Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
I Я зраблю цябе народам вялікім, і благаслаўлю цябе, і ўзвялічу імя тваё,
і будзеш ты благаславеннем.
I Я благаслаўлю тых, хто благаслаўляе цябе, а таго, хто праклінае цябе, пракляну.
1 благаславяцца табою ўсе плямёны зямныя.
(Быц 12:2—3)
3 12-га раздзела Кнігі Быцця — Кнігі У-Пачатку, вялікай Кнігі Пачаткаў — пачынаецца прынцыпова новая старонка біблейнай гісторыі: аповед пра выбраны род Госпада, бо Ён не пакідае Сваіх намаганняў знайсці ўзаемаразуменне са Сваім стварэннем, якому даў свабоду волі і якое хоча ўзняць да духоўнай дасканаласні. Пасля шматлікіх расчараванняў Бог выбірае Сабе выбраннікаў, тых, хто будзе несці Яго Імя, хто будзе верны Яго Запавету — не па прымусу, а ў выніку вольнага выбару. Гасподзь вырашае ўтварыць прынцыпова новы народ ад такіх выбраннікаў — народ Божы, народ Запавету, народ, які павінен стаць (у асэнсаванні самога гэтага народа) свайго кшталту «інструментам» — але надзеленым уласнаю воляю — удасканалення, выпраўлення свету, вяртання яго ў стадыю першапачатковай гармоніі (тое, што ў іудзейскай традыцыі завецца цікўн га-олам — «удасканаленне свету», «гарманізацыя свету»),
Важна адзначыць, што сама «выбранасць» трактуецца біблейным тэкстам не як дараванне прывілеяў, а як асаблівая, часам вельмі цяжкая духоўная місія, як не толькі асаблівыя ўвага, клопат і абарона з боку Бога, але перадусім як найвышэйшая адказнасць перад Ім, як асаблівая Яго патрабавальнасць да сваіх выбраннікаў. Кожны раз далей у тэксце Бібліі ідэя «выбранага народа» ўзгадваецца
ў сувязі з патрабаваннем да яго выконваць запаведзі Божыя, не ісці ўслед за язычніцкімі звычаямі, быць прыкладам у служэнні Адзінаму Богу, услаўленні Яго і асвячэнні Яго Імя (Кідуш га-Шэм) перад тварам іншых народаў. Гасподзь не адзін раз гаворыць пра тое, што ад выканання запаведзяў, ад маральнай дасканаласці залежаць дабрабыт ці няшчасці выбранага народа, яго росквіт ці страшэнныя пакуты, але пры гэтым цалкам выключае думку пра вырачэнне Свайго народа: «...I тады, калі яны будуць на зямлі ворагаў сваіх, не занядбаю Я іх і не пагрэбую імі настолькі, каб знішчыць іх, каб парушыць Запавет Мой з імі, бо Я Гасподзь, Бог іх» (Лев 26:44).
Падкрэслім, што паняцце «выбранасці» і «выбранага народа» (ам сгула) у разуменні Торы і Бібліі ў цэлым не мае ніякага біялагічнага, расавага адцення, бо заснавальнікам выбранага яўрэйскага народа, або народа Ізраіля, становіцца арамеянін Аўраам, а прыналежнасць да гэтага народа вызначаецца ў рэшце рэштаў не толькі паходжаннем чалавека, але перадусім прынянцем запаведзяў (міцвот) Торы. Тым не менш ідэя выбранага Богам народа стала ў антысеміцкай прапагандзе вытокам абвінавачванняў яўрэйскага народа і нават самой Бібліі ў «расізме». Аднак такі падыход беспадстаўны і вульгарны, бо расізм ва ўсіх яго праявах варожы біблейным ідэям і часам з’яўляецца толькі злавеснай пародыяй на ідэю выбранасці. Па-першае, Біблія, як і іудаізм і хрысціянства, што абапіраюцца на яе, зыходзіць з уяўлення пра адзінства роду чалавечага, пра паходжанне ўсіх народаў ад адных прабацькоў, пра роўнасць усіх народаў перад Богам. Яўрэйская ідэя выбранага народа мае толькі рэлігійна-духоўны сэнс і не нясе ў сабе нічога, звязанага з «крывёю і глебаю» нацызму. 3 пункту гледжання белага расіста чалавек з чорнай скурай ніколі не зможа ўвайсці ў суполку белых (роўна як і наадварот); з пункту гледжання нацыста негр, яўрэй ці цыган паводле вызначэння не могуць уключыцца ў грамаду «арыйцаў» — з-за колеру скуры і «складу» крыві (нават калі яна толькі на чвэрць «яўрэйская» ці якая-небудзь іншая «неарыйская»). Але з пункту гледжання Бібліі і іудаізму чалавек з усялякім колерам скуры можа далучыцца да выбранага народа, стаўшы ў адзін шэраг з
яўрэямі па паходжанні. Празеліты, або геры (літаральна — «прышэльцы», тыя, што прайшлі гіюр, г. зн. прынялі іудаізм), заўсёды разглядаліся ў іудзейскай традыцыі як арганічная частка яўрэйскага народа, а некаторыя з іх, як, напрыклад, рабі Аківа, сталі найбольш аўтарытэтнымі знаўцамі Закону, рабінамі-законавучыцелямі. 1 сёння ў склад яўрэйскага народа ўваходзяць людзі з белым, чорным, жоўтым колерамі скуры, людзі рознага этнічнага паходжання. Гэтую звышэтнічнасць і універсальнасць менавіта ад старажытнага іудаізму атрымала ў спадчыну хрысціянства1.
Вернемся да Кнігі Быцця. Важна зазначыць таксама, што Бог у сваёй задуме, якая мае дачыненне да ўсяго свету, усяго чалавецтва, так бы мовіць, «робіць стаўку» на цэлы народ як суб’ект гісторыі, але гэта не адмяняе прынцып індывідуальнай адказнасці перад Богам, бо і сам народ не пачне свой шлях, калі не зробіць першы крок першы выбраннік, які свядома адгукнецца на заклік Божы. Галоўнымі героямі аповеду з гэтага моманту і становяцца праайцы (на іўрыце — авот), або патрыярхі (з грэчаскай мовы — «родапачынальнікі», «заснавальнікі роду [народа]»), яўрэйскага народа: Аўраам, яго сын Йіцхак (Ісаак) і сын апошняга, праўнук Аўраама, Йаакоў (Іакаў), ад дванаццаці сыноў якога, паводле падання, паходзяць дванаццаць каленаў (кланаў, плямёнаў) Ізраіля, што ўтварылі адзіны народ. Эпічныя паданні рознага кшталту пра сваіх родапачынальнікаў складалі шматлікія народы, але так сталася, што ніводны з вядомых нам эпасаў такога
1 Хрысціянская Царква таксама ўспрыняла і трансфармавала ідэю Богавыбранасці. Паводле канцэпцыі, якая ўсталявалася ў эпоху Сярэднявечча, місія Ізраіля як выбранага народа скончылася пасля нараджэння ў яго асяроддзі Ісуса Хрыста; «Ізраіль у плоці», г. зн. яўрэйскі народ, адрынуты Богам, а «сапраўдным Ізраілем», «Ізраілем у духу», з’яўляецца Хрысціянская Царква. Адмова яўрэяў прыняць гэтую канцэпцыю служыла абгрунтаваннем антысемітызму як у Сярэднявеччы, так і пазней. Толькі ў XX ст., пасля Халакосту, перажытага яўрэйскім народам нацысцкага генацыду і захавання ім веры насуперак усім пакутам, хрысціянскія тэолагі, і перадусім каталіцкія, задумаліся над словамі «апостала язычнікаў» Паўла пра тое, што іудзеі, нават тыя, што не прынялі Хрыста, застаюцца «ў дачыненні да выбрання ўлюбёныя Божыя дзеля айцоў. Бо дары і прызванне Божае непарушныя» (Рым 11:28—29)', «Дык вось, пытаюся: няўжо Бог выракся народа Свайго? Не» (Рым 11:1).
тыпу не набыў той статус, які мае старажытнаяўрэйскі эпас пра патрыярхаў.
Перад чытачом з 12-га раздзела (дакладней, з канца 11-га) Кнігі Быцця разгортваецца сапраўднае эпічнае палатно, велічнае па сваіх памерах і ідэях. Змяняюцца жанравыя прыкметы эпасу: перад намі ўжо не міфалагічны і этыялагічны, а легендарна-гістарычны эпас, або, паводле вызначэння С. С. Аверынцава, «гістарычная сага». Мы трапляем у больш-менш дакладна вызначаную гістарычную эпоху — эпоху «сярэдняй бронзы», у пачатак 2-га тыс. да н. э. Аповед насычаецца канкрэтнымі бытавымі рэаліямі той далёкай пары, і гэтыя рэаліі ўсё больш поўна пацвярджаюцца археалагічнымі знаходкамі. Самае дзіўнае ў гэтым старажытным эпасе, які ў асноўным быў запісаны не пазней X ст. да н. э., тое, што героі паўстаюць у ім не як эталонныя гіпербалізаваныя героі, надзеленыя выключнай фізічнай сілай, як, напрыклад, грэчаскі Геракл, прабацька дарыйцаў, ці ірландскі Кухулін і інш., а як жывыя канкрэтныя людзі са сваімі слабасцямі, людзі, якія могуць памыляцца, трапляць у складаныя ці нават двухсэнсоўныя сітуацыі і шукаць выйсця з іх. Калі яны і надзеленыя нечым надзвычайным, то перадусім глыбінным, унутраным слыхам, які дапамагае ім чуць заклік Божы, а яшчэ — інтуіцыяй сэрца, якая прымушае іх адгукнуцца на гэты заклік, велізарнай воляй, цэльнасцю і маральнай чысцінёй, якая дапамагае ім кардынальна перайначыць сваё жыццё ў адпаведнасці з воляй Божай. Упершыню ў сусветнай культуры з’яўляецца эпас, у якім рэлігійна-духоўныя пошукі, імкненне да маральнай дасканаласці робяцца стрыжнем твора, аксіялагічная арыентацыя вызначае яго пафас. Пры гэтым тэкст насычаны не толькі абагуленымі архетыпамі, старажытнай міфалагічнай сімволікай, але і псіхалагічнай канкрэтыкай. Прымаючы да ўвагі старажытнасць тэксту, можна толькі здзіўляцца тонкасці і глыбіні прарысоўкі цэнтральных вобразаў. Несумненна, у фігурах патрыярхаў канцэнтравана ўвасоблены досвед шматлікіх пакаленняў яўрэйскага народа, але асабісты духоўны досвед, асабістае намаганне волі ў пошуках прызначэння і сэнсу жыцця застаюцца ў тэксце Торы на першым плане. Праайцы яўрэйскага народа паўстаюць як непаўторныя індывідуальнасці, якія немагчыма пераблытаць.
Пры ўсёй разнастайнасці жыццёвых гісторыяў патрыярхаў іх злучае ў адзінае цэлае несупынны дыялог паміж Богам і чалавекам, дыялог, які рэалізуецца праз тры вялікія, звязаныя адна з адной ідэі: Запавет, Абяцанне, Зыход. Перадумовай Запавету (дакладней, Саюз — Берыпі) з’яўляецца, з аднаго боку, добраахвотнасць, свабодны выбар чалавека, а з другога — асаблівая ўзаемная вернасць Бога і чалавека, калі Саюз заключаны. Чалавека за гэтую вернасць чакае высокая ўзнагарода, якая не можа быць зведзеная ні да якіх матэрыяльных дабротаў. Гэта і ёсць Абяцанне Божае, на якое без усялякіх сумненняў трэба прамяняць усе наяўныя даброты і рушыць у шлях (часцей за ўсё — у невядомасць) паводле патрабавання Госпада. Так Зыход становіцца матэрыялізацыяй Запавету і спосабам дасягнення высокай мэты жыцця — Абяцання. Вось чаму з гэтага часу такі важны, ключавы сэнс набывае ў Бібліі формула «Устань і ідзі!» — формула Зыходу, звернутая да патрыярхаў і прарокаў, да тых, чыя душа гатовая да сустрэчы з Богам. Праз гэту формулу, як ужо адзначалася ва «Уводзінах», выяўляецца не толькі канкрэтны фізічны рух у канкрэтнай геаграфічнай прасторы, але перадусім пераадоленне ўнутранай інерцыі, рух духоўны — да самаспасціжэння і да Бога.
Першым, да каго было звернутае гэтае славутае «Устань і ідзі!», і ў роўнай ступені першым, хто пачуў гэтыя словы Божыя і свядома адгукнуўся ім, стаў Аўраам.
«Не бойся, Аўрам, Я — шчыт табе; узнагарода твая вельмі вялікая»
(Аўраам — «бацька вялікага народа» і «бацька ўсіх вернікаў»)
I сказаў Гасподзь Аўраму: «Устань і ідзі з зямлі тваёй, ад радні тваёй і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я прызначу табе. I Я зраблю цябе народам вялікім...»
(Быц 12:1-2)
Хадзі перада Мною і будзь беззаганны. I пастаўлю Запавет Мой паміж Мною і табою...