Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
У еўрапейскай паэзіі шырока прадстаўленыя як матывы ахвярапрынашэння Ісаака (нагадаем ізноў паэму Іосіфа Бродскага «Ісаак і Аўраам», дзе Ісаак — галоўны герой, верш Юліі Нэйман «Ісаак» і інш.), а таксама кахання Ісаака і Рэвекі (напрыклад, верш іспанскага паэта XVII ст. Хуана Пэрэса дэ Мантальвана «Ідзе Рэвека, ліўнем залатым...»). Найбольш разгорнута, са спробай рэканструявання глыбінных пластоў міфалагічнай свядомасці, калек-
тыўнай прапамяці і адначасова з прасочваннем працэсу вылучэння з гэтай калектыўнай памяці індывідуальнага «я», вобраз Ісаака створаны ў рамане Томаса Мана «Іосіф і яго браты».
А гісторыя патрыярхаў пранягваецца — праз няпростае, поўнае цяжкіх выпрабаванняў жыццё сына Ісаака — Іакава...
«I вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ты ні пойдзеш...»
(Духоўныя пошукі Іакава-Ізраіля)
Я Гасподзь, Бог Аўраама, бацькі твайго, і Бог Йіцхака.
Зямлю, на якой ты ляжыш, табе аддам і нашчадкам тваім. I будуць нашчадкі твае, як пясок зямны;
і распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень;
і благаславяцца ў табе і семені тваім усс плямёны зямныя.
(Быц 28:13—14)
Выключнае месца ў велічным эпасе пра патрыярхаў, у Бібліі наогул і ў сусветнай культуры займае гісторыя жыцця, блуканняў, духоўных пошукаў і вялікіх адкрыццяў трэцяга з прабацькоў выбранага народа Божага — Йаакова (Яакова), ад дванаццаці сыноў якога ўзнікнуць дванаццаць каленаў (плямёнаў) Ізраілевых, што ў пэўны час і ўтвораць народ Ізраіля, народ Божы. Само імя Йісраэль (Ізраіль) — другое імя патрыярха Йаакова, дадзенае яму Богам, таму ўсе яго нашчадкі — бнэй Йісраэль, сыны Ізраіля. Першапачатковае ж імя гэтага чалавека — Йааков — з дадаткам тэафорнага Эль (Бог) — Йааков-[Эль] — значыць «няхай абароніць [Бог]», «няхай захавае [Бог]»; ва ўсходнеславянскай царкоўнай традыцыі (праз грэка-візантыйскае пасрэдніцтва) яно ўжо даўно гучыць як Наков (Іакаў), а яго спрошчаны народны варыянт (шматлікія біблейныя імёны назаўжды ўвайшлі ў наша жыццё) — як Яков\ адсюль і два беларускія варыянты — Якаў і — праз лаціну — Якуб. Сын Ісаака
і ўнук Аўраама, патрыярх Іакаў з гонарам панёс далей ідэю Запавету з Адзіным Богам.
Як мы ўжо ведаем, Іакаў быў малодшы з двух братоўблізнятаў, якія нарадзіліся ў праайца Ісаака і прамаці Рэвекі пасля доўгага і напружанага чакання спадчынніка і пераемніка — пасля дваццацігадовага бяздзетнага шлюбу, і нараджэнне гэтае было вынікам умяшання ў чалавечае жыццё Самога Усявышняга. У гісторыі Іакава і яго братаблізняці Эсава (Ісава), безумоўна, прасочваюцца рысы блізнечнага міфа, біблейныя варыяцыі на тэмы якога мы ўжо бачылі на прыкладзе прыпавесці пра Каіна і Авеля. Тым больш цікава паглядзець, як Біблія перайначвае архаічную парадыгму, што каранямі паглыбляецца ў «калектыўнае несвядомае» (К. Г. Юнг), і не проста перайначвае, але кардынальна пераасэнсоўвае яе, даючы нам вялікія маральныя ўрокі.
Тора паведамляе, што варожасць братоў пачынаецца яшчэ ва ўлонні маці, і, здаецца, гэта горкая канстатацыя адвечнай варожасці да бліжняга, да брата свайго, уласцівай чалавеку. Зацяжарыўшы, Рыўка хутка адчула, што два немаўляці ў яе чэраве штурхаюцца і б’юцца паміж сабой. Яе, чалавека вельмі гарманічнага, надзеленага тонкай душой, гэта вельмі занепакоіла, і яна вырашыла звярнуцца да Бога са сваім трывожным пытаннем: чаму так? які тады сэнс у яе існаванні? У тэксце Кяігі Быцця сказана: «Сыны ў чэраве яе сталі біцца, і яна сказала: калі так, то навошта я? I пайшла запытацца ў Госпада» (Быц 25:22). Адзначым, што рускі Сінадальны пераклад не вельмі тут дакладны: «...еслн так будет, то для чего мне это?» У арыгінале ж — «навошта я [існую]?» Для Рыўкі сэнс яе існавання — дасягненне гармоніі, дасканаласці, якія немагчымыя без набліжэння да Бога, і яна хацела б таго ж для сваіх сыноў, але адчувае нешта трывожнае, незразумелае. Паданне кажа, што браты ўжо ў мацярынскім улонні спрачаліся за першародства, за тое, хто атрымае вялікае благаславенне не толькі бацькі, але і Бога. I калі Рыўка праходзіла каля месцаў, дзе адбывалася ідаласлужэнне, то ў незвычайнае ўзрушэнне прыходзіў Эсаў, будучы ідалапаклоннік; здавалася, ён імкнуўся хутчэй выйсці з чэрава маці, каб далучыцца да язычнікаў і ўзначаліць іх.
А калі Рыўка праходзіла каля святых месцаў, дзе праайцам адкрываўся Адзіны Бог, дзе былі ўзведзеныя Аўраамам ахвярнікі ў Яго гонар, то ў вялікае хваляванне прыходзіў Йаакоў. Другі ж каментар, не схільны так сурова лічыць, што лёс чалавека вызначаны яшчэ да нараджэння, кажа: «Два парасткі выйшлі побач з зямлі: адзін — мірта, другі — цярноўніка. Спачатку яны мала чым адрозніваліся адзін ад аднаго, а калі выраслі і расквітнелі, адзін пакрыўся духмянай лістотай, а другі — калючкамі. Так раслі побач Йаакоў і Эсаў, у раннім юнацтве нічым не адрозніваючыся адзін ад аднаго. Але яны падраслі і разышліся ў розныя бакі: Йаакоў прысвяціў сябе служэнню Сапраўднаму Богу, а Эсаў — ідалам» (тут і далей — пераклад паводле перакладу С. Фруга)1. Гэты каментар нагадвае, што чалавеку дадзеная свабода выбару, але папярэдні падкрэслівае, што ўжо і ў чэраве маці чалавек — жывая самастойная асоба, ужо там ён выбірае паміж дабром і злом.
Гасподзь тлумачыць Рыўцы варожасць братоў яшчэ да нараджэння тым, што ад яе сыноў пойдуць два розныя народы, прычым «адзін народ зробіцца мацней за другога, і большы будзе служыць меншаму» (Быц 25:23). Паводле класічнага яўрэйскага каментара, прамы сэнс гэтага прароцтва здзейсніўся тады, калі ўзнікла Ізраільскае царства і Давід, нашчадак Іакава, разбіў эдаміцян (ідумеяў), нашчадкаў Ісава, празванага Эдомам. Але прароцтва мае не толькі гістарычны, але і шырокі духоўны сэнс: гаворка ідзе пра духоўную сілу «меншага» (нешматлікага) народа Ізраіля, які процістаіць варожасці «вялікіх» (шматлікасных) народаў. Больш таго, тут зададзеныя два сімвалы, дзве парадыгмы жыцця: у служэнні Богу і ў процістаянні Яму. «Іакаў і Ісаў, — піша Дз. У. Шчадравіцкі, — сімвалізуюць два роды людзей: народ Божы, які служыць Госпаду, і народ, які працівіцца Богу, бязбожны і грэшны. Пра адрозненні па крыві, pace, пра чужароднасць тут гаворкі не можа быць, бо абодва яны — сыны адной маці. Уся справа ў духоўным, унутраным ладзе»2. Адначасова Тора гаворыць пра неабходнасць шукаць шляхі да пры-
1 Агада... С. 37.
2 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятякннжне Монсеево. С. 215.
мірэння народаў-братоў, пра магчымасць хаця б пазбегнуць забойства.
Тое, што дзеці біліся ў чэраве маці, разумеецца як першае ўказанне на процілегласць характараў сыноў, што нарадзіліся ў Рыўкі. Першым выйшаў на свет Эсаў, які ўвасабляе перавагу фізічнага пачатку над духоўным. Адно з паданняў кажа, што ён проста адштурхнуў Йаакова, які павінны быў нарадзіцца першым; другое паведамляе, што Эсаў пагражаў забіць маці падчас родаў, калі Йаакоў не прапусціць яго першым. А ў Торы сказана: «I выйшаў першы: чырвоны, увесь, як скура [адзенне са звярынай скуры], касматы; і назвалі яму імя: Эсаў» (Быц 25:25). Гэта тыповы для старажытнага тэксту Торы выпадак тлумачэння імя таго ці іншага героя, часта з дапамогай народнай этымалогіі. Сапраўды, на іўрыце імя Эсав значыць «касматы», «валасаты», «пакрыты шэрсцю». Магчыма, гэта ўказанне на тое, што ён быў пакрыты рыжаватым (чырвоным) пушком, або шорсткай, і адсюль яго другое імя, дакладней — мянушка: Эдом (ад адмоні — «рыжы», «чырвоны»). Такім чынам, з самага пачатку з Эсавам звязаны сімвалічна чырвоны колер, які, паводле Мідраша, з’яўляецца прыкметай схільнасці гэтага чалавека да кровапраліцця, што і выявілася ў яго моцным захапленні паляваннем, забойствам звяроў. Сапраўды, далей мы даведваемся, што Эсаў становіцца паляўнічым-звераловам і пастаянна пралівае кроў. Чырвоны колер таксама — колер гневу, раз’юшанасці, якая вельмі часта будзе зацінаць вочы Эсаву; сама ж яго касматасць — указанне на дамінаванне ў ім жывёльнага пачатку. Але старажытны тэкст вельмі складаны, і арыгінал можна зразумець і такім чынам: «...чырвоны ўвесь, як плашч, валасаты». У арыгінале тое, што перадаецца ў рускім Сінадальным перакладзе як кожа (скура; дакладней было б — шкура), гучыць як адэрэт — «царская мантыя», «чырвоная вопратка». Магчыма, Эсаў нарадзіўся ў так званай сарочцы, якая мае чырвоны колер, але і ў такім выпадку тэкст Торы мае сімвалічны сэнс: адэрэт — ад адар («узвялічвацца», «праслаўляцца») — сімвал царскай улады, якая ў родзе Эсава з’явіцца нашмат раней за род Йаакова і будзе тыранічнай: «I вось цары, якія валадарылі ў зямлі Эдома раней за ца-
раванне цара ў сыноў Йісраэлевых...» (Быц 36:31). I тады міжволі ўзгадваецца апошняя царская дынастыя нашчадкаў Эсава — дынастыя цара Гордуса, або Ірада, які быў ідумеянінам па паходжанні і сеў супраць закону на трон Іудзеі пры падтрымцы рымлянаў, якія захапілі краіну (Ірад, ад якога вельмі нацярпеўся народ Божы, — постаць, ненавісная не толькі для хрысціянскай, але і для іудзейскай свядомасці). Нездарма ў яўрэйскай традыцыі познеантычнага перыяду Рым атрымае сімвалічную назву Эдом (паданне кажа, што ў заснаванні Рыма актыўна ўдзельнічалі эдаміцяне; і надалей усё, звязанае з грубай сілай, з гвалтам і крывёю, атрымлівае ў яўрэйскай гісторыі назву Эдом (напрыклад, рыцары-крыжакі, якія падчас крыжовых паходаў выразалі ўшчэнт яўрэйскія абшчыны ў Еўропе, a таксама і ўвесь «хрысціянскі» свет, які ў гэты час варожа ставіўся да нашчадкаў Аўраама, Ісаака, Іакава).
Следам за Ісавам з мацярынскага чэрава выходзіць Іакаў, літаральна «трымаючыся рукою сваёю за пяту Эсава» (Быц 25:26). Так Тора ў духу народнай этымалогіі тлумачыць імя Йаакоў: «той, хто трымаецца за пятку» (з-за сугучнасці з акёв — «пятка»). Пры гэтым Мідраш паведамляе, што Іакаў трымаў Ісава за пятку, спрабуючы ўцягнуць яго назад, не даць выйсці першым, бо першародства спрадвеку было прызначанае Іакаву. Імя Іакава атрымлівае таксама дадатковую народную этымалогію ў вуснах Ісава, які адчувае сябе ашуканым: ад акўв («ашуканец»), бо Іакаў нібыта «ашуканствам» «завалодае» першародствам (гл. ніжэй). Аднак з пункту гледжання навуковай этымалогіі імя Йааков уяўляе сабою скарочаную форму распаўсюджанага ў 2-м тыс. да н. э. у семіцкіх народаў Блізкага Усходу імя Yahqub-El, або Yaakub-El, якое літаральна значыць «абароніць [мяне] Бог» (параўн. яўрэйскае імя таго ж паходжання — Аківа). Гэтае імя зафіксаванае ў пачатку 2-га тыс. да н. э. у клінапісных архівах месапатамскага горада Кіш у формах Ya-akh-qu-ub-El, Ya-qu-ub-El, а таксама як J ‘kb’ г у егіпецкіх крыніцах таго ж часу. Сама ж славутая сцэна, калі Іакаў нараджаецца, «трымаючыся за пяту Ісава», мае, безумоўна, глыбокі сімвалічны сэнс, духоўнае напаўненне, і перадусім указанне, што Ісаў — чалавек плоцевы, а Іакаў — чалавек духоўны.