• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біялогія

    Біялогія


    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 261с.
    Мінск 2016
    117.05 МБ
    Біяцэноз і біятоп. Сувязі папуляцый у біяцэнозах
    67
    жывёла, koinds — агульны) — сукупнасць папуляцый жывёл, якія насяляюць пэўны біятоп. Мікацэноз (ад грэч. mykes — грыб, koinds — агульны) — згуртаванне розных відаў грыбоў. Мікробацэноз (ад грэч. micros — малы, koinds — агульны) — сукупнасць папуляцый мікраарганізмаў (бактэрый, пратыстаў) і вірусаў.
    Мяжа паміж біяцэнозамі вызначаецца па фітацэнозах, якія заўсёды маюць спецыфічныя асаблівасці. Напрыклад, луг рэзка адрозніваецца ад лесу, лес — ад балота, хвойны лес — адліставога, бярозавы гай — аддубровы і г. д. Фітацэноз вызначае відавы састаў зоацэнозу, мікацэнозу і мікробацэнозу, г. зн. з’яўляецца галоўным структурным кампанентам біяцэнозу.
    Па паходжанні адрозніваюць першасныя і другасныя біяцэнозы. Перйіасныя біяцэнозы сфарміраваліся ў прыродных умовах у ходзе эвалюцыі (недаступныя ўчасткі тайгі, горныя лясы). Іх кампаненты (арганізмы) адаптаваліся да навакольнага асяроддзя. Гэта надае біяцэнозам дынамічную ўстойлівасць. Да другасных адносяцца створаныя або пераўтвораныя чалавекам біяцэнозы (большасць біяцэнозаў на Зямлі).
    У курсе геаграфіі вы пазнаёміліся з разнастайнасцю прыродных біяцэнозаў Беларусі. Найбольш тыповымі для нашай краіны з’яўляюцца: хвойныя і змешаныя лясы, бярозавыя гаі, дубровы, заліўныя і сухадольныя лугі, балоты. Усе яны зазнаюць розную ступень уплыву гаспадарчай дзейнасці чалавека. Дзяржавай пастаянна прымаюцца меры па іх ахове.
    Біятоп уключае паветра з кліматычнымі фактарамі (кліматоп), глебу (эдафатоп) і ваду (гідратоп). Гэтыя кампаненты ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і фарміруюць асяроддзе пражывання біяцэнозу. Біяцэноз сваім існаваннем змяняе стан біятопу. У сваю чаргу біятоп, змяніўшыся, можа ўплываць на відавы склад біяцэнозу.
    Сувязі папуляцый у біяцэнозах. Структура біяцэнозу падтрымліваецца ў часе і прасторы за кошт разнастайных сувязей паміж папуляцыямі. Сувязі ўзнікаюць з мэтай задавальнення пэўных патрэб адной папуляцыі за кошт іншай. У залежнасці ад характару патрэб выдзяляюць тыпы сувязей: трафічныя, тапічныя, фарычныя, фабрычныя.
    Трафічныя сувязі (ад грэч. trophs — ежа) — сувязі паміж папуляцыямі, калі асобіны адной папуляцыі атрымліваюць ежу за кошт асобін іншай папуляцыі. Гэта можа адбывацца шляхам з’ядання асобін, жыўлення адмерлымі арганічнымі рэшткамі або прадуктамі жыццядзейнасці асобін іншага віду. Напрыклад, жаба жывіцца насякомымі, бусел — жабамі, дажджавы чарвяк — апалымі лістамі (прамыя трафічныя сувязі). Драпежнікі з’ядаюць траваедных жывёл, і гэтым яны ўплываюць на колькасць травяністых раслін, якія з’яўляюцца кормам для некаторых лістагрызучых беспазваночных жывёл (ускосная трафічная сувязь).
    68
    Раздзел 3
    Архідэі (эпіфіты) на ствале дрэва	Ліяны ў трапічным лесе
    Мал. 26. Тапічныя сувязі
    Тапічныя сувязі (ад грэч. topos — месца) — сувязі паміж папуляцыямі, калі асобіны адной папуляцыі выкарыстоўваюць асобін іншай папуляцыі ў якасці месцапражывання або зазнаюць іх уплыў на сваё асяроддзе пражывання. Напрыклад, птушкі выкарыстоўваюць дрэвы і кусты як месцы для гнездавання, малькі рыб знаходзяць сховішча пад парасонікам медузы, эпіфіты і ліяны выкарыстоўваюць ствалы дрэў як субстрат (мал. 26) і г. д. У лесе высокія дрэвы пад сваім полагам могуць ствараць спрыяльныя ўмовы асяроддзя для ценелюбівых раслін.
    Фарычныя сувязі (ад грэч. phora — нашэнне) — сувязі паміж папуляцыямі, калі асобіны адной папуляцыі ўдзельнічаюць у рассяленні (распаўсюджванні) асобін другой папуляцыі. Напрыклад, птушкі, жывячыся ягадамі брусніц, чарніц, рабіны, глогу, распаўсюджваюць насенне гэтых раслін разам з экскрэментамі. Млекакормячыя пераносяць блох, кляшчоў. Вавёркі, сойкі, назапашваючы арэхі і жалуды на зіму, часам губляюць іх, і тыя вясной прарастаюць.
     Эвалюцыя жывёл і раслін працякала ўзаемазвязана (каэвалюцыя), таму яны выпрацоўвалі 1^X3 прыстасаванні для фарычных сувязей. Напрыклад, стрававальныя ферменты жывёл і птушак не ператраўліваюць насенне раслін, а, наадварот, забяспечваюць яго высокую ўсходжасць. Плады і насенне некаторых раслін маюць кручкі, зачэпы для прымацавання да поўсці жывёл з мэтай наступнага распаўсюджвання. Калі ў ролі распаўсюджвальнікаў насення, пладоў, спор, пылку выступаюць жывёлы, то такі працэс называюць зоахарыяй. Насенне лопуха або ваўчкоў можа чапляцца сваімі шыпамі за поўсць буйных млекакормячых і пераносіцца на вялікія адлегласці. Калі жывёлы пераносяць (транспартуюць) другіх, больш дробных жывёл, — гэта фарэзія. Птушкі нярэдка на пер’і і нагах пераносяць дробных жывёл або іх яйцы, а таксама цысты пратыстаў. Характэрнай асаблівасцю фарэзіі з’яўляецца адсутнасць паразітызму.
    Фабрычныя сувязі (ад. лар. fabrico — вырабляць) — сувязі паміж папуляцыямі, калі асобіны адной папуляцыі выкарыстоўваюць выдзяленні або мёртвыя часткі цела асобін іншай папуляцыі ў якасці матэрыялу для будаўніцтва гнёздаў,
    Біяцэноз і біятоп. Сувязі папуляцый у біяцэнозах
    69
    Мал. 27. Фабрычныя сувязі
    нор, сховішч і інш. Напрыклад, бабры ўзводзяць бабровыя хаткі са ствалоў і галін дрэў. Мурашкі выкарыстоўваюць апад хвойных дрэў як асноўны будаўнічы матэрыял для мурашнікаў. Птушкі прымяняюць сухія галінкі, траву, пух, поўсць для будаўніцтва гнёздаў (мал. 27). Некаторыя лясныя звяры высцілаюць свае норы мохам, апалымі лістамі, сухой травой і г. д.
    Папуляцыя любога віду ў біяцэнозе пастаянна ўступае ў розныя сувязі з іншымі папуляцыямі. Напрыклад, дзяцел, які жывіцца насякомымі, уступае з імі ў прамую трафічную сувязь, а з дубам, пад карой якога ён вышуквае гэтых насякомых, — ва ўскосную трафічную сувязь. Выдзёўбваючы на ствале дрэва дупло, ён уступае ў тапічную сувязь з дрэвам і г. д.
    1
    9
    Біяцэноз — сукупнасць узаемазвязаных папуляцый раслін (фітацэноз), жывёл (зоацэноз), грыбоў (мікацэноз) і мікраарганізмаў (мікробацэноз), якія насяляюць участак тэрыторыі з аднароднымі ўмовамі асяроддзя — біятоп. Біятоп уключае паветра з кліматычнымі фактарамі (кліматоп), глебу (эдафатоп) і ваду (гідратоп). У біяцэнозе паміж папуляцыямі розных відаў узнікаюць трафічныя, тапічныя, фарычныя і фабрычныя сувязі.
    1. Дайце азначэнне паняццяў «біяцэноз» і «біятоп». 2. Назавіце структурныя кампаненты біяцэнозу сасновага лесу. 3. Якія тыпы сувязей паміж папуляцыямі падтрымліваюць структуру біяцэнозу? 4. У якія сувязі ўступаюць азотфіксуючыя бактэрыі, якія знаходзяцца ў клубеньчыках бабовых раслін; дзяцел, які жыве ў дупле дуба? 5. Вызначце адпаведнасць паміж тыпамі сувязей папуляцый розных відаў і іх прыкладамі. Тыпы сувязей: 1. Трафічныя. 2. Тапічныя. 3. Фарычныя. 4. Фабрычныя. Прыклады сувязей: а) жабы і конікі; б) лішайнікі і дрэвы; в) малькі рыб і мядузы;
    70
    Раздзел 3
    г) ліяны і дрэвы; д) асіны і падасінавікі; е) птушкі і насенне рабіны; ж) мядзведзі і кляшчы; з) мурашкі і лясны апад. 6. Растлумачце экалагічны сэнс наступных прыказак. 1. Мужык бярозу сячэ, а трэска па грыбах і ягадах б’е. 2. Ліса з зайцам дружна не жывуць. 3. Ты пасей жыта — васількі самі ўзыдуць. 4. Як цесна, дык і курыца курыцу з седала саштурхвае. 5. На тое і шчупак у рацэ, каб карась не драмаў. Пра якія тыпы сувязей і ўзаемаадносін у іх ідзе размова?
    §16. Відавая структура біяцэнозу
    Любы біяцэноз планеты характарызуецца пэўнай відавой структурай. Відавая структура — відавая разнастайнасць біяцэнозу і суадносіны відаў па колькасці.
    Відавая разнастайнасць біяцэнозу. Дастаткова толькі паглядзець на розныя біяцэнозы, каб заўважыць іх адрозненні па відавым складзе. Атрымаць поўнае ўяўленне аб відавой разнастайнасці біяцэнозу практычна немагчыма, паколькі нельга ўлічыць віды мікраарганізмаў. Але нават колькасная характарыстыка бачымых элементаў дае магчымасць атрымаць пра біяцэноз важную інфармацыю. Відавую разнастайнасць біяцэнозу можна ахарактарызаваць з дапамогай двух колькасных паказчыкаў: відавое багацце і відавая насычанасць.
    Відавое багацце — агульная колькасць відаў, якія пражываюць у біятопе. Кожны від у біяцэнозе прадстаўлены папуляцыяй. Прыродныя біяцэнозы лічацца беднымі, калі іх відавое багацце складае дзясяткі і сотні відаў (біяцэнозы хвойных лясоў, пустынь, высакагор’яў). У багатых біяцэнозах колькасць відаў дасягае некалькіх тысяч (трапічныя лясы, саванны). Чым вышэй відавое багацце, тым устойлівей біяцэноз.
    Чым можна растлумачыць такую залежнасць? Папершае, у кожнай папуляцыі ёсць магчымасць утварыць вялікую колькасць сувязеў і задаволіць свае экалагічныя патрэбы. Гэта павышае яе выжывальнасць, а значыць, і захаванне біяцэнозу ў цэлым. Падругое, ёсць магчымасць узаемазамяняльнасці адных відаў другімі пры выкананні іх функцыі, дзякуючы чаму не парушаецца функцыянальная структура біяцэнозу.
    Відавая насычанасць — колькасць відаў, якія прыходзяцца на адзінку плошчы або адзінку аб’ёму біятопа. Два біяцэнозы, якія маюць аднолькавае відавое багацце, не будуць у роўнай ступені ўстойлівымі, калі яны займаюць розныя па плошчы біятопы. Устойлівей будзе біяцэноз з меншай плошчай біятопа. У ім будзе вышэйшая відавая насычанасць, а значыць, большая верагоднасць утварэння сувязей паміж папуляцыямі і вышэйшая іх трываласць.
    Такім чынам, каб атрымаць уяўленне аб відавой разнастайнасці біяцэнозу, недастаткова ведаць агульную колькасць відаў у біятопе. Неабходна мець інфармацыю і аб шчыльнасці яго засялення відамі.
    Відавая структура біяцэнозу
    71
    Відавая разнастайнасць біяцэнозу залежыць ад умоў асяроддзя ў біятопе. Напрыклад, у тундры, дзе пастаянна адчуваецца дэфіцыт цяпла, біяцэнозы маюць невялікую відавую разнастайнасць у асноўным за кошт імхоў і лішайнікаў. Ва ўмераных шыротах відавая разнастайнасць у асноўным вызначаецца відавым багаццем пакрытанасенных і голанасенных раслін, жывёльнага свету і ў меншай ступені відавой насычанасцю грыбоў. У трапічных лясах самая багатая разнастайнасць флоры і фаўны. Такім чынам, можна зрабіць вывад, што, чым спрыяльней умовы асяроддзя, тым большая відавая разнастайнасць біяцэнозаў, і наадварот. Значыць, па відавой разнастайнасці біяцэнозу можна меркаваць аб ступені спрыяльнасці ўмоў асяроддзя ў біятопе.
    Відавая разнастайнасць залежыць і ад узросту біяцэнозу. Маладыя біяцэнозы, якія толькі пачынаюць развівацй.а, бедныя па відавым складзе. Яны становяцца багацейшымі па меры развіцця. Найбольшая відавая разнастайнасць назіраецца ў сталых устойлівых біяцэнозах. Значыць, па відавой разнастайнасці можна вызначыць стадыю развіцця біяцэнозу.