Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
«Пасля васьмі дзён, калі трэба было абрэзаць Немаўля, далі Яму імя Ісус...» (Лук 2:21; тут і далей — паводле Сінадальнага перакладу). Менавіта ў дзень Брыт-міла і ў сучаснай іудзейскай традыцыі, як у тыя старажытныя часы, даюць імя хлопчыкам. А ў хрысціянскай традыцыі свята, што надыходзіць на восьмы дзень пасля Нараджэння Хрыстова, так і завецца — Свята абразання Госпада нашага, Ісуса. Таксама ў Евангеллі ад Лукі апісанае абразанне і называнне імя яшчэ аднаго славутага немаўляці — Ёханана бар Зэхар’і (Іаана, сына Захарыі), якога хрысціянскі свет ведае як Іаана (Яна) Хрысціцеля, або Іаана Папярэдніка: «Елізавеце ж настаў час нарадзіць, і яна нарадзіла сына. // I пачулі суседзі і родныя яе, што ўзвялічыў Гасподзь міласць Сваю над ёю, і радаваліся з ёю. // На восьмы дзень прыйшлі абрэзаць немаўля, і хацелі назваць яго...» (Лук 1:57—59). У іудзейскай традыцыі абразанне (а гэта вельмі ўрачысты абрад і вялікае свята для сям’і) праводзіць спецыяльна падрыхтаваны і благаславёны чалавек — могэль (літаральна — «той, хто робіць абразанне»); абрад суправаджаецца ўрачыстымі малітвамі і благаславеннямі. У часы ранняга хрысціянства абразанне абавязкова выконвалася і хрысціянамі, а таксама і празелітамі з язычнікаў. Але пасля (прыкладна ў 50 г.) апостал Павел адмяніў выкананне запаведзі абразання для хрысціянаў-празелітаў, бо яно палохала язычнікаў, якія ў дарослым узросце звярталіся да новай веры.
Вернемся да таго, хто першым выканаў волю Божую і зрабіў сабе сам абразанне ў дзевяноста дзевяць гадоў. Зразумела, гэта быў Аўраам. Як паведамляе Кніга Быцця, у той жа самы дзень Аўраам абрэзаў і свайго сына Йішмаэля, якому ўжо споўнілася трынаццаць гадоў. Безумоўна, і мусульманская традыцыя прытрымліваецца запаведзі абразання, бо мусульмане лічаць сябе нашчадкамі АўраамаІбрагіма, і ўзрост, калі робіцца абразанне паводле мусульманскага звычаю, непасрэдна звязаны з узростам Ісмаіла, калі яго абрэзаў Аўраам.
Наступнае найважнейшае з’яўленне Усявышняга Аўрааму звязанае з Благавешчаннем — абвяшчэннем яму і Сары добрай весткі пра нараджэнне ў іх праз год сына. Гасподзь прыходзіць да Свайго выбранніка ў асаблівым вы-
глядзе ў той момант, калі ў паўдзённую спякоту Аўраам сядзіць ля ўвахода ў шацёр пад сваім улюбёным дубам у дуброве Мамрэ: «I ён узвёў вочы свае, і зірнуў, і вось, тры мужы стаяць каля яго» (Быц 18:2). Надзелены надзвычайнай інтуіцыяй і ўнутраным зрокам, Аўраам адразу ўбачыў у гэтых трох мужах, што прыйшлі да яго, трох анёлаў — пасланцоў Божых (вуснамі аднаго з іх будзе гаварыць Сам Гасподзь): «I ўбачыўшы, ён пабег насустрач ім ад увахода ў шацёр, і пакланіўся да зямлі. // I сказаў: Валадар! Калі я знайшоў міласць у вачах Тваіх, не праходзь міма раба Твайго. // Няхай возьмуць трошкі вады, і амыйце ногі вашыя...» (Быц 18:2—4). I хоць ведае Аўраам, што гэта няпростыя госці, што хутчэй за ўсё непатрэбная ім ежа ў матэрыяльным сэнсе слова, але ж, раз прыйшлі яны да яго ў вобразе трох вандроўнікаў, патрэбна прыняць іх з усёю магчымаю ласкаю і гасціннасцю. Таму наказвае ён Сары замясіць найлепшай мукі і напякчы ляпёшак, а сам выбірае са статка «цяля пяшчотнае і добрае» і загадвае прыгатаваць з яго мяса смачны пачастунак для дарагіх гасцей, і ставіць перад імі масла і малако. Усё найлепшае, што было ў яго хаце, выносіць для гасцей Аўраам, а сам сціпла стаіць каля іх пад дрэвам, Сара ж наогул не асмельваецца паказацца з шатра.
Пазней хрысціянская экзэгеза ўбачыць у гэтым эпізодзе асабліва яскравае ўказанне Старога Запавету на трыадзіную прыроду Бога, на Тройцу — Бога Айца, Бога Сына і Духа Святога. Менавіта таму славуты эпізод, так скупа і разам з тым маляўніча акрэслены ў Бібліі, стане адным з самых распаўсюджаных у хрысціянскай іканаграфіі і атрымае назву «Старазапаветная Тройца». Выява Старазапаветнай Тройцы адрозніваецца ад Новазапаветнай Тройцы тым, што на іконе ці на карціне паўстаюць не постаці старога Бога Айца, маладога Бога Сына (Ісуса Хрыста) і Святога Духа ў выглядзе голуба, але тры анёлы з дзівоснымі тварамі, якія сядзяць за накрытым сталом, a паабапал стаяць Аўраам і Сара і частуюць цудоўных гасцей. Бадай што, самай слыннай ілюстрацыяй да гэтага біблейнага эпізоду з’яўляецца «Тройца» Андрэя Рублёва.
Падкрэслім: біблейны тэкст такі складаны, што сумяшчае ў сабе розныя сэнсы, дае рознае разуменне аднаго і
таго ж эпізоду. Так, у тэксце Кнігі Быцця даволі ясна даецца зразумець, што Аўраам звяртаецца як да Бога толькі да аднаго са сваіх гасцей і працягвае гутарыць з Ім тады, калі два іншыя сыходзяць па волі Божай караць ханаанскія гарады Садом і Гамору, якія патанулі ў грахах і разбэшчанасці: «I павярнулі мужы адтуль, і пайшлі ў Садом, а Аўраам яшчэ стаяў перад Госпадам» (Быц 18:22). I далей пра двух мужоў гаворыцца: «I прыйшлі тыя два анёлы ў Садом вечарам, калі Лот сядзеў ля варот Садома...» (Быц 19:1). Заўважым, што і Аўраам, бачачы перад сабою трох мужоў, звяртаецца са словам «Валадар» толькі да аднаго з іх, які, відаць, выглядаў неяк асабліва, як старэйшы ці галоўны, — Анёл, праз якога гаварыў Сам Бог. Іудзейская традыцыя, як і мусульманская, не падзяляе хрысціянскае вучэнне пра Тройцу і лічыць яго некаторай данінай язычніцтву. Патрэбна дадаць, што і ў самім хрысціянстве гэтая канцэпцыя ўсталявалася не адразу (прыкладна ў IV—V стст. н. э.) і пасля ўсталявання падзялялася не ўсімі суполкамі і плынямі, што, безумоўна, было парушэннем найважнейшага хрысціянскага догмату.
Галоўнае, дзеля чаго ў такім дзіўным выглядзе з’явіўся Гасподзь Свайму выбранніку, — вестка пра нараджэнне доўгачаканага сына ў Сары. Нарэшце, абвяшчае Бог, гэта здзейсніцца роўна праз год: «I сказаў Ён: Я вярнуся да цябе ў гэты ж час, і будзе сын у Сары, жонкі тваёй» (Быц 18:10). Словы Усявышняга выклікаюць у састарэлай Сары (ёй ужо дзевяноста гадоў) не толькі неўразуменне, але і ўнутраны смех, бо яна добра ведае, што ўжо няздольная нарадзіць: «Аўраам жа і Сара былі старыя, ва ўзросце; перастала быць у Сары звычайнае ў жанчын» (Быц 18:11). Менавіта таму Сара ўнутрана засмяялася, сказаўшы сабе: «...пасля таго, як я састарэлася, будзе ў мяне маладосць? ды і гаспадар мой стары» (Быц 18:12). I як ні імкнулася Сара схаваць свой смех, каб не пакрыўдзіць цудоўных гасцей, Адзін з іх пачуў гэты смех і прачытаў думкі старой жанчыны: «I сказаў Гасподзь Аўрааму: чаго гэта смяялася Сара, сказаўшы: “няўжо я сапраўды нараджу, я ж састарэлася?» // Ці ёсць што-небудзь недасягальнае для Госпада? Да гэтага тэрміну вярнуся да цябе ў наступным годзе — і ў Сары будзе сын. // Сара ж аднеквалася, кажу-
чы: я не смяялася. Бо яна баялася. Але Ён сказаў: не, ты смяялася» (Быц 18:13—15). Калі праз год у Сары сапраўды нарадзіўся сын, Аўраам даў яму асаблівае імя, якое нагадвала пра візіт дзівосных мужоў і пра недарэчную спрэчку, якая выйшла ў Сары з Госпадам, — Йіцхак-[Эль], што значыць «няхай пасмяецца [Бог]», «будзе смяяцца [Бог]». A Capa сама патлумачыла гэтае імя, памятаючы пра свой унутраны смех, які яна не змагла ўтоіць ад Бога: «I сказала Сара: смех зрабіў мне Бог; усялякі, хто пачуе, пасмяецца з мяне» (Быц 21:6). Міфолагі і фалькларысты адзначаюць, што ў розных народаў нараджэнне жанчынаю дзіцяці ў старым узросце лічыцца нечым камічным ці нават непрыстойным. Але Тора падкрэслівае, што ўсё, што здарылася, — цуд Божы, які быў бы немагчымы без веры, перадусім веры Аўраама, і без умяшання Усявышняга. Імя, дадзенае Аўраамам сыну, нясе ў сабе яшчэ некалькі важных сэнсавых адценняў: «няхай усміхнецца [Бог]», «няхай зірне з усмешкай [Бог на дзіця]», г. зн. «няхай зірне з міласцю на дзіця». Можна зразумець гэтае імя і наступным чынам: «ён [сын] будзе радавацца». Так ці інакш праз гэтае імя Аўраам перадаў найвялікшыя шчасце, радасць, весялосць, якія прыйшлі да яго і Сары з нараджэннем доўгачаканага спадчынніка, пераемніка Запавету.
Абвясціўшы Аўрааму і Сары пра хуткае нараджэнне сына, Бог адпраўляе двух сваіх пасланнікаў-анёлаў пакараць грэшныя гарады — Садом і Гамору. 3 кантэксту зразумела, што Бог не можа ўтоіць нічога ад Свайго выбранніка, ад Свайго сябра: «I сказаў Гасподзь: ці ўтою Я ад Аўраама, што Я зраблю?» (Быц 18:17). Гасподзь гаворыць пра страшэннае ліха, якое робіцца ў грэшных гарадах, так што да неба даносяцца крыкі тых, каго крыўдзяць, згвалтоўваюць, забіваюць, і «крыкі» саміх грахоў: «...крык Садомскі і Аморскі, вялікі ён, і грэх іх, цяжкі ён вельмі. Сыду ж і пагляджу: калі ў адпаведнасці з крыкам, што дайшоў да мяне, учынялі яны, тады — канец! а калі не, то буду ведаць» (Быц 18:20—21). Чаму так дзіўна і незразумела гаворыць Гасподзь? Ён хоча сказаць, што ўсё яшчэ сумняваецца ў тым, ці пакарае смерцю жыхароў грэшных гарадоў, бо ў апошні раз па-
слаў ім выпрабаванне ў асобах двух анёлаў і паглядзіць, як яны будуць сябе паводзіць. Дарэчы, Агада і Мідраш даводзяць, што жыхары Садома былі да неверагоднай ступені няветлівыя, негасцінныя і страшэнна жорсткія, бязлітасныя, бесчалавечныя. Яны наогул не ведалі, што такое любоў да бліжняга. Паданне кажа: «Стаяў у іх ложак, на які клалі спаць вандроўнікаў. Калі чалавек быў ростам даўжэй за ложак, яму абрубалі ногі; калі карацей — выцягвалі яго» (тут і далей — паводле перакладу С. Фруга)1. Безумоўна, перад намі агадычны варыянт грэчаскага падання пра Пракруста. А яшчэ пра Садом паведамляецца наступнае: «Калі туды трапляў жабрак, хлеба яму не падавалі, а кожны даваў манету, на якой пісаў сваё імя, і бядняк у рэшце рэштаў паміраў галоднай смерцю. Тады кожны браў сваю манету назад. Была там адна дзяўчына, якая патаемна прынесла схаваны ў глечыку кусок хлеба для жабрака. Прайшло тры дні, а жабрак быў яшчэ жывы. Даведаўшыся пра ўчынак дзяўчыны, садамляне вымазалі яе цела мёдам і, выставіўшы дзяўчыну наверсе на гарадской сцяне, выпусцілі на яе пчаліны рой. Дзяўчына ў страшэнных пакутах памерла»2. Паведамляецца таксама пра дзяўчыну, якая паспачувала збяднелай сям’і сваёй сяброўкі і прынесла ёй мукі. Калі садамляне празналі пра гэта, яны спалілі «злачынку» на кастры. I тады Гасподзь сказаў: «Цяпер, калі б Я і хацеў прамаўчаць, голас гэтай пакутніцы ўладна патрабуе ад Мяне адказу»3.
Усе гэтыя паданні складаюцца ўжо на глебе ведання тэксту Торы, той кары, якую здзейсніў Усявышні. Але пакуль што пытанне пра лёс горада яшчэ адкрытае. I Аўраам, даведаўшыся, што страшэнная пагібель пагражае вялізнай колькасці людзей, нават і грэшнікаў, вельмі ўсхваляваўся і асмеліўся звярнуцца да Бога з дзёрзкім пытаннем: «...няўжо Ты загубіш праведнага з грэшнікам? // Можа, ёсць у гэтым горадзе пяцьдзесят праведнікаў? Няўжо ты загубіш і не даруеш месцу гэтаму дзеля пяцідзесяці праведнікаў у ім? II Нядобрапрыстойна Табе рабіць такое, каб загубіць