Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
1 Агада... С. 24.
вамі сваімі...”»1 Але як ні стараўся Аўраам, ён так і не змог пераканаць бацьку паверыць у Адзінага Бога, і тады прыйшлося яму пакінуць назаўжды бацькоўскую хату...
Мідраш адзначае, што Аўраам і ўсе падзеі, з ім звязаныя, займаюць асаблівае месца ў Торы, бо ад Аўраама да Ноаха прайшло дзесяць пакаленняў і ад Ноаха да Аўраама — таксама дзесяць. «Ад Ноаха да Аўраама дзесяць пакаленняў, і за ўсе гэтыя доўгія гады Гасподзь не гаварыў ні з кім са смяротных, апрача Аўраама»2. Жыццяпіс Аўраама разглядаецца ў яўрэйскіх класічных каментарах як парадыгма, якая сімвалічна адлюстроўвае ўвесь шлях яўрэйскага народа, і перадусім здольнасць захоўваць веру ў самых трагічных абставінах, быць сасудам і носьбітам Боскага Адкрыцця. Мідраш распавядае: «У тую хвіліну, калі Аўраам быў кінуты ў печ, звярнуўся архангел Гаўрыіл да Госпада з заклікам: “Валадар светаў! Дазволь мне сысці, астудзіць печ і выратаваць праведніка”. “He, — адказаў Гасподзь, — Я Адзін у вышніх, а ён адзін на зямлі. Адзінаму і ёсць да твару выратаваць адзінага. Але і цябе, Гаўрыіл, чакае подзвіг: ты ў свой час уратуеш трох з нашчадкаў яго”3. I загучаў Аўрааму голас нагорны:
Я был с тобой, когда, во славу Божью, Бесстрашно в лютый пламень ты сошел М на земле к святыне веры чнстой Народам путь свободный указал.
Тебя нзбрал н возлюбнл Я прежде, Чем первую денннцу Я зажег, — й благодатна жмзнь твоя для мнра, Как благодатны росы для полей (пераклад С. Фруга)»4.
Саюз Аўраама з Богам, які мае найважнейшае значэнне для яўрэйскай і агульначалавечай культуры, уключае ў сябе тры асноўныя элементы, асобныя з якіх атрымліваюць
1 Агада... С. 24—25.
2 Тамсама. С. 23.
3 Маюцца на ўвазе тры іудзейскія юнакі — Хананія (Ананія), Мішаэль (Місаіл) і Азар’я (Азарыя), якія, паводле Кнігі Даніэля (Кнігі прарока Данііла), трапілі ў Вавілонскі палон і за сваю адмову пакланіцца залатому ідалу кінутыя былі царом Навухаданосарам у распаленую печ, але іх уратаваў па волі Божай анёл Госпада (Дан 1—3).
4 Агада... С. 26.
рознае асэнсаванне ў трох монатэістычных канцэпцыях: выбранасць нашчадкаў Аўраама па лініі яго сына Ісаака; абяцанне Бога даць ва ўласнасць нашчадкам Аўраама зямлю Ханаан; загад трымацца запаведзяў Божых, і перадусім — этычных прынцыпаў. Усе тры элементы леглі ў падмурак уяўленняў іудаізму (біблейнага і наступнага перыядаў), а потым, у крыху змененай форме, у аснову хрысціянства і ісламу. У першым месца сапраўдных нашчадкаў Аўраама і новага Ізраіля займае Хрысціянская Царква, у другім выбранасць перадаецца па лініі Ісмаіла, які лічыцца родапачынальнікам арабаў. Аднак важна, як ужо ўзгадвалася, што ў Дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабора запісана: «Даследуючы таямніцу Царквы, Святы Сабор памятае пра сувязь, якая злучае духоўна народ Новага Запавету з нашчадкамі Аўраама... Царква не можа забыць пра тое, што яна прыняла Адкрыццё Старога Запавету праз народ, з якім Бог, па Сваёй невымаўляльнай міласці, вырашыў заключыць старажытны Саюз. ...паводле апостала, іудзеі і цяпер застаюцца, дзеля айцоў, улюбёнымі Богам, чые дары і закліканні непарушныя»1. Здаецца, гэта і ёсць сапраўдная талерантнасць. Аўраам жа сапраўды застаецца тым выбраннікам Божым, якога вернікі Адзінага Бога, пры ўсіх разыходжаннях канфесіяў, лічаць сваім духоўным айцом.
Вобраз Аўраама займае вялікае месца ў яўрэйскім і еўрапейскім мастацтве — як рэлігійным, так і свецкім. Сцэна ахвярапрынашэння Аўраама ўвасобленая на фрэсках сінагогі ў Дура-Эўрапас (III ст., самая старажытная па часе выява слыннага эпізоду) і ў мазаіцы сінагогі ў Бэт-Альфе (VI ст.), У катакомбах Прысцылы ў Рыме (канец III — пачатак IV ст.), У шматлікіх сярэднявечных кніжных мініяцюрах — яўрэйскіх і хрысціянскіх (напрыклад, Эчміадзінскае Евангелле, X ст.), у пластыцы сярэднявечных сабораў (скульптурная група ў Шартры), у рэльефах дзвярэй фларэнтыйскага баптыстэрыя працы Філіпа Брунэлескі і Ларэнца Гіберці, у карцінах выдатных майстроў еўрапейскага жывапісу — Барталамэа Белана, Лукаса Кранаха Старэйшага, Андрэа дэль Сарта, Тыцыя-
1 Декларацня об отношеніш Церквн к нехрнстнанскнм релнгпям. Рнм, 1967. С. 5-6.
на, Паала Веранэзэ, Караваджа, Пітэра Пауэла Рубенса, Рэмбрандта, Ц’епала, Антона Паўлавіча Ласенка і інш. 3 вялікай колькасці музычных твораў на гэтую тэму найбольш вядомая «святая балада» Ігара Стравінскага «Аўраам і Ісаак», упершыню выкананая ў Іерусаліме ў 1964 г.
Ахвярапрынашэнне Аўраама на працягу стагоддзяў з’яўлялася адной з галоўных тэмаў хрысціянскай рэлігійнай драмы і ў роўнай ступені найважнейшым сімвалічным матывам у творчасці вялікіх яўрэйскіх паэтаў Сярэднявечча, якія жылі ў мусульманскай Іспаніі, дакладней — у Андалусіі, у Кордаве і Гранадзе, — Шэламо Ібн Гвіроля (Саламона Ібн Габіроля), Машэ (Майсея) Ібн Эзры, Йегуды га-Леві (Галеві), Аўраама Ібн Эзры, у творчасці шматлікіх ашкеназскіх (заходнеі ўсходнееўрапейскіх) пайтанаў (пайтанім) — літургічных паэтаў. У літаратуры на ідышу вядомая п’еса заснавальніка тэатра «блукаючых зорак» Аўраама Гольдфадэна «Акейдос Йіцхок» («Звязванне Ісаака», 1897). Матыў Акеда як высокай збавіцельнай ахвяры праходзіць праз творчасць шматлікіх ізраільскіх і еўрапейскіх паэтаў, якія імкнуцца асэнсаваць Катастрофу еўрапейскага яўрэйства ў гады фашызму (напрыклад, творчасць нобелеўскага лаўрэата Нэлі Закс). У рускай літаратуры гэтай тэме прысвечаная паэма Іосіфа Бродскага «Ісаак і Аўраам» (1963).
Шырока распрацоўваліся ў мастацтве тзмы, звязаныя з Аўраамам, Сарай і Агар, асабліва ў жывапісе XVI—XVIII стст. (карціны Гверчына, Рубенса, Рэмбрандта, Клода Ларэна). Такой жа папулярнай у мастацтве — асабліва ў візантыйскім і старажытнарускім — з’яўляецца сцэна прыходу да Аўраама трох анёлаў: фрэска Феафана Грэка ў царкве Спаса Прэабражэння ў Ноўгарадзе, ужо ўзгаданая «Тройца» Андрэя Рублёва, шматлікія маскоўскія, наўгародскія, пскоўскія іконы. У заходнееўрапейскім жывапісе — рэльеф Л. Гіберці, фрэска Рафаэля, гравюры Лукі Лейдэнскага і Ганса Гольбейна Старэйшага, карціны Ладавіка Карачы, Пітэра Ластмана, Рэмбрандта, Барталамэ Эстэбана Мурыльё, Арта дэ Гелдэра і інш. Уяўленне пра Аўраама як пра айца ўсіх праведнікаў знаходзіць увасабленне ў матыве «ўлоння Аўраамава» ў сярэднявечным хрысціянскім мастацтве: «Залатая брама» Фрайбургскага сабора, «Княжаскі
партал» сабора ў Бамбергу, роспіс Успенскага сабора ва Уладзіміры і інш.
Адна з найглыбейшых філасофскіх, культуралагічных, псіхалагічных інтэрпрэтацыяў вобраза Аўраама ў еўрапейскай літаратуры дадзеная ў рамане Томаса Мана «Іосіф і яго браты» (1933—1944), дзе вялікі пісьменнік прасочвае менавіта праз свядомасць біблейнага патрыярха, яго сына, унука і праўнука, якія вельмі часта атаясамліваюць сябе са сваім прабацькам, сам працэс нараджэння і сталення монатэістычнай свядомасці (гл. далей).
«Жыві ў зямлі гэтай, і я буду з табою, і благаслаўлю цябе...»
(Ісаак — “ягня Божае” і чалавек духоўны)
Бог угледзіць Сабе ягня для ўсеспалення, сын мой.
(Быц 22:8)
Жыві ў зямлі гэтай, і Я буду з табою, і благаслаўлю цябе;
бо табе і нашчадкам тваім дам Я ўсе землі гэтыя і клятву выканаю, якою Я кляўся Аўрааму, бацьку твайму. ...і благаславяцца ў семені тваім усе народы зямлі...
(Быц 26:3—4)
Пераемнікам Абяцання Божага пасля смерці Аўраама становіцца яго сын Йіцхак (Ісаак). У параўнанні з разгорнутымі жыццяпісамі Аўраама ці Іакава аповед пра Ісаака мае невялікі аб’ём, да таго ж другі з праайцоў народа Божага часцей паўстае ў біблейным тэксце не як галоўны персанаж, а як сын Аўраама ці бацька Іакава, што, аднак, не адмяняе вялікай значнасці гэтага вобраза для іудзейскай і хрысціянскай свядомасці, для сусветнай культуры ў цэлым.
У нараджэнні Ісаака выкарыстаная шырока распаўсюджаная ў сусветнай культуры архетыпічная парадыгма: нараджэнне дзіцяці (у сакральных тэкстах — правідэнцыяль-
нага немаўляці, звязанага з Наканаваннем, або Промыслам, Божым) ад няплодных або састарэлых бацькоў (далей у Бібліі менавіта так з’явяцца на свет Іакаў, Іосіф, Самсон, прарок Самуіл, Іаан Хрысціцель, паводле хрысціянскіх паданняў — Дзева Марыя). Нагадаем, што, паводле Кнігі Быцця, Ісаак быў народжаны састарэлымі бацькамі, калі Аўрааму было сто гадоў, а Сары — дзевяноста і калі, здавалася б, нараджэнне спадчынніка было ўжо немагчымае. Але Гасподзь шмат разоў, адкрываючыся Аўрааму, паўтарае яму Абяцанне пра нараджэнне сына менавіта ад Сары і Сам вызначае імя пераемніку Запавету — у адказ на смех Аўраама, звязаны з неверагоднасцю таго, што пачуў патрыярх, і з найвялікшай радасцю: «I паў Аўраам на твар свой, і ўзрадаваўся, і сказаў у сэрцы сваім: каб у стогадовага нарадзілася?! і каб Сара, дзевяностагадовая, нарадзіла?! // ...Бог жа сказаў: менавіта Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і ты назавеш імя яму: Йіцхак; і ўсталюю Запавет з ім Запаветам адвечным для нашчадкаў яго пасля яго» (Быц 17:17, 19). Потым, як вядома, словы Госпада пра нараджэнне сына выклікаюць унутраны смех у Сары. Так, паводле прынцыпу аўтакаментара, Тора (дакладней — Сам Бог) тлумачыць этымалогію імя Йіцхак, звязанага з дзеясловам цахак — “смяяцца”, і зразумець гэта можна па-рознаму: смяяліся Аўраам і Сара, але потым будзе ўсміхацца Сам Гасподзь (Йіцхак[Эль] — «будзе смяяцца Бог», «няхай пасмяецца Бог» [у значэнні — «зірне з усмешкай на дзіця»]); смяяліся Аўраам і Сара ад здзіўлення і радасці, баючыся паверыць у сваё шчасце, — будзе смяяцца, радавацца і радаваць бацькоў іх сын. Такім чынам, Йіцхак можа значыць і «[ён] будзе смяяцца», «[ён] будзе радавацца». Магчыма, імя ўжо ўтрымлівае ў сабе ўказанне на вялікую радасць узаемінаў з Богам, Божага благаславення, найвялікшай узнагароды, наканаванай праведніку, — Валадарства Божага.
Гасподзь цвёрда выконвае Сваё Абяцанне: «I ўспомніў Гасподзь пра Сару, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сары, як казаў» (Быц 21:1). Што значыць «успомніў»? Хіба ж Бог можа пра што-небудзь забыцца? У арыгінале стаіць дзеяслоў пакад, што можна даслоўна перакласці як «наведаў», «паклапаціўся» (у рускім Сінадальным перакладзе — «прн-
зрел Господь на Сарру»), г. зн. сілаю Свайго Духа зрабіў так, каб Сара змагла нарадзіць. «I Сара зацяжарыла і нарадзіла Аўрааму сына ў старасці яго, да тэрміну, пра які казаў яму Бог» (Быц 21:2). Само гэтае нараджэнне «сына ў старасці» (або «сына старасці») відавочна парушае ўсе законы прыроды, але Тора якраз і дэманструе, што ўсе законы прыроды падуладныя Богу, бо створаныя Ім. Да таго ж працытаваны выраз (яго паўторыць і Сара, кажучы пра мужа: «...у старасці яго я нарадзіла сына» (Быа 21:7)) мае глыбокі сімвалічны падтэкст: само нараджэнне і далейшае існаванне народа Божага, які пачнецца ад Аўраама дзякуючы нараджэнню Ісаака, — такое ж відавочнае «парушэнне» ўсіх гістарычных законаў. Пра гэта скажа і сама Тора вуснамі прарока Більяма (Валаама), які хацеў праклясці народ Божы, але потым, па волі Божай, благаславіў яго і напрарочыў яму вялікую і таямнічую будучыню: «...Вось народ, які жыве асобна і паміж народамі не лічыцца» (Ліч 23:9). «Жыве асобна» і «між народамі не лічыцца» — гэта значыць, ён падуладны асаблівым метафізічным законам. Пра тое, што гісторыю яўрэйскага народа немагчыма патлумачыць толькі пазітывісцкімі ці марксісцкімі (г. зн. матэрыялістычнымі) падыходамі да гісторыі, што гэтая гісторыя мае, апрача іншых, безумоўны трансцэндэнтны сэнс, пісалі многія мысляры XX ст., у тым ліку і Мікалай Бярдзяеў у працы «Сэнс гісторыі». Наконт гэтага піша і Дз. У. Шчадравіцкі: «Гаворка ідзе пра народ, які, згодна са звычайнымі гістарычнымі законамі, існаваць не можа, як і Ісаак не мог нарадзіцца ў састарэлых бацькоў, згодна з законамі фізічнымі. Выходзіць, што гэта народ, выведзены з-пад улады гістарычных законаў і нібыта “жывы цудам”, непасрэдна, а не апасродкавана падпарадкоўваючыся волі Божай»1.