Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Падчас голаду Ісаак па загаду Бога перасяляецца ў Герар (у Філістыю). Пры гэтым Бог дае яму, як і Аўрааму, асаблівае благаславенне, указваючы на тое, што Ісаак не павінны пакідаць межы Ханаана — Зямлі Абяцанай: «Жыві ў зямлі гэтай; і Я буду з табою, і благаслаўлю цябе; бо табе і нашчадкам тваім дам Я ўсе землі гэтыя, і выканаю
клятву, якою я кляўся Аўрааму, бацьку твайму. // I памножу нашчадкаў тваіх, як зоркі нябесныя; і дам нашчадкам тваім усе землі гэтыя; і благаславяцца ў семені тваім усе народы зямлі...» (Быц 26:3—4). Тора падкрэслівае, што шмат у чым у вобразе Ісаака паўтараюцца рысы яго бацькі Аўраама, роўна як і ў іх жыцці супадаюць некаторыя эпізоды. Так, асцерагаючыся праследаванняў з боку Авімелеха, цара Герарскага, а таксама з боку яго падначаленых з-за прыгажосці Рыўкі, Ісаак выдае яе за сваю сястру, як зрабіў у падобнай сітуацыі (і таксама з царом, імя якога было Авімелех) Аўраам, каб уратаваць сваё жыццё і даць урок язычнікам. Праз нейкі час Авімелех выпадкова ўбачыў цераз акно, што Ісаак «гуляе з Рыўкай, жонкай сваёй» (Быц 26:8), і зразумеў, што яны муж і жонка. Авімелех мякка дакарае Ісаака за тое, што ён ледзьве не ўвёў у грэх яго людзей, якіх прывабіла прыгажосць Рыўкі, і строга забараняе сваім людзям датыкацца да Ісаака і яго жонкі і спрычыняць ім ліха: «...хто датыкнецца да гэтага чалавека і жонкі яго, той аддадзены будзе на смерць» (Быц 26:11). Тое, што гэты Авімелех (як мяркуюць даследчыкі, яго імя — гэта не імя ўласнае, але тытул філістымскіх валадароў, што літаральна значыць «бацька мой — цар») не ўзяў у свой дом Рыўку, як некалі іншы Авімелех (магчыма, яго бацька) — Сару, а таксама тое, што ён абараняе Ісаака і яго жонку, сведчыць пра веру філістымскага цара ў выбранніцтва гэтых людзей, у тое, што ім дапамагае Бог.
Ісаак — адзіны з усіх патрыярхаў, хто паспяхова займаўся не толькі жывёлагадоўляй, але і земляробствам. Дзякуючы благаславенню Божаму, ён стаў вельмі багаты, бо нават у галодны год зямля давала яму сторазовы ўраджай: «I сеяў Йіцхак у зямлі той, і атрымаў у той год у сто разоў: так благаславіў яго Гасподзь» (Быц 26:12). Багацце і ўдачлівасць Ісаака, які стаў вельмі знакамітым чалавекам, з’явіліся прычынай зайздрасці да яго філістымлянаў: «I стаў вялікім чалавек гэты, і ўзвялічваўся ўсё болей і болей, да таго, што стаў вельмі вялікім. // I былі ў яго статкі дробнай і статкі буйной скаціны, і шмат ворных палёў; і зайздросцілі яму філістымляне» (Быц 26:13—14). Ад зайздрасці філістымляне пачалі засыпаць калодзежы, якімі валодаў Ісаак
і якія выкапаў калісыді яшчэ яго бацька Аўраам (калодзеж — крыніца жыцця ў тых краях). Нарэшце Авімелех вырашыў выгнаць Ісаака: «...пайдзі ад нас, бо ты зрабіўся шмат мацнейшы за нас» (Быц 26:16). Ісаак перамясціўся са сваімі дамачадцамі, чэляддзю, статкамі ў Герарскую даліну, a потым рушыў да Беэр-Шэвы, па дарозе адкапваючы калодзежы, якія засыпалі філістымляне пасля смерці Аўраама, а таксама капаючы новыя. У Бээр-Шэве Ісааку ізноў адкрываецца Бог і пацвярджае дадзенае яму благаславенне і Абяцанне: «Я Бог Аўраама, бацькі твайго; не бойся, бо Я з табою; і благаслаўлю цябе, і памножу нашчадкаў тваіх дзеля Аўраама, раба Майго» (Быц 26:24). Хутка і цар Герара Авімелех, які выгнаў Ісаака, прыйшоў да яго са сваім военачальнікам і саюзнікам, каб заключыць з Ісаакам, чалавекам, якому дапамагае Бог, саюз. «1 сказаў ім Ісаак: навошта вы прыйшлі да мяне, калі вы ўзненавідзелі мяне і адаслалі мяне ад сябе? // Яны сказалі: мы ясна ўбачылі, што Гасподзь з табою, і мы сказалі: няхай будзе ўзаемная для нас клятва, паміж намі і табою, і заключым з табою саюз, // Каб ты не рабіў нам зла, як і мы не датыкаліся да цябе, а рабілі табе толькі адно добрае і адпусцілі цябе з мірам; ты цяпер благаславёны Госпадам. // Ён зрабіў ім бяседу, і яны елі і пілі. // I ўсталі яны рана раніцою, і пакляліся адзін аднаму; і адпусціў іх Ісаак, і яны пайшлі ад яго з мірам» (Быц 26:27—31).
Тым часам усё большае засмучэнне прыносіць Ісааку і Рыўцы іх сын Эсаў, які адну за другой бярэ сабе ў жонкі хецеянак: «I яны былі душэўным засмучэннем Ісааку і Рыўцы» (Быц 26:35). Эсаў занядбаў запавет Аўраама, дадзены Ісааку, а таксама асабісты прыклад бацькі: сямейная традыцыя не дазваляла браць шлюбы з жанчынамі, прыналежнымі да сямі народаў Ханаана (Быц 24:3; 27:46), бо іх асаблівыя язычніцкія звычаі былі вельмі агідныя для Бога. У паводзінах Эсава ў дачыненні да яго жонак, як і ў эпізодзе з продажам першародства за чачавічную поліўку (гл. наступны падраздзел), як і ў пастаянным імкненні яго да звералоўства і забойства, выяўляецца нявартасць яго як пераемніка Запавету і высокага Абяцання. Аднак Ісаак шкадуе і любіць і гэтага свайго няўдалага сына, у той час як Рыўка аддае перавагу Іакаву: «I любіў Ісава,
таму што дзічына яго была яму даспадобы, а Рыўка любіла Іакава» (Быц 25:28). I ўсё ж такі надзелены, як і Рыўка, каласальнай прароцкай інтуіцыяй, Ісаак разумеў, што благаславенне павінны атрымаць малодшы, Іакаў, «чалавек пакорлівы» і адначасова неверагодна моцны духам, другое «я» самога Ісаака. Але як парушыць усталяванае стагоддзямі? Першародства трэба перадаць старэйшаму... Можа, таму і пачынае слепнуць Ісаак, каб не бачыць, Karo ён благаслаўляе? Чаму «прытупіўся зрок вачэй яго» (Быц 27:1)? Проста ад старасці? Ці ад перанесеных некалі пакутаў? Мідраш паведамляе: «Рабі Элізар бен Азарыя казаў: “Бачачы Ісаака, які ляжаў на ахвярніку, плакалі анёлы, і слёзы анёльскія падалі на вочы Ісаака, пакідаючы сляды на зрэнках яго. Ад гэтага ў старасці і пацьмянелі вочы Ісаака”»1. Матыў слепаты заўсёды мае ў Бібліі сімвалічны сэнс: гэта азначае ці духоўную слепату, ці — наадварот — адкрыццё ўнутранага зроку. Здаецца, у выпадку з Ісаакам пра першае гаварыць не мае сэнсу, хоць Мідраш і даводзіць, што з-за слепаты Ісаак не бачыў, што старэйшы яго сын стаў ідалапаклоннікам. Але ж у той момант, калі благаслаўляў Ісаак Іакава, які прыйшоў замест Эсава, нешта асаблівае адчуў Ісаак: «...вось, пах ад сына майго, як пах ад поля, якое благаславіў Гасподзь» (Быц 27:27). Паводле яўрэйскага каментара, Ісаак адчуў пах Эдэмскага Саду, наканаванага праведніку Іакаву, і толькі пасля гэтага благаславіў сына. Калі ж з’явіўся крыху пазней у яго шацёр Эсаў, які таксама прыйшоў за бацькоўскім благаславеннем, то, як кажа Тора, «затрапятаў Йіцхак трапятаннем вельмі вялікім...» (Быц 27:33). Што значыць гэтае вялікае трапятанне душы праведніка? Можа, канчатковае ўсведамленне, што ён выканаў волю Госпада: «Няхай жа будзе ён [Іакаў] благаславёны» (Быц 27:33).
Потым прыйдзецца Ісааку перажыць доўгае, больш чым дваццацігадовае, расстанне з сынам, які далей панясе Запавет і Абяцанне і якому ён даў наказ у далёкі і цяжкі шлях: «...не бяры сабе жонкі з дачок ханаанскіх. // Устань, пайдзі ў Падан-Арам, у дом Бэтуэля, бацькі маці тваёй, і вазьмі сабе адтуль жонку з дачок Лавана, брата
1 Агада... С. 37.
маці тваёй. // I няхай Бог Усёмагутны благаславіць цябе, расплодзіць цябе і размножыць цябе, і няхай будзе ад цябе мноства народаў; // I няхай дасць табе благаславенне Аўраама, табе і нашчадкам тваім з табою, каб табе атрымаць у спадчыну зямлю вандравання твайго, якую Бог даў Аўрааму!» (Быц 27:1—4). Ісаак дажыў да вялікага шчасця — да вяртання Іакава ў Ханаан з Падан-Арама з Леяй (Ліяй), Рахеллю (Рахіллю) і дзецьмі, да прымірэння сваіх сыноў і да перасялення да яго ў Кір’ят-Арбу (г. зн. Хеўрон) Іакава з усёй сям’ёй. Ісаак памёр ва ўзросце 180 гадоў і быў аплаканы сваімі сынамі і пахаваны імі ў фамільнай пячоры Махпела: «I сканаў Ісаак, і памёр, і прылучыўся да народа свайго, стары і насычаны днямі; і пахавалі яго Эсаў і Йаакоў, сыны яго» (Быц 35:29).
Каментатарская традыцыя адзначае, што Ісаак быў жывы яшчэ і тады, калі быў прададзены ў Егіпет сын Іакава Іосіф, але Тора не заўсёды распавядае пра падзеі ў іх лагічнай і храналагічнай паслядоўнасці. Паведамленне пра смерць Іосіфа завяршае пералічэнне сыноў Іакава і падводзіць рысу пад пэўным перыядам у гісторыі патрыярхаў — перыядам Ісаака. Тое, што Ісаак пражыў больш за другіх прабацькоў яўрэйскага народа (Аўраам — 175, Іакаў — 147 гадоў), заўсёды звязвалася яўрэйскімі каментатарамі з асаблівай праведнасцю Ісаака, які быў ва ўсім паслухмяны волі Усявышняга і ніводнага разу за ўсё жыццё не пакінуў Святую Зямлю. Доктар Й. Г. Герц, Галоўны рабін Брытаніі, піша: «Йіцхак адрозніваецца ад Аўраама і Йаакова. Аўраам адкрывае новую эру ў гісторыі чалавецтва, ён нястомны змагар, які паўсюль абвяшчае Імя Усявышняга. Жыццё яго поўнае падзеямі. Йаакоў на чужыне ў найцяжэйшых умовах стварае сям’ю. Жыццё ж Йіцхака не багатае падзеямі; ён застаецца загадкаю для навакольных. Асноўная яго справа — гэта духоўнае самаўдасканаленне, ён дасягае цэльнасці такога ўзроўню, што Усявышні забараняе яму пакідаць Святую Зямлю. Гэтая яго якасць у большай ступені выявілася ў найважнейшай рысе характару Йаакова, пра якога сказана, што ён чалавек цэльны»1.
1 Герц Й. Г. Комментарнй // Пятнкннжне н гафтарот: Нврнтскнй текст с русскнм переводом н класснческнм комментарнем «Сончнно». М.; Нерусалнм, 1999. С. 173.
У яўрэйскай культуры вобраз Ісаака стаў увасабленнем той праведнасці, на якой трымаецца свет, абсалютнай адданасці Божай волі, самаахвярнасці ў Імя Бога. Ісаак асацыюецца з усімі тымі, хто быў нявінна забіты, адданы на закланне (напрыклад, у паэзіі Нэлі Закс з яе генеральнай тэмай Халакосту і аплаквання загінуўшых), з тымі, хто спадзяецца на выратаванне Божае. Сцэна «Звязванне Ісаака» ўвасобленая ў фрэсках сінагогаў у Дура-Эўрапас і Бэт-Альфе.
У хрысціянскай традыцыі вобраз Ісаака прачытваецца як правобраз Ісуса Хрыста, добраахвотнае ўзыходжанне Ісаака на ахвярнік — як добраахвотная ахвяра, прынесеная за грахі людзей Ісусам. Гэта выяўляецца ў тым, што сюжэт з ахвярапрынашэннем Аўраама, які таксама завецца ахвярапрынашэннем Ісаака, заняў цэнтральнае месца ў сістэме сярэднявечнай хрысціянскай тыпалогіі — адшукванні паралеляў паміж Старым і Новым Запаветамі. Гэта знайшло адлюстраванне ў іканаграфіі: Ісаак, які нясе галлё (дровы) для вогнішча, — правобраз Хрыста, які нясе крыж; ягня — сімвал Ісуса, Ягня (Агнеца) Божага, Якога прыносяць у ахвяру; само ахвяраванне — правобраз раскрыжавання. Еўрапейскія мастакі звычайна звярталіся да вобраза Ісаака менавіта ў сувязі з сюжэтам «Ахвярапрынашэнне Аўраама» (гл. папярэдні падраздзел) і прадстаўлялі яго аголеным юнаком, які стаіць на каленях перад Аўраамам (а той заносіць над ім нож) або ляжыць, звязаны, на алтары; пры гэтым анёл затрымлівае руку Аўраама. Таксама ў хрысціянскай іканаграфіі шырока вядомы сюжэт «Ісаак благаслаўляе Іакава» (напрыклад, мазаіка сабора Монрэадэ, Сіцылія, першая палова ХШ ст.). Ісаака і Рэвеку ўвасобіў на сваёй карціне «Яўрэйскае вяселле» вялікі Рэмбрандт (каля 1660).