• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    1 У рускім Сінадальным перакладзе курсівам вылучаныя словы, якіх няма ў арыгінале, але якія, на думку перакладчыкаў, неабходныя для разумення тэксту.
    2 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхмй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятакннжне Моясеево. С. 138—139.
    3 Тамсама. С. 140.
    У гэты дзень страшнага і светлага прадбачання «заключыў Гасподзь з Аўрамам Саюз, сказаўшы: нашчадкам тваім дам Я зямлю гэту, ад ракі Егіпецкай да ракі вялікай, ракі Пэрат» (Быц 15:18\ Пэрат, або Прат, — так гучыць у арыгінале назва ракі Еўфрат; апошняя прыйшла ў нашу мову праз грэчаскае пасрэдніцтва). Такім чынам, важна адзначыць, што ідэя пастаяннага аднаўлення СаюзуЗапавету паміж Богам і чалавекам, Богам і выбраным родам (народам), Богам і чалавецтвам праходзіць скрозь увесь тэкст Торы і Танаха ў цэлым, а потым арганічна перацякае ў тэксты Новага Запавету, надаючы адзінства і цэласнасць усёй Бібліі — як у яўрэйскім, так і ў хрысціянскім яе разуменні.
    Наступная гісторыя Аўраама звязаная з напружаным і палкім чаканнем спадчынніка — пераемніка Запавету і Абяцання Божага. I хаця Бог абяцаў Свайму выбранніку незлічоную колькасць нашчадкаў, пакуль што ў яго няма ніводнага. Жонка патрыярха Сара (усё яшчэ Сарай) пакутуе з-за немагчымасці нарадзіць мужу сына. Яна не менш за Аўраама верыць у яго высокае прызначэнне, яна не менш давярае Адзінаму Богу. Але як жа спраўдзіцца высокае Абяцанне? Можа, сам чалавек мусіць штонебудзь рабіць для яго здзяйснення? Мы ўбачым, як гэтая думка, якая, відаць, неадступна жыве і ўсё мацнее ў свядомасці Сары, становіцца далей адной са стрыжнёвых у біблейным тэксце. У цяжкім і напружаным роздуме пра тое, як найлепш паслужыць здзяйсненню задумы Божай, першая з прамаці (імагоггі) яўрэйскага народа, Сара, нават гатовая ахвяраваць сваёй годнасцю жонкі і маці: можа, і не яна павінна нарадзіць Аўрааму доўгачаканага сына? Амаль страціўшы надзею самой нарадзіць, бо прайшла ўжо пара, калі яна магла на гэтае спадзявацца, Сара прыводзіць да ложка мужа сваю служанку — егіпцянку Агар (дакладней — Гагар\ гэтае імя ў перакладзе з іўрыту значыць «тая, што ўцякла», «уцякачка»; той жа корань — «уцякаць», «бегчы» — у арабскім эквіваленце гэтага імя — Хаджар, або Гаджар, а таксама ў словах Хіджра, або Гіджра, Хадж, або Гадж, абрад якога ў ісламе часткова звязаны з біблейнай гісторыяй Агар), каб дзіця, народжанае ёю, стала іх з Аўраамам законным спадчыннікам (на-
    гадаем, што існаванне такога звычаю ў сівой старажытнасці пацвердзілі месапатамскія шлюбныя кантракты канца 3 — пачатку 2-га тыс. да н. э., знойдзеныя ў сярэдзіне XX ст. падчас раскопак у Нузі, на былой тэрыторыі дзяржавы Мары).
    Складаная, драматычная гісторыя з Сарай і Arap KamTye Аўрааму шмат душэўных пакутаў, але ён ва ўсім спадзяваецца на волю Бога і — ізноў жа паводле волі Божай — на інтуіцыю сваёй жонкі, надзеленай, як і ён, прароцкім дарам. Тора падкрэслівае, што Аўраама і Сару звязвае вялікае каханне, немагчымае без непаразуменняў і пакутаў. Яны як сапраўдныя муж і жонка складаюць адно духоўнае цэлае, яны абодва — вартыя выбранасці Божай, яны абодва — вялікія праведнікі, і за гэта Бог дае ім і адзінства плоці — дае дзіця, якое працягне іх род і іх вялікую справу. Праз увесь эпас пра патрыярхаў яўрэйскага народа праходзіць думка, што толькі самы доўгачаканы сын, народжаны толькі самай каханай жанчынай, толькі «дзіця кахання» можа стаць пераемнікам Запавету і Абяцання Божага. У эпізодах з Сарай і Агар Тора дае нам зразумець, што менавіта жанчына, нават калі знешне яна дзейнічае незразумела, кіруючыся, як кажуць у такіх выпадках, «жаночай логікай», у найбольшай ступені адчувае волю Божую, а Бог здзяйсняе яе волю, яе жаданне («чаго хоча жанчына, таго хоча Бог»), Аўраам — увасабленне мужчынскага «рацыянальнага» розуму, здольнасці прадбачыць шляхі, будаваць гісторыю і адказваць за яе; Сара — увасабленне тонкай жаночай пачуццёвасці, «інтуітыўнага» розуму, не менш важнага для спасціжэння ісціны. Сара — самае каштоўнае, што ёсць у Аўраама, і самае каштоўнае яна дасць яму — сына.
    А пакуль што Аўраам і Сара чакаюць сына ад Агар. Тэкст паведамляе, што Агар вельмі ўзганарылася, калі даведалася, што ёй адведзеная такая вялікая місія, і стала зневажаць Сару: «Калі ж убачыла яна, што зацяжарыла, гаспадыня яе страціла павагу ў вачах яе» (Быц 16:4). Гэта вельмі пакрыўдзіла Сару, якая ў глыбіні душы (якая складаная чалавечая псіхіка!) раўнавала да мужа прыгожую служанку і пакутавала, усведамляючы сваю «нягоднасць», няздольнасць нарадзіць дзіця, свой сорам (для старажыт-
    най свядомасці гэта сапраўды было «сорамам», адхіленнем ад нормы, праявай няміласці Божай, і пра тое сведчаць гісторыі ўсіх трох прамаці ў Торы). Нарэшце Сара сказала мужу: «...крыўда мая з-за цябе: я аддала рабыню маю ва ўлонне тваё, а як убачыла яна, што зацяжарыла, дык я страціла павагу ў вачах яе; няхай судзіць Гасподзь паміж мною і табою» (Быц 16:5). Як можна зразумець, гэтыя словы вельмі збянтэжылі Аўраама, бо ён ніяк не хацеў прынесці боль Сары; да таго ж яна сама прыдумала ўсю гэтую гісторыю з Агар і яе дзіцем. I таму ён сказаў: «...вось, рабыня твая ў тваёй руцэ: рабі з ёю, што патрэбна ў вачах тваіх» (Быц 16:6). I пасля гэтага стасункі гаспадыні і служанкі сапсаваліся, бо Сара стала ўпікаць і прыгнятаць ганарлівую Агар, так што апошняя не вытрымала і вырашыла збегчы з дому Аўраама і Сары (так «працуе» этымалогія імя Агар, звязаная з уцёкамі). Куды ж пабегла яна? Вядома, у родны Егіпет, бо Тора паведамляе, што «знайшоў яе Анёл Гасподні ля крыніцы вады ў пустыні, ля крыніцы па дарозе на Шур» (Быц 16:7). Тора, як заўсёды, вельмі дакладная ў сваёй геаграфіі: за паваротам на Шур (Сур) ішоў прамы шлях на Егіпет. I толькі тады стане зразумелым пытанне Анёла Гасподняга (чытай — Самога Госпада): «Агар, рабыня Сарай, адкуль ты прыйшла і куды ідзеш?» (Быц 16:8). Пытанне гэтае — таго ж кшталту, што і пытанне да Адама («Дзе ты, Адам?»), што і пытанне да Каіна («Дзе Авель, брат твой?»). Гэтае пытанне не для Бога — для чалавека, каб угледзеўся ён своечасова ў сваю душу. «Адкуль ідзеш?» — ці разумееш, што пакідаеш свет праведнікаў, свет Адзінага Бога? «Куды ідзеш?» — ці разумееш, што вяртаешся ў цемру язычніцтва, што зніжаеш свой духоўны ўзровень? (Агада кажа, што Агар была не проста служанкай, а раднёй егіпецкага фараона і што яна далучылася да Аўраама пасля цудаў, якія Бог стварыў у Егіпце). Гасподзь загадвае Агар вярнуцца да Сары і скарыцца, утаймаваць сваю залішнюю ганарлівасць. Суцяшаючы яе, Ён дае і ёй вялікае Абяцанне: «...памнажаючы, памножу нашчадкаў тваіх, і яны будуць незлічоныя з-за множнасці. ...вось, ты цяжарная, і народзіш сына, і назавеш яму імя Йішмаэль, бо пачуў Гасподзь пакуты твае» (Быц 16:10). Так адначасова ў
    тэксце тлумачыцца імя сына Агар і першага сына Аўраама: Йішмаэль і значыць літаральна «і пачуў Бог». Што пачуў? Магчыма, не толькі пакуты Агар, яе палкае жаданне мець сына — жаданне, не пазбаўленае ганарлівасці і імкнення пераўзысці Сару, але і ў вельмі далёкім будучым — малітву нашчадкаў Йішмаэля (Ісмаіла, або Ізмаіла), арабаў, якія звярнуліся да Адзінага Бога. Імя можна інтэрпрэтаваць і як указанне на тое, што Бог пачуў палымяныя малітвы Аўраама і Сары пра сына і пачуе яшчэ раз — дасць ім уласнага сына, народжанага Сараю.
    На Агар жа Адкрыццё Божае зрабіла велізарнае ўражанне: упершыню яна зразумела (і важна, што гэта дае нам зразумець тэкст Торы), што ісціна Адкрыцця можа стаць ісцінай для кожнага чалавека, незалежна ад паходжання. Усё залежыць толькі ад душы самога чалавека, ад яго духоўных намаганняў. Уражаная і ўзрушаная Агар вяртаецца да шатроў Аўраамавых, а месца, дзе ёй адкрыўся Бог, называе Бээр-Лахай-Роі — «калодзеж Жывога, Які бачыць мяне» (Быц 16:14), і ў гэтай назве выяўляецца сутнасць Адзінага Бога, Якога са здзіўленнем і захапленнем адкрывае чалавечая свядомасць: Ён — нябачны для чалавека («ці бачыла я хоць след за Тым, Хто бачыў мяне?» (Быц 16:13)), але бачыць чалавека наскрозь.
    Агар нараджае першынца Аўрааму, і ён, надзелены прароцкім дарам, дае сыну тое імя, якое адкрыў Бог Агар: Йішмаэль. Паводле Торы, Аўрааму ў гэты момант было восемдзесят шэсць гадоў. Калі ж Бог выканае Сваё Абяцанне і дасць Аўрааму і Сары ўласнага сына, з новай сілай успыхне варожасць паміж Сараю і Агар. Справа ў тым, што Агар не пакідала сваіх думак пра тое, што менавіта яе сын будзе пераемнікам Абяцання Божага, сапраўдным спадкаемцам Аўраама, і, як можна зразумець з тэксту, усімі спосабамі даводзіла гэта да Сары і да свайго сына. I вось аднойчы Сара ўбачыла, як «сын Агар, егіпцянкі, якога яна нарадзіла Аўрааму, насміхаецца» (Быц 21:9). Як можна зразумець з кантэксту 21-га раздзела, дзе распавядаецца пра вялікае свята, зробленае Аўраамам у гонар адняцця ад грудзей сына яго і Сары— Йіцхака (Ісаака), a таксама з Агады і Мідраша, якія падкрэсліваюць, што многія ніяк не хацелі паверыць у тое, што Ісаак — са-
    праўдны сын Аўраама і Сары, Ісмаіл насміхаецца са свайго ж бацькі, з Сары, з самога Ісаака, у рэшце рэштаў — з Бога. Гэтае «насміханне» мае на ўвазе дурны, злосны смех, кпіны над усім святым, мае на ўвазе бязбожнасць. Вось чаму Сара прымае жорсткае рашэнне і кажа мужу: «...выгані гэтую служанку і сына яе, бо не атрымае спадчыны сын рабыні гэтай з сынам маім...» (Быц 21:10). I ў гэтых словах Сары — трывога перадусім не за матэрыяльную спадчыну, якой можа пазбавіць яе сына сын Агар, але за лёс спадчыны духоўнай — Запавету з Богам. Бог абяцаў, што Ён усталюе Саюз Адвечны менавіта з Ісаакам (Быц 17:19), a Capa хвалюецца, што бязбожнае «насміханне» можа пашкодзіць гэтаму Саюзу.
    Аднак словы Сары прыносяць душэўны боль Аўрааму: ён прывык да прыгожай Агар і, безумоўна, моцна любіць свайго першага сына. Нават калі ён пачуў Абяцанне Госпада пра сына ад Сары, то міжволі, баючыся паверыць свайму шчасцю, папрасіў Бога за Ісмаіла: «О, хаця б Йішмаэль быў жывы перад Табою!» (Быц 17:18). I ўжо тады Бог паабяцаў яму паклапаціцца пра Ісмаіла і ўтварыць ад яго таксама вялікі народ. Цяпер жа, калі Сара настойліва просіць выгнаць Агар і Ісмаіла, каб ішлі яны сваім шляхам, сэрца Аўраама баліць («падалося гэта Аўрааму вельмі сумным з-за сына яго» (Быц 21:11)), і ён зноў звяртаецца да Бога за парадаю. Бог кажа Свайму выбранніку: «...не засмучайся з-за хлопчыка і рабыні тваёй; ва ўсім, што скажа табе Сара, слухайся голасу яе, бо ў Йіцхаку назавецца род табе. // Але і ад сына рабыні ўтвару Я народ, таму што ён нашчадак твой» (Быц 21:12—13). Ізноў звяртае на сябе ўвагу тое, што Бог раіць Аўрааму ва ўсім слухацца Сары — голасу інтуіцыі, голасу сэрца (яшчэ раз падкрэсліваецца раўнапраўнасць мужчыны і жанчыны ў вялікай гісторыі Запавету). Аўраам, усцешаны словамі Bo­ra, выпраўляе Агар і Йішмаэля ў самастойны шлях.