• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біблія як феномен культуры і літаратуры Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця Галіна Сініла

    Біблія як феномен культуры і літаратуры

    Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
    Галіна Сініла

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 451с.
    Мінск 2003
    124.72 МБ
    Але ўсё ж такі ў душы Іакава неспакойна. Пераправіўшы ноччу на той бераг ракі Йабок (Іавок), каля якой ён раней спыніўся станам са сваёй сям’ёй, сваіх родных, ён вяртаецца назад, каб пабыць у самоце, паразважаць, памаліцца. «I застаўся Йаакоў адзін» (Быц 32:25). I тут здарылася дзіўнае, таямнічае: з ім пачаў барацьбу нехта (у арыгінале — іш, «муж», але без пэўнага артыкля; нехта невядомы), каго ён не мог адолець, і хто не мог адолець яго. Вось як пра гэта распавядае тэкст: «I змагаўся нехта з ім да ўзыходу зары, // I ўбачыў, што не адольвае яго, і датыкнуўся да сустава сцягна яго, і вывіхнуўся сустаў сцягна Йаакова, калі ён змагаўся з ім. // I сказаў: адпусці мяне, бо ўзышла зара. // Але ён сказаў: не адпушчу цябе, пакуль не благаславіш мяне. // I сказаў той яму: як імя табе? I ён сказаў: Йаакоў. // I сказаў: не Йаакоў цяпер будзе імя табе, а Йісраэль, бо ты змагаўся з анёламі [духамі] і мужамі і перамог» (Быц 32:25—29). Так Іакаў атрымаў сваё славутае другое імя. Што ж значыць яно і з кім ён змагаўся? На гэтае пытанне няма адназначнага адказу, бо сам эпізод вельмі таямнічы і складаны. Паводле класічнага яўрэйскага каментара, муж, які змагаўся з Іакавам, быў анёл Эсава, пасланы Самім Госпадам, каб яшчэ раз выпрабаваць выбранніка, умацаваць яго, паказаць яму самому яго ўласную моц і адначасова — праз амаль сілай вырванае ў анёла благаславенне — не дапусціць ніякага зла ў дачыненні Іакава і яго блізкіх з боку Эсава. Бог дае ўказанне, што ў далейшым цяжкія стасункі будуць паміж нашчадкамі Іакава і Эсава, але ў рэшце рэштаў Эсаў прызнае духоўнае кіраўніцтва Іакава. Пры гэтым каментатары спасылаюцца на эсхаталагічнае прароцтва Міхі (Міхея):
    «У дзень той, слова Госпада, збяру кульгавае і выгнанае з’яднаю... I/ I зраблю кульгавае астаткам, і адкінутае — народам моцным, і будзе валадарыць над імі Гасподзь на гары Цыён [Сіён] ад гэтага часу і на вякі вечныя» {Mix 4:6, 7). Сапраўды, паводле падання, адзін з разрадаў анёлаў завецца ішым («мужы»), і слова элогім, што часцей за ўсё перакладаецца як «Бог», можа абазначаць і духаў, анёлаў (літаральна — «сілы»), Тое, што гэты нехта просіць Іакава адпусціць яго, бо ўжо бачная зара, таксама пацвярджае, што гэта анёл: паводле падання, анёлы на досвітку павінны з’яўляцца перад тварам Божым для свайго кшталту справаздачы. Анёл не ведае імя Іакава (Бог не стаў бы пытацца пра гэта). Да таго ж прачытанне гэтага эпізоду як барацьбы з анёлам Эсава дапамагае зразумець і наступны эпізод, у якім Іакаву ўдалося — на пэўны час — перамагчы зло ў душы Эсава (той страціў падтрымку свайго анёла, які мусіў благаславіць Іакава).
    У славутым эпізодзе шмат зрэзаў і сэнсаў, і таму мае рацыю і хрысціянскае тлумачэнне: гэтым Нехта аказваецца Сам Гасподзь, Які прымае форму Анёла (нездарма Іакаў называе гэтае месца Пэнуэль, што літаральна значыць «твар Бога», або «тварам [да твару] з Богам»), і тады ўвесь эпізод разгортваецца ў грандыёзную метафару спасціжэння ісціны праз гранічнае напружанне ўсёй чалавечай істоты, праз дзёрзкую барацьбу, якая патрабуе неверагодных намаганняў. I толькі тады паражэнне абернецца перамогай. Пра гэта пісаў і Р. М. Рыльке ў вершы «Сузіральнік» («Der Schauende»; у перакладзе Барыса Пастэрнака — «Созерцанме» («Сузіранне»)), даводзячы да нас думку, што толькі той чалавек духоўна расце, хто кожную сваю перамогу ўспрымае як паражэнне:
    Так ангел Ветхого Завета мскал соперннка под стать. Как арфу, он сжнмал атлета, которого любая жнла струною ангелу служнла, чтоб схваткой гнмн на нем сыграть.
    Кого тот ангел победнл, тот правым, не гордясь собою, выходнт нз такого боя
    в сознаньн н расцвете снл. He станет он нскать побед. Он ждет, чтоб высшее начало его все чаше побеждало, чтобы растн ему в ответ.1
    Славуты эпізод сапраўды бязмежны па шматлікіх і шматслойных зместах, якія ён утрымлівае ў сабе. I ён тлумачыць паходжанне вельмі важнага для ўсёй Бібліі імя — Йісраэль (Ізраіль). Як бачым, яго першапачаткова дае Іакаву анёл, а потым пацвярджае Сам Бог — тады, калі Іакаў прыходзіць у Ханаан: «I з’явіўся Бог Йаакову яшчэ раз пасля вяртання яго з Падан-Араму, і благаславіў яго. // I сказаў яму Бог: імя тваё Йаакоў; з гэтага часу ты не будзеш звацца Йааковам, але Йісраэль будзе імя тваё. I назваў яму імя: Йісраэль» (Быц 35:9—10). Гэтае імя, што стала імем усяго народа, які паходзіць ад Аўраама, Ісаака, Іакава, таксама мае шматмерны сэнс. Яно складаецца з двух словаў: йісра — «будзе змагацца» — і Эль — «Бог». Такім чынам, яго можна прачытаць як «будзе змагацца Бог» — змагацца за чалавека, за яго душу, змагацца за Свайго выбранніка, за Свой народ, але адначасова і як «|ен] будзе змагацца за Бога»: ён — Іакаў і народ, які пойдзе ад яго, народ Ізраіля, «ваяр Божы». Дзеяслоў сара, формай будучага часу якога з’яўляецца йісра, мае таксама значэнне «ўладарыць». Таму Йісраэль можна перакласці і як «будзе ўладарыць Бог», і як «уладар (князь) Божы» — у дачыненні да народа Божага (маецца на ўвазе духоўнае ўладаранне). «Ізраіль — гэта той, хто закліканы абвяшчаць у народах Імя Божае, г. зн. кіраваць ад Імя Божага, але не фізічна, а духоўна, сцвярджаючы ўладу Усявышняга», — піша Дз. У. Шчадравіцкі2. Ён лічыць, што славутае імя можна перакласці яшчэ і як «праведнік Божы», бо першую яго частку, складзеную з трох літараў — йуд, шын (сін) і рэйш — можна інтэрпрэтаваць як йашар — «прамы», «праведны». Таксама гэта перакладаецца і як «праведны Бог». «Бог з’яўляе Сваю праведнасць у гісторыі
    1 Рнльке Р. М. Новые стмхотворення. М., 1977. С. 271.
    2 ІДедровпцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 246.
    Іакава-Ізраіля і яго нашчадкаў, бо ў гісторыі яўрэяў вялікія абяцанні Божыя ажыццяўляюцца найбольш бачна, у ёй здзяйсняюцца Яго найвялікшыя прароцтвы. Уласна, уся гісторыя ізраільскага народа — гэта здзяйсненне прароцтваў Божых, апраўданне Яго вялікага Імя»1.
    Пасля дзіўнай барацьбы з анёлам, у выніку якой Іакаў пачаў кульгаць (адсюль — абгрунтаванне забароны Торы на ўжыванне ў ежу галёначнай жылы і наогул кумпяка дазволеных у ежу жывёлаў: «Таму не ядуць сыны Йісраэлевы сухой жылы, якая з сустава сцягна...» (Быц 32:33)), адбываецца сустрэча Іакава і Эсава. Іакаў падрыхтаваўся да найгоршага, але спадзяваўся на лепшае: «...уласкаўлю яго падарункамі, якія ідуць перада мною, а потым убачу твар яго; можа, і прыме мяне» (Быц 32:20). Калі ўбачыў Іакаў, як падыходзіць Эсаў з узброеным атрадам у чатырыста чалавек, сэрца яго замёрла. Але ён цвёрда пайшоў насустрач, пакінуўшы за сабою Лею, Рахель і дзяцей (прычым улюбёных Рахель і Іосіфа паставіў апошнімі), і пакуль ішоў да брата, кланяўся яму да зямлі сем разоў запар. У гэтым ізноў выявілася рахманая, цярплівая, цнатлівая душа Іакава. I не вытрымаў Эсаў, нешта здрыганулася ў яго сэрцы: «I пабег Эсаў да яго насустрач, і абняў яго, і паў на шыю яго, і цалаваў яго, і яны плакалі» (Быц 33:4). I падышлі потым Лея, Рахель, дзеці, і ўсе пакланіліся Эсаву. Такім чынам, Тора «ўзломлівае» звычную схему «блізнечнага міфа»: гісторыя варожасці братоў завяршаецца не забойствам, а прымірэннем, і праз гэта выказваецца надзея на пераадоленне варожасці наогул. Але ж толькі часова пераадолеў варожасць і гнеў у сваім сэрцы Эсаў, і далей кожны з братоў ідзе сваім шляхам.
    У Ханаане Іакаў пасяляецца каля Шхема (Сіхема), набыўшы там участак зямлі. Тут страшэнная гісторыя адбываецца з яго адзінай дачкой — Дзінай, а таксама з жыхарамі Шхема. У Дзіну закахаўся Шхем, сын Хамора (Емора, або Эмора), цара Шхема. Ён не змог пераадолець свайго юру і згвалтаваў Дзіну, але потым захацеў ажаніцца з ёю і прыслаў сватоў да Іакава. Аднак сыны Іакава, і перадусім Шымон і Леві, былі страшэнна абураныя і раззлаваныя тым,
    1 Шедровнцкнй Д. В. Введенне в Ветхнй Завет: В 8 т. Т. 1—3. Пятнкннжне Монсеево. С. 246.
    што іх сястра зганьбаваная, і задумалі жудасную помсту. Яны высунулі як умову шлюбу Хамора і Дзіны абразанне ўсіх мужчын у Шхеме. Калі гэтае патрабаванне было выкананае і ўсе мужчыны Шхема былі хворыя, Шымон і Леві напалі на горад і перабілі мячамі ўсіх мужчын, узялі ў палон жанчын і дзяцей, а таксама захапілі маёмасць жыхароў Шхема. Гэта выклікала рэзкае нараканне з боку Іакава, бо ён хацеў міру з мясцовымі плямёнамі: «I сказаў Йаакоў Шымону і Леві: вы збянтэжылі мяне, зрабілі мяне ненавісным для жыхароў гэтай зямлі... // А ў мяне людзей мала; збяруцца супраць мяне, разаб’юць мяне, і знішчаны буду я і дом мой» (Быц 34:30). Але браты сурова адказалі: «Няўжо як з блудніцаю абыходзіцца яму з сястрою нашаю?» (Быц 34:31).
    Паводле загаду Бога Іакаў адпраўляецца ў Бэт-Эль і будуе ахвярнік на тым самым месцы, дзе некалі атрымаў Адкрыццё. Бог яшчэ раз благаслаўляе яго, пацвярджае яго новае імя — Йісраэль — і абяцае яму і яго нашчадкам зямлю Ханаан. Потым Іакаў здымаецца са сваімі шатрамі і статкамі, каб ісці ў Бэт-Лэхем (Віфлеем), але па дарозе яго чакае страшэнная страта: падчас родаў памірае яго каханая Рахель, пакідаючы на руках Іакава апошняга яго сына: «I калі душа яе пакідала, бо яна памірала, то назвала яго імем Бэн-Оні, а бацька назваў яго Біньямін» (Быц 35:18). Бэн-Оні — «сын мукі маёй», «сын пакуты маёй» — так наказвае Рахель перад смерцю назваць сына. Але Іакаў не хоча, каб імя сына кожны раз нагадвала пра пакуты і смерць, і таму дае яму імя, якое гучыць падобна, але значыць зусім іншае: Біньямін (Веніямін) — «сын правага боку [поўдня]», у значэнні — «сын праведнасці», «сын удачы», «шчаслівы сын». Несуцешны Іакаў пахаваў жонку і паставіў на яе магіле помнік: 2Гэта надмагільны помнік Рахелі да сённяшняга дня» (Быц 35:20). Да сённяшняга дня на ўездзе ў Бэт-Лэхем стаіць магільня Рахелі — святое месца, што шануецца іудзеямі, хрысціянамі і мусульманамі. На пачатку XX ст. наведаўшы Святую Зямлю і скланіўшыся перад усыпальняй Рахелі, Іван Бунін напісаў свае тэрцыны «Магільня Рахілі»:
    «й умерла, н схороннл йаков
    Ее в путн...» й на гробннце нет
    Нн нменн, нн надпнсей, нн знаков.
    Ночной порой в ней светнт слабый свет, й купол гроба, выбеленный мелом, Таннственною бледностью одет.
    Я прнблмжаюсь в сумраке несмело М с трепетом целую прах н пыль На этом камне, женственном н белом...