• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Адначасова нараджэнне Ісаака насуперак усім фізічным законам сімвалізуе духоўнае нараджэнне, з’яўляецца правобразам і прататыпам нараджэння «чалавека ўнутранага», «чалавека духоўнага», «чалавека веры» ў душы кожнага з нас — фізічных і духоўных ці толькі духоўных нашчадкаў Аўраама і Ісаака. Нездарма ў Пасланні да Рым-
    1 ІЦедровпцкнй Д. В. Введеняе в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 174.
    лянаў апостал Павел гаворыць пра тое, што надзвычайная вера Аўраама стала глыбіннай духоўнай прычынай нараджэння Ісаака: «Ён, звыш надзеі, паверыў з надзеяй, праз што зрабіўся бацькам многіх народаў... // I, не знямогшы ў веры, ён не думаў, што цела яго, амаль стогадовае, ужо амярцвела і што ўлонне Сарына ў амярцвенні; // He пахіснуўся ў Абяцанні Божым нявер’ем, але заставаўся цвёрды ў веры...» (Рым 4:18, 19—20). I ў Пасланні да Яўрэяў апостал паўтарае думку пра палымяную веру і высокі духоўны сэнс нараджэння Ісаака: «Вераю і сама Сара (быўшы няплоднаю) атрымала моц да ўспрыняцця семені і не па часе ўзросту нарадзіла, бо ведала, што верны Той, Хто абяцаў. // I таму ад аднаго, і прытым амярцвелага, нарадзілася так шмат, як шмат зорак на небе, як незлічоны пясок на беразе марскім» (Яўр 11:11—12). Калі прыгадаць, што Аўраам — сімвал духоўнага розуму, Сара — душы, якая валодае найвышэйшымі ведамі, то Ісаак, іх сын, сапраўды сімвалізуе ўласна духоўнага, «унутранага» чалавека — «таго, хто ўзрадуецца».
    Такім чынам, другі з праайцоў яўрэйскага народа з’яўляецца на свет, так бы мовіць, як вынік «сумеснага» смеху (цхок) Аўраама, Сары і Самога Бога, сумеснай радасці і веры яго бацькоў, і ў яго імені гучыць надзея на асаблівае апякунства Бога. Паводле класічнага іудзейскага каментара, у лічбавых значэннях літараў, якія складаюць імя Йіцхак, змешчаныя намёкі на падзеі мінулага і будучыні: ііод (10) — народу, які пойдзе ад Ісаака, будуць дадзеныя Дзесяць Запаведзяў; цадзі (90) — Сара цудоўным чынам нарадзіла яго ў дзевяноста гадоў; хет (8) — Ісаак быў першым, каго абрэзалі ў адпаведнасці з Законам, на восьмы дзень пасля нараджэння; коф (100) — Аўрааму было сто гадоў, калі Усявышні падараваў яму сына. Да таго ж, паводле яўрэйскай традыцыі, гэтае імя ўспрымаецца як абрэвіятура, што складаецца з першых літараў наступных словаў: йашар — «прамы», «праведнік» («той, хто ходзіць прамым шляхам») — указанне на першую ступень праведнасці; цадзік — «справядлівы», «праведны», «той, хто спраўджвае [надзею Бога]», «той, хто прыводзіць іншых да праведнасці» — другая ступень праведнасці; хасід — «міласэрны», «той, хто любіцьЗ — трэцяя, най-
    вышэйшая ступень праведнасці, звязаная з любоўю і міласэрнасцю; кадош — «святы», дакладней — «аддзелены [для найвышэйшага]», г. зн. той, хто выведзены з-пад дзеяння фізічных законаў і кіруецца законамі духоўнымі, той, хто адчувае сваю непарыўную сувязь з Боскім светам.
    Мідраш паведамляе, што ў той дзень, калі нарадзіўся Ісаак, на свет сышло мноства цудоўных благаславенняў: няплодныя жанчыны зацяжарылі, да сляпых вярнуўся зрок, блазнаватыя набылі мудрасць. «I абрэзаў Аўраам Йіцхака, сына свайго, на восьмы дзень, як запаведаў яму Бог» (Быц 21:4). Гэта таксама мае глыбокі сімвалічны падтэкст: сем дзён да абразання сімвалізуюць Сем Дзён стварэння і прыналежнасць чалавека да гэтага створанага, бачнага, свету; дзень жа восьмы сімвалізуе пераход у свет нябачны, духоўны. Як ужо адзначалася раней, у старажытных тэкстах Торы абразанне ўспрымаецца як вялікі духоўны акт, які ўсталёўвае духоўную сувязь чалавека з Богам, асабістую прыналежнасць кожнага, хто выконвае гэтую запаведзь у адпаведнасці з Законам Майсеевым, да Запавету з Богам; зняцце крайняй плоці сімвалізуе ачышчэнне ад матэрыяльнага і духоўнае ўзыходжанне чалавека. Вось чаму і ў Новым Запавеце гаворыцца: «У Ім [Хрысце] вы і абрэзаныя абразаннем нерукатворным, зняццем грахоўнага цела плоці, абразаннем Хрыстовым» (Кал 2:11). «I вырасла дзіця, і было аднятае ад грудзей; і Аўраам зрабіў вялікую бяседу ў дзень адняцця Йіцхака ад грудзей» (Быц 21:8). Нагадаем, што на гэтай бяседзе Сара пацвердзіла сапраўднасць свайго мацярынства для ўсіх, хто сумняваўся: накарміла сваім малаком усіх немаўлят, з якімі маці прыйшлі на бяседу. Калі ж пасля гэтага нехта дазволіў сабе засумнявацца ў бацькоўстве Аўраама, Усявышні надаў Ісааку незвычайнае падабенства з бацькам, так што іх немагчыма было адрозніць, і тады ўсе, хто сумняваўся, паверылі, што Ісаак — сапраўдны сын Аўраама (Та.імуд, Сангедрын 1076).
    Галоўным выпрабаваннем у жыцці Ісаака стала ўсё тое ж ахвярапрынашэнне Аўраама, у якім яму, Ісааку, адведзеная была страшэнная і высокая роля — роля ахвяры. Тэма ахвяры і ахвяравання — адна з найважнейшых у Бібліі. Паводле постбіблейнага іудзейскага каментара, пе-
    радусім містычнага, Сам Бог пачынае стварэнне з пэўнай ахвяры — «самаабмежавання», «сціскання» (цымцум), каб даць месца Свайму ўлюбёнаму стварэнню — нашаму свету. Ахвяраванне, па сутнасці, — адзін з найважнейшых законаў быцця. Пра гэта вельмі слушна піша Дз. У. Шчадравіцкі: «...само жыццё доўжыцца дзякуючы ахвяры, яе нібыта працягвае прыносіць сама светабудова. Жыццё заснаванае на ахвяры і па-за ахвярай яно не існуе. Дастаткова ўспомніць, што маці ахвяруе сваімі фізічнымі сіламі дзеля дзіцяці, аддае іх яму, калі носіць яго ў чэраве, — падобна да таго, як свечка, плавячыся, аддае свой воск для гарэння кнота. I неарганічны свет быццам бы ахвяруе сабою дзеля свету расліннага — аддае раслінам сваю сілу, каб яны маглі існаваць; і раслінны свет ахвяруе сабою дзеля свету жывёльнага, дастаючыся яму ў ежу; і свойская жывёла ахвяруе сабою дзеля чалавека»1. Так, але, здаецца, толькі чалавек — вобраз і падабенства Божае — надзелены здольнасцю ахвяраваць сабою цалкам свядома. Дзеянні Бога, як вучыць найстарэйшая монатэістычная традыцыя, — заўсёды ўзор для ўчынкаў чалавека. Вось чаму і чалавек мусіць быць гатовы для ахвяравання — ахвяравання ўсіх сваіх духоўных сілаў на служэнне бліжняму і Богу. Калі трэба, чалавек павінны прынесці і сваё жыццё на алтар служэння духоўнасці, але гэты выбар — заўсёды за чалавекам. Біблія пратэстуе супраць язычніцкага звычая чалавечага ахвяравання (у гэтым, як ужо адзначалася, адзін з найважнейшых сэнсаў эпізоду ахвярапрынашэння Аўраама). Але ў Бібліі гаворыцца пра ахвярапрынашэнні жывёлаў і раслінаў (пладоў, злакаў) — ахвяраў усеспалення і ахвяраў за грэх. Ужо ў самых старажытных тэкстах Торы яны разумеюцца як сімвалы духоўнага ахвяравання, як сімвалы аднаўлення духоўнай сувязі з Богам. «Жывёльны пачатак жыцця, жывёльная энергія павінны пастаянна прыносіцца ў ахвяру дзеля духоўнага гарэння, дзеля жыцця духу, павінны сілкаваць гэтае жыццё, каб яно магло праяўляцца на зямным узроўні»2. Такім сімвалам духоўнай ахвяры і адначасова гатоў-
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 192—193.
    2 Тамсама. С. 193.
    насці да ахвяравання сваім жыццём у імя Найвышэйшага і становіцца Ісаак, які, безумоўна, не толькі перажывае самае жорсткае выпрабаванне, але і нанова нараджаецца духоўна, як сапраўдны чалавек духоўны.
    Тое, што адбылося на слыннай гары Морыя, у тым яе месцы, дзе пазней узнікла — і менавіта дзякуючы самаахвярнасці Ісаака — найсвяцейшае для іудзейскай свядомасці месца — Святая Святых Іерусалімскага Храма, шмат у чым ахутанае таямніцай. Геніяльна прыменены прыём рэтыцэнцыі («змоўчвання») не дае дакладна ведаць, як удалося Аўрааму звязаць свайго сына і ўскласці на ахвярнік (паводле старажытных правілаў, ахвярную жывёліну, самую чыстую і дасканалую, патрэбна было звязаць і забіць так, каб яна не мучылася, каб сцякла кроў, а потым спаліць яе; калі правілы будуць парушаныя, ахвяра будзе недасканалай). Тэкст 22-га раздзела Кнігі Быцця дае толькі зразумець, што Ісаак нешта западозрыў, калі яны з бацькам ішлі на вяршыню гары: «...дзе ж ягня для ўсеспалення?» (Быц 22:7). I ў адказ — горкія і адначасова споўненыя высокай гордасці і веры словы бацькі: «Бог угледзіць Сабе ягня для ўсеспалення, сын мой» (Быц 22:8). Аўраам добра ведае, што гэтым «ягнём» вызначаны быць яго ўлюбёны сын, найчысцейшы, найдасканалейшы... Многія паэты і мастакі будуць потым па-рознаму ўяўляць гэты момант: звязванне Аўраамам Ісаака. Так, Іосіф Бродскі ў паэме «Ісаак і Аўраам» апіша доўгае і жудаснае чаканне бацькі, пакуль сын не засне, а потым адцягванне страшнага абавязку амаль да світанку (у гэтай інтэрпрэтацыі Аўраам звязвае Ісаака ў стане сну і так ускладае на ахвярнік). Але ж рэлігійная экзэгеза, як іудзейская, так і хрысціянская, сцвярджае, што Аўраам адкрыў свайму сыну жорсткую праўду, і той добраахвотна ўзышоў на ахвярнік, бязмежна давяраючы як свайму зямному бацьку, так і Айцу Нябеснаму, пераадолеўшы страх смерці. Паводле традыцыі хрысціянскай, Ісаак палымяна верыў, як і Аўраам, ва ўваскрашэнне, якое ажыццявіць Бог. Іудзейская традыцыя, для якой таксама вельмі важная ідэя ўваскрэсення пасля смерні (адсюль яна і трапіла ў хрысціянства) менш акцэнтуе ўвагу на гэтым моманце, падкрэсліваючы, што Аўраам і Ісаак гатовыя былі да найвялікшай ахвяры,
    нават не спадзеючыся на цуд уваскрашэння — толькі верачы, што і па-за смерцю іх чакае жыццё вечнае. У Агадзе запісана: «Узяў Аўраам дровы для ўсеспалення і ўсклаў на Ісаака — падобна таму, як ускладаюць крыж на плечы чалавека, якога вядуць на раскрыжаванне, узяў у рукі агонь і нож, і пайшлі далей. Тут вялікі страх напаў на Ісаака. “Бацька, — сказаў ён, — я бачу агонь і дровы; дзе ж ягня для ўсеспалення?” “Цябе, сын мой, выбраў Гасподзь на ахвяру Сабе”, — адказаў Аўраам. I сказаў Ісаак: “Калі так хоча Бог, няхай споўніцца воля Яго. Аб адным толькі смуткуе мая душа: што станецца з маці маёй?”»1.
    Назва эпізоду ў іудзейскай традыцыі — Акедат Йіцхак (“Звязванне Ісаака”) — яшчэ раз падкрэслівае значнасць духоўнага подзвігу Ісаака: пакорлівасць і рахманасць, уласцівыя яго характару (нездарма ж з ім нібыта атаясамліваецца, зліваецца ахвярнае ягня, якое ў рэшце рэштаў і замяшчае яго на ахвярніку паводле загаду Бога), паварочваюцца дыяметральна іншым бокам — неверагодна цвёрдай воляй, здольнасцю ўтаймаваць самога сябе, свае жывёльныя інстынкты, свой страх перад смерцю. У наступнай яўрэйскай традыцыі Ісаак становіцца сімвалам абсалютна адданай і бескарыслівай любові да Бога, гатоўнасці добраахвотна ахвяраваць жыццём у Яго Імя, але перадусім — падпарадкаваць усю сваю волю служэнню Усявышняму. Сам жа Усявышні менавіта на Ісаака пралівае асаблівую міласэрнасць, замяняючы жорсткі і незразумелы прысуд выратаваннем, аднаўленнем жыцця. Нездарма, як ужо ўзгадвалася, эпізод Акедат Йіцхак у іудзейскай традыцыі чытаецца ў свята Рош-га-Шана, свята Новага года, менавіта ў знак адвечнага аднаўлення жыцця, Боскага Суда і Міласэрнасці, а ў містычнай кабалістычнай традыцыі Ісаак сімвалізуе сфіру Гвура (Сіла) — Боскі атрыбут Суда, які, злучыўшыся з атрыбутам Хэсэд (Міласць, Любоў), увасобленым у Аўрааме, дасягае гарманізацыі ў сыне Ісаака Іакаве, які сімвалізуе Рахамім (Міласэрнасць).