Беларуская літаратура
Адам Глобус, Міраслаў Адамчык
Выдавец: Сучасны літаратар
Памер: 1008с.
Мінск 2004
е падазраючы, Данік сказаў такія словы, якія ў момант змянілі кірунак імклівых Сашыных думак. Сапраўды, што сказаў бы Пеця, каб яна параілася з ім? Яна не ўпершыню правярала гэтак свае ўчынкі. Няўжо ён кіне ёй дакор, што яна дала прытулак раненаму партызану? He, ніколі!..
VI
Ён прыехаў адвячоркам.
Фурман у аблезлым кажушку спыніў худога каня каля калодзежа, недалёка ад школы, дзе размяшчаліся паліцэйскія. Ён памог вылезці чалавеку ў шынялі, у летняй фуражцы, з абмоткай на шыі замест шаліка, падаў яму мыліцу і амаль пусты рэчавы мяшок. Інвалід сунуў яму нейкія грошы, і фурман павярнуў каня назад.
Чалавек астаўся стаяць пасярод вуліцы, абапіраючыся на мыліцу. Левая нага яго была абута ў стаптаны кірзавы бот, на правай накручаны брудныя анучы. Убачыўшы каля калодзежа старую, што з жаночай цікаўнасцю намагалася пазнаць салдата, ён пакульгаў да яе.
— Скажыце, дзе хата Фёдара Траянава? — спытаў ён.
— А вунь пятая адгэтуль... Вунь, дзе вялікая таполя...
— А Саша... Саша іх тут... дома?
— Саша? А божачка ты мой! — адразу здагадалася і загаласіла жанчына. — Даражэнькі ты мой! Тут яна, дома твая Сашачка!.. 3 дочачкай роднай! А гаротны ты мой!
582 I BAH ШАМЯКІН
«Ён ажно пахіснуўся», — расказвала пасля, жанчына, яна хацела падтрымаць, правесці, але ён падзякаваў і «не пайшоў, не пакульгаў, а трушком пабег, хоць і на адной назе».
Праз пяць мінут паўвёскі ведала, што прыйшоў без нагі муж Сашы Траянавай.
Данік назіраў з вышак сваёй хаты, праз шчыліну ў страсе. Калі чалавек стаў набліжацца, ён саскочыў адтуль і паведаміў сёстрам:
— Прыехаў. Ідзе.
Сашу, якая лічыла, што падрыхтавала сябе належным чынам да сустрэчы з гэтым чалавекам, ахапіў незразумелы страх. Яна замітусілася па хаце, не ведаючы, што рабіць, куды дзець сябе, схапіла Ленку, але адчула, што рукі трасуцца, і перадала малую Полі, якая сядзела за калаўротам. Паспрабавала наводзіць парадак, перастаўляць рэчы, папраўляць падушкі. Поля сказала:
— He трэба, Саша.
А што трэба? Што трэба ёй рабіць? У скронях балюча стукала кроў, ажно зялёныя кругі паплылі перад вачамі. Як яна скажа яму, чужому, незнаёмаму: «Ты, Пеця», як сустрэне яго?
Калі рыпнулі вароты, яна застыла пасярод хаты як каменная, баючыся паварухнуцца, баючыся хоць на міг адвесці вочы ад дзвярэй. Фантастычнаневерагодная думка бліснула ў яе гарачай галаве: можа Данік такім чынам падрыхтоўвае яе сустрэчу з Пецем?
Вось адчыняцца зараз дзверы, і зойдзе ён... He, не, гэтага не можа быць! Яна не жадае, каб ён быў у палоне, каб ён вярнуўся цяпер, калі ідзе бой за Маскву, за жыццё. Розумам яна не жадала яго звароту, а сэрца, дурное бабскае сэрца, замерла ў чаканні...
Дзверы адчыніліся, і... Саша ўскрыкнула, спалохаўшы Полю і Даніка.
На парозе стаяў Уладзімір Іванавіч Лялькевіч.
Саша адразу пазнала яго.
Ён акінуў хуткім позіркам прысутных — добра, што ў хаце не было нікога чужога! — зачыніў дзверы і пакульгаў да Сашы, якая стаяла нерухома, ашаломленая, разгубленая: як прыняць чалавека, які некалі дамагаўся яе кахання? Поля насцярожана ступіла насустрач яму, як бы жадаючы загарадзіць малодшую сястру.
Ён спыніўся перад імі і, не вітаючыся, аднак не зводзячы яснага і смелага позірку з Сашы, ціха сказаў:
— Паверце, Аляксандра Фёдараўна, што толькі сёння, калі мне расказалі падрабязна, назвалі ваша дзявочае прозвішча, я здагадаўся... зразумеў, што гэта — вы. Калі вам вельмі непрыемна, я заўтра ж пайду, дазвольце толькі пераначаваць. — Ён апусціў вочы і схіліў галаву: ісці яму не было куды — Вы скажаце, што я пайшоў праведаць сваіх бацькоў...
Поля зразумела, што гэта ўсяго толькі знаёмы, і, з палёгкай уздыхнуўшы, зірнула на Сашу.
«Чаму ж ты маўчыш? Скажы чалавеку слова!» — гаварыў яе позірк.
Саша схамянулася і працягнула руку:
— Добры дзень, Уладзімір Іванавіч.
Ён выпусціў мыліцу, нахіліўся, каб паціснуць яе руку, і пахіснуўся. Поля падтрымала яго.
— Ды вы сядайце. Дайце ваш мяшок. Распранайцеся.
Яны рабілі не тое, што трэба, не тое казалі адно аднаму. Даніку не спадабаліся не толькі паводзіны сясцёр, але і паводзіны самога камісара. Глянуўшы на вокны, ці не падглядаюць праз адтуліны ў шыбах цікаўныя вочы жанчын, дзяцей, ён гучна павітаўся:
— Здароў, Пеця!
Лялькевіч павярнуўся і адразу ж радасна абняў Даніка.
— Здароў, Данік, здароў, дарагі!
Гэта было шчыра, бо яны ведалі адзін аднаго, сустракаліся ў атрадзе, калі Данік хадзіў увосень на сувязь і Лялькевіч гутарыў з ім. Камісар адчуў глыбокую ўдзячнасць да гэтага разумнага, смелага хлопца і расчуліўся да слёз. Убачыўшы, як заблішчалі яго вочы, не стрымалася — заплакала Поля. Замітусілася, памагла яму скінуць шынель, пасадзіла па лаву. Саша цяпер толькі ўбачыла яго нагу, абкручаную анучамі, мыліцу, якую ён паклаў побач, успомніла Пецю і таксама праслязілася. Слёзы іх аказаліся вельмі дарэчы, бо праз хвіліну ў хату ўскочыла суседка Аксана — прынесла сіта, якое ўзяла з тыдзень назад і ўсё забывалася вярнуць. Яна спынілася каля парога, прыкінуўшыся, што збянтэжылася, убачыўшы незнаёмага чалавека. Данік і тут не разгубіўся. Ён амаль з дзіцячай непасрэднасцю паведаміў:
— Ксана! Сашын муж прыйшоў... Пеця! 3 лагера!
Маладая жанчына, якая, пачуўшы гэтую навіну на вуліцы, прыбегла, каб пераканац
ІВАН ШАМЯКІН
583
ца самой, ад нечаканасці выпусціла з рук сіта, яно пакацілася цераз усю хату пад ногі Сашы. Аксана нясмела, сарамліва падышла, працягнула чырвоную, загрубелую руку.
— Добры дзень, Пеця. Са зваротам вас... Шчаслівым... Няхай будзе шчаслівы...
Потым кінулася да Сашы, абняла і залілася слязьмі. Убачыла чужыя радасць і гора — успомніла сваё: забітага немцамі свёкра, мужа, які невядома дзе цяпер, можа, даўно снег укрыў яго белыя косці.
Саша разумела, што ёй трэба адказаць слязьмі і нейкімі словамі. Але не было ні слёз, ні слоў. У гэты момант заплакала ў калысцы Ленка. Поля ўзяла яе і паднесла «бацьку». Ён пацалаваў і ціха сказаў:
— Дачка мая.
Саша ўздрыгнула, пачуўшы гэта. Яна забылася на Аксану, на яе слёзы, уся неяк сціснулася, напружылася і раўніва сачыла за кожным рухам Лялькевіча, гатовая ў любую хвіліну кінуцца і адабраць у яго дзіця. Якая яна яму дачка! Але Уладзімір Іванавіч як бы адчуў гэта і хутка перадаў малую Полі. Саша ўздыхнула, успомніла сваю ролю і пацалавала суседку ў мокрую шчаку.
— Супакойся, Аксана. Такі наш лёс жаночы.
— Ксана, — звярнулася да яе Поля. — Ты пазычыш мне?.. — Яна не сказала — чаго. — Госця сустрэць. Можа, калінебудзь разжывёмся...
— Полечка, родная, пра што ты кажаш! Усё, што ёсць у маёй хаце. Усё! Разам жыць — разам гора перажыць...
Поля і Аксана хутка выйшлі. Данік хітра ўсміхнуўся камісару.
— А я пайду дроў накалю. Каб бачылі, што ўсе мы сустракаем госця.
Яны асталіся адны, калі не лічыць Ленку. Хвіліну маўчалі.
«Чаму ён маўчыць?» — нервавалася Саша. Але каб яна не баялася глянуць, то здагадалася б, чаму ён маўчыць. Пасля непасільнага для раненага напружання і душэўнага хвалявання камісару стала блага. Збялелы, ён прытуліўся галавой да сцяны, баючыся страціць прытомнасць. He, і на гэты раз ён перамог сваю слабасць, выцер рукавом халодны пот на лбе, ціха папрасіў:
— Аляксандра Фёдараўна, дайце, калі ласка, вады.
Яна глянула і ахнула:
— Вам нядобра?
Ён піў, і зубы яго стукалі аб конаўку. Цяпер яна стаяла побач, уважлівая, чулая, забыўшыся на свае пачуцці.
— Можа, ляжаце?
— He, нічога. Прайшло. — Ён вінавата ўсміхнуўся. — Аляксандра Фёдараўна, я хачу, каб вы паверылі, што я нічога не ведаў... Для мяне гэта вельмі важна.
— Уладзімір Іванавіч, навошта вы так? Чаму вы думаеце, што я не веру вам? Вы як бы засцерагаеце мяне ад нечага, і выходзіць, што вы самі не верыце мне. Зразумейце, для мяне гэта заданне арганізацыі, ваша...
— Толькі не маё.
— Партызан. А вы іх камандзір. Глядзіце на мяне як на партызанку, якая выконвае ваша заданне. Так мне лягчэй будзе. Вы — камандзір, я — ваш баец. Аб усім іншым я сама буду думаць. Аб сваёй дачцэ, аб мужу...
Ён схіліў галаву.
— Я разумею вас. Дзякую вам.
Саша нахмурылася.
— Завошта дзякаваць? Я нічога яшчэ не зрабіла. — I, жадаючы перавесці размову на іншую тэму, яна спытала: — Даўно вас ранілі?
— На свята. Мы вырашылі паднесці ім «святочны сюрпрыз». Наляцелі на Зубраўку, там у іх склад боепрыпасаў. Склад мы запалілі... Але на станцыі чамусьці апынуліся танкі. Гітлераўцы кінулі іх наўздагон нам. Танкі білі з гармат. I мяне — асколкамі...
— Скажыце, многа ў вас людзей у лесе?
— Многа. — У яго карых вачах успыхнула ледзь прыкметная ўсмешка. — Вы маеце на ўвазе наш атрад? Але хіба наш атрад адзін? Атрады ўсюды, у кожным раёне, у кожным лесе. Яны растуць як грыбы.
Саша даверліва наблізілася.
— Вось добра! Трэба, каб пра гэта ведалі людзі. A то мы сядзелі тут, што ў цемры. Нічога не ведалі, нічога не бачылі. Пакуль хлопцы не звязаліся з вамі. Вы не ўяўляеце, як гэта страшна. Якія цяжкія думкі з’яўляюцца.
584 ІВАН ШАМЯКІН
Вочы камісара раптам загарэліся дзіўным агнём, ён азірнуўся на вокны і схапіў Сашу за руку. Яна хацела адняць руку, але ён цягнуў яе да сябе.
— Слухайце, Аляксандра ФёдараўнаІ Вам... вам першай... я скажу навіну... Шчаслівую навіну. Пазаўчора па радыё прынялі...
ІІачуўшы гэта, Саша паслухмяна села на лаву, побач з ім, не аднімаючы больш рукі, якую ён сціскаў усё мацней і мацней.
— Нашы разграмілі немцаў пад Масквой. Чуеце, Саша? Разбілі! I гоняць прэч, гадаў. Тысячы трафеяў! Тысячы палонных!.. Вось пра гэта трэба, каб народ як мага хутчэй даведаўся! У маім шынялі зашыта некалькі лістовак. Мы іх размножым...
Нехта застукаў у сенцах. Яны спынілі размову, і Саша хутка адышла да калыскі. Усхваляваная навіной, яна падумала, што чалавек гэты прыйшоў сюды не толькі дзеля таго, каб залячыць свае раны, але і каб працягваць барацьбу, кіраваць імі, маладымі падпольшчыкамі.
Праз гадзінупаўтары, калі добра ўжо сцямнела, у хаце сабраліся Аксана, дзядзька Раман з жонкай, сусед Хвядос, які месяцы два таму назад прыйшоў, ранены, з акружэння, дзве суседкібабулі. Жанчынам хацелася пабачыць Сашынага мужа, мужчынам — чалавека, які вярнуўся з лагера палонных. На стале, засланым святочным абрусам, тым, што ткала яшчэ нябожчыца маці ў пасаг дочкам, стаялі талеркі са скрыль