Біблія як феномен культуры і літаратуры
Частка I. Духоўны i мастацкі свет Торы: Кніга Быцця
Галіна Сініла
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 451с.
Мінск 2003
(Быц 17:1)
Імя Аўраам, або Аўрагам (дакладней, Аврагам), значыць на іўрыце адначасова і «бацька вялікага народа», і «бацька мноства народаў»; першапачаткова ж яно гучала як Аўрам і значыла «бацька вышыні», ці «высокі бацька». Гэта вельмі старажытнае імя, зафіксаванае ў форме ‘a-bura-mu ў акадскіх клінапісных тэкстах яшчэ ў другой палове 3-га тыс. да н. э., а таксама ў тэкстах арамейскай Эблы, знойдзеных у 70-х гадах XX ст. і таксама прыналежных да 3-га тыс. да н. э. У Бібліі яно ўпершыню гучыць напрыканцы 11-га раздзела Кнігі Быцця, нібыта між іншым, у радаводзе Шэма і яго вельмі далёкага нашчадка Тэраха (тым не менш яны былі, паводле Бібліі, і сучаснікамі): «А Тэрах жыў семдзесят гадоў і нарадзіў Аўрама, Нахора і Гарана» (Быц 11:26). Звяртае на сябе ўвагу тое, што ў Бібліі імя Аўраам выступае як першае з трох уласных імёнаў (разам з імёнамі Ісаака і Іакава), у дачыненні да якіх слова Бог выступае як вызначаемае: Бог Аўраама, Ісаака і Іакава... Аўраам — першы, хто стаў асаблівым выбраннікам Божым, заключыў з Усявышнім Вечны Запавет, звязаны з асаблівымі намерамі Творцы адносна лёсу выбранага народа, які пачнецца ад Аўраама, а таксама адносна лёсу ўсяго чалавецтва. Ён быў таксама першы, да каго біблейны тэкст ужывае вызначэнне га-іўры (дакладней, га-івр[) — «яўрэй» з пэўным артыклем; гэты
корань, як ужо адзначалася ва «Уводзінах», мае значэнне «выхад», «зыход», «пераход», і адсюль паходзіць найстаражытнейшая саманазва народа, пачынальнікам якога стаў Аўраам, — іўрым (іврімў яўрэі. Гэты корань мае таксама наступныя адценні значэння: «той, хто стаіць насупраць» (можа, насупраць Адзінага Бога, як воля супраць Волі, як свядомы партнёр па дыялогу?); «той, хто паходзіць з іншага боку». Тым самым даецца зразумець, што гэтая саманазва народа з’яўляецца адначасова вызначэннем яго асаблівай місіі, свайго кшталту дзёрзкага выкліку, кінутага некалі праайцом Аўраамам, які спазнаў Адзінага Бога, язычніцкаму свету (але Агада і Мідраш, як памятаем, не лічаць гэта толькі прэрагатываю яўрэя Аўраама, а вядуць лінію монатэізму ад пачатку чалавецтва: ад Адама — праз Шэта, Ханоха, Метушэлаха, Ноаха, Шэма — да Аўраама).
Аўраам, сын Тэраха, нарадзіўся, паводле біблейнай храналогіі, спраецыраванай на дадзеныя сучаснай біблейнай археалогіі, прыкладна ў XX ст. да н. э. і правёў свае дзяцінства і юнацтва ў горадзе Ур на беразе Еўфрата — у адным з найстаражытнейшых шумерскіх, а потым акадскіх (асіра-вавілонскіх) культурных цэнтраў, які ў тэксце Танаха завецца Ур Касдзім — Ур Халдзеяў, або Ур Халдзейскі, хоць Халдзея — больш позняя па часе назва Вавілоніі (пачынаючы з VI ст. да н. э., з эпохі Новававілонскага царства). 1 далей у Бібліі будзе ўзгадвацца, што продкі Аўраама жылі «за ракой» (г. зн. за Еўфратам) і былі язычнікамі (гл., напрыклад, Кнігу Ісуса Навіна (Іс Н24.2—3)). Магчыма, яны мелі арамейскія карані, бо і далей пра найбліжэйшых родных Аўраама будзе весціся гаворка як пра арамейцаў (арамеянаў). Імя бацькі Аўраама — Тэрах — звязанае з коранем «месяц» і, магчыма, змяшчае ў сабе напамін пра тое, што ён пакланяўся богу месяца Сіну, культавым цэнтрам якога і быў горад Ур (дарэчы, у Ханаане бог месяца зваўся Йерах — слова таго ж кораня, што і Тэрах). Такім чынам, Аўраам, які нарадзіўся і выхоўваўся ў язычніцкім асяроддзі, становіцца, на думку Торы, яўрэем менавіта тады, калі адгукаецца на заклік Усявышняга, і гэтае вызначэнне сведчыць пра нейкі новы духоўны статус.
Пра першапачатковы этап жыцця будучага выбранніка Божага ў Торы практычна нічога не паведамляецца. Вядома толькі, што ў Аўраама былі яшчэ два браты — Нахор н Гаран, або Аран, якія нарадзіліся ў Уры. Там жа Аран памёр, пакінуўшы пасля сябе сына Лота і дзвюх дачок — Мілку і Іску. 3 Мілкай ажаніўся Нахор, а Аўраам абраў у жонкі Сарай (у славянскай Бібліі — Сара), сваю зводную сястру з боку бацькі (пры гэтым імя маці Сарай не паведамляецца). Паводле класічнага іудзейскага каментара, Аўраам ажаніўся са сваёй пляменніцай Іскай, якая пазней стала звацца Сарай, а потым яе імя лёсавызначальна было змененае Госпадам і стала гучаць як Сара. (Адзначым, што ў старажытнасці ў яўрэяў былі дазволеныя шлюбы паміж зводнымі братамі і сёстрамі, а таксама паміж дзядзькамі і пляменніцамі па бацькоўскай лініі, але строга забараняліся шлюбы паміж дзецьмі адной маці; пазней і першыя былі забароненыя.) Ужо ў Уры высветлілася, што Сарай ніяк не можа нарадзіць дзіця і што, хутчэй за ўсё, яна няплодная; напружанае чаканне спадчынніка стане далей адным з сюжэтных і ідэйных стрыжняў аповеду не толькі пра Аўраама, але і эпасу пра патрыярхаў у цэлым.
Першыя перамены ў жыцці Аўраама, які пакуль што не здагадваецца пра сваё сапраўднае прызначэнне, пачынаюцца з таго моманту, калі яго бацька Тэрах з-за не зусім зразумелай прычыны выйшаў са сваёй вялікай сям’ёй — цэлым патрыярхальным кланам — з Ура і перайшоў на другі бок Еўфрата (адсюль, магчыма, як ужо ўзгадвалася ва «Уводзінах», прамое значэнне саманазвы народа, які возьме пачатак ад Аўраама: іўрым, дакладней, іврім, — «прышэльцы [з-за ракі]»; адсюль жа і назва іх мовы — іўрыт). Аднак агадычныя паданні, якія потым пераняў Каран, распавядаюць пра тое, што Аўраам, яшчэ жывучы ў Уры, шукаў шляхі да Адзінага Бога і спасцігаў Яго ўсёмагутнасць. Пра гэта прачуў бязбожны цар Німрод і паспрабаваў прымусіць Аўраама пакланяцца яму як богу, а таксама і розным стыхіям, але нічога з гэтага не выйшла. Тады раз’юшаны Німрод загадаў кінуць Аўраама ў вогненную печ, адкуль вывеў і ўратаваў яго Бог. Гэтае паданне адштурхоўваецца ад супадзення гучання шумерска-
акадскага наймення Ур і старажытнаяўрэйскага слова ур, або ор, — «агонь»; такім чынам, Ур Касдзім можна прачытаць як «агонь халдзейскі», а адпаведны радок у Кнізе Быцця — «...Я Гасподзь, Які вывеў цябе з Ура Халдзеяў [Халдзейскага]...» (Быц 15:7) — можа быць зразуметы і як «вывеў цябе з агню халдзеяў» (дададзім, што ў язычніцкай Вавілоніі існаваў від пакарання, калі асуджанага на смерць кідалі ў спецыяльную печ). Паводле падання, менавіта пасля гэтых падзеяў Аўраам са сваім родам сышоў з Ура і накіраваўся ў Харан.
3 тэксту ж Торы вынікае, што хоць Тэрах і надумаўся ісці ў Ханаан (пра прычыну гэтага імкнення нічога не паведамляецца), але, дасягнуўшы краіны (зямлі) Харан у Паўночнай Месапатаміі, ён спыніўся там, відаць, задаволены жыццём ва ўрадлівай даліне (гэта яшчэ раз падкрэслівае глыбокую духоўную адметнасць ад бацькі яго сына Аўраама, які свядома, кінуўшы ўсё набытае, рушыць у Ханаан на заклік Божы). Цікава, што Харан, горад-дзяржава, буйны гандлёвы цэнтр на тэрыторыі Паўночнага Арама, быў раскапаны археолагамі ў XX ст. на тэрыторыі сучаснай Турцыі. Зноў пацвердзілася праўда біблейнага аповеду. Нагадаем, што выхад Тэраха і яго роду з Ура датуецца прыкладна 2000 г. да н. э. і сучасныя гісторыкі і археолагі бачаць за гэтай біблейнай парадыгмаю пэўныя гістарычныя рэаліі (гл. «Уводзіны»), Тут, у Харане, Тэрах і памёр ва ўзросце двухсот пяці гадоў, а яго сыну Аўрааму менавіта тут было наканавана стаць адкрывальнікам новай старонкі чалавечай гісторыі.
У Харане адбываецца падзея, якая стала зыходным пунктам у станаўленні іудзейскай, а потым хрысціянскай і мусульманскай монатэістычнай свядомасці: Аўрааму адкрыўся Адзіны Бог і прапанаваў заключыць з Ім Адвечны Саюз (Запавет). Калі Аўраам будзе верны Запавету, то ён і яго нашчадкі атрымаюць у спадчыну зямлю Ханаан — Зямлю Абяцаную — і стануць выбраным родам, а потым і народам Госпада. Аўраам і яго род (народ) павінны паслужыць свайго кшталту «інструментам» у руках Божых дзеля ператварэння ўсяго свету, пераўладкавання яго паводле законаў дабрыні і міласэрнасці. Невыпадкова, як было ўжо адзначана, імя Аўраам упершыню з’яўляецца ў
фінале 11-га раздзела Кнігі Быцця, пасля прыпавесці пра збудаванне Вавілонскай вежы, якая выступае як абагулены сімвал імперыі, што імкнецца аб’яднаць свет праз гвалтоўны прымус, як метафара бязбожнага свету, спробы «ўладкавацца без Бога на зямлі» і ў рэшце рэштаў — як сімвал тупіковага шляху развіцця цывілізацыі. Вавілонская вежа — сумны знак таго, што і пасля патопу чалавецтва не зрабіла высноў са сваёй гісторыі, не стала на шлях пошукаў ісціны. Таму калі раней Бог звяртаўся да ўсяго чалавецтва (у асобе Адама і Евы, потым Ноя і яго сыноў), то цяпер Ен шукае выбранніка, які б добраахвотна адгукнуўся на Яго заклік і ад якога б Ён утварыў новы народ, прызначаны для асаблівай мэты. Як вызначаецца гэты выбраннік? Безумоўна, ён не можа быць вылучаны шляхам якога-небудзь галасавання, нават вельмі дэмакратычнага. Зразумела толькі, што выбранасць — дар Божы, але каб яго атрымаць і адчуць у сабе, патрэбныя найвялікшыя праведнасць, вера, вернасць, найтанчэйшы ўнутраны слых, і вызначыць выбранніка можа толькі Сам Бог. I зразумела таксама наступнае: каб асмеліцца стаць «выбраным», трэба мець мужнасць быць «белаю варонаю», кардынальна перайначыць сваё жыццё; патрэбны гераізм душы, здольнай адкінуць усё мітуслівае і дробнае, што даволі часта зацінае для чалавека вечнае і велічнае, гераізм душы, здольнай аддаць усе наяўныя даброты і выгады на вялікае Абяцанне Божае, за якім пакуль што — толькі нязведанае...
Першым і пачуў заклік лэх-лэха — заклік да Богапазнання і самапазнання — сын Тэраха Аўраам. Бог звяртаецца да яго з настойлівым і ўладарным імператывам, які патрабуе кардынальнай перабудовы ўсяго яго жыцця: «...устань і ідзі з зямлі тваёй, ад радні тваёй і з дому бацькі твайго ў зямлю, якую Я прызначу табе. // I Я ўтвару ад цябе вялікі народ, і благаслаўлю цябе, і ўзвялічу імя тваё, і будзеш ты благаславеннем [у благаславенні]. // I Я благаслаўлю тых, хто благаслаўляе цябе, а таго, хто праклінае цябе, пракляну; і благаславяцца табою [у табе] ўсе плямёны зямныя» (Быц 12:1—3). Паказальна, што, паводле непасрэднага сэнсу тэксту, Аўраам спачатку мусіць пакінуць зямлю (краіну), у якой жыў, потым свой род, ці радню, найбліжэйшае да яго кола родных і сяброў, і ў апош-
нюю чаргу — родную хату, хаця, здавалася б, элементарная логіка фізічнага руху ў прасторы вымагае якраз усё зрабіць наадварот: чалавек спачатку выходзіць з бацькоўскай хаты, а ўжо потым пакідае за спіною родны кут і краіну, у якой жыў. Але, як часта паўтаралі яўрэйскія мудрацы, Тора рэдка кіруецца элементарнай логікай. Словы Бога падкрэсліваюць, што дзеянні, якія мусіць здзейсніць Аўраам, маюць асаблівую духоўную прыроду: гэта пераадоленне чалавекам перадусім самога сябе, гэта неверагодна балючы разрыў з ранейшымі каштоўнасцямі, з блізкімі людзьмі, бо яны належаць да свету, яд якога трэба адмежавацца. Заклік «Устань і ідзі!» — перадусім заклік да выхаду са свету язычніцтва, да пераходу ў новае жыццё. Словы Божыя, звернутыя да Аўраама, змяшчаюць у сабе таксама ўказанне на тое, што духоўны подзвіг і жыццёвы шлях гэтага выбранніка Божага пакажуць шлях астатнім вернікам, што пад крыло Божага благаслаўлення прыйдуць у рэшце рэштаў усе народы свету (як сказана ў тэксце, коль мішпахот га-адама — «усе сем’і [роды, плямёны, народы] зямлі»). Дз. У. Шчадравіцкі піша: «Усё гэта спраўдзілася: ад Аўраама ўтварыўся вялікі народ, і благаславенне атрымаў сам Аўраам; ён узвялічаны настолькі, што і пасля 4000 гадоў ад часу яго зямнога жыцця мы працягваем пра яго гаварыць. ...Гасподзь сапраўды благаславіў усіх, хто “благаслаўляе Аўраама”: ад яго бяруць пачатак усе тры монатэістычныя рэлігіі — Іудзейства, Хрысціянства і Іслам, у межах якіх ажыццяўляецца аднаўленне выратавальнага дыялога чалавецтва з Богам. Аўраам як родапачынальнік, патрыярх, “бацька вернікаў” глыбока шануецца ўсімі паслядоўнікамі гэтых рэлігіяў; і нават шматлікія прадстаўнікі іншых рэлігіяў і філасофіяў вучацца на прыкладзе Аўраама праведнасці, мудрасці і чалавекалюбству. Цікава, што пра “тых, якія благаслаўляюць”, у арыгінале гаворыцца ў множным ліку, а вось пра “тых, якія зласловяць”1, — у адзіночным. Гэта значыць, што тых, якія благаслаўляюць Аўраама, будзе значна больш. Той, хто зласловіць Аўраама ці яго нашчадкаў, караецца пракляццем, яскравым гістарычным прыкладам чаго стаў лёс нацысц-