• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    У дэўгэракананічнай (другакананічнай) 3-й Кнізе Эзры (Ездры), якая дайшла да нас на лаціне, ёсць такое месца: «...рука Іакава трымала ад пачатку пяту Ісава. // Канец гэтага веку — Ісаў, а пачатак наступнага — Іакаў. // Рука чалавека — пачатак яго, а канец — пята яго» (3 Ездр 6:8—10; паводле Сінадальнага перакладу). Такім чынам, гэты вельмі лаканічны і вельмі глыбокі каментар указвае, што ўжо ў вельмі старажытным разуменні Ісаў сімвалізаваў усё плоцевае, жывёльнае, век мінулы (ці сённяшні), ад звярынага аблічча якога павінен пазбавіцца чалавек, а Іакаў — усё духоўнае, праведнае, за чым — будучыня. Дз. У. Шчадравіцкі піша: «Іакаў трымаўся рукою за пяту Ісава — гэта вялікі сімвал. Бо там, дзе канчаецца плоцевы чалавек, якога сімвалізуе Ісаў (а чалавек “канчаецца” там, дзе пята яго; і найбольш значная ў гэтым вобразе менавіта пята, якая датыкаецца да зямлі і таму абазначае самую нізкую, непасрэдна гранічную з прахам, частку чалавечай існасці), там пачынаецца чалавек духоўны, “Іакаў”. Рука, якой Іакаў трымаўся за пяту Ісава, сімвалізуе будучыя ўчынкі праведніка, якія ён здзейсніць у гонар Божы»1.
    У двух братах увасобленыя — і ў плане духоўна-псіхалагічным, і ў плане гісторыка-культурным — два дыяметральна процілеглыя чалавечыя тыпы: Ісаў — звералоў, чалавек суровы, мужны, набліжаны да самай дзікай прыроды, але і варожы ёй; Іакаў — пастух, які пасвіць і абараняе, пастыр, які клапоціцца аб сваіх авечках, аб сваіх парафіянах (нагадаем, што пастухом быў і праведны Авель і менавіта з пастухом звязаныя пазітыўныя канатацыі не толькі ў старажытнаяўрэйскай, але і ў іншых старажытных культурах Блізкага Усходу, напрыклад у шумерскай); Ісаў — чалавек імпульсіўны, які лёгка падпадае пад стан афекту, і «чалавек палёў», не схільны да аседлага жыцця, дзікі «прыродны» чалавек; Іакаў жа вызначаны як «чалавек пакорлівы [цярплівы], які жыве ў шатрах» (Быц 25:27). Адзначым, што ў арыгінале на месцы слова «пакорлівы», «цярплівы» (у рускім Сінадальным перакладзе — кроткйй) — і гэты пераклад стаў амаль традыцыйным — стаіць слова там, якое хутчэй павінна быць перакладзенае як
    1 ГЦедровпцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 216.
    «суцэльны» (у сэнсе «той, хто не ведае ўнутранай расколіны, заганы»), «цэльны» (у тым жа сэнсе), «дасканалы», «беззаганны»; паказальна, што гэтым жа словам у Бібліі характарызуюцца Аўраам, Іоў і іншыя праведнікі. Наконт «чалавека шатроў» Мідраш даводзіць, што гэта не проста ўказанне на шатры пастухоў, але перадусім на Шацёр (Скінію) Адкрыцця, або Скінію Запавету, дзе будзе захоўвацца Тора і дзе будзе адбывацца асаблівае служэнне Усявышняму, на будучы Іерусалімскі Храм, а таксама на ўсе «шатры вучэння» — бэт-мідрашы (бэт-мідраш — літаральна «дом вучэння») і ешывы (ешыботы; ад йашав — «сядзець [побач з настаўнікам над Святым Пісаннем]») — рэлігійныя школы, дзе нашчадкі Йаакова будуць вывучаць Тору. Так і сам Йаакоў вучыўся ў «шатрах вучэння», якімі сталі для яго шатры Аўраама і Йіцхака.
    Тора працягвае выяўляць апазіцыі ў суі проціпастаўленні двух братоў: Эсаў — улюбёнец бацькі, Іакаў — маці; першы жыве імгненнымі асалодамі і канкрэтнымі сённяшнімі патрэбнасцямі, іншымі словамі — адным днём, другі будуе планы на будучыню; адзін — вельмі, нават залішне, «натуральны», жыве, як кажуць, «здаровымі» інстынктамі, абсалютна адкрыты свету і ў выніку неглыбокі («тыповы экстраверт»), другі — паглыблены ў сябе, у жыццё душы і духу («тыповы інтраверт»), нясе ў сабе патаемнае, запаветнае, выяўляе нязломную ўпартасць (нягледзячы на знешнюю лагоднасць і пакорлівасць) у дасягненні мэты. Здаецца, у гэтых вобразах схаваныя неабмежавана глыбокія, незлічоныя пласты сэнсаў. Гэта процістаянне «чалавека знешняга» і «чалавека духоўнага», «чалавека варварства» і «чалавека культуры», «чалавека Божага» і «чалавека бязбожнага». Гэта і процістаянне розных тыпаў культуры, і розных тыпаў грамадства, розных тыпаў суполак. Так, гаворачы пра «народ» грэшны, правобразам якога з’яўляецца Ісаў, і падкрэсліваючы, што ні ў якім выпадку гэта не тычыцца ніякай расавай ці нацыянальнай супольнасці, бо Ісаў і Іакаў — браты па крыві, што справа толькі ў разыходжаннях духоўных, Дз. У. Шчадравіцкі вельмі слушна заўважае наконт Ісава: «Грамадства такога тыпу арганізаванае звычайна па ўзору разбойніцкай шайкі. Ісаў — “чалавек поля”; разбойнікі звычайна жывуць у палях, лясах, стэпах —
    удалечыні ад мірных пасяленняў. I, нарэшце, грэшнікі — “людзі поля” — гэта тыя, хто ненавідзіць духоўную культуру; культура наогул сімвалічна звязаная з будаўніцтвам хаты, з унутраным ладам, з “жыццём у шатрах”. “Людзі поля” маюць цягу да дзікага, варварскага ладу жыцця; імкнучыся культуру знішчыць»1.
    Такім чынам, Тора недвухсэнсоўна ўказвае на тое, што духоўна менавіта Іакаў, але не Ісаў, гатовы стаць пераемнікам Запавету з Усявышнім. Гэта яскравей за ўсіх разумела яго маці, Рыўка: яна не толькі адчувала гэта інтуітыўна, але і атрымала непасрэднае прароцтва ад Бога аб першынстве малодшага сына. Глыбокае разыходжанне паміж братамі выяўляецца ў гранічна лаканічным і бязмежна глыбокім (тыпова біблейнае спалучэнне) эпізодзе з так званай чачавічнай поліўкай (справа ў тым, што ў тэксце не зусім зразумела, пра якую страву ідзе гаворка, хоць далей і ўзгадваецца чачавіца; літаральна ж пра страву, якую згатаваў Іакаў, сказана: га-эдом га-эдом — «гэта чырвонае, чырвонае», і мы зноў сутыкаемся з сімвалічным колерам, які «суправаджае» Ісава); «I зварыў Йаакоў страву; а Эсаў прыйшоў з поля стомлены. // 1 сказаў Эсаў Йаакову: дай мне паесці чырвонага, чырвонага гэтага, бо я стаміўся. Таму дадзеная яму мянушка: Эдом. // I Йаакоў сказаў: прадай мне зараз жа сваё першародства. // Эсаў сказаў: вось, я паміраю, навошта мне гэтае першародства? // I Йаакоў сказаў: пакляніся мне цяпер жа. // I ён пакляўся яму, і прадаў першародства сваё Йаакову. // I даў Йаакоў Эсаву хлеба і поліўкі з чачавіцы, і ён еў і піў, і ўстаў, і пайшоў; і занядбаў Эсаў першародства» (Быц 25:29—34). Выраз «дай мне паесці» («дай мне пасёрбаць») літаральна перакладаецца як «залі мне ў глотку» і падкрэслівае жывёльную прагнасць і нястрыманасць Эсава. Класічны каментар прыбаўляе, што ў гэты дзень ён праліў шмат крыві, і таму нават чачавічная поліўка падалася яму чырвонай. Эпізод дэманструе пагардлівае стаўленне Эсава да першародства і Абяцання, як і да Запавету з Адзіным Богам: па-сутнасці, ён можа жыць і без гэтых паняццяў, задавальняючыся простымі надзённымі дабро-
    1 ІЦедровнцкпй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 218.
    тамі, здзяйсненнем няхітрых жаданняў («Што мне ў гэтым першародстве?»). Пры гэтым Іакаў, безумоўна, пажартаваў, прапануючы брату прадаць першародства; ён хацеў яго выпрабаваць і, магчыма, нават не думаў, што той так лёгка зможа вырачыся ад першародства. Словы Эсава «вось, я паміраю» могуць быць перакладзеныя і як «я ж іду да смерці», г. зн. «набліжаюся да смерці і абавязкова памру», і яны вельмі добра выяўляюць яго сістэму каштоўнасцяў: усё духоўнае для яго — залішне эфемернае, яно нічога не значыць; іншая справа — матэрыяльныя каштоўнасці. Да таго ж, як нагадвае класічны каментар, у гэтых словах выказанае нявер’е людзей такога тыпу, як Эсаў, у магчымасць жыцця за смерцю, у несмяротнасць душы; для іх жыццё абмяжоўваецца толькі зямным, таму толькі матэрыяльнае мае каштоўнасць, таму і чачавічная поліўка даражэй за першародства. Мідраш падкрэслівае, што Эсаў прадаў першародства не толькі таму, што згаладаўся, але менавіта таму, што зусім не цаніў яго: калі ён крыху падсілкаваўся, у душы яго не абудзіліся ні раскаянне, ні шкадаванне («,..і занядбаў Эсаў першародства», або «пагрэбаваў Эсаў першародствам»). 3 гэтым славутым эпізодам звязаная прымаўка: «Прадаць першародства за чачавічную поліўку», г. зн. аддаць высокае прызначэнне, сэнс жыцця, да якога трэба ісці доўга і ўпарта, за надзённыя даброты, за тое, што лёгка праядаецца і прапіваецца, не пакідаючы і следу. Нездарма апостал Павел у Пасланні да Яўрэяў будзе перасцерагаць усіх вернікаў: «...Каб не было паміж вамі якога блудніка ці грэшніка, які б, як Ісаў, за адну ежу адмовіўся ад свайго першародства» (Яўр 12:16). Зразумела, што Ісаў — грэшнік і бязбожнік. Тым не менш яўрэйская традыцыя строга спаганяе і з Іакава за тое, што ён так недарэчы пажартаваў з братам, хаця гэты жарт і выявіў ісціну. Духоўная вышыня біблейнага тэксту ў тым і заключаецца, што далейшыя нягоды Іакава шмат у чым будуць тлумачыцца як адплата за гэты жарт, але яшчэ больш — за той спосаб, якім ён атрымаў благаславенне бацькі.
    Складанасць праблемы, пастаўленай у Торы і па сутнасці сваёй вечнай і невырашальнай, заключаецца ў пытанні: чым трэба кіравацца — літарай закону ці яго духам? Паводле літары закону, пераемнікам Абяцання Божага па-
    вінны стаць Эсаў, які фармальна нарадзіўся першы. Паводле духу закону, ім павінны стаць Йаакоў, які падрыхтаваны да гэтага духоўна. Небяспека ж тоіцца ў пагардзе як да літары закону, так і да яго духу, асабліва ў юрыспрудэнцыі: прытрымліванне толькі літары ператварае ўсё ў фармалізм, прымушае ігнараваць сутнасць, а пагарджэнне літарай і залішне адвольнае тлумачэнне духу (а яно такое паводле вызначэння) можа прывесці да страшэнных нявольных і наўмысных скажэнняў закону. Верагодна, Тора раіць углядацца пільна ў кожны індывідуальны выпадак, а талмудычны трактат Пірке Авот («Павучэнні Айцоў») мудра раіць суддзям: «Судзіце абдумана»; таксама і рабі Гілель, славуты мудрэц і старэйшы сучаснік Ісуса з Назарэта, нагадвае: «Не судзі бліжняга, не трапіўшы ў сітуацыю яго». Канкрэтная сітуацыя Эсава і Йаакова гаворыць пра безумоўнае духоўнае першынство апошняга. Аднак Ісаак, які ўжо страчвае жыццёвыя сілы і слепне, вырашае кіравацца літараю закону і благаславіць як пераемніка Запавету старэйшага сына — Эсава (пры гэтым матыў слепаты набывае асаблівую таямнічасць і сімвалічнасць; Томас Ман у рамане «Былое Іакава» з тэтралогіі «Іосіф і яго браты» тлумачыць слепату Ісаака ў рэчышчы псіхааналізу: ён аслеп, таму што вельмі хацеў аслепнуць, бо не хацеў бачыць, якога сына ён будзе благаслаўляць, адчуваючы, што Ісаў няварты благаславення). А можа, такім чынам бацька хацеў выпрабаваць і аднаго сына, і другога? Можа, думаў, што Эсаў зменіцца, калі адчуе адказнасць за Запавет з Богам і Абяцанне, за працяг выбранага роду? А можа, хацеў паглядзець, што будзе рабіць у такой няпростай сітуацыі Іакаў? Але Мідраш нават дапускае думку, што з-за няможнасці і слепаты Ісаак не бачыў тое, што яскрава бачылі Рыўка і Іакаў: Эсаў усё больш і больш зацягваецца ў балота ідалапаклонства.