ў Хеўрон, Іакаў застаў яшчэ ў жывых свайго бацьку Ісаака. Тора дае зразумець, што Ісаак не мог памерці, не пабачыўшы сына, якому ён перадаў Абяцанне. Але хутка Ісаак памірае, і яго хаваюць разам у фамільнай пячоры Эсаў і Іакаў. Самому Іакаву ў гэты час было 120 гадоў.
Далейшая гісторыя Іакава непарыўна звязаная з гісторыяй яго сына Іосіфа, па якім ён смуткаваў доўгіх 22 гады, захоўваючы ў сэрцы надзею. I яна спраўдзілася. Іосіф запрашае бацьку і сваіх братоў перасяліцца на час голаду ў Ханаане да яго ў Егіпет, куды раней прадалі яго браты. Ізноў настаў для ўжо вельмі пажылога Іакава час рушыць у шлях, у невядомае. У Бээр-Шэве (Вірсавіі) ён прыносіць ахвяры Богу і атрымлівае новае Адкрыццё: у «відзежах начных» яму з’явіўся Бог са словамі падтрымкі і суцяшэння: «I гаварыў Бог Йісраэлю ў відзежах начных, і сказаў: Йаакоў! Йаакоў! I ён сказаў: вось я. // 1 Ён сказаў: Я Бог, Бог бацькі твайго; не бойся сысці ў Егіпет, бо народам вялікім Я зраблю цябе там. // Я сыду з табою ў Егіпет, Я і выведу цябе назад; і Ёсэф сваёю рукою закрые вочы твае» (Быц 46:2—4). Такім чынам, Іакаву, як і Аўрааму, адкрытая будучыня яго народа, і шлях свой ён здзяйсняе з усведамленнем асаблівай гістарычнай місіі — сваёй і сваіх нашчадкаў.
Калі Іакаў з сынамі пераселіцца да Іосіфа ў Егіпет, той прадставіць свайго бацьку самому фараону. На пытанне
фараона — «Колькі гадоў жыцця твайго?» (Быц 47:8) — паважны стары адкажа: «...дзён вандравання майго сто трыццаць гадоў; нешматлікія і нешчаслівыя былі дні жыцця майго, і не дасягнулі да гадоў жыцця бацькоў маіх у дні вандравання іх» (Быц 47:9). Іакаў мае на ўвазе, што ён пражыў мала ў параўнанні з бацькам (180 гадоў) і дзедам (175 гадоў) і што ён няварты іх; таксама ён хоча сказаць, што яму прыйшлося шмат пакутаваць. Толькі апошнія семнаццаць гадоў Іакаў пражыве ў душэўным спакоі, знаходзячыся побач з усімі сваімі сынамі. Усяго ж ён пражыве сто сорак сем гадоў. Тэрмін яго жыцця, паводле іудзейскага каментара, скарочаны менавіта таму, што яму давялося рабіць памылкі, а Гасподзь, любячы Сваіх праведнікаў, патрабуе з іх самай поўнай мерай.
Да самага скону Іакаў не страчвае аптымізму і веры ў асаблівую сувязь сваю і сваіх нашчадкаў з Богам, у асаблівае прызначэнне народа, які ўтворыцца ад яго сыноў. Адчуваючы, што надыходзяць яго апошнія дні, Іакаў бярэ з Іосіфа абяцанне, што ён з братамі пахавае яго ў Зямлі Абяцанай, побач з Аўраамам і Сарай, Ісаакам і Рыўкай, побач з Леяй. Перад смерцю Іакаў благаслаўляе сыноў Іосіфа, якія нарадзіліся ў Егіпце, — Эфраіма і Менашэ, абвяшчаючы іх сваімі першынцамі: «...Эфраім і Менашэ, як Рэувен і Шымон, будуць мае» (Быц 48:5). Пры гэтым Іакаў кладзе сваю правую руку на галаву малодшага, Эфраіма, а левую — на галаву старэйшага, Менашэ. Іосіфу здаецца, што бацька проста памыліўся, бо «вочы Йісраэля пацьмянелі ад старасці: не мог ён бачыць» (Быц 48:10). Але гэта тая слепата, якая сімвалізуе глыбінны духоўны зрок, высокі прароцкі дар (Мідраш кажа, што Іакаў страціў зрок, бо правёў безліч часу над старонкамі Торы). I калі Іосіф спрабуе выправіць «памылку» бацькі, той спыняе яго і тлумачыць, што менавіта ў Эфраіма будуць шматлікія нашчадкі і што ён будзе першынстваваць (так ізноў паўтараецца — з варыяцыямі — гісторыя перавагі малодшага брата; падобны архетып мы бачым і ў сусветным казачным фальклоры). Паводле іудзейскай традыцыі, менавіта так, як благаслаўляў Іакаў сыноў Іосіфа (тымі самымі жэстамі і словамі), благаслаўляюць бацькі сваіх сыноў і зараз напярэдадні кожнай Суботы, бо сказана: «I
благаславіў ён іх у той дзень, сказаўшы: табою будуць благаслаўляць Ізраіль, кажучы: няхай зробіць табе Бог, як Эфраіму і Менашэ» (Быц 48:20).
У гэтыя апошнія гадзіны жыцця Іакаў узгадвае сваю Рахель, якую па-ранейшаму кахае: «А я — пры пераходзе маім з Падана памерла ў мяне Рахель у зямлі Кенаан, на дарозе, не даходзячы крыху да ўвахода ў Эфрат, і я пахаваў яе там на дарозе ў Эфрат, ён жа Бэт-Лэхем» (Быц 48:7). Якая роспач адчуваецца у гэтай няўзгодненасці фразаў, у гэтых паўторах! Й. Г. Герц піша наконт выразу «памерла ў мяне Рахель»: «Гэтыя словы вымаўленыя так, быццам Йаакоў гаворыць сам з сабою. У процілеглым выпадку, калі б ён звяртаўся да Ёсэфа, ён бы сказаў: “Твая маці”. Смугак з прычыны страты Рахелі не пакідае яго на працягу ўсяго жыцця»1. Потым Іакаў збірае ўсіх сваіх сыноў і прамаўляе ім асаблівае благаславенне, якое змяшчае ўказанне на наступную гісторыю як асобных каленаў, так і ўсяго народа Ізраіля: «...збярыцеся, і я абвяшчу вам, што здарыцца з вамі ў будучыя дні. // Сыдзіцеся і паслухайце, сыны Йаакова, паслухайце Йісраэля, бацьку вашага» (Быц 49:1—2). Падвойны заклік «паслухайце» тлумачыцца як намёк на глыбінны сэнс, схаваны за паэтычнымі радкамі і вельмі архаічнай сімволікай старажытнага благаславення, праз якое праходзіць думка пра непарушнае адзінства народа Ізраіля і яго месіянскае прызначэнне. «I скончыў Йаакоў запаведваць сынам сваім, і паклаў Hori свае на ложак, і сканаў, і далучыўся да народа свайго» (Быц 49:33). Іосіф смуткуе па бацьку, а потым загадвае забальзамаваць яго цела згодна з егіпецкім звычаем, каб захаваць яго падчас доўгага шляху да Зямлі Абяцанай (традыцыйны каментар кажа, што на самой справе Іосіф нікому не дазволіў датыкацца да цела бацькі і толькі рабіў выгляд, што выконвае язычніцкі абрад; цела ж праведніка захоўвалася Самім Богам; на думку іншых мудрацоў, Іосіф забальзамаваў цела бацькі і за гэты грэх Бог скараціў гады яго жыцця). Разам з братамі Іосіф перавозіць цела бацькі ў Ханаан і хавае ў пячоры Махпела (Быц 50:1—13).
1 Герц Й. Г. Комментарнй... С. 232.
Аповед пра Іакава складае найбольш разгорнутую частку біблейнага эпасу пра патрыярхаў і ўяўляе сабою вынік адбору паданняў з вялізнага корпуса легендаў, у аснове якіх ляжыць ідэя асаблівай выбранасці Іакава і яго нашчадкаў. Як мяркуюць даследчыкі, у канчатковым выглядзе жыццяпіс Іакава быў зафіксаваны ў эпоху Цароў (X—VIII стст. да н. э), карані ж яго паглыбляюцца ў глебу глыбокай старажытнасці, у пачатак 2-га тыс. да н. э., на што паказваюць шматлікія элементы падання, пацверджаныя дакументамі XV ст. да н. э., знойдзенымі ў Нузі (у прыватнасці, практыка выкупу першародства сярод народаў Блізкага Усходу).
У Талмудзе, Мідрашах і іншых равіністычных крыніцах Йаакоў паўстае як сімвал яўрэйскага народа, асаблівы выбраннік сярод патрыярхаў, узор дабрадзейнасці і справядлівасці, як праведнік, якому Усявышні адкрыў таямніцу прыходу Машыяха і Збаўлення і, змясціўшы яго вышэй за ўсіх смяротных і крыху ніжэй за анёлаў, назаўсёды адлюстраваў яго твар на Сваім троне. Менавіта Іакаў асабліва моцнай сувяззю звязаны з народам Ізраіля і пасля сваёй смерці: калі народ пакутуе, разам з ім пакутуе Іакаў; і ён жа радуецца, калі надыходзіць тэрмін збаўлення ад пакутаў (Мідраш Тэгілім 14:7; Псікта Рабаці 41:5). Канфлікт паміж Йааковам і Эсавам трактуецца як непазбежны канфлікт паміж Адзінабожжам і язычніцтвам, a процілегласць характараў братоў — як субстанцыяльнае процістаянне духоўнай прыгажосці Ізраіля і агіднасці язычніцкага свету (Бэрэшыт Раба 63:6, 8). Асэнсоўваючы жыццё Йакова, Мідраш кажа: «У чым розніца паміж жыццём цадзіка (праведніка) і рашы (злодзея)? Раша спачатку можа цешыцца ціхамірным спакоем, але яго радасці рана ці позна прыходзіць канец, і яна змяняецца ланцугом бясконцых нягодаў. Цадзіку ж спачатку наканаваныя пакуты, перажыўшы якія, ён уваходзіць у паласу шчасця, — і яно доўжыцца вечна»1. Мідраш адзначае, што Тора гаворыць пра семнаццаць гадоў, якія правёў Іакаў у Егіпце, як пра «гады жыцця», маючы на ўвазе самае сапраўднае, шчаслівае, паўнакроўнае жыццё, бо ўвесь гэты час Йаако-
1 Вейсман М. Мндраш рассказывает: В 6 т. Т. 2. Берешнт II. С. 216.
ва ахінаў Руах га-Кддэш — Дух Святы. У містычнай традыцыі Йаакоў увасабляе такі найважнейшы атрыбут Бога, як Міласэрнасць (Рахамім).
Вобраз Іакава вельмі важны таксама і для хрысціянскай традыцыі. Імя Іакава ўзгадваецца ў радаводзе Ісуса Хрыста (Мац 1:2; Лук 3:34). У цэлым, паводле хрысціянскай экзэгезы, Іакаў, «чалавек пакорлівы», выступае правобразам Хрыста, які кажа: «Я пакорлівы і ціхі сэрцам» (Мац 11:29). Іакаў — пастух, які клапоціцца пра сваіх авечак, і Ісус — пастыр, які аддае жыццё сваё за авечак (Іаан 10:11). Іакаў «жыў у шатрах» сваіх бацькоў, дзе вывучаў слова Божае, і Ісус заклікаў вучняў у «шатры» вывучаць яго, тлумачыў Пісанне ў Іерусалімскім Храме (Лук 2:56—49) і шматлікіх сінагогах. Іакаў, які прыходзіць у шацёр да бацькі пад выглядам Ісава, адзеты ў звярыныя скуры, таксама сімвалізуе Хрыста — Слова Божае, Логас, Які прыйшоў на зямлю ў чалавечым абліччы, але застаўся самім сабою. Наследуючы гэтаму тлумачэнню, вялікі англійскі паэт XVII ст. Джон Дон у адным са сваіх «Святых санетаў» прыпадобніў Хрыста Іакаву, апранутаму ў казіныя скуры, і адначасова проціпаставіў іх:
О, кто его любовь нзмернть может? Он, Царь царей, за грех наш пострадал! йаков, облачнвшнсь в козьн кожя, Удачн от своей уловкн ждал.
Но Божяй Сын облекся в нашу плоть, Чтоб грех свонм страданьем побороть.
Пераклад Дз. Шчадравіцкага
Апрача таго, для Хрысціянскай Царквы Іакаў выступае яе ўвасабленнем: «апранутая» знешне ў розныя абліччы, існуючы ў розных культурах, яна застаецца адзінай знутры, па сутнасці. У свой час архімандрыт Нікіфар пісаў пра Іакава: «...ён быў адзін з найвялікшых патрыярхаў Царквы Старазапаветнай. Шматлікія выпрабаванні і нягоды свайго стасаракасямігадовага жыцця ён заўсёды пераносіў з непахіснай вернасцю Богу, з цвёрдым цярпеннем і адданасцю Наканаванню Божаму і з нязменным спадзяваннем на Яго ва ўсіх абставінах свайго жыцця; таму ва ўсіх іншых кнігах Бібліі імя Іакава мае вельмі высокае значэнне, ці ўжываецца яно ў сэнсе яго нашчадкаў, ці