Беларусы ў ЗША  Вітаўт Кіпель

Беларусы ў ЗША

Вітаўт Кіпель
Выдавец: Беларусь
Памер: 352с.
Мінск 1993
125.57 МБ
БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ НАВУКІ Й МАСТАЦТВА (НЬЮ-ЁРК)
НАЦЫЯНАЛЬНЫ НАВУКОВА-АСЬВЕТНЫ ЦЭНТАР ІМЯ ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ (МЕНСК)
ВІТАЎТ
КІПЕАЬ	
БЕЛаРУСЫ ЎЗША ★★★★★★
Менск «Беларусь» 1993
ББК 63.3(25)
К42
УДК 325.2(73)(-826ХО91)
У тэксьце кнігі выкарыстаны правапісны варыянт беларускае мовы, які ўжываецца ў друкаваных выданьнях беларусаў паваеннае хвалі эміграцыі.
KQ50302Q9Q3—005 10 93
М 301(03)—93
ISBN 5-338-00884-Х
© В.Кіпель, 1993
© Пераклад. С.Шупа, 1993
© Афармленьне В Латышаў 1993
© Фатаграфіі. А Кляшчук, 1993
Благаслаўлёна тая зямля — і быць Ёй свабоднаю вечна! — што брацьцям маім прытулак дала ў сям’і сваёй чалавечнай
Ларыса Геніюш
УСТУП
«Беларусы ў ЗША» — ня проста назоў новае кнігі. Гэта новае паняцьце. Нягледзячы на этнічную разнастайнасьць краіны шмат для каго беларусы — новая рэалія на этнічнай мапе Злучаных Штатаў. Тым ня менш этнічная прысутнасыдь беларусаў у Злучаных Штатах Амэрыкі мае больш за стогадовую гісторыю.
3 прычыны неспрыяльнага зьбегу гістарычных акалічнасьцяў, тэрміналягічнае невыразнасьці ды імпэрскіх памкненьняў суседзяў раньнія беларускія імігранты — беларусы-ліцьвіны — з-за нязначнае свае колькасьці заставаліся незаўважныя. Бальшыня ж масавае беларускае іміграцыі была залучаная ў бюракратычную катэгорыю «расейцаў» у шырокім сэньсе гэтага паняцьця. Гэтая бірка мацавалася да іх, як толькі яны ўпершыню пераступалі парогі адміністрацыйных установаў Расейскае імпэрыі. Ніхто не пытаўся ў іх думкі што да іхнага самавызначэньня, а самі яны былі ня ў стане запярэчыць. Нават калі ў іх пыталіся, яны не маглі выразна адказаць з прычыны палітычнага й гістарычнага няведаньня або й проста абыякавасьці да свае мінуўшчыны, да свае этнічнае тоеснасьці. Толькі адно мелі яны на думцы — патрапіць у «абяцаную зямлю». Для рэгістратараў і статыстыкаў сяляне-імігранты зь Беларусі сталіся «расейцамі».
Па іхным прыбыцьці на амэрыканскую зямлю іх сустракалі ды зноў жа рэгістравалі як «расейцаў» Дзесяткі тысячаў прыяжджалі, каб стацца яшчэ адной часткаю «імігранцкіх масаў». Дзякуючы бюракратычнай інэрцыі й непадрыхтаванасьці службоўцаў ураду ЗША беларусы не былі прызнаваныя ў якасьці апрычонае нацыянальнае групы на працягу цэлых дзесяцігодзьдзяў пасьля іхнага прыбыцыдя на берагі Новага Сьвету. Імігранты, што паходзілі зь беларускіх паветаў Віленскае й Смаленскае губэрняў, а таксама з Гарадзеншчыны, Віцебшчыны, Меншчыны, Магілеўшчыны, Піншчыны, Берасьцейшчыны й Гомельшчыны, заганяліся ў адну
з «афіцыйных» этнічных катэгорыяў амэрыканскімі іміграцыйнымі ўладамі, дэмографамі, сацыёлягамі, палітыкамі, а таксама, на жаль, шматлікімі навукоўцамі. Гэткімі катэгорыямі былі: «літоўцы» («Lithuanians» , недакладны пераклад зь «ліцьвіноў», даўняга назову беларусаў, ужыванага да пачатку гэтага стагодзьдзя); «палякі» для беларусаў-каталікоў; «расейцы» для праваслаўных беларусаў. Да таго ж шмат хто зь беларусаў патрапляў у «іншыя славяне» або проста ў «іншыя» .
I тут трэба добра ўсьведаміць, што гэтая «расейская маса» была творам службоўцаў-бюракратаў Расейскае імпэрыі ды іхных калегаў у Злучаных Штатах. Дзеля зручнасьці бюракратыі й адміністрацыйнае летаргіі людзі, што паходзілі зь беларускае зямлі, гаварылі па-беларуску й прывезьлі разам з сваім небагатым нажыткам беларускія звычаі й традыцыі, рабіліся «расейцамі». Гэткі паварот падзеяў быў ня проста несправядлівасьцю — сапраўднаю трагедыяй дваццатага стагодзьдзя сталася тое, што бюракратыя займела ўладу маніпуляваць нацыянальнаю тоеснасьцю людзей і замяняць яе вялікаю маною.
Бірка «расеец» прыліпла да многіх. Яны прымалі яе, бо што яны ведалі? Што яны маглі зрабіць? На кожным рагу прадстаўнікі ўлады запэўнівалі іх, што яны й напраўду «расейцы».
Аднак сёньня сацыёлягі й этнолягі маглі б нешта зрабіць, каб выправіць гэтую гістарычную памылку. Хімэрычны тэрмін «расеец», сустраканы ў амэрыканскай статыстычна-даведачнай літаратуры, мусіць быць старанна дасьледаваны навукоўцамі, каб выявіць шматлікія нацыянальнасьці, што хаваюцца пад маскаю гэтае катэгорыі. Можна сказаць, абнавіўшы ведамае, стасаванае ў іншых абставінах выслоўе: «Паскрабі амэрыканскага расейца, дык знойдзеш беларуса (або ўкраінца, грузіна й г.д.)>.
Мэта гэтае працы — падаць удакумэнтаваную інфармацыю пра гэтых памылкова азначаных амэрыканскіх беларусаў ад XIX стагодзьдзя, празь першыя дзесяцігодзьдзі гэтага стагодзьдзя аж да пасьляваеннае іміграцыі.
Шмат увагі ў кнізе надаецца раскрыцьцю непаразуменьняў, спрычыненых памылковым этнічным вызначэньнем, і аналізу памылак, зробленых у мінулым рознымі дасьледнікамі й арганізацыямі.
Жаданьнем аўтара было таксама стымуляваць далейшыя дасьледаваньні пра беларусаў у Злучаных Штатах, бо гэтая праца ўяўляе сабою толькі ўводзіны ў новую вялікую тэму. Глыбейшае вывучэньне такое этнічнае зьявы-праблемы застае, цца задачаю будучых навукоўцаў.
Трэба спадзявацца, што гэтая кніга й будучыя дасьледаваньні дазволяць знайсьці для амэрыканскіх беларусаў адпаведнае месца ў гістарычнай прасторы, вызначыць іхную этнічную
тоеснасьць і належна ацаніць іхны ўклад у разбудову й поступ Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Падаючы працу на суд беларускаму чытачу, хацелася б таксама, каб дасьледаваньне беларускае эміграцыі наагул і ў ЗША ў прыватнасьці пачалося й на бацькаўшчыне. На думку аўтара, даўно настала пара ня толькі вярнуць Беларусі двухмільённую масу яе сыноў і дачок, але й запісаць у актыў беларускае культуры здабыткі і ўклад беларускіх эмігрантаў у жыцьцё цэлага сьвету.
БЕЛАРУСКАЯ ІМІГРАЦЫЯ Ў ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯХ, ПУБЛІКАЦЫЯХ I СТАТЫСТЫЧНЫХ КРЫНІЦАХ
Прыступаючы да разгляду беларускае эміграцыі/іміграцыі, неабходна адказаць на такія пытаньні: 1) ці зьбіраліся ў гэтай галіне адпаведныя матэрыялы? 2) ці былі сыстэматычныя спробы вывучэньня працэсу эміграцыі беларусаў у Злучаныя Штаты й жыцьця амэрыканскіх беларусаў? На жаль, адказ на гэтыя пытаньні будзе адмоўны і дасьледнік эміграцыі зь Беларусі непазьбежна сутыкнецца з шматлікімі праблемамі.
Асноўная цяжкасьць палягае ў тым, што беларусы не атрымвалі дакладнага этнічнага акрэсьленьня ні пры выезьдзе з бацькаўшчыны, ні па сваім прыбыцьці ў Злучаныя Штаты. Іх не запісвалі беларусамі. Галоўнаю прычынаю гэтага была пазыцыя расейскіх уладаў у нацыянальным пытаньні. Трэба мець на ўвазе, што царскія ўлады пазбавілі беларусаў афіцыйнага назову й не дазволілі стварыць адміністрацыйную адзінку, якая ўлучала б усю беларускую этнаграфічную тэрыторыю. Расейская адміністрацыя называла беларусаў расейцамі нягледзячы на тое, што ў перапісе 1897 году ўжо была рубрыка «беларусы», «беларуская мова» і гэтыя тэрміны ўжываліся ў навуковых колах. Што да пагляду на эміграцыю з Расейскае дзяржавы, дык, з аднаго боку, расейская адміністрацыя ўважала, што «нсткнно русскне» людзі не выяжджаюць, а. з другога боку, беларусы пад сваім сапраўдным імем у статыстыцы не фігуруюць ні ў рубрыцы «іншародцы», ні ў рубрыцы «племянны склад». Другая цяжкасьць заключалася ў тым, што канфэсія атаясамлівалася з нацыянальнасьцю: беларусаў рыма-каталіцкага веравызнаньня залічалі ў палякі, праваслаўных — у расейцы.
Магчымасьць дакладнага этнічнага акрэсьленьня беларусаў пры іміграцыі ў ЗША і рэгістрацыі іх як беларусаў была амаль выключаная. Па-першае, нацыянальная прыналежнасьць у тых умовах атаясамлівалася з грамадзянствам паводле пашпарту, дзе этнічная прыналежнасьць не вызначалася. Па-другое, бюракраты амэрыканскіх іміграцыйных уладаў
дзеілі ў поўнай згодзе з сваімі расейскімі «братамі»: у апэратыўным даведніку «Слоўнік расаў або народаў» (Вашынгтон, 1911)1, які браўся за падставовы дакумэнт пры рэгістрацыі імігрантаў, беларусы не прызнаваліся асобнаю этнічнаю групаю. Нягледзячы на тое, што аснову гэтых дзьвюх урадавых бюракратыяў складалі дзьве розныя й нават супрацьлеглыя філязофскія канцэпцыі — нацыянальны прыгнёт і дыктатура ў Расеі ды павага да правоў чалавека ў Злучаных Штатах, — яны згаджаліся ў канчатковым выніку: шмат якім этнічным групам не знаходзілася месца ў статыстыцы па абодва бакі акіяну. Гэткім парадкам, дасьледаваньні, што грунтаваліся б на статыстычных дадзеных, сталіся амаль немагчымыя. Стварылася парадаксальная сытуацыя: з аднаго боку, ведамы факт, што беларусы прыяжджалі ў Амэрыку ў вялікай колькасьці, а з другога боку, аб іх няма ніякае афіцыйнае статыстыкі. Гэта й было адной з галоўных прычынаў таго, што сотні працаў аб амэрыканскіх славянах зусім ня згадваюць пра беларусаў. У сапраўднасьці ж становішча яшчэ горшае: на тысячах і тысячах старонак дасьледаваньняў і аналізаў беларусы Злучаных Штатаў атрымваюць памылковае этнічнае акрэсьленьне й выступаюць пад чужым імем. Такім чынам, вывучэньне беларусаў у Злучаных Штатах — справа няпростая.
Ніжэй разглядаецца дасьледная літаратура аб славянскай іміграцыі, робіцца спроба высьветліць і запоўніць прабелы ў дачыненьні да беларусаў у гісторыі амэрыканскае іміграцыі ды паказаць, што прысутнасьць беларусаў тым ня менш была заўважаная, хоць гэта й не заўсёды было ясна выказана ў друку.
Аб некаторых праблемах вывучэньня беларусаў у Амэрыцы было сказана ў нашай ранейшай публікацыі2. Цяперашні аналіз значна пашырае рамкі дасьледаваньня ды ўлучае як англамоўныя, іншамоўныя, гэтак і беларускамоўныя крыніцы й матэрыялы.
Англамоўныя публікацыі
За выключэньнем невялікіх заўвагаў у агульных працах аб славянах у Амэрыцы і ў кароткіх газэтных артыкулах ды нязначных згадак у даведачнай літаратуры, пра беларусаў Амэрыкі напісана няшмат. Нягледзячы на шырокі й разнастайны спэктар славянаведных дасьледаваньняў у Амэрыцы, бела-
1 Dictionary of Races or Peoples. (Reports of the Immigration Commission. Senate, Doc. No. 662). Washington, 1911.
2 Kipel V. The early Byelorussian presence in Атегіса//3апісы Кн.17. 1983. C 113—131
руская тэматыка ўсё яшчэ застаецца па-за ўвагаю дасьледнікаў.
Дэзінфармацыя й няўвага да Беларусі пачынаецца ўжо ў амэрыканскай школе й працягваецца праз далейшыя стадыі навучаньня, у якіх на Ўсходнюю Эўропу наагул, а на Беларусь у прыватнасьці, зварачаецца вельмі малая ўвага. У выніку недастатковасьці інфармацыі ў навучальным працэсе не ўзьнікае зацікаўленасьці вучняў і студэнтаў у далейшых студыях. I хоць апошнім часам назіраецца пэўны прагрэс, усё XX стагодзьдзе як Беларусь, гэтак і іншыя краіны Ўсходняе Эўропы былі занядбаныя ў адукацыйным працэсе. Але тым ня менш славянаведныя студыі ў Амэрыцы не застаюцца без увагі.