Беларусы ў ЗША  Вітаўт Кіпель

Беларусы ў ЗША

Вітаўт Кіпель
Выдавец: Беларусь
Памер: 352с.
Мінск 1993
125.57 МБ
Беларускія прозьвішчы
У Злучаных Штатах этнічнае паходжаньне часта вызначаецца з прозьвішча, і хоць бываюць выключэньні, аднак такія прозьвішчы, як Коган, Страшэўскі, Туфара, Чунг By і г.д., звычайна лёгка дазваляюць этнічна ідэнтыфікаваць чалавека. Сярэдні амэрыканец бязь цяжкасьцяў, не задумоўваючыся, амаль аўтаматычна вызначыць такога чалавека як яўрэя, паляка, італьянца або кітайца.
Аднак калі даходзіць да беларусаў, дык сярэдні амэрыканец у найлепшым выпадку спытаецца, ці ёсьць нейкія тыпова беларускія прозьвішчьі; або прозьвішча будзе вымаўляцца на расейскі або польскі манер, дзеля меркаваньня, што гэта нешта блізкае. Ведама ж, існуюць і характэрныя беларускія прозьвішчы, але, як і ў выпадку з назовам краіны, у Амэрыцы гэтага не заўважаюць. Такія прозьвішчы, як Калоша, Бурбель, Крэсла, Сенька, Міцкевіч, Савёнак, Барсук, Каўбаса, Каляда й сотні іншых, — тыпова беларускія, але не прызнаюцца як гэткія з прычыны слабога знаёмства зь Беларусьсю наагул. Трэба мець асаблівае вычуваньне беларускасьці, каб пазнаць этнічную прыналежнасьць гэтых прозьвішчаў. Бясспрэчна, шмат якія беларускія прозьвішчы падобныя або маюць агульныя славянскія карані з польскімі, расейскімі або ўкраінскімі прозьвішчамі. Падобна да таго шмат якія прозьвішчы гэтых народаў блізкія беларускім, асабліва тыя, што паходзяць ад тапонімаў, такія, як Мінскі, Пінскі, Слуцкі або Віцебскі.
Беларусы, што жылі на ўскраінах Беларусі, часта маюць прозьвішчы, якія выяўляюць латышскія, літоўскія, польскія або ўкраінскія ўплывы. Бывае й наадварот: беларускія ўплывы можна заўважыць у прозьвішчах літоўцаў, латышоў або расейцаў.
У значнай ступені беларускія прозьвішчы адлюстроўваюць гісторыю нацыі. Беларускія прозьвішчы часам палянізаваліся або русыфікаваліся, асабліва ў пісьмовым ужытку, несучы ў сабе замест беларускіх польскія або расейскія фанэтычныя й правапісныя асаблівасыді. Найбольш выразна гэта выявілася ў афіцыйным справаводзтве польскае й расейскае адміністрацыі. Так, прыкладам, такія тыпова беларускія прозьвішчы, як Варатніцкі, Барташэвіч або Будзіловіч, часта перадаюцца ў ангельскім тэксьце як «Worotnitskii», «Bartoszewicz» або «Budzilowicz», на расейскі або польскі манер, бо гэтак пісалася ў дакумэнтах, зь якімі імігрант прыбываў у Амэрыку. Гэта робіць пазнаваньне беларускіх прозьвішчаў надзвычай цяжкою задачаю для сярэдняга амэрыканца.
Вельмі рэдка прозьвішча нашага імігранта не амэрыканізавалася. Захаваліся пераважна «простыя» прозьвішчы — Калодка, Каляда й падобныя. Іншыя ж бязьлітасна перакручваліся. Найбольш пашыраны тып перайначаных прозьвішчаў — пераклады й скароты: Кучынскі станавіўся Кучам, Несьцяровіч — Нэстарам, а Каваль мог стацца й Смітам. Часта прозьвішчы набліжалі да англасаксонскага гучаньня: Мікула зваўся МакКула, Іларыён перарабляўся на Хілары. Прозьвішчы мяняліся або пры ўезьдзе ў краіну, калі чыноўнікі лічылі, што прозьвішча імігранта цяжкое для вымаўленьня, і мянялі яго на прасьцейшае: Абручанскі рабіўся Рычарам, або пазьней, калі імігранты бралі амэрыканскае грамадзянства й мелі права рабіць з прозьвішчам што хацелі.
Зьмена беларускіх прозьвішчаў у Амэрыцы — цікавая тэма для навуковага дасьледаваньня, вынікі якога дапамаглі б і ў дакладнейшай ідэнтыфікацыі беларускае этнічнае групы.
Захаваньне традыцыяў
Неадменная рыса кожнае нацыянальнае групы імігрантаў — імкненьне захаваць і перадаць нашчадкам свае этнічныя традыцыі, каб ня даць перапыніцца культурнай памяці нацыі. He складаюць выключэньня тут і беларусы Сьведамае імкненьне да самаідэнтыфікацыі на фоне шматэтнічнага амэрыканскага грамадзтва выяўляецца ў культываваньні этнічнае апрычонасьці, хай сабе часам і толькі сымбалічнага характару, у сьвяточным строі, умельствах і рамёствах, кухні, народных песьнях і танцах, каляндарных традыцыях.
Беларускі нацыянальны строй у Амэрыцы — частая зьява як на беларускіх, гэтак і на розных амэрыканскіх урачыстасьцях. Носяць строй або ўжываюць паасобныя яго элемэнты ня толькі тыя, хто прыехаў у Амэрыку, але й
маладое, народжанае ўжо ў Амэрыцы пакаленьне, падкрасьляючы тым самым сваё паходжаньне.
Сярод найпапулярнейшых беларускіх народных умельстваў у Амэрыцы — вышываньне й пляценьне. У беларускіх грамадах ёсьць нямала ўмельцаў, якія плятуць паясы й робяць цудоўныя вышыўкі. Вельмі папулярныя ў Амэрыцы вышытыя беларускія ручнікі. У меншай ступені пашыранае ганчарства й разьба па дрэве, затое надзвычай пашыраныя вырабы з саломкі. Творы беларускага ўмельства ўпрыгожваюць шматлікія фэстывалі й этнічныя выставы ў Злучаных Штатах.
Найбольш пашыраныя сярод амэрыканскіх беларусаў беларускія стравы — халаднік, галубцы, бліны, ну і, ведама, беларуская каўбаса, якая часам называецца ў Амэрыцы «старакраёваю».
Беларускія народныя песьні й танцы, будучы істотным сродкам этнічнага самавыяўленьня й выхаваньня нацыянальнае эстэтыкі, ці не найлепей надаюцца для папулярызацыі беларускае культуры ў шырэйшым амэрыканскім грамадзтве. Танцавальныя калектывы й хоры ёсьць бадай у кожным беларускім асяродку ў Амэрыцы.
Трывала захоўваюцца амэрыканскімі беларусамі рэлігійныя традыцыі й сьвяты. Захоўваючы засвоеныя яшчэ на бацькаўшчыне звычаі, яны штогод адзначаюць усёю грамадою важнейшыя сьвяты традыцыйнага беларускага царкоўнага й народнага календара — Каляды, Вялікдзень, Дажынкі. Асабліва папулярныя сярод амэрыканскіх беларусаў дні Беларускіх Сьвятых — Ефрасіньні Полацкае, Кірылы Тураўскага, Жыровіцкае Божае Маці.
Беларускія традыцыі й звычаі зь зьменаю пакаленьняў паступова трансфармуюцца й адаптуюцца да амэрыканскага жыцьця, аднак не занікаюць зусім, пакідаючы ў душы маладзейшых пакаленьняў імігрантаў азнаку непаўторнасьці й сьвятасьці далёкае бацькаўшчыны.
Мова
Мова эміграцыі прыцягвала ўвагу дасьледнікаў як у краіне пасяленьня, гэтак і на бацькаўшчыне. Аднак грунтоўным вывучэньнем мовы беларускіх імігрантаў у Амэрыцы ніхто не займаўся, хоць у паваенным беларускім замежным друку выказваліся заўвагі аб мове эміграцыі. Мова беларускіх імігрантаў у ЗША адлюстраваная і ў мастацкай літаратуры1. Беларуская мова разам з шматлікімі іншымі ўнесеная ў «Лінгвістычны банк Злучаных Штатаў»2.
1 Архівы Крывіцкага Навуковага Таварыства Праньціша Скарыны
2 Архівы часапісу «Беларуская Моладзь»: Папка «Моўныя рэсурсы Злучаных Штатаў».
Відавочна, разглядаючы мову амэрыканскіх беларусаў, трэба да кожнае хвалі эміграцыі падыходзіць асобна, бо ступень захаваньня мовы проста прапарцыянальная ўзроўню нацыянальнае сьведамасьці, а якраз гэтым паказчыкам хвалі найбольш і розьняцца між сабою. Асобны падыход мусіць быць і да розных іміграцыйных пакаленьняў.
Аб мове «да-масавае» іміграцыі, г. зн. тых, хто прыехаў у Амэрыку да 1890-х гадоў, ніякіх дакумэнтальных зьвестак не засталося. Іхныя нашчадкі ў гутарках з аўтарам сьведчылі, што бацькі ці дзяды гутарылі «сваёю моваю», якая розьнілася, прыкладам, ад мовы бальшыні парафіянаў нейкае польскае парафіі. Пры гэтым тыя бацькі й дзяды падкрасьлялі, што яны не палякі й паходзяць зь Літвы, хоць дакладней акрэсьліць сваю этнічную прыналежнасьць не маглі.
Сваім нашчадкам тыя раньнія імігранты перадалі толькі пару дзесяткоў штодзённых словаў, гэткіх, як хлеб, вада, ды назовы мясцовасьцяў, скуль яны паходзілі. Дарэчы, гэтыя назовы й ёсьць, бадай, найбольшым магнітам, які прыцягвае нашчадкаў імігрантаў да далейшых пошукаў сваіх каранёў ды прыводзіць іх урэшце да ўсьведамленьня свайго беларускага паходжаньня. Часам старыя імігранты пакідалі нашчадкам розныя малітоўнікі, пераважна польскія, але аўтару ў працэсе дапамогі ў генэалягічных пошуках даводзілася бачыць і беларускія каталіцкія малітоўнікі, выдадзеныя лацінкаю перад Першаю сусьветнаю вайною.
Інакш выглядае справа з моваю ў імігрантаў масавае эканамічнае хвалі. Пераважную большасьць у ёй складалі сяляне. Іхны лексыкон быў досыць абмежаваны ды адносіўся галоўным чынам да сялянскага побыту, прыроды, сельскае гаспадаркі. Запас дзяржаўна-адміністрацыйнае лексыкі быў у іх цалкам расейскі. Па прыезьдзе ў Амэрыку кругагляд гэтых людзей значна пашыраўся, як пашыраўся й іхны лексыкон ...гэтым разам ужо за кошт ангельскае мовы. Гэткім парадкам ад самага пачатку гаворка беларускага імігранта-селяніна ўяўляла сабою мешаніну: пры беларускай фанэтыцы й граматыцы значная колькасьць расейскае й ангельскае лексыкі. Кола ангельскае лексыкі пашыралася па меры таго, як дзеці йшлі ў школу, а імігрант шырэй знаёміўся з амэрыканскім жыцьцём. У выніку дзеці гадаваліся на беларуска-расейскаангельскай трасянцы. А дзеля таго, што яны часам наведвалі яшчэ й дапаўняльныя школы пры праваслаўных прыходах, мова дзяцей набірала шмат расейскіх словаў. Добра дапамагаў русыфікацыі старых беларускіх імігрантаў і амэрыканскі расейскамоўны ды БССР-аўскі друк, выдаўцы якога лічылі, што зь беларусамі трэба гаварыць па-расейску. Незьнішчальным, аднак, заставаўся беларускі акцэнт, якога не маглі перамагчы нават рубрыкі «Как правнльно говорнть по-русскн» ў амэрыканскіх расейскіх газэтах.
У адрозьненьне ад усіх папярэдніх хваляў, паваенная іміграцыя карысталася беларускаю моваю і як сродкам штодзённых зносінаў, і як моваю культуры, палітыкі, літаратуры, г. зн. беларуская мова адыгрывала ролю нацыянальнае літаратурнае мовы ў поўным аб'ёме, хоць паасобныя імігранты захоўвалі ў гутарковай мове рэгіянальныя асаблівасьці.
Мова беларускага друку базуецца пераважна на правапісе й граматыцы Б.Тарашкевіча зь нязначнымі адхіленьнямі. Сярод іх — пазначэньне паляталізацыі прыназоўнікаў (зь лесу), скарачэньне злучніка і пасьля галосных (бацька й маці) ды некаторыя іншыя. Найбольшы ўплыў на фармаваньне правапіснае й стылістычнае нормы мовы беларускага друку ў Амэрыцы зрабілі д-р Янка Станкевіч і Антон Адамовіч.
Гутарковая мова іміграцыі характарызуецца ўжываньнем шматлікіх лексычных амэрыканізмаў, якія настолькі трывала ўвайшлі ў мову, што ўжо не ўспрымаюцца як чужыя словы. Пераважна гэта словы, што азначаюць прадметы й паняцьці штодзённага жыцьця: пэйда (англ. pay day)—зарплата, порча (porch)—ганак, сенцы, шапінг (shopping)—закупы, кара (car)— машына, бас (bus)—аўтобус, газаліна (gasoline)—бэнзын, іншуранс (insurance)—страхоўка, нурска (nurse)—медсястра, вачаваць (to watch)—пільнаваць, даглядаць, такс (tax)—падатак, моргіч (mortgage)—пазыка ды дзесяткі й сотні іншых. Сярод амэрыканізмаў найбольш сустракаецца назоўнікаў, аднак ёсьць нямала й дзеясловаў ды іншых часьцінаў мовы. Замест «так» і «не» амаль выключна ўжываюцца e(yeah) і ноў (no).