• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Так ці інакш, але Ісаак выклікае да сябе старэйшага сына і выпраўляе яго на паляванне, каб той злавіў дзічыну і прыгатаваў страву, якую асабліва ўпадабаў бацька; наеўшыся (можа, у апошні раз перад смерцю), бацька благаславіць сына. Усё гэта чуе Рыўка і вырашае дзейнічаць (Мідраш прама гаворыць, што словы і дзеянні Ісаака падаюцца ёй парушэннем волі Усявышняга). Яна заклікае
    да сябе Іакава і кажа яму, што ён мусіць пайсці ў шацёр да бацькі і атрымаць благаславенне, якое яму і трэба атрымаць. Іакаў вельмі збянтэжаны, засаромлены і спрабуе ўхіліцца ад гэтага кроку, звязанага з падвойным падманам — бацькі і брата: «I Йаакоў сказаў Рыўцы, маці сваёй: Эсаў, брат мой, чалавек валасаты, а я чалавек гладкі. // Можа так стацца, што абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах яго ашуканцам, і навяду на сябе пракляцце, а не благаславенне» (Быц 27:11—12). Аднак прарочыца Рыўка просіць Іакава: «...на мне пракляцце тваё, сын мой; толькі паслухайся голасу майго...» (Быц 27:13). Тора падкрэслівае, што менавіта жанчына, надзеленая найтанчэйшай інтуіцыяй (а ў дадзеным выпадку — і прароцкім дарам), адчувае, што неабходна рабіць, каб здзейснілася воля Божая, нават калі знешне, на першы, няўважлівы, погляд, яе ўчынкі здаюцца негатыўнымі. Іакаў з-за павагі да маці скараецца і прыносіць ёй, як яна і загадала, двух найлепшых маладых казляняткаў, з якіх яна і гатуе страву, што так падабаецца Ісааку, а шкуркамі гэтых казляняткаў — мяккай поўсцю наверх — абкручвае гладкія шыю і рукі сына. У такім «маскарадзе», са збянтэжанай душой, Іакаў уваходзіць у шацёр да бацькі і выдае сябе за Ісава. Тэкст ладкрэслівае, што Ісаак нешта западозрыў, бо, пачуўшы голас сына, ён перапытаў: «...хто ты, сын мой?» (Быц 27:18)-, да таго ж ён здзіўлены, што Ісаву ўдалося так хутка вярнуцца з палявання і прыгатаваць страву: «Як хутка ты ўсё гэта знайшоў, сын мой! I сказаў той: таму што Гасподзь Бог твой паслаў мне гэты выпадак» (Быц 27:20). Тым не менш Ісаак вырашае абмацаць сына, каб упэўніцца, што перад ім Ісаў: «...падыдзі ж, і я абмацаю цябе, сын мой, ці ты сын мой Эсаў, ці не?» (Быц 27:21). Каментар кажа, што менавіта ўзгадванне Імя Усявышняга насцярожыла Ісаака, бо Ісаў наогул не быў схільны ўспамінаць Бога. Тэкст зноў і зноў настойліва намякае, што, хаця Ісаак і «не пазнаў яго [Іакава], таму што рукі яго былі, як рукі Эсава, брата яго, касматыя» (Быц 27:23), ён усё ж такі нешта цьмяна адчуў, калі абмацваў сына, бо сказаў: «...голас, голас Йаакова, a рукі, рукі Эсава» (Быц 27:22). Ісаак не толькі пачуў голас Іакава, але і адчуў яго асаблівы пах, калі сын падышоў і пацалаваў яго: «I адчуў ён пах ад вопраткі яго, і благасла-
    віў яго, і сказаў: вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое благаславіў Гасподзь» (Быц 27:27). Як ужо ўзгадвалася, паводле іудзейскага каментара, у гэты момант Ісаак адчуў ні з чым не параўнальны пах — пах Эдэмскага Саду, бо Іакаў быў найідэальнейшым з праведнікаў (але і такі праведнік, лічаць яўрэйскія мудрацы, мае права на памылку). I толькі адчуўшы, што ад сына зыходзіць гэты сапраўды Боскі пах, Ісаак благаслаўляе яго: «Няхай дасць табе Бог ад расы нябеснай і ад тукаў зямлі, і шмат хлеба і віна. // Няхай паслужаць табе народы, і няхай паклоняцца табе плямёны; будзь гаспадаром над братамі тваімі, і няхай паклоняцца табе сыны маці тваёй; тыя, хто праклінаюць цябе, — праклятыя; тыя, хто благаслаўляюць цябе, — благаславёныя!» (Быц 27:28—29). Фінал благаславення сведчыць пра яго пераемную сувязь з благаславеннем Самога Бога праайцу Аўрааму; тым самым падкрэсліваецца, што Іакаў, як і яго бацька, — пераемнік Абяцання, дадзенага Аўрааму. He менш значны сэнс мае і пачатак благаславення: першым з вялікіх дароў Усявышняга невыпадкова названая раса нябесная, якая выступае ў тэкстах Танаха як сімвал Боскай міласці. I толькі пасля гэтага названыя «тукі зямлі». Гэта ўказанне на тое, што Іакаў будзе жыць перадусім духоўным, а не матэрыяльным, што яму наканавана быць духоўным правадыром і пастырам.
    У тэксце так і застаецца не растлумачаным да канца, ці зразумеў Ісаак, каго дакладна ён благаславіў. Магчыма, ён усё вырашыў аддаць на волю Бога, а магчыма — хацеў быць падманутым, добра разумеючы, што шалапутны і недальнабачны сын яго Эсаў не зможа далей ажыццяўляць вялікую духоўную місію. А Эсаў з’явіўся ў шатры бацькі з гатовай стравай амаль што следам за Іакавам, які пайшоў з благаславеннем. Калі пачуў Ісаак словы Эсава: «я сын твой, першынец твой, Эсаў» (Быц 27:32), то, як паведамляе Тора, «затрапятаў... трапятаннем вельмі вялікім...» (Быц 27:33). Гэтае «трапятанне” можна зразумець і як «страх», і Мідраш паведамляе: «...у гэтае імгненне прымроіліся яму адкрытыя бездані пекла і Эсаў, які падкладаў дровы ў печы пякельныя»1. Так пачаў вяртацца зрок да
    1 Агада... С. 38.
    аслеплага Ісаака, які страціў на пэўны момант духоўную зоркасць. Даведаўшыся, што Іакаў апярэдзіў яго, Эсаў у страшэннай злосці ўсклікае: «...ці не таму дадзенае яму імя: Іакаў, што ён падмануў мяне ўжо два разы? Першародства маё ён узяў, і вось цяпер благаславенне маё ўзяў» (Быц 27:36). Эсаў у роспачы і злосці тлумачыць імя Йааков як «ашуканец», «хітрун», не памятаючы ўжо, што сам з радасцю аддаў першародства за чачавічную поліўку. Тэкст лаканічна, але з вялікай экспрэсіяй перадае ўзрушэнне Эсава: «...няўжо, бацька мой, адно благаславенне ў цябе? Благаславі і мяне, бацька мой! I ўзняў Эсаў голас свой, і заплакаў» (Быц 27:38). Слёзы Эсава выклікаюць спачуванне ў яўрэйскіх каментатараў. Так, рабі Й. Г. Герц у сваім каментары да Торы прыводзіць словы Давідсона: «Гэтыя слёзы Эсава, чалавека эмацыянальнага і імпульсіўнага, падобныя на крык жывёліны, што трапіла ў пастку. Гэта самы патэтычны момант у Торы»1. Але гэтыя крыкі і слёзы падобныя на крыкі і слёзы эгаістычнага дзіцяці, якое хоча, нягледзячы ні на што, дабіцца свайго. Так і Эсаў літаральна «выціскае» з бацькі благаславенне, і яно зусім іншага кшталту, чым благаславенне Іакаву: «...вось, ад тука зямлі будзе існаванне тваё і ад расы нябеснай зверху; // I мячом тваім ты будзеш жыць, і брату свайму будзеш служыць; але калі ўгневаешся [успрацівішся], то скінеш іга яго с шыі сваёй» (Быц 27:39—40). Як бачым, першым названы «тук зямлі», і толькі потым — «раса нябесная». Эсаў жыве матэрыяльным, але Гасподзь заўсёды дае яму шанц змяніць свой лёс, выбраць служэнне духоўнаму. I самае страшнае — «мячом тваім будзеш ты жыць», г. зн. вайною, гвалтам, дэспатызмам. Эсаў — гэта і сімвал усіх ваяўнічых дзяржаваў, таталітарных і агрэсіўных рэжымаў. А што значыць «скінуць іга» Іакава? Здаецца, гэта найлепш тлумачыць Дз. У. Шчадравіцкі: «У XX стагоддзі гэтая частка прароцтва ажыццявілася ва ўсёй сваёй паўнаце. Што такое “іга Іакава”? Іакаў ёсць прапаведнік Адзінабожжа; ён ёсць служыцель Гасподні, які гаворыць пра Імя Божае і ад Імя Божага ўсім народам; яго нашчадкі, ізраільцяне, сталі першымі носьбітамі Адзінабожжа: і хрыс-
    1 Герц Й. Г. Комментарнй... С. 134.
    ціянства, і іслам выйшлі, як парасткі, з гэтага кораня. У XX стагоддзі “ўспрацівіўся” Ісаў і “скінуў” іга Іакава: на частцы зямлі запанаваў поўны атэізм. “Тыя, хто скінулі іга Іакава”, — гэта і нацысты, якія адкінулі аснову гуманізму — запаведзь пра любоў да бліжняга, і тыя богапраціўнікі, якія цалкам адмаўляюць Бога і Яго закон... Менавіта яны “скідаюць іга Іакава з шыі сваёй”»1.
    Чым паварочваецца імпульсіўнасць Эсава, дэманструе літаральна наступны біблейны верш: «I ўзненавідзеў Эсаў Йаакова за благаславенне, якім благаславіў яго бацька яго; і сказаў Эсаў у сэрцы сваім: наблізяцца дні плачу па бацьку маім, і я заб’ю Йаакова, брата майго» (Быц 27:41). Такім чынам, у душы Эсава спее думка пра забойства (яшчэ адно пацверджанне, што ён не мог стаць пераемнікам Запавету, бо гэта патрабуе перадусім маральнай чысціні). Эсаў — не той чалавек, які шукае віну ў сабе; у вачах такога тыпу людзей заўсёды вінаватыя іншыя, якія «ашукалі», «перайшлі дарогу», «збілі са шляху» і г. д. Праўда, Эсаў пагаджаецца часова ўтаймаваць сябе і пачакаць да смерці бацькі, бо і той упэўнены, што хутка памрэ (гэта — яшчэ адно пацверджанне таго, што зацьмяніўся ясны духоўны зрок Ісаака). Мідраш адзначае, што для Эсава з яго грубай натурай такое рашэнне з’яўляецца амаль праведным учынкам, бо ён па-свойму любіць бацьку і не хоча засмучаць яго забойствам брата. Тым не менш словамі Эсава не на жарт устрывожаная Рыўка. Паклікаўшы да сябе Іакава, яна раіць яму бегчы на час да яе брата, дядзькі Іакава — Лавана, які жыве ў Падан-Араме. Ісааку, які не ведае пра пагрозы Эсава, Рыўка прадстаўляе гэта як неабходнасць знайсці добрую жонку для Іакава. Са смуткам і любоўю выпраўляе сына ў далёкі шлях Ісаак, наказваючы яму не браць у жонкі «дачок ханаанскіх», як не хацеў гэтага для самога Ісаака яго бацька Аўраам. Ісаак ізноў паўтарае благаславенне Іакаву, ужо адкрыта прызнаючы яго духоўнае першынство і ўспрымаючы ўсё, што адбылося, як праяву волі Усявышняга. Паданне кажа, што ў гэты момант да Ісаака канчаткова вярнуўся яго сапраўдны духоўны зрок.
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 228.
    I хаця бацька прымірыўся з тым, што здарылася, хаця Сам Бог неўзабаве пацвердзіў Абяцанне Іакаву, складанасць і духоўная глыбіня тэксту заключаюцца ў тым, што Іакаў усё роўна нясе адказнасць за не зусім праведным шляхам атрыманае благаславенне (гаворка ідзе пра суадносіны мэты і сродкаў, пра недапушчальнасць, з пункту гледжання Торы, апраўдання сродкаў мэтаю, якой бы яна ні была). Поўнае нягодаў, цяжкіх выпрабаванняў і стратаў жыццё праайца Іакава (уцёкі з роднай хаты, расстанне з бацькамі, шматгадовая служба на чужыне, доўгае чаканне магчымасці злучыцца з каханай, у самы высокі час кахання — выяўленне страшнай падмены нявесты, поўнае небяспекі вяртанне на радзіму, згвалтаванне адзінай дачкі, заўчасная смерць горача каханай жонкі, страта ўлюбёнага сына) у значнай ступені асэнсоўваецца тэкстам і — што не меней важна — самім героем як адплата за няправедна атрыманае благаславенне. Тым самым сцвярджаецца такая важная для Торы і ўсёй Бібліі ў цэлым ідэя адказнасці, непарыўна звязаная з ідэяй свабоды выбару. Жыццё Іакава — самае трагічнае з усіх жыццяў, апісаных у Торы; яно ўяўляе сабою шэраг выпрабаванняў, у якіх праз пакуты і страты ачышчаецца і ўдасканальваецца душа праведніка, які будзе ў рэшце рэштаў узнагароджаны спакойнай і шчаслівай старасцю.