• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    адкрытая аднаму і зусім невядомая другому: «I пачаў Йіцхак гаварыць Аўрааму, бацьку свайму, і сказаў: бацька мой! I ён адказаў: вось я, сын мой! I ён сказаў: вось агонь і дровы, дзе ж ягня для ўсеспалення? // I сказаў Аўраам: Бог угледзіць Сабе ягня для ўсеспалення, сын мой. I ішлі далей абодва разам» (Быц 22:7—8). Гэты кароткі тэкст — усяго два біблейныя вершы — поўны высокага сэнсу, незвычайнай духоўнай моцы і псіхалагічнай глыбіні, якая яшчэ больш узмацняецца яго гранічнай лапідарнасцю, прэгнантнасцю. Вось што, аказваецца, усхвалявала Ісаака: сапраўды, нешта нелагічнае ў тым, што ўзыходзяць яны на голую вяршыню гары, дзе, як сказаў бацька, ёсць старажытны ахвярнік і дзе яны павінныя прынесці ахвяру, і пры гэтым нясуць з сабою і дровы, і агніва з трутам, каб здабыць агонь; але дзе ж самае галоўнае — ягня? дзе возьмуць яны яго на гэтай гары? Ісаак і не здагадваецца, што гэтым ягнём прызначаны быць ён сам, — дакладней, не ведае, але смутна трывожыцца. У словах жа Аўраама — і велізарны боль, і велізарная вера: калі патрабуе Бог гэтай ахвяры, значыць, яна патрэбная; але больш за ўсё хоча Аўраам верыць, што яна не спатрэбіцца, бо як жа тады выканае Бог сваё вялікае Абяцанне, якое даў, заключаючы з ім Запавет? У словах Аўраама — найглыбейшая вера, давер Богу, нягледзячы на ўсю магчымую збянтэжанасць яго розуму.
    Бацька з сынам ідуць на вяршыню гары вельмі доўга, тры дні. Агада паведамляе: «Тры дні працягваўся шлях, каб людзі не сталі гаварыць пра Аўраама: яму не далі апамятацца; звар’яцеў чалавек і закалоў сына»1. Так, Бог дае дастатковы тэрмін, каб апамятацца і паразважаць над тым, што адбываецца. Але ўсё роўна тое, што адбываецца, не можа змясціць у сабе чалавечая свядомасць. Выйсце можа знайсці толькі вера. I вось у самы фатальны, самы напружаны момант, калі нож Аўраама ўжо занесены над звязаным і пакладзеным на ахвярнік Ісаакам, анёл Гасподні, праз якога гаворыць Сам Гасподзь, спыняе руку Аўраама: «I працягнуў Аўраам руку сваю, і ўзяў нож, каб зарэзаць сына свайго. // Але паклікаў яго анёл Гасподні з неба і
    1 Агада... С. 34.
    сказаў: Аўраам! Аўраам! I ён сказаў: вось я. // I той сказаў: не ўздымай руку сваю на юнака і не рабі яму нічога, бо цяпер Я даведаўся, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына свайго, адзінага свайго дзеля Мяне» (Быц 22:10—12). Здаецца, ужо назаўсёды найлепшай ілюстрацыяй для гэтага славутага эпізоду біблейнага тэксту застанецца адно з найвыдатнейшых палотнаў галандскага мастака XVII ст. Рэмбрандта Хармэнса ван Рэйна «Ахвярапрынашэнне Аўраама». Вялікі мастак выбраў для выявы самы пераломны момант, калі нож ужо выпаў з рукі Аўраама, але яшчэ не дасягнуў зямлі. Непаўторнае залацістае рэмбрандтаўскае святло ахінае фігуры анёла і звязанага Ісаака, і яно ж, здаецца, зыходзіць знутры твару Аўраама, у якім майстар выявіў амаль непадлеглае выяўленню, найтанчэйшую гаму пачуццяў: і затоены страх, які растае на нашых вачах на дне вачэй Аўраама, і здзіўленне цуду, і неверагодная радасць, што ўсё страшэннае скончылася, і велізарная ўдзячнасць Богу... Збылося пажаданне патрыярха, каб Бог угледзеў Сабе ягня: «I ўзняў Аўраам вочы свае, і ўбачыў: вось, баран ззаду, што заблытаўся рагамі ў гушчары» (Быц 22:13). Гэтага барана яны з Ісаакам і прыносяць урачыста ў ахвяру Богу, дзякуючы Яго за вялікае Збавенне. Гасподзь жа ізноў паўтарыў вялікае благаславенне для Аўраама і яго нашчадкаў, якія пераадолеюць усе навалы і нават «авалодаюць... варотамі ворагаў сваіх», і ў нашчадках Аўраама «благаславяцца... усе народы зямлі...» {Быц 22:17, 18).
    Гэты слынны эпізод мае шмат аспектаў. Адзін з найважнейшых з іх — аднойчы і назаўсёды ўсталяванае адмаўленне ад чалавечых ахвярапрынашэнняў, якія практыкаваліся ў язычніцкім свеце, прызнанне непажаданасці, нялюбасці такой ахвяры Адзінаму Богу. Ва ўсіх язычніцкіх культурах існавалі чалавечыя ахвяры, і памяць пра гэта захоўваюць шмат якія міфалогіі, у тым ліку і грэчаская. Паводле сведчанняў рымскіх гісторыкаў, германцы рабілі гэта яшчэ ў першыя стагоддзі Новай эры, а скандынавы (паўночныя германцы) — нават тады, калі на іх тэрыторыі прыйшло хрысціянства (хрысціянскія святары даволі доўга змагаліся з гэтым агідным язычніцкім звычаем). Але ў асаблівых формах чалавечыя ахвярапрынашэнні існавалі ў Ханаане. Вядома, напрыклад, што ў ахвя-
    ру ханаанейска-фінікійскаму Баалу (Ваалу), дакладней — баалам (літаральна — «валадарам»), бо культы гэтага язычніцкага бога былі адметныя ў розных рэгіёнах, прыносіліся менавіта дзеці-першынцы, і людзі рабілі гэта добраахвотна, у стане рэлігійнага экстазу ў самы ўрачысты ці ў самы цяжкі момант свайго жыцця ці жыцця дзяржавы (даволі дакладна ахвяраванне дзяцей у гонар карфагенскага Баал-Хамона ў спецыяльных рытуальных печах апісаў французскі пісьменнік Гюстаў Флабэр у сваім рамане «Саламбо»), Вядома таксама, што немаўлят замуроўвалі нават у фундаментах храмаў, тым самым, паводле язычніцкай логікі, асвячаючы іх. Тады і ў эпізодзе з ахвярапрынашэннем Аўраама становіцца зразумела, што сюжэт спачатку рухаецца нібыта ўжо знаёмым шляхам: у ахвяру патрэбна прынесці менавіта сына-першынца. Але ў самы кульмінацыйны момант Бог дае зразумець, што гэтая ахвяра непатрэбная, больш таго — агідная для Яго (нездарма ж далей прарокі будуць называць чалавечыя ахвярапрынашэнні «Баалавым паскудствам» і ўсімі сіламі змагацца з ім). Замест Ісаака ў ахвяру прыносіцца баран, з рогу якога, паводле падання, быў зроблены найстаражытнейшы яўрэйскі музычны інструмент, што даволі часта ўзгадваецца ў Бібліі, — шафар (шофарУ, у яго трубяць у дні найвялікшых святаў і ў дні найвялікшых бедаў, каб Гасподзь пачуў.
    Такім чынам, адзін з сэнсаў эпізоду «Ахвярапрынашэнне Аўраама» — дыстанцаванне ад свету язычніцтва. Але не менш важна і тое, што ўся сітуацыя — выпрабаванне веры чалавека, і такое цяжкае выпрабаванне зазнаў з усіх выбраннікаў Божых толькі Аўраам. Гэта яшчэ раз сведчыць пра яго непахісную веру і нязломны дух. Невыпадкова 22-гі раздзел пачынаецца наступнымі словамі: «1 было, пасля гэтых здарэнняў Бог спакушаў Аўраама...» (Быц 22:1). Тым самым сітуацыя прыпадабняецца сітуацыі ў Эдэме, але на гэты раз чалавек з гонарам вытрымаў выпрабаванне. Нездарма ж і адказ Аўраама на заклік Бога — «Вось я!» — гучыць як дыяметральная процілегласць адказу Адама, які схаваўся ад позірку Усявышняга, тым больш — адказу Каіна, які не хоча несці аніякай адказнасці перад Богам. Гэтае «Вось я!», якое паўтараецца ў аповедзе пра Аўраама некалькі разоў, як нельга лепш выяўляе такія
    якасці першага выбранніка Божага, як бадзёрасць і сабранасць духу, нават у найцяжэйшай сітуацыі, гатоўнасць ісці шляхам Божым і несці адказнасць не толькі за свае ўчынкі, але і за тое, што адбываецца навокал. «Вось я!» — у гэтых словах увесь Аўраам, наскрозь адкрыты для Бога.
    У іудзейскай традыцыі эпізод з ахвярапрынашэннем Аўраама мае назву Акедат Йіцхак (літаральна «звязванне Ісаака»), ці проста Акеда («звязванне»), і інтэрпрэтуецца перадусім як найвышэйшы прыклад адданасці Богу, гатоўнасці да самых цяжкіх ахвяраў у імя вернасці волі Божай. Гара Морыя атаясамліваецца з Храмавай гарой у Іерусаліме, якая не выпадкова была абраная Давідам для будаўніцтва Храма, узведзенага потым яго сынам Шэламо (Саламонам). Мішна, найстаражытнейшая частка Талмуда, сведчыць, што ўжо да часу яе фіксацыі на пісьме (на рубяжы II—III стст.) тэма Акеда была прадстаўленая ў малітве, якая чыталася ў дні пастоў (Тааніт 2:4). Талмуд (Мегіла ЗІа) прадпісвае чытаць аповед пра Акедат Йіцхак па світку Торы ў другі дзень свята Рош-га-Шана (літаральна «галава года», «пачатак года») — яўрэйскага Новага года — у адвечны напамін пра аднаўленне жыцця на пачатку года, пра новае сімвалічнае нараджэнне як Аўраама, так і яго сына, пра Суд Божы і найвялікшую міласэрнасць Бога. Менавіта свята Рош-га-Шана, адно з пяці найважнейшых святаў іудаізму, якое, паводле Торы, усталяваў Сам Бог, пачынаецца з трублення ў шафар, што назаўжды звязаўся з рогам таго барана, які быў прынесены ў ахвяру замест Ісаака. Споўненая высокага трагізму прыпавесць у Талмудзе і Мідрашы распавядае, як усталяваў Гасподзь гэты звычай і што адбывалася ў душы Аўраама ў самы цяжкі момант выпрабавання:
    «Ляжаў Ісаак на ахвярніку, утаропіўшы погляд у глыбіню нябёсаў. I не было сілаў у Аўраама адвесці вочы ад сына; і плакалі гэтыя старыя вочы слязьмі бязмежнага гора і адчаю. Вось узяў ён у руку нож... He здрыганецца яго рука, пакуль чвэрць крыві не выйдзе з цела сына. Але сатана1 адштурхнуў руку Аўраама, і нож, падаючы, са зво-
    1 Паводле агадычнай традыцыі. сатана (правільней — сатан) увесь час перашкаджае Аўрааму выканаць свой абавязак, імкнецца даказаць, што выбраннік Божы няварты выбрання, а таксама напалохаць Ісаака і Сару, выклікаць у іх душах бунт супраць Бога.
    нам ударыўся аб камяні ахвярніка. Нагнуўся Аўраам за нажом, але ў гэтае імгненне ашаламляльны крык вырваўся з грудзей яго, вочы, поўныя невыказнай тугі, узняліся да нябёсаў, і голас яго загучаў: “Уздымаю ўгору вочы мае — // Адкуль прыйдзе дапамога мая?” У гэтае імгненне нябёсы расступіліся над Ісаакам, і ўбачыў ён: у асляпляльным бляску коціцца Калясніца Нябесная1; шчыльнымі шэрагамі сонмы анёлаў самкнуліся, і гучаць іх галасы: “Глядзіце, адзіны адзінага на закланне прывёў!”
    У гэтае імгненне пачуўся нябесны голас: “He ўздымай рукі тваёй на юнака”.
    — Хто ты, хто гаворыць да мяне? — спытаўся Аўраам.
    — Я — анёл Гасподні, — быў адказ.
    — He, — сказаў Аўраам, — я не магу паслухацца словаў тваіх. Гасподзь Сам загадаў мне прынесці ў ахвяру сына майго, і ад Яго я хачу пачуць пра адмену Яго загаду.
    Разарваліся аблокі, расчыніўся блакіт.
    — Клянуся! — пачуўся голас Госпада.
    — Ты пакляўся, Госпадзі, — ізноў загаварыў Аўраам, — але і я пакляўся, што не сыйду з гэтага ахвярніка раней, чым выскажу ўсё, чаго хачу я.
    — Гавары, — сказаў Гасподзь.
    I гаварыў Аўраам:
    — Ці не абяцаў Ты, Госпадзі, кажучы: “Злічы зоркі, — такія ж незлічоныя будуць нашчадкі твае”?
    — Так, абяцаў, — адказаў Гасподзь.
    — Ад каго ж пойдуць нашчадкі мае?
    — Ад Ісаака.
    — Ці не гаварыў Ты далей: “I зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямны”?
    — Так, Я гаварыў гэта.
    — Ад каго?