Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 277с.
Мінск 2006
Вялікую шкоду стану глебавага покрыва Зямлі наносяць працэсы, звязаныя з апустыньваннем. Апустыньванне можа быць абумоўлена няправільным арашэннем (забалочванне і
засаленне), засухай, празмерным выпасам ската, дэградацыяй глебы, высечкай лясоў і іншымі прычынамі.
Вялікія страты глебаваму слою Зямлі наносіць засаленне, выкліканае няправільнай меліярацыяй. Нерацыянальная ірыгацыя (паліў) прыводзіць да таго, што спачатку адбываецца падтапленне і забалочванне глебы. Солі выходзяць на паверхню ці вымываюцца вадой, калі дрэнажныя сістэмы не адводзяць ваду.
Засаленне тэрыторыі адбываецца таксама за кошт узбагачэння глебы рознымі солямі — прадуктамі жыццядзейнасці жывёл і чалавека, бытавымі і прамысловымі сцёкавымі водамі, а таксама сцёкамі з аўтастрад, дзе каменная соль выкарыстоўваецца ў складзе пясчанасаляной сумесі для барацьбы з галалёдам.
Вынішчэнне ляснога покрыва
1. Што такое прыродныя рэсурсы? Якая іх роля ў жыцці і дзейнасці чалавека? 2. Прывядзіце прыклады вычарпальных і невычарпальных прыродных рэсурсаў. 3. Якая ўзаемасувязь існуе паміж ступенню выкарыстання рэсурсаў і забруджваннем навакольнага асяродцзя? 4. Што такое дэградацыя глеб? Якія яе прычыны? 5*. Дакажыце на прыкладах, што развіццё цывілізацыі суправаджаецца пастаянным ростам і пашырэннем выкарыстання прыродных рэсурсаў.
53. Вынішчэнне ляснога покрыва. Скарачэнне біяразнастайнасці
Біясфернае значэнне лясоў. Лясы — асноўны цэнтр жыцця на Зямлі і асяроддзе пражывання вялікай
колькасці жывых арганізмаў, крыніца многіх матэрыяльных даброт чалавека (мал. 113). Лясная расліннасць іграе
Мал. 113. Біясфернае значэнне лясоў: 1 — рэгуляцыя газавага саставу атмасферы; 2 — уплыў на кругаварот вады; 3 — ахова глеб ад эрозіі; 4 — адпачынак людзей; 5 — паляванне; 6 — нарыхтоўка лекавых траў; 7 — збор грыбоў і ягад; 8 — нарыхтоўка драўніны
ЧАЛАВЕК I БІЯСФЕРА
226
важнейшую ролю ў падтрыманні балансу кіслароду і вуглякіслага газу ў біясферы. Адзін гектар лесу паглынае ў 20 разоў больш вуглякіслага газу, чым сельскагаспадарчыя расліны, якія займаюць тую ж плошчу. Кожны гектар лесу за год паглынае 10 т вуглякіслага газу, выдзяляе да 20 т кіслароду і вялікую колькасць разнастайных лятучых арганічных злучэнняў — фітанцыдаў. Гэтыя біялагічна актыўныя рэчывы знішчаюць хваробатворныя мікраарганізмы, аздараўляючы навакольнае асяроддзе.
Лясы рэгулююць колькасць і якасць дажджавой вады, якая паступае ў рэкі. У тых раёнах, дзе на водападзелах рэк лясное покрыва было знішчана, частымі сталі навадненні ці, наадварот, поўнае перасыханне рэчышча.
Звядзенне лясоў. Каля 10 тыс. гадоў назад пакрытыя лесам прасторы займалі больш за 6 млрд га паверхні сушы. У цяперашні час існуе менш
чым палова лясоў, што некалі раслі на планеце. Больш за ўсё пацярпелі шыракалістыя лясы Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, якія займалі ўрадлівыя глебы (мал. 114). Выключэнне складаюць толькі невялікая тэрыторыя Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» (каля 150 тыс. га) і поўнач Швецыі. У астатніх месцах нават стары лес быў некалі пасаджаны людзьмі.
м
Цяжка ўявіць, што 2 тыс. гадоў назад большая частка тэрыторыі Еўропы была пакрыта дрымучымі лясамі, што сярод лясоў будавалася Масква.
Яшчэ ў сярэдзіне XVIII ст. 80 % тэрыторыі Беларусі было пакрыта лесам. Найбольш інтэнсіўна лясы высякаліся з другой паловы XVIII ст. і да канца 20х гадоў XX ст. Напрыклад, у перыяд з 1883 г. да 1914 г. было высечана 800 тыс. га лесу. Лясныя культуры былі ўзноўлены толькі на 1,6 % гэтай тэрыторыі. Сёння лясістасць тэрыторыі Беларусі складае каля 37,5 %.
У цяперашні час лясы знішчаюцца ў многіх рэгіёнах свету, але асаблівых памераў іх вынішчэнне дасягнула ў
Мал. 114. Скарачэнне плошчы лясоў Еўропы
Вынішчэнне ляснога покрыва
краінах, якія развіваюцца. Плошчы, што вызваляюцца ад лесу, ідуць пад раллю. Драўніна выкарыстоўваецца як крыніца паліва, сыравіна для дрэваапрацоўчай і мэблевай прамысловасці.
Вынішчэнне лясоў мае мноства пабочных эфектаў (мал. 115). Гэта галоўная прычына такіх экалагічных праблем, як апустыньванне, дэградацыя глеб, навадненні, утварэнне се
Мал. 115. Экалагічныя вынікі высечкі лясоў
ЧАЛАВЕК I БІЯСФЕРА
228
левых патокаў, заглейванне вадацёкаў, разбурэнне арэалаў дзікіх жывёл, выміранне многіх відаў жывёл і раслін. Высечка лясоў у Бразіліі, ЗША, Паўднёвай Азіі, Альпах, Карпатах прывяла да больш частых навадненняў, у тым ліку катастрафічных. Калі раней моцныя навадненні і селі адбываліся ў многіх горных раёнах (напрыклад, у Альпах, Карпатах) адзін раз у 50—80 гадоў, то цяпер — праз кожныя 4—6 гадоў, а паводка (значнае павышэнне ўзроўню вады), практычна пасля кожнага моцнага дажджу.
nun
Вільготныя трапічныя лясы, размешчаныя ў басейнах рэк Амазонкі і Конга, на тэрыторыі КостаРыка,
в. Мадагаскар і астравоў ПаўднёваУсходняй Азіі, займаюць усяго 7 % сушы. Але яны ігра
юць велізарную ролю ў падтрыманні воднага балансу З'ямлі, захаванні біяразнастайнасці, паглынанні атмасфернага вугляроду.
У трапічных лясах самыя ідэальныя ўмовы для жыцця (увесь час цёпла і вільготна). Тут жыве 4/5 усіх відаў раслін і амаль палова ўсіх наземных відаў жывёл. Сярод іх 80 % відаў насякомых і 90 % відаў прыматаў з ліку існуючых на планеце. Нягледзячы на гэта, вільготныя трапічныя лясы бязлітасна высякаюцца. У сусветным маштабе высечка лясоў перавышае прырост драўніны ў 18 разоў. Асабліва інтэнсіўна вынішчаюцца лясы ў Бразіліі. Толькі ў 2003 г. тут было высечана каля 20 тыс. км2 лесу.
Скарачэнне біяразнастайнасці. Біялагічная разнастайнасць, ці біяразнастайнасць, — гэта паняцце, якое абазначае ўсю разнастайнасць жывых арганізмаў прыродных сістэм Зямлі. Біяразнастайнасць, якую мы
бачым сёння, — гэта прадукт эвалюцыі, што вызначаецца натуральнымі працэсамі, а зараз усё ў большай ступені — уплывам чалавека.
Вучоныя сцвярджаюць, што на працягу бліжэйшых 20—30 гадоў зза тэхнагенных змяненняў навакольнага асяроддзя прырода можа страціць больш чым 1 млн відаў жывых арганізмаў. Хуткасць вымірання відаў сёння ў 1000 разоў перавышае натуральную. Каля 10 % відаў раслін умеранай зоны і 11 % відаў птушак свету знаходзяцца на мяжы вымірання. Такі ж сумны канец чакае ў бліжэйшай будучыні 130 тыс. відаў жывых арганізмаў трапічнай зоны. Праблема скарачэння біяразнастайнасці, такім чынам, мае глабальны характар.
Выміранне відаў мае біялагічную аснову і складае частку эвалюцыйнага працэсу. Існуюць натуральныя прычыны вымірання — надзвычай вузкая спецыялізацыя віду, няздольнасць жыць у новых кліматычных умовах, немагчымасць канкурыраваць з іншымі відамі і г. д.
Істотны ўплыў на збядненне відавой разнастайнасці аказвае гаспадарчая дзейнасць чалавека (мал. 116). Асноўнай прычынай вымірання відаў з’яўляецца разбурэнне ці скарачэнне месцаў пражывання, асабліва спецыфічных (нізінных балот, поймаў рэк, высакаўзроставых шыракалістых лясоў і г. д.).
Другой прычынай з’яўляецца раздрабленне месцаў пражывання. Так,
Вынішчэнне ляснога покрыва
Мал. 116. Антрапагенныя прычыны скарачэння біяразнастайнасці
для выжывання некаторых відаў, напрыклад жураўлёў, адно вялізнае балота мае значна большае значэнне, чым некалькі маленькіх, хоць і аднолькавых па сумарнай плошчы. Некаторым драпежнікам, напрыклад ваўкам, для палявання патрэбны вялікія лясістыя тэрыторыі.
Забруджванне прыроднага асяроддзя як вынік дзейнасці чалавека ўплывае на жывыя арганізмы. Некаторыя з іх (напрыклад, лішайнікі, імхі) праяўляюць высокую адчувальнасць да забруджвальнікаў і гінуць ужо пры адносна невялікіх канцэнтрацыях шкодных рэчываў у паветры, вадзе і глебе.
ЧАЛАВЕК I БІЯСФЕРА
230
Пад зніжэннем біяразнастайнасці трэба разумець не толькі змяншэнне колькасці відаў, але і якаснае змяненне экасістэм. На іх тэрыторыі замест адных відаў з’яўляюцца іншыя, не характэрныя дая мясцовых прыродных згуртаванняў. Важная роля ў гэтым працэсе належыць інтрадукцыі — пераносу відаў за межы іх натуральных арэалаў і ўкараненне ў мясцовыя прыродныя комплексы. Пры адсутнасці ў новых умовах натуральных ворагаў інтрадуцыраваны від пачынае хутка размнажацца і можа выцясняць мясцовыя віды.
*Біялагічная разнастайнасць Беларусі пастаянна скарачаецца і трансфармуецца. 3 пачатку XVII ст. на тэрыторыі Беларусі знікла больш чым 20 відаў наземных пазваночных. Сярод іх два віды, вымерлыя на Зямлі: лясны бык — тур і дзікі лясны конь — тарпан. Перасталі сустракацца такія віды, як пясец, расамаха, лань, лясны кот, хахуля, з птушак — драфа, стрэпет, каравайка, коўпіца, ружовы. пелікан. 3 пачатку XX ст. у рэках Беларусі няма рачной міногі і 11 відаў рыб (бялугі, рускага асятра, балтыйскага асятра, выразуба, ласося, кумжы). Шэраг відаў вынішчаны чалавекам, іншыя зніклі зза глабальнага скарачэння арэала ці змянення месцаў пражывання. 3 флоры Беларусі за апошнія 100—120 гадоў пад уплывам комплексу антрапагенных фактараў знікла больш чым 90 відаў раслін.
На змяншэнне біяразнастайнасці відаў Беларусі ўплываюць і натуральныя прычыны, напрыклад, глабальнае змяненне клімату. За апошнія 100 гадоў назіраецца ўстойлівы рост тэмпературы паветра ў розных раёнах нашай краіны і павелічэнне гадавой нормы ападкаў больш чым на 100 мм (каля 20 % нормы). На фоне змянення клімату адбываецца натуральнае адступленне на поўнач лясоў, на змену якім усё больш актыўна на тэрыторыю паўднёвай Беларусі пранікае стэпавая расліннасць і спадарожныя ёй віды жывёл.*
Добра вядома, што адной з умоў эфектыўнага існавання, выжывання, прыстасавання да вагання фактараў асяроддзя любой экасістэмы з’яўляецца наяўнасць у ёй пэўнай колькасці відаў жывых арганізмаў. Віды ў экасістэме на працягу доўгага часу добра прыстасаваліся да сумеснага існавання. Яны актыўна функцыянуюць у экасістэме, узаемадзейнічаючы адзін з адным у працэсе абмену рэчывам, энергіяй і інфармацыяй. Іншымі словамі, біялагічная разнастайнасць — гэта залог устойлівага функцыянавання як асобных экасістэм, так і біясферы ў цэлым. Экалагічнае ўзаемадзеянне розных відаў жывых істот з навакольным асяроддзем фарміруе экасістэмы, ад стану якіх залежыць жыццё ўсяго чалавецтва. Скарачэнне біяразнастайнасці — гэта сур’ёзная страта для біясферы, адна з галоўных экалагічных праблем.