Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
Браты адчайна зайздросцілі Іосіфу, бо адчувалі, што бацька — воляю ці няволяю — ставіцца да Іосіфа інакш, чым да іх; і не толькі адчувалі — бачылі. Так, настолькі не мог Іакаў утрымацца перад просьбамі свайго ўлюбёнца, што нават справіў яму асаблівую вопратку з каштоўнай рознакаляровай тканіны — кетбнет пасім (у рускім Сінадальным перакладзе — «разноцветная одежда»), Цікава, што слова кетонет — тое самае, што і грэчаскае хітон — доўгае, у складках, мужчынскае адзенне з тонкай ільняной ці шарсцяной тканіны. Але ж у тым і справа, што да грэкаў гэтая мода прыйшла з Усходу, з Фінікіі, як запазычанае было і само слова. Тканіна для кетонетаўхітонаў афарбоўвалася ў каштоўны пурпур — чырвоную фарбу, вельмі стойкую, якую вынайшлі фінікійцы (здабывалі з пэўнага віду марскога малюска). Для старажытнаяўрэйскіх пастухоў, быт якіх быў суровым і простым і якія насілі часцей за ўсё адзенне з выбеленага льну ці грубай шэрсці, такое адзенне здавалася сапраўдным скарбам, царскай вопраткай. Можна толькі ўявіць, як злаваліся астатнія сыны Іакава, як зайздросцілі Іосіфу: «I ўбачылі браты яго, што бацька іх любіць яго болыц за ўсіх братоў яго; і ўзненавідзелі яго, і не маглі гаварыць з ім дружалюбна» (Быц 37:4). Іакаў жа, як падкрэслівае Мідраш, здагадваўся, што яго сыну дадзены асаблівы дар духоўнага лідэрства, што ў рэшце рэштаў ён стане духоўным кіраўніком сваіх братоў і ўратуе іх у цяжкі момант жыцця, больш таго — выратуе іх душы; таму ён і адзначыў свайго сына царскай вопраткай. Але сам тэкст Торы —
прамы яго сэнс — дае нам зразумець, што і бацька яшчэ не зусім ведае, наколькі іх агульная будучыня залежыць ад яго ўлюбёнца.
На жаль, браты зусім не разумелі Іосіфа. Ад Бога быў дадзены яму найвялікшы дар снабачання і снаведання, г. зн. не толькі здольнасць бачыць асаблівыя прарочыя сны, але і разумець іх, умець растлумачыць іх, і не толькі свае сны, але і чужыя (у Танаху такім дзівосным дарам будзе надзелены, апрача Іосіфа, толькі адзін герой — тайназнаўца Даніэль, або Данііл). Браты ж не могуць без раздражнення слухаць, як распавядае ім пра новы свой сон гэты бацькоўскі пястун: «I сказаў ён ім: выслухайце сон гэты, які я сасніў. // I вось, вяжам мы снапы сярод поля; і вось, падняўся мой сноп і стаў прама; і вось, абапал сталі вашы снапы і пакланіліся майму снапу. // I сказалі яму браты яго: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо ты будзеш валодаць намі? 1 яшчэ болей узненавідзелі яго за сны яго і за словы яго» (Быц 37:6—8). Сон Іосіфа мае вялікую рацыю і безумоўна спраўдзіцца, але пакуль што ніхто не ведае пра гэта. Сон гаворыць, што Іосіф выбраны Богам для ўлады на зямлі (яе сімвалізуюць жніво і пакланенне) і што ён духоўна пераўзыходзіць братоў і будзе ратаваць іх і сваёй зямной уладай, і сваёй духоўнасцю. Браты «ўзненавідзелі яго за сны», г. зн. за выбранасць яго Богам, за духоўную моц, якую яны інтуітыўна адчувалі, і «за словы» — за тое, што ён такі чысты і бясхітрасны, нават не можа зразумець, што лепш пакуль што схаваць свой дар.
Сапраўды, прастадушны і наіўны юнак, Іосіф нават і падумаць не можа, што браты тояць у сваіх душах такую нянавісць да яго; ён працягвае распавядаць ім свае сны: «I сасніў ён яшчэ другі сон, і распавёў яго братам сваім, і сказаў: вось, сасніў я яшчэ сон, што вось, сонца і месяц і адзінаццаць зорак кланяюцца мне» (Быц 37:9). Гэты сон уяўляе сабою, з аднаго боку, празрыстую алегорыю: сонца — сам Іакаў, месяц — Рахель, зоркі — яго браты; такое прачытанне пацвярджае сам Іакаў, які крыху напалоханы рэакцыяй іншых сваіх сыноў («I зайздросцілі яму браты, а бацька заўважыў гэта» (Быц 37:11)) і імкнецца папярэдзіць Іосіфа, каб ён быў асцярожней: «...і паўпікаў
яму бацька яго, і сказаў яму: што гэта за сон, што сасніў ты? Няўжо прыйдзем мы, я і твая маці, і браты твае, пакланіцца табе да зямлі?» (Быц 37:10). Але, як мы памятаем, маці Іосіфа ўжо не было ў жывых, і гэта ўказанне на тое, што таямнічы сон Іосіфа мае яшчэ адно, эсхаталагічнае прачытанне: ён тычыцца свету нябеснага (калі снапы былі на зямлі, то сонца, месяц, зоркі — на небе), Царства Божага (Мальхўт Элогім), або, як прынята яго яшчэ вызначаць у яўрэйскай традыцыі, — Олам га-ба — Свету будучага, Свету будучыні. Гаворка ідзе пра тое, што Сам Гасподзь узвысіць Іосіфа ў Царстве Нябесным, і што ў гэтым найвялікшым Царстве апынуцца і яго бацькі, і яго браты, якіх ён так любіць... Дарэчы, гэты сон Іосіфа асаблівым чынам адгукнецца ў Новым Запавеце — у Адкрыцці (Апакаліпсісе) Іаана (Яна) Багаслова. У 12-м раздзеле гэтай кнігі паўстае вобраз народа Божага (і адначасова Багародзіцы, бо ўвесь народ і ёсць Маці, што дасць свету Месію; сам Іакаў-Ізраіль сімвалізуе народ Божы), у якім выкарыстаная сімволіка знакамітага сну Іосіфа: «I з’явіўся на небе вялікі знак — жанчына, апранутая ў сонца; пад нагамі яе месяц, і на галаве яе вянец з дванаццаці зорак. // Яна мела ў чэраве і крычала ад боляў і пакутаў нараджэння» (Адкр 12:1—2; паводле Сінадальнага перакладу). I тэкст Адкрыцця ў новазапаветным каноне, і сон Іосіфа ў больш старажытным тэксце Торы гавораць, па сутнасці, аб адным — аб кардынальным пераўтварэнні свету, аб вялікім Збаўленні чалавецтва, якое немагчымае без прыходу Месіі, а гэты прыход — без выратавання выбранага роду Божага; апошняе ж залежыць ад Іосіфа...
Такім чынам, гаворка ідзе пра асаблівае выбранніцтва Божае ў дачыненні да Іосіфа. I менавіта гэтага яго браты не могуць вытрымаць, хаця і не вельмі вераць (не хочуць паверыць) у асаблівае прызначэнне брата. Наадварот, калі Іакаў пасылае Іосіфа праведаць братоў, якія пасвяць скаціну далёка ад хаты, браты бурчаць, убачыўшы яго: «...вось снабачца той падыходзіць. // ...Цяпер жа пойдзем і заб’ем яго... ўбачым, чым стануць сны яго» (Быц 37:19—20). 3 гэтых словаў вынікае, што браты хочуць праверыць, ці праўда дадзены Іосіфу Боскі дар, тым самым кідаючы дзёрзкі выклік і чалавечнасці, і Самому Богу. У
іх душы паступова спее страшэнная задума: забіць брата. Тонкасць і неверагодная — пры надзвычайнай сцісласці — псіхалагічная глыбіня тэксту заключаюцца ў тым, што негатыўная рэакцыя братоў на Іосіфа часткова атрымлівае псіхалагічную матывацыю яго ўласнымі паводзінамі: з-за прастадушнасці і, магчыма, проста няведання яшчэ ўсёй складанасці і неадназначнасці чалавечых характараў ён, сам таго не жадаючы, правакаваў братоў — і тым, што франціў перад імі сваім прыгожым адзеннем, і тым, што бясконца распавядаў сны, і тым, што, як кажа біблейны апавядальнік, «даводзіў... дрэнныя чуткі аб іх да бацькі іх» (Быц 37:2). Безумоўна, апошняе ні ў якім выпадку нельга разумець як прымітыўнае фіскальства ці тым больш паклёпніцтва, бо Іосіф, надзелены вялікай інтуіцыяй, адчуваў, што ў душах братоў шмат няладнага, і бачыў, што паводзяць яны сябе не заўсёды дастойна, таму і імкнуўся перасцерагчы іх, выправіць іх разам з бацькам. Але, як вядома, мала каму падабаецца, калі нехта сочыць за кожным тваім крокам і даносіць куды трэба... Магчыма, геніяльны біблейны апавядальнік хоча сказаць, што зусім малады Іосіф, па-сутнасці, падлетак (зусім невыпадковае ўказанне Торы на ўзрост героя — 17 гадоў), яшчэ не навучыўся, нягледзячы на свой высокі дар, разбірацца ў элементарнай псіхалогіі людзей, хаця б не выклікаць несвядома негатыўную рэакцыю братоў.
Безумоўна, тое, што задумалі браты, не можа быць нічым апраўданае: «I ўбачылі яны яго здалёк, і перш чым ён наблізіўся да іх, яны задумалі забіць яго» (Быц 37:18). Такім чынам, можна канстатаваць, што ў гісторыі Іосіфа і яго братоў перад намі паўстае новая версія архаічнага архетыпу «блізнечны міф»: няважна, што братоў не два, a болей; важна тое, што рыхтуецца забойства, што адзін, самы ціхі і рахманы, можа быць забіты астатнімі, больш моцнымі фізічна і жорсткімі. Здаецца, ад гэтага — ад такога няроўнага размеркавання сілаў — новая варыяцыя на тэмы «блізнечнага міфа» становіцца яшчэ больш жудаснай і жорсткай (у замове супраць Іосіфа не ўдзельнічае толькі яго брат Веніямін, і таму, што ён таксама сын Рахілі, і таму, што яшчэ малы). Але можна пераканацца, наколькі Тора ізноў, і яшчэ больш кардынальна, чым у гісторыі Іакава і Ісава, «ламае» архаічна-падсвядомае, указ-
вае на шляхі, больш вартыя чалавека, на тое, што можна пераадолець варожасць і нянавісць, што яны не могуць спрадвечна вызначаць паводзіны чалавека.
Здаецца таксама, што і Іакаў, і Іосіф нешта падазраюць, хоць і не ведаюць дакладна, што задумалі браты. Гэта бачна са знешне вельмі простага дыялога паміж бацькам і сынам — дыялога, які нясе ў сабе глыбокі таямнічы падтэкст: «I сказаў Йісраэль Ёсэфу: браты ж твае пасвяць у Шхеме; пайдзі ж, я пашлю цябе да іх. I ён сказаў яму: вось я. II I ён сказаў: пайдзі ж, паглядзі, ці здаровыя браты твае і ці цэлая скаціна, і прынясі мне адказ» (Быц 37:13—14). Нездарма так настойліва ў вуснах Іакава-Ізраіля гучыць гэтае «пайдзі» — слова знакавае, указанне, што для Іосіфа надыходзіць найадказнейшы час выпрабавання, пераадолення ўласнага страху. Тое, што гучала для Аўраама, для Ісаака і для самога Іакава з вуснаў Госпада, — заклік «Устань і ідзі!» — гучыць зараз для Іосіфа з вуснаў бацькі. Паказальны таксама лаканічны і вычарпальны адказ Іосіфа: «Вось я». Так адказвалі Богу яго бацька, дзед, прадзед. Гэта адказ менавіта праведніка, выбранніка Божага: вось я ўвесь перад Табою; душа мая гатовая для самага жорсткага выпрабавання, для самай высокай ахвяры.
«I паслаў яго з даліны Хеўронскай; і ён прыйшоў у Шхем» (Быц 37:14). Іосіф мусіць прайсці даволі вялікі шлях і не адразу знаходзіць сваіх братоў, бо яны перайшлі са статкамі ў іншую мясцовасць. Здаецца, можна было б з лёгкім сумленнем вярнуцца да бацькі і растлумачыць, што проста не знайшоў братоў. Але гэтае рашэнне — не для Іосіфа. Бацька ж чакае адказу — асаблівага адказу. Ён хоча ведаць, што адбываецца з яго сынамі. Ён цьмяна прадугадвае неабходнасць выпрабавання для іх усіх. Здаецца, разумее гэта і Іосіф. I ён прынясе адказ бацьку, але праз шмат гадоў пасля гэтага, калі любоў пераадолее варожасць, калі змогуць яны зліцца ў братэрскіх абдымках. Тады Іосіф, сустракаючы пасля доўгага расстання бацьку, з лёгкім сэрцам прамовіць: «Браты мае і дом бацькі майго, якія былі ў зямлі Ханаанскай, прыйшлі да мяне» (Быц 46:31). Але да гэтага моманту яшчэ так далёка. I невыпадкова заблукаў Іосіф каля Шхема ў полі: гэта блукала яго душа перад цяжкім выпрабаваннем, сціскалася страхам... I не-