Беларускае слова ад спеву

Беларускае слова ад спеву

Выдавец: Кнігазбор
Памер: 212с.
Мінск 2010
58.42 МБ
Да яркіх прадстаўнікоў нацыянальнага фолк-мадэрна трэба аднесці і такі выдатны сваім прафесіяналізмам калектыў, як этна-трыа «Троіца». Яго ўклад у нацыянальную музычную скарбонку цяжка пераацаніць: лідар «Троіцы» Іван Кірчук і яго калегі шмат робяць для захавання бясцэнных пярлін нацыянальнага фальклору і прапаганды беларускай народнай музыкі ў Еўропе і ў свеце.
Новыя надзеі беларускага фолк-мадэрна звязаны з маладой генерацыяй гэтай плыні рок-музыкі, якія ўсімі музычнымі спосабамі садзейнічаюць захаванню і аднаўленню сувязі пакаленняў носьбітаў
фальклору і сучасных слухачоў, хоць і ўдаволі незвычайным выглядзе. Сярод тых гуртоў трэба адзначыць такія перспектыўныя калектывы, як гурты «Яр», «ALTANKA», «OS1MIRA»...
Блізкія задачы па папулярызацыі нацыянальнага фальклору сярод моладзі (хоць стылістычна адрознымі ад традыцыйнага фолк-мадэрна сродкамі) ставяць перад сабой удзельнікі экстрэмальнага адгалінавання рок-музыкі, якое нават займела свой міжнародны тэрмін: pagan­metal («паганскі метал»). Беларускі варыянт музычнага экстрыму з фальклорным ухілам прапагандуюць гурты «Znich», «Kamaedzitca», «Soncavarot», «Капішча», «Твар» (адны назвы могуць сказаць слухачу так шмат!). Іх апрацоўкі накіраваны на тое, каб «ажывіць» старонкі дахрысціянскага светапогляду нашых прашчураў, рэканструяваць віруючую музычную стыхію, якая спадарожнічала іх жыццю і смерці.
Адзначу, што не толькі старажытныя мелодыі з’яўляюцца каталізатарамі творчасці «цяжкіх» беларускіх рок-гуртоў. Многія музыканты (напрыклад, гуртоў «Zmiaja», «Vir», «SKD», «Крок») звяртаюцца да тых тэмаў, якія традыцыйна з’яўляюцца «рокавымі» — гэта тэмы свабоды, вайны, кахання, адносін паміж людзьмі. лёсу нацыі і нашай мовы на пераломе эпох... Часцяком гэтыя складаныя тэмы яны імкнуцца гіпербалізаваць, прадставіць у сатырычным ракурсе і ў спалучэнні са звышрытмічнай і агрэсіўнай музыкай. Магчыма, сталым аматарам і знаўцам рок-музыкі гэты імпэт і напор пададуцца занадта бударажачымі. але сёння такое гучанне дамінуе ў сусветнай «цяжкай» музыцы і мае шматлікіх прыхільнікаў па ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі.
У дадатак да гэтай тэмы трэба адзначыць тое, што беларускія рокгурты вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з фальклорнымі гуртамі і капэламі традыцыйнага фальклорнага кірунку. Успомнім тут спеўны гурт «GUDA». які разам з панк-гуртом «Neuro Dubel» запісалі варыянт песні брытанскага гурту «Depeche Mode» «1 Feel You» ў фальклорным ключы. А гурту «P.L.A.N.» у стварэнні апрацовак беларускага фальклору дапамагае лідар фальклорнага гурту «Ліцвіны», вядомы фалькларыст і дудар Уладзімір Бярбераў...
Але не толькі непарыўнай сувяззю з беларускім фальклорам адрозніваецца беларускі рок-рух. Пра такога роду сувязі можна казаць і ў адносінах да такіх музычных адгалінаванняў, як беларуская медыявальная (сярэднявечная) музыка і бардаўская песня. Бо, напрыклад, многія медыявальныя выканаўцы Беларусі — у мінулым
рок-музыканты. Тут трэба ўспомніць пра лідара гурту сярэднявечнай музыкі «Вялікае Княства» Уладзіміра Давыдоўскага, які ў свой час быў гітарыстам легендарнай «Мроі». Тое ж можна казаць і пра музыкантаў гурту «Стары Ольса», многія з якіх прайшлі выканаўчую школу ў рокгуртах, якія стваралі рок-апрацоўкі сярэднявечных мелодый.
Што ж тычыцца бардаўскай песні, то стылявыя перакрыжаванні тут назіраюцца яшчэ прыкметней: нашы рок-музыканты выкарыстоўваюць творы сваіх калегаў-бардаў для стварэння песень і альбомаў (Зміцер Вайцюшкевіч, напрыклад, стварыў альбом на вершы барда А. Камоцкага «Паравіны году»), а такія барды, як Віктар Шалкевіч, карыстаюцца прыёмамі з арсеналу рок-музыкі для надання сваім песням дадатковай эмацыянальнай вастрыні (альбом «За сто крокаў ад Вострае брамы»), I наадварот. творы, блізкія бардаўскай стылістыцы, ёсць у рэпертуары лідара «N.R.M.» Лявона Вольскага («Павешаным 1863» на верш У. Караткевіча), а таксама рок-спявачкі Касі Камоцкай (песні на вершы А. Глобуса)...
Безумоўна, каб стварыць поўную панараму такой складанай і разгалінаванай з’явы, як беларускі рок-рух, недастаткова ўзгадаць назвы гуртоў і даць іх кароткія стылявыя характарыстыкі. Значна важней нагадаць пра тое, што гэтыя рок-музыканты — сапраўдныя прапагандысты і папулярызатары роднай мовы сярод маладзёжнай аўдыторыі, прыхільнікаў якой з году ў год становіцца больш. Гэтаму спрыяе з’яўленне кампаній, якія выдаюць альбомы з беларускай рок-музыкай, дыскі бардаў, айчынную сярэднявечную музыку, запісы музычнай спадчыны Беларусі. Разам зтым музыканты робяцьусё, каб новыя дыскі знаходзілі сваіх зацікаўленых слухачоў.
1	таму наспеў час паставіць пытанне так: беларускімі рокмузыкантамі зроблена столькі (запіс і выданне шматлікіх беларускамоўных альбомаў, правядзенне канцэртаў і фестываляў), што яны небеспадстаўна прэтэндуюць на сваё месца ў аналах сучаснай нацыянальнай культуры.
Анатоль Мяльгуй, былы старшыня рок-клуба «Няміга», музычны аналітык
Генадзь Бураўкін:
«Слова, акрылёнае добрым выканаўцам, запатрабаванае»
кожную эпоху нараджаюцца свае непаўторныя песні. Мелодыя як бы гучыць за кадрам нашага жыцця, суправаджае яго падзеі, перажыванні, уплятаецца ў тканіну лёсу. Некаторыя песні, безумоўна, надаюць мудрасці і філасофскай развагі.
Музыка суправаджае развіццё пачуццяў. Калі чалавек не ведае, як прызнацца ў каханні, гэта за яго робіць песня. Потым яна становіцца сардэчным успамінам двух сэрцаў, скарбам душы.
Я ішоў да цябе ад далёкай зямлі, 3 тагачасных снягоў, што даўно адмялі...
А. Камоцкі
Адзін з тых любімых паэтаў, хто ствараў новыя песні ў самыя розныя часы, — Генадзь Мікалаевіч Бураўкін.
«Народ прымае ягоныя песні — радасныя і зажураныя, поўныя ласкі і абуджаныя гневам. I дужа ўсцешліва і цёпла, як на прыпарных паплавах ля Полацка, бывае, калі ловіш сябе на тым, як, пачуўшы мяккія крокі зімы, пачынаеш паўтараць за Іенадзем Бураўкіным: «Завіруха, мяце завіруха...» Здаецца, калісьці прыляцела песня з усесаюзнага экрана, а ўжо яе спяваюць, напяваюць, ёй усміхаюцца ў парку, у кіно, у трамваі, у чарзе па кнігі паэзіі. А колькі закаханых удзячныя паэту, што дапамог зачараваць сваёй «Зачарованай», прызнацца сяброўцы ў вернасці. Даводзілася назіраць, як пад песню на вершы Іенадзя Бураўкіна на плечы юнакоў ападалі залатыя галовы каханых. На ўрачыстых канцэртах і ў застоллях, у дарогах гучаць сёння песні Генадзя Бураўкіна» (Р. Барадулін).
— Генадзь Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, пра Ваша супрацоўніцтва з рознымі кампазітарамі.
— Я зведаў усе тры формы супрацоўніцтва з кампазітарамі. Спачатку я проста пісаў вершы, зусім не спадзеючыся, што яны зацікавяць кампазітараў, вершы ўваходзілі ў зборнікі, а потым кампазітары знаходзілі іх і пісалі музыку. Так было з «Зачарованай» Ігара Лучанка і з «Завірухай» Эдуарда Ханка.
Пісаў я і з «прыцэлам» на песню. Напрыклад, «Белыя крылы» — для Эдуарда Зарыцкага, «Саперніца» — для Міколы Сацуры, «Шумі мой лес, шумі» — для Уладзіміра Будніка.
Цікава атрымалася з «Канём незацугляным». Я склаў верш, каб прапанаваць яго Эдуарду Ханку. Патэлефанаваў, прачытаў. А ў таго, аказваецца, ужо была мелодыя, вельмі блізкая да настрою майго верша, — і песня склалася лёгка і хутка. Яна ўвайшла ў рэпертуар «Песняроў» і была адной з любімых у Мулявіна.
Пісаў я і на гатовую музыку.Так нарадзіліся «Калыханка» і «Першае спатканне» Васіля Раінчыка, «Песенька пра сонечнага зайчыка» Валерыя Іванова... Я супрацоўнічаў з Ядвігай Паплаўскай, Яраславам Еўдакімавым, з «Песнярамі», «Верасамі».
— Ваша калыханка больш за 20 гадоў гучала на тэлевізіі і закалыхвала не адно пакаленне малых. «Дзядуля, твая калыханка», — кажа ўнучка Маша. Гэты эпізод увайшоў у дакументальную стужку з Вашым удзелам.
— «Калыханка» нарадзілася разам з нацыянальнай праграмай Беларускага тэлебачання. Шукалі лепшы ўзор песні для малых нанач. У Васіля Раінчыка ўжо была мелодыя. Ён звярнуўся да мяне і сказаў: «У мяне ёсць гатовая мелодыя, няма толькі вершаў». I даў мне запіс на касеце. Аднойчы ранічкай я падняўся, уключыў запіс і літаральна за гадзіну склаў верш. «О, тое, што трэба!» — усклікнуў Васіль.
— Лічаць, што пэўным стымулам для развігіця беларускай песеннай творчасці была перамога на Усесаюзным конкурсе ў 1961 годзе твора Міхаіла Ясеня і Ігара Лучанка «Памяць сэрца», які выконваў Віктар Вуячыч.
— Так, але час уздыму цікавасці да нацыянальнай паэзіі, культуры прыйшоў крыху пазней. I важную ролю ў гэтым адыгралі Беларускае радыё і тэлебачанне.
На радыё доўгі час вельмі папулярнай была рубрыка «Прэм’ера песні», дзе гучалі новыя творы нашых кампазітараў на вершы беларускіх паэтаў. На тэлебачанні адным з самых любімых быў фестываль «Песню бярыце з сабой». Калі ён трансліраваўся, беларусы глядзелі толькі яго. У ім прымалі ўдзел славутыя Эдуард Хіль, Марыя Пахоменка, Анатоль Макрэнка, якія выконвалі песні па-беларуску.
Ва ўсе часы людзям хочацца ўзвышанага. I калі сярод будзённай цяжкой працы выпадалі хвіліны, калі чалавек меў дачыненне да нечага вышэйшага, гэта прыносіла задавальненне.
Дарэчы, «Песняры» ў зеніце сваёй кар’еры выступалі за акіянам і пад гучныя воплескі выконвалі песні на словы Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова. Бясспрэчна. што гучанне было высокапрафесійным. I мяне проста абурае, калі сёння на замежных конкурсах беларускія артысты спяваюць па-польску, па-англійску, толькі не па-беларуску.
Калі чалавек спявае на матчынай мове, ён спасцігае, што ў ёй заключана ўжо свая музыка, непаўторнасць, якую лёгка выявіць.
Я шчаслівы, што мае песні гучаць, не старэюць, не сыходзяць. Гэта прыносіць мне вялікае задавальненне.
— Чым было Вам блізкім супрацоўніцтва са Зміцерам Ваііцюшкевічам?
— Зміцер — не проста таленавіты, ён вельмі шчыры і светлы беларус. У не надта спрыяльны для беларускай культуры час ён падкрэслена паслядоўна працуе з нацыянальным матэрыялам. 1 гэта самым непасрэдным чынам тычыцца паэзіі. Для сваіх дыскаў ён адабраў найбольш яркія паэтычныя ўзоры. Яго выбар паказвае, як ён сам цэніць гэтыя вершы.
Цяпер так многа «складальнікаў вершаў», якія сачыняюць «тэксты», часам неахайныя, непрафесійныя. Зміцер, у адрозненне ад іх, добра разбіраецца, што сапраўднае ў паэзіі, а што — другаснае. Адбываецца шчаслівае яднанне паэзіі з музыкай. Я не скажу, што ўсё дасканалае, але ў кожным з альбомаў відно бясспрэчнае супадзенне трох галоўных складнікаў: музыкі, вершаў, выканання. Для вялікага поспеху песні неабходна шчаслівае супадзенне трох талентаў: кампазітара, паэта і спевака. Калі творчае яднанне адбываецца, тады песня становіцца шырокавядомай і патрэбнай. А калі ўсё на сябе бярэ адзін чалавек, часцей за ўсё эстрадны спявак, у яго звычайна ажно трох талентаў адразу не хапае — гучыць шэранькі «шырспажыў», які нічога агуль-