Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Пасля таго, як Іакаў месяц пражыў у Лавана, той вельмі добра зразумеў, што, па-першае, ён пакахаў яго малодшую дачку, а па-другое — што з гэтым чалавекам, які непасрэдна звязаны з Богам, у яго хату прыйшла сама ўдача. I хітры Лаван прапануе Іакаву адслужыць яму за Рахель сем гадоў пастухом. Іакаў з вялікай радасцю пагаджаецца: «I служыў Йаакоў за Рахель сем гадоў, і былі яны ў вачах яго як некалькі дзён, бо ён кахаў яе» (Быц 29:20). Так ізноў адной кароткай фразай біблейны апавядальнік здольны перадаць напружанне пачуццяў, моц кахання, стан душы героя. «Рахнль! Для того, кто во властн твоей, // Семь лет — словно семь ослепнтельных дней», — напіша ў свой час Ганна Ахматава ў вершы «й встретнл йаков в долнне Рахнль...» (цыкл «Біблейныя вершы»). Безумоўна, гісторыя кахання Іакава і Рахелі — адна з самых высокіх і трагічных, адна з самых славутых не толькі ў Бібліі, але і ў сусветнай літаратуры. Іакаў доўга чакае ажыццяўлення сваёй мары, і ў гэтым, напэўна, ёсць асаблівы сімвалічны сэнс. Рахель, імя якой значыць «авечка» і адначасова «лагодная», «пакорлівая» (бо авечка —
увасабленне пакорлівасці), вельмі блізкая да душы цярплівага Іакава, надзеленага неверагоднай сілай духу; так і пакорлівасць Рахелі абарочваецца такой жа ўпартасцю і душэўнай цвёрдасцю ў імкненні да ажыццяўлення мэты. На думку Дз. У. Шчадравіцкага, «Рахіль абазначае пяшчотную, як авечка, найтанчэйшую і найглыбейшую частку душы, напоўненай інтуіцыяй, якая не адразу абуджаецца ў чалавеку, не адразу ўступае ў злучэнне з яго зямной самасвядомасцю»1.
Калі скончыліся сем гадоў службы Іакава ў Лавана, гадоў доўгіх і адначасова кароткіх, бо яны напоўненыя былі імкненнем да каханай, чаканнем шчасця, калі настаў час ажыццяўлення кахання, час вяселля, хітры Лаван пад покрывам начной цемры ўвёў у шлюбны пакой да Іакава сваю старэйшую дачку, «слабую» вачыма Лею (Лію). Толькі на досвітку Іакаў, які ўсю жарсць свайго пачуцця аддаў Рахелі, з жахам зразумеў, што перад ім — Лея: «I аказалася раніцой, што вось — гэта Лея» (Быц 29:25). Можна толькі ўявіць сабе, як быў паражоны ў самае сэрца Іакаў, калі ўбачыў гэтую падмену. I можа, у гэты момант ён асабліва яскрава зразумеў: відаць, гэта адплата за той хоць і вымушаны, але падман, з дапамогай якога ён атрымаў благаславенне. Дарэчы, Мідраш акцэнтуе гэты момант, адначасова падкрэсліваючы, што Іакаў вымушаны быў так зрабіць у Імя Усявышняга. Паводле Мідраша, Іакаў з абурэннем звярнуўся да Леі, якая выдала сябе за сястру: «Як ты асмелілася прыкінуцца, што ты мая нявеста і адгукнуцца на яе імя?» А Лея адказала: «Я паводзіла сябе як твая вучаніца. У цябе я навучылася, як гэта зрабіць. Хіба не ты прыйшоў да свайго бацькі, апрануты, як Эсаў, і адгукнуўся на яго імя? Я толькі ўзяла прыклад з цябе»2. Адказ Леі, на думку яўрэйскіх каментатараў, меў на ўвазе тое, што яна паводзіла сябе гэтак жа, як і Іакаў, свядома ідучы на падман дзеля дасягнення ісціны, дзеля Усявышняга, у імя Нябёсаў (ле-шэм Шамаім).
1 Шедровнцкнй Д.В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятакннжне Монсеево. С. 234.
2 Вейсман М. Мндраш рассказывает: В 6 т. Т. 2. Берешнт II. йерусалнм, 1990. С. 62.
Калі іакаў пытаецца ў Лавана, навошта той падмануў яго («Што гэта зрабіў ты мне? Ці не за Рахель служыў я ў цябе? Навошта ты падмануў мяне?» (Быц 29:25)), то чуе ў адказ: «...не робіцца так у нашай мясцовасці, каб выдаваць малодшую раней за старэйшую» (Быц 29:26). У Лавана свае разлікі, яму няма справы да глыбокіх пачуццяў яго дачкі і Іакава, яго задача — выканаць звычай ды яшчэ мацней прывязаць да сваёй гаспадаркі гэтага ўлюбёнца лёсу. На яго думку, Іакаў можа ажаніцца адразу з дзвюма яго дачкамі; Тора ж падкрэслівае настойліва, як сэрца кожнага з патрыярхаў яўрэйскага народа належыць толькі адной, сапраўды каханай жанчыне (так і павінна быць у свеце Адзінабожжа, дзе сэрца чалавека аддадзенае Адзінаму Богу). Лаван прапануе Іакаву праз тыдзень яшчэ адно вяселле — з Рахеллю, але бярэ з яго клятву, што ён адслужыць яму яшчэ сем гадоў.
Так каханая Рахель стала толькі другой жонкай Іакава; і хаця кахаў ён толькі яе адну, але, паводле законаў патрыярхальнага свету, як і паводле свайго сумлення, не мог адмовіцца ад Леі: для яе гэта значыла б вечны пазор і няшчасце. Як можна зразумець з тэксту, Лея вельмі моцна кахала Іакава. Яе старажытнае імя, якое дакладней гучыць як Лёа і, магчыма, этымалагізуецца як «карова», можна вывесці таксама ад дзеяслова лаа — «стамляцца», «нясілець», «знемагаць». Магчыма, гэта значыць, што ўсе свае сілы гэтая жанчына аддала сваёй сям’і, дзецям, упарадкаванню зямнога быцця. «Лія сімвалізуе тую частку душы чалавека, якая аддае свае сілы зямному, пачуццёваму жыццю»1. Да гэтага часу застаецца загадкай, што было з вачыма Леі. «Слабая вачыма» — гэта ўказанне на нейкую хваробу вачэй ці на нешта больш глыбокае, сімвалічнае? Магчыма, гэта можна разумець як тое, што яна не валодала той унутранай, душэўнай празорлівасцю, якой была надзеленая Рахель. Але яўрэйскія каментатары, глыбока паважаючы Лею як адну з прамаці яўрэйскага народа, схільныя лічыць, што яна таксама была надзеленая высокім прароцкім дарам і што вочы яе сталі слабыя, бо прад-
1 ІЦедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхяй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 234.
бачыла яна, як ніхто, цяжкі лёс сваіх дзяцей і пралівала горкія слёзы, ад якіх пачала слепнуць. Так ці інакш, але цяпер ужо Лея і Рахель разам мусілі будаваць дом Йаакова — не толькі ў прамым сэнсе стварэння сям’і, але і ў сэнсе нараджэння народа Ізраіля.
Каханню Іакава і Рахелі наканаваныя былі цяжкія выпрабаванні, бо чым вышэй выбранасць, тым большыя іспыты пасылае чалавеку Гасподзь, але не большыя, чым можа вытрымаць чалавек. 3 Рахеллю паўтарылася гісторыя Сары і Рыўкі, якія доўга мучыліся і перажывалі, не могучы нарадзіць дзіця. «...Гасподзь убачыў, што Лея некаханая і адкрыў улонне яе, а Рахель была няплодная» (Быц 29:31). Рахель назірае, як аднаго за другім нараджае Лея сыноў для Іакава, і страшэнна пакутуе ад таго, што яна ні на што не здольная, і зайздросціць сястры. Даведзеная да адчаю, яна аднойчы ў роспачы сказала мужу: «Дай мне дзяцей, а калі не, то я паміраю» (Быц 30:1). I тут нават цярплівы Іакаў не вытрымаў і раззлаваўся на яе: «Ці ж я на месцы Бога, які пазбавіў цябе плоду чэрава?» (Быц 30:2). Цікава, што яўрэйскія мудрацы, абмяркоўваючы гэты эпізод, упікнулі Іакаву за тое, што ён так жорстка размаўляў з беднай жанчынай. Паводле Мідраша, Гасподзь не адобрыў словы Іакава, які не пачуў сэрцам просьбу Рахелі маліцца за яе, і нібыта сказаў: «Хіба ж можна так размаўляць з бяздзетнай жанчынай? Клянуся табе, твае сыны ў будучым будуць стаяць перад яе сынам, і ён паўторыць твае словы ў іх адрас»1.
Аднак, безумоўна, Іакаў аддана кахаў Рахель, служыў за яе яшчэ сем гадоў у Лавана, маліўся за яе. Нарэшце Бог убачыў гатоўнасць іх душаў, якія ачышчаліся пакутамі: «I ўспомніў Бог пра Рахель, і пачуў яе Бог, і адкрыў улонне яе. // I яна зацяжарыла, і нарадзіла сына, і прамовіла: зняў Бог пазор мой. // I дала яму імя Ёсэф, прамовіўшы: няхай прыбавіць мне Гасподзь другога сына!» (Быц 30:22). Так з’яўляецца на свет знакаміты Іосіф, з якім будзе звязаная вельмі значная частка аповеду ў Кнізе Быцця. Само яго імя тлумачыцца ў пажаданні Рахелі, бо,
1 Вейсман М. Мндраш рассказывает. В 6 т. Т. 2. Берешнт II. С. 65— 66. Маецца на ўвазе гісторыя Іосіфа, сына Рахелі, і яго братоў, сыноў Леі (гл. наступны падраздзел).
не паспеўшы нарадзіць аднаго сына, яна ўжо марыць пра другога: Йосэф-[Эль] значыць літаральна «няхай прыбавіць [Бог]». Бог сапраўды прыбавіў, даў яшчэ аднаго сына Рахелі, але гэты сын каштаваў ёй жыцця. Усяго ж на працягу дваццацігадовай службы ў Лавана (Быц 31:38, 41) нарадзіліся дзесяць з адзінаццаці сыноў Іакава, якія сталі потым родапачынальнікамі каленаў Ізраілевых. Ад Леі спачатку нарадзіліся: Рэувён (Рувім), Шымон (Сімяон), Леві (Левій), Йегуда (Іуда). Рахель, якая ў гэты час заставалася ўсё яшчэ бяздзетнай, дала Іакаву сваю служанку Більгу (Валу), каб тая «нарадзіла на калені» Рахелі, г. зн. замест яе, і так з’явіліся на свет Дан і Нафталі' (Нефалім). Следам за Рахеллю Лея, страціўшы на доўгі час здольнасць нараджаць, дала Іакаву сваю служанку Зільпу (Зелфу), і тая нарадзіла Гада і Ашэра (Асіра). Потым ізноў сама Лея нарадзіла Ісахара і Зэвулўна (Завулона), а пазней, ужо ў Ханаане, — дачку Дзіну; нарэшце, Рахель нарадзіла Іосіфа, ад якога — праз яго сыноў Менашэ (Манасіі) і Эфраіма (Яфрэма), якіх сімвалічна ўсынавіў Іакаў, — пойдуць два калены (яны часта фігуруюць у Торы і як два паўкалены, што аб’ядноўваюцца ў калена Іосіфа).
Пасля нараджэння Іосіфа, калі настаў пэўны, толькі Богу вядомы тэрмін, Іакаў пачуў заклік Божы: «...цяпер устань, выйдзі з гэтай зямлі і вярніся ў зямлю радзімы тваёй» (Быц 31:13). Выбраннік Божы не можа не адгукнуцца на такі заклік. Іакаў рушыў у шлях употай ад Лавана, узяўшы з сабою статкі, якія ён вельмі няпроста зарабіў у скупога гаспадара, Лею, Рахель, дзяцей, слугаў і памочнікаў. Раз’юшаны Лаван кінуўся даганяць уцекачоў, але Сам Бог абараніў Свайго выбранніка і яго сям’ю. 1 нездарма далей сказана: «I пайшоў Іакаў шляхам сваім, і сустрэлі яго анёлы Божыя» (Быц 32:1). Гэта ўказанне на тое, што Іакаў знайшоў свой правільны шлях у жыцці, шлях з Богам і перад Богам. За час дваццацігадовага выпрабавання ў Лавана вялікія змены адбыліся ў душы Іакава; ён дасягнуў ступені незвычайнай духоўнай сталасці, ён «прыляпіўся» душою да Бога. 1 чым больш набліжаўся Іакаў да Ханаана, тым больш думаў ён пра сваю віну перад братам Эсавам, пра тое, што той можа адпомсціць яму і што
гэтая помста можа абрынуцца на жанчын і дзяцей. Перадусім Іакаў спадзяваецца на Бога, але і сам робіць усё, каб памякчыць гнеў свайго брата. Ён пасылае яму вестку пра сваё вяртанне на радзіму і багатыя падарункі — ажно 550 галоў рознай свойскай жывёлы. Чаму столькі? Як падкрэслівае яўрэйская каментатарская традыцыя, 550 — лічбавае значэнне дзеяслова такан — «выпраўляць», «выпрамляць». Іакаў хоча выправіць — не толькі падарункамі, але і малітваю — стасункі з братам, хоча перамагчы зло ў яго душы, скіраваць яго на дабро.