Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
«I падняўся Аўраам, і працягваў ісці на поўдзень» (Быц 12:9). У гэтай несупыннасці руху, знешняй і ўнутранай несупакоенасці — адметная рыса жыцця першага вы-
1 ІЦедровйцкніі Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятмкннжне Монсеево. С. 129.
бранніка Божага. Гасподзь пасылае яму новыя і новыя выпрабаванні. Так, неўзабаве ў Ханаане пачынаецца голад (засуха, а следам за ёю неўраджай і голад — даволі частая з’ява ў гэтым засушлівым рэгіёне), і Аўраам прымушаны спусціцца ў Міцраім — Егіпет (гэта ніжэй гарыстай Зямлі Абяцанай, таму з яе можна толькі спусціцца, а ў яе — падняцца). Там, у Міцраіме, на вільготных забалочаных лугах дэльты Ніла заўсёды было ўдосталь ежы для скаціны. Баючыся, што ў Егіпце яго могуць забіць з-за зайздрасці да яго багацця і прыгажуні-жонкі (a Сара — пакуль што Сарай — была вельмі прыгожай), Аўраам выдае яе за сваю сястру. Але вельмі хутка вяльможы фараона данеслі свайму валадару пра незвычайную прыгажосць сястры прышэльца, і той загадаў прывесці Сару у яго гарэм. Здаецца, сваімі паводзінамі Аўраам неасцярожна паставіў сваю жонку ў вельмі цяжкую сітуацыю, рызыкнуў яе жаночай годнасцю. Ці можа так паводзіць сябе выбраннік Божы? Трэба памятаць, што Аўраам — увасобленая вера. Ён верыць, што Гасподзь не дазволіць аніякай ганьбы для Сары. Да таго ж, Аўраам хоча чаму-небудзь навучыць егіпцянаў, адкрыць ім вочы на ўсёмагутнасць таго Бога, з Якім ён заключыў Саюз, бо язычнікі могуць паверыць толькі праз цуд. Усё, што рабіў Аўраам, трактавала з даўніх часоў яўрэйская каментатарская традыцыя, ён рабіў аль Кідуш га-Шэм — у Асвячэнне Імя Госпада, дзеля славы Божай. I сапраўды, Сам Гасподзь абараніў гонар Сары, не дазволіўшы фараону нават датыкнуцца да яе і наслаўшы на яго страшэнныя болькі (у славянскай Бібліі — «цяжкія ўдары»). I гэта прымусіла фараона і яго прыдворных паверыць у моц Адзінага Бога і вярнуць Сару Аўрааму з багатымі падарункамі. Як кажа паданне, вестка пра гэтае здарэнне пранеслася над Егіптам, і многія таксама паверылі ў Адзінага Бога, а некаторыя з іх нават вырашылі назаўжды пакінуць Егіпет і ісці разам з выбраннікам Божым яго нязведанымі шляхамі (гэта тыя, каго Тора называе «рабамі і рабынямі» Аўраама (Быц 12:16)). 3 пункту гледжання містычнай традыцыі Аўраам — увасабленне духу, Сара — душы, і Аўраам, сыходзячы ў Егіпет, нібыта «аддае» сваю душу за тое, каб уратаваць Егіпет, каб наблізіць егіпцянаў да Бога.
Пасля вяртання ў Ханаан Аўраам стаў адным з самых шаноўных і багатых людзей і працягваў качаваць па краіне. Хутка пастухам і статкам Аўраама і Лота стала цесна знаходзіцца побач, паміж імі бясконца ўзнікалі сваркі з-за пашаў. I тады Аўраам, які быў вельмі мірным чалавекам, не хацеў сварак і спрэчак і асабліва не хацеў, каб гэтыя сваркі бачылі ханаанеі, сказаў пляменніку: «...няхай не будзе разладу паміж мною і табою, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, бо мы людзі родныя. // Уся ж зямля перад табою. Аддзяліся ж ад мяне. Калі ты налева, то я направа; а калі ты направа, то я налева» (Быц 13:8—9). Прыкметна тое, што Аўраам даў свабоду выбару Лоту — паміж левым бокам (у свядомасці амаль усіх народаў гэта сімвал няправільнага шляху, няпраўды, усяго нячыстага) і правым (з правым бокам з найстаражытнейшых часоў звязваецца праведны шлях, праўда; невыпадкова і ва ўсходнеславянскіх мовах «правы», «правільны» і «праўда» — словы аднаго кораня). Вымаўляючы, «калі ты направа, то я налева», Аўраам дае зразумець, што ён заўсёды будзе ісці сваім шляхам, што б там ні думаў і які б шлях ні лічыў правільным Лот, што ён не баіцца выглядаць няправым у вачах Лота. I Лот робіць свой выбар — на жаль, няправільны. Ён не выказвае пажадання застацца з Аўраамам і неяк пераадолець спрэчкі і разлады. Ён проста ўздымае вочы і бачыць вельмі ўрадлівую даліну Іардана, якая выглядае «як сад Гасподні» (Быц 13:10). Так, гэта даліна квітнее, багатая на ваду і добрыя пашы, здзіўляе сваёй раскошай, але ў ёй тоіцца зло, бо гэта даліна, дзе размясціліся гарады Сэдом (Садом), або Сдом, і Амора (Гамора). Хутка яны будуць пакараныя Богам за ліха і разбэшчанасць. Лот жа не бачыць таго, што бачыць ясна Аўраам: «Людзі ж Сэдома былі ліхія і вельмі грэшныя перад Госпадам» (Быц 13:13). Лота вабіць перадусім матэрыяльнае, Аўраама — духоўнае. Вось чаму разыходзяцца іх шляхі, хоць будзе з болем і спачуваннем думаць пра свайго пляменніка Аўраам і ў пэўны час выратуе яго сваім заступніцтвам перад Богам. Аднак паданне кажа, што Лот не матэрыяльным захапіўся, а проста не зусім разлічыў свае магчымасці: ён хацеў сваім словам вярнуць жыхароў Садома да праведнага жыцця, але не параіўся з
Аўраамам, не папрасіў благаславення ў Бога. У выніку ўратуецца толькі ён, а грэшнікі загінуць; райская ж мясцовасць ператворыцца ў Йам га-Мэлах — Салёнае мора, якое еўрапейцы называюць Мёртвым морам.
I менавіта пасля разыходжання з Лотам, калі Аўраам свядома выбраў не такія ўрадлівыя ўзгоркі Ханаана, Бог у чарговым з’яўленні Свайму выбранніку пацвердзіў Сваё вялікае Абяцанне — і не толькі зямлі, але і вялікага патомства: «...уздымі вочы твае і паглядзі з месца, на якім ты цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, і на ўсход, і на захад. // Бо ўсю зямлю, якую ты бачыш, дам Я табе і нашчадкам тваім навечна. // I зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямны; калі хто зможа пералічыць пясок зямны, то і нашчадкі твае злічаныя будуць» (Быц 13:15—16). I далей Гасподзь яшчэ раз скажа, што нашчадкаў Аўраама будзе так шмат, што іх нельга будзе злічыць, як нельга злічыць зоркі на небе: «Злічы зоркі, калі зможаш злічыць іх. ...Столькі будзе ў цябе нашчадкаў» (Быц 15:5). Пазней яўрэйскія каментатары, якія ў кожным слове Святога Пісання бачылі і бачаць перадусім высокі маральны сэнс, падкрэслілі зададзеную гэтымі параўнаннямі з пяском (або прахам) зямным і зоркамі парадыгму, звязаную з маральным выбарам, прапанаваным народу Божаму: калі нашчадкі Аўраама будуць праведнымі, як іх бацька, то будуць яны ззяць для іншых народаў, нібыта зоркі; калі ж яны будуць адступаць ад запаведзяў Божых, то будуць пяском і прахам, якія будуць таптаць людзі. Як лічыць яўрэйская традыцыя, гэтыя станы «пяску» і «зорак» могуць чаргавацца ў гісторыі выбранага народа ў залежнасці ад таго, адхіляецца ён ад шляху Божага ці вяртаецца на яго, здзяйсняючы тшувў — пакаянне, вяртанне да Бога (тшува літаральна — «адказ [Богу на Яго заклік]»).
Для Аўраама ізноў прагучала славутая формула «Устань і ідзі!» — формула пераадолення самога сябе і руху насустрач Богу, да Яго ўсё больш поўнага спасціжэння: «Устань, прайдзі па зямлі гэтай у даўжыню яе і ў шырыню яе, бо табе Я дам яе. // I зрушыў Аўраам шацёр, і прыйшоў, і пасяліўся ў дуброве Мамрэ, што ў Хеўроне; і пабудаваў там ахвярнік Госпаду» (Быц 13:17—18). Дуброва, у якой пасяліўся Аўраам, належала эмарэйцу (амарэя-
ніну) Мамрэ, з якім у патрыярха яўрэйскага народа склаліся вельмі добрыя стасункі (Аўраам наогул быў чалавек вельмі міралюбівы). Дагэтуль у Хеўроне шануецца вельмі стары дуб, які называюць «мамрыйскім дубам», або «дубам Аўраама», а арабы яшчэ вызначаюць яго як дуб «сябра Божага», што мае прамое дачыненне да Аўраама. «Аўраам, сябар Мой» (Іс 41:8), — так гаворыць пра Свайго выбранніка Сам Гасподзь, і гэта новае, нечуванае раней вызначэнне; яно паўторанае і ў Каране, дзе пра Ібрагіма сказана: халіль Ала («сябар Алаха»), Можа, гэта той дуб, які сапраўды памятае час Аўраама, пад якім патрыярх так любіў сядзець у спякотны поўдзень? Цяпер гэты дуб знаходзіцца на тэрыторыі рускай праваслаўнай царквы Св. Тройцы, а таксама манастыра і прытулка, пабудаваных у канцы XIX ст.
У дуброве Мамрэ Аўраам атрымлівае вестку ад аднаго з жыхароў Садома, які ўратаваўся ад палону пасля бойкі ў даліне Сідзім, дзе пазней утварылася Мёртвае мора, пяці мясцовых ханаанейскіх цароў і чатырох іншаземных, якія прыйшлі на чале з валадаром Элама Кедарлаомерам. У выніку быў захоплены і разрабаваны Садом, а людзі з гораду пагнаныя ў палон, у тым ліку і пляменнік Аўраама Лот. Гэта, безумоўна, было яшчэ адным выпрабаваннем для выбранніка Божага. Што будзе ён рабіць? Захоўваць эпічны спакой, клапоцячыся толькі пра сябе і сваё прызначэнне, ці прыйдзе на дапамогу праведнаму Лоту? Але Аўраам, менавіта тут названы яўрэем — «I прыйшоў той, хто ўратаваўся, і паведаміў Аўрааму Яўрэю...» (Быц 14:13), — не раздумваў ні хвіліны. Сабраўшы баявы атрад больш за трыста чалавек са сваіх дамашніх, слугаў, а таксама саюзнікаў-эмарэйцаў Мамрэ, Эшколя і Анэра, ён кінуўся даганяць ворага, гнаў яго аж да самага Дамаска і, прыняўшы бойку, адбіў Лота і шмат іншых палоннікаў з іх маёмасцю, захопленай рабаўнікамі. Гэта быў адзіны ваярскі подзвіг, здзейснены вельмі міралюбівым Аўраамам, які імкнуўся пазбягаць сварак з суседнімі народамі.
Калі Аўраам вяртаўся з перамогай, насустрач яму выйшаў з хлебам і віном Малькі-Цэдэк (Мелхісэдэк), цар Шалёма (Саліма; Шалём — «мірны», «цэласны»; старажытная назва Іерусаліма), каб прывітаць выбранніка Божага і блага-
славіць яго (хлеб і віно — найстаражытнейшыя атрыбуты цывілізацыі і яўрэйскай Суботы, сімвалы благаславення): «...I благаславіў яго, і сказаў: благаславёны Аўрам ад Бога Усявышняга, Валадара неба і зямлі; // I благаславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае...» (Быц 14:19—20). Малькі-Цэдэк, імя якога перакладаецца як «цар мой праведны» або «цар праведнасці», — адзін з самых загадкавых герояў Бібліі. У Торы гаворыцца, што ён быў когэн ле-Эль Эльён — «святар Бога Усявышняга» (Быц 14:18), і гэта, з пункту гледжання самой яўрэйскай традыцыі, указанне, што Аўраам быў не зусім адзінокі ў сваіх пошуках, што і некаторыя (вельмі нешматлікія) людзі ў тыя старажытныя часы шукалі Адзінага Бога, і Ён адкрываўся ім (такім чынам, няма і думкі пра тое, што Адкрыццё Божае — прэрагатыва толькі яўрэяў). Імкнучыся разабрацца, хто ж быў гэты Малькі-Цэдэк, імя якога такое падобнае на псеўданім, яўрэйскія каментатары прыйшлі да высновы, што гэта быў сын Ноаха (Ноя) Шэм (Сім); сапраўды, Шэм яшчэ жыў у часы Аўраама. Ён пасяліўся на тым месцы, дзе пазней уздымецца Святы Горад, і служыў Госпаду, заклікаючы людзей звярнуцца дя Яго. Так ці інакш, але менавіта Малькі-Цэдэк разглядаецца і ў яўрэйскай, і ў хрысціянскай традыцыі як правобраз і прататып святарства, служэння ў Скініі Запавету, а потым і ў Іерусалімскім Храме. Менавіта таму Аўраам, надзелены геніяльнай інтуіцыяй, ахвяраваў яму дзесятую частку адваяванай здабычы, і гэта стала для больш позняй яўрэйскай традыцыі парадыгмаю абавязковага ахвяравання дзесяціны (дзесятай часткі ўраджаю, усяго набытага) на дапамогу святарам і левітам, якія служылі ў Іерусалімскім Храме. Гэты звычай, цвёрда ўсталяваны царом Давідам у X ст., захоўваецца і цяпер як абавязковая міцва (запаведзь) у іудзейскай традыцыі: ахвяраванні на сінагогу, на справы дабрачыннасці. Хрысціянская ж экзэгеза ўбачыць у вынесеным Малькі-Цэдэкам хлебе і віне правобраз Святога Прычасця — указанне на тыя хлеб і віно, якія прапанаваў у час Таемнай Вячэры Ісус Хрыстос сваім вучням, даўшы іх сімвалічнае тлумачэнне як Сваёй Плоці і Крыві, што аддадзеныя будуць у імя Збаўлення людзей ад грахоў.