• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    У тую ж ноч, калі прымушаны быў Іакаў бегчы з бацькоўскай хаты, ратуючыся ад помсты Эсава, і калі ён спыніўся на начлег у пустыні пад адкрытым небам, Гасподзь пацвердзіў Свой Запавет з Іакавам і даў яму новае благаславенне. Гэты славуты эпізод атрымаў дзве назвы — «Сон Іакава» і «Лесвіца Іакава», бо ўбачыў патрыярх цудоўны сон, а ў сне — нейкую таямнічую лесвіцу (а можа, і не лесвіцу ў прамым сэнсе): «I ўбачыў у сне: вось, лесвіца пастаўленая на зямлі, а верх яе датыкаецца да неба; н вось, анёлы Божыя ўзыходзяць і спускаюцца па ёй. // I вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Аўраама, бацькі твайго, і Бог Йіцхака. Зямлю, на якой ты ляжыш, аддам табе і нашчадкам тваім. // I будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і распаўсюдзішся на захад і на ўсход, на поўнач і на поўдзень; і благаславяцца ў табе і ў семені тваім [у нашчадках тваіх] усе плямёны зямныя»
    (Быц 28:12—14). Гэтай, ужо знаёмай, формулай Абяцання, якая паўтарае, нібыта на новым вітку спіралепадобнага руху, тое, што раней прамоўленае было Аўрааму і Ісааку, Гасподзь усталёўвае такую важную пераемную сувязь у гісторыі Запавету — сувязь, што ідзе ад бацькі да сына, а потым і да ўнука, ад аднаго пакалення — да другога. Што ж убачыў Іакаў у сваім незвычайным, безумоўна прарочым сне? На гэта складана адказаць адназначна — як у самым прамым, простым, так і ў сімвалічным плане. У арыгінале стаіць слова сулам, якое традыцыйна перакладаецца як «лесвіца» і так разумеецца ў сучасным іўрыце. Але слова гэтае загадкавае: яно толькі адзін раз ужываецца ва ўсім тэксце Танаха (такія словы, ужо даўно пералічаныя навукоўцамі, атрымалі агульную назву на лаціне hapax legomena). 3 гэтага вынікае, што мы не ведаем яго дакладнага значэння, бо няма параўнальнага кантэксту. Ці ўбачыў Іакаў лесвіцу ў нашым сэнсе слова — з прыступкамі, па якіх можна падымацца і спускацца? Напісана ж, што анёлы «ўзыходзяць і спускаюцца» па гэтай лесвіцы. Але хто сказаў, што анёлам патрэбныя прыступкі? Яны ж істоты суцэльна духоўныя! Безумоўнае адно, што вынікае з унутранай логікі біблейнага тэксту, яго сімволікі: Іакаў убачыў толькі яму адкрытую Богам, бачную яго духоўнаму зроку глыбінную і непарыўную сувязь паміж светам вышнім і дольнім, нябесным і зямным, Боскім і чалавечым. Магчыма, ён убачыў тую самую светавую вось — вось, на якой трымаецца сусвет і якую так любілі выяўляць па-рознаму на сваіх карцінах мастакі эпохі барока. Містычная вось, што знітоўвае найвышэйшыя і ніжнія светы, эманацыя найвышэйшых сфірот (сфераў), або атрыбутаў Бога, у ніжэйшыя — гэтая ідэя будзе надзвычай важная і для яўрэйскай містыкі (для Кабалы), і для містыкі хрысціянскай; пры гэтым першая вельмі моцна паўплывала на апошнюю. «Лесвіца Іакава» — гэта і сімвал духоўнага ўзыходжання чалавека на шляху маральнага самаўдасканалення і Богапазнання, і сімвал містычнага шляху душы да найвышэйшых светаў, дзе яна сустракаецца з Богам, і сімвал самой гісторыі чалавецтва, якая, як верыць Біблія, ёсць, нягледзячы на ўсе падзенні, гісторыя духоўнага ўзыходжання, гісторыя вельмі няпрос-
    тага шляху да Адзінабожжа і Месіянскай эры. Велічныя словы, прамоўленыя Богам Іакаву, сапраўды нясуць у сабе ў згорнутым выглядзе ўсю наступную гісторыю як выбранага народа (ён будзе воляю гістарычнага лёсу раскіданы і на захад, у Рымскую імперыю, і на ўсход, на прасторы былой Вавілоніі; ён будзе жыць на поўначы — у краінах Заходняй і Усходняй Еўропы, а потым ізноў рушыць на поўдзень — пачне сабірацца ў Святой Зямлі, будзе адроджаная яўрэйская дзяржава), так і ўсяго чалавецтва (праз «семя» Іакава, г. зн. праз яго нашчадкаў, праз Святое Пісанне, запісанае і захаванае народам Божым, народзяцца хрысціянства і іслам і таксама распаўсюдзяцца на ўсе чатыры канцы свету, а ў будучым — прыйдзе Выратавальнік, Памазанік Божы — Месія).
    У прароцкім сне Гасподзь абяцае Іакаву Сваю неадменную абарону і ахову (так «працуе» этымалогія — на гэты раз ужо цалкам навуковая — імя патрыярха): «I вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ты ні пойдзеш; і вярну цябе ў зямлю гэтую, бо Я не пакіну цябе, пакуль не зраблю таго, што Я сказаў табе» (Быц 28:15). Гэтыя словы, прамоўленыя праайцу Іакаву, як вялікае суцяшэнне паўтараў яўрэйскі народ на працягу амаль двухтысячагадовага блукання па дарогах выгнання, несучы ў душы палымяную надзею і веру на здзяйсненне Абяцання, на выратаванне, на вяртанне на радзіму продкаў... Іакаў жа, прачнуўшыся, перажывае незвычайнае ўзрушэнне, святы страх — трапятанне душы ад адчування прысутнасці no634 Найвялікшай Сілы, Усёмагутнага, Які адкрыўся яму як Бог Жывы, як Бацька, які будзе падтрымліваць і абараняць. Ён разумее, што месца, дзе дадзенае яму было Адкрыццё, вельмі святое: «...сапраўды Гасподзь прысутнічае на месцы гэтым, а я і не ведаў! 1 затрапятаў, і прамовіў: якое страшнае месца гэтае! Гэта не што іншае, як дом Божы, гэта брама нябесная» (Быц 28:17', ізноў падкрэслім: нора — не страх перад фізічнай небяспекай, але трапятанне перад высокім і неспасцігальным). Іакаў ставіць на гэтым месцы помнік (камень, які, кладучыся спаць, падлажыў сабе пад галаву; напэўна, ён быў доўгі па форме і нагадваў абеліск), прыносіць ахвяру Богу, выліваючы на камень алей, і адначасова дае асаблівую назву гэтаму
    месцу: Бэт-Эль — Дом Божы (у славянскай Бібліі — Вефіль). Іакаў дае абяцанне пасля паспяховага вяртання ў родную зямлю прысвяціць Богу дзесятую частку сваёй маёмасці (адсюль, як і з эпізоду благаславення Аўраама Малькі-Цэдэкам, — уяўленне аб дзесяідіне, якую трэба ахвяраваць на Храм і справы міласэрнасці). Як паведамляе равіністычны каментар, месцам, дзе Іакаў убачыў дзівосны сон, была тая самая гара Морыя, на якой некалі яго бацька Ісаак ляжаў на ахвярніку падчас высокага і страшнага выпрабавання веры і на якой пазней Саламон пабудуе Іерусалімскі Храм. А яшчэ Мідраш суправаджае славуты эпізод наступнымі каментарамі: «“Убачыў Іакаў у сне: лесвіца стаіць на зямлі, а верх яе датыкаецца да неба, і анёлы ўзыходзяць і спускаюцца па ёй”. Гэта былі духі-апекуны чатырох царстваў “палону і выгнання” Ізраіля. “I вось Гасподзь стаіць над ім”. Пры з’яўленні Усявышняга пырхнулі духі, якія навявалі на Іакава змрочныя відзежы будучых стагоддзяў. I стаяў Гасподзь і, нібыта добрая няня, авяваў твар паглыбленага ў сон»1. Сапраўды, якую безліч значэнняў тоіць у сабе біблейны тэкст, якімі новымі і новымі гранямі адкрываецца чалавеку ў залежнасці ад яго духоўнага і гістарычнага досведу! I яшчэ: «Раў Ісаак казаў: “Усю зямлю Ханаанскую Гасподзь скруціў, як скручваюць скрутак папірусу, і, паклаўшы яе пад галаву Іакава, прамовіў: зямлю, на якой ты ляжыш, Я аддам табе і нашчадкам тваім”»2.
    Іакаў накіроўвае свой шлях да брата Рэвекі, свайго дзядзькі Лавана. Пасля доўгага пераходу праз пустыню яго вачам адкрылася наступная карціна: «...вось, калодзеж у полі, і вось, там тры статкі дробнай скаціны размясціліся вакол яго, таму што з таго калодзежа пояць статкі, а камень над вусцем калодзежа вялікі» (Быц 29:2). Пад калодзежам, калі ён вызначаны словам бээр, маецца на ўвазе крыніца; жывая крынічная вада, без якой немагчымае жыццё, вельмі цанілася і цэніцца ў тых краях. Такі калодзеж сапраўды закрывалі вялізным каменем — і каб у ім не высыхала на спякотным сонцы вада, і (гэта галоў-
    1 Агада... С. 38-39.
    2 Тамсама. С. 39.
    нае) каб ім не змог ніхто карыстацца асобна, употай, але толькі калі сабяруцца разам усе пастухі, усе статкі на вадапой (тады і змогуць адхінуць вялізны камень).
    Як ужо адзначалася, на сімвалічнай мове Танаха калодзеж — сімвал ісціны, адкрыцця духоўнага зроку, самога слова Божага. На іўрыце слова баар, ад якога паходзіць бээр, мае значэнне не толькі «капаць», «паглыбляць», але і «даследаваць», «тлумачыць», «шукаць глыбінны сэнс». Вось чаму Дз. У. Шчадравіцкі лічыць, што падтэкст апісання таго калодзежа, які ўбачыў Іакаў, наступны: «...гэта не толькі калодзеж, які капаюць, але і паглыбленае даследаванне, тлумачэнне Святога Пісання. ...Тут заключаны вялікі правобраз: слова Божае, “калодзеж водаў жывых”, — і “тры статкі авечак”, г. зн. тры сусветныя монатэістычныя рэлігіі: Іудаізм, Хрысціянства і Іслам. Усе яны збіраюцца каля адной і той жа крыніцы — слова Божага, бо і ў Каране пераказаныя тыя ж запаветы Божыя, што і ў Бібліі іудзейскай і хрысціянскай. Але над вусцем калодзежа ляжыць “вялікі камень”: ісціна схаваная ад большасці людзей, ад непасвечаных, і цяжка людзям самім спасцігнуць слова Божае. I толькі калі “збіраюцца ўсе”, г. зн. калі прадстаўнікі ўсіх вучэнняў, заснаваных на Адкрыцці Божым, аб’ядноўваюцца і засяроджваюцца на галоўным — на Самім Усявышнім і духоўным шляху да Яго, на ўнутраным дыялогу з Госпадам, забываючыся на свае спрэчкі, адрозненні і “карэнныя нязгоды”, — тады “камень” адвальваецца. Але людзі, крыху зачэрпнуўшы і напіўшыся, зноў кладуць камень на вусце калодзежа, і зноў закрытае ад іх слова Божае — яно не толькі “пад пакрывалам” (2 Кар 3:14—15), яно пад вялікім цяжкім каменем, зрушыць які пад сілу толькі ўсім супольна...»1
    Але вернемся да прамога сэнсу біблейнага тэксту. Даведаўшыся, што пастухі, якія прыгналі да крыніцы свае статкі, з Харана, Іакаў распытвае, ці не ведаюць яны пра Лавана, сына Нахора; і пакуль яны гутараць, сюды ж прыходзіць малодшая дачка Лавана — прыгажуня Рахель (Рахіль), якая пасе авечак свайго бацькі, бо няма ў яго
    1 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В8т. Т. 1—3. Пятнкнмжне Монсеево. С. 232, 233.
    сыноў. Як толькі ўбачыў Іакаў Рахель, ён зразумеў, што гэта яго лёс. Ён пакахаў яе з першага позірку. Каханне ўдарыла яго, нібы бліскавіца, імгненна ўзвысіла яго духоўна, надало незвычайную моц — такую, што ён адзін змог адваліць вялізны камень і дапамагчы Рахелі напаіць авечак: «I было, калі Йаакоў убачыў Рахель, дачку Лавана, брата маці сваёй, і авечак Лавана, брата маці сваёй, то падышоў Йаакоў і адваліў камень ад вусця калодзежа, і напаіў авечак Лавана, брата маці сваёй» (Быц 29:10). Біблейны апавядальнік падкрэслівае: што каханне Іакава такое вялікае, што адступаюць, становяцца залішнімі і непатрэбнымі ўсе словы, бо яны не могуць адэкватна выявіць яго пачуцці, а могуць толькі слёзы на вачах: «1 пацалаваў Йаакоў Рахель, і ўзвысіў голас свой, і заплакаў» (Быц 29:11). Як геніяльна сцісла перададзенае тут адчуванне моцнага эмацыянальнага ўдару, калі амаль спыняецца дыханне, аднімаецца мова! Нездарма Іакаў, надзелены такой здольнасцю горача і мойна кахаць, становіцца ўвасабленнем любові, у той час як яго бацька Ісаак — надзеі, а яго дзед Аўраам — веры.