• Газеты, часопісы і г.д.
  • Біялогія

    Біялогія


    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 261с.
    Мінск 2016
    117.05 МБ
    Суадносіны відаў па іх колькасці. У любым біяцэнозе ёсць віды, якія пераважаюць па колькасці і займаюць вялікую частку біятопа. Гэтыя віды называюцца дамінантнымі або дамінантамі. Яны вызначаюць тып біяцэнозу. Напрыклад, сасна — у сасновым лесе, бяроза — у бярозавым гаі, дуб — у дубовым гаі, вольха — у алешніку і інш. Дамінаванне віду не заўсёды азначае яго шматлікасць, дамінантны від можа мець і нізкую абсалютную колькасць (напрыклад, вярблюджая калючка ў пустыні). Але ў параўнанні з колькасцю іншых відаў у дадзеным біяцэнозе яго колькасць самая высокая. Дамінанты, якія ўдзельнічаюць у фарміраванні асяроддзя для ўсяго згуртавання (асяроддзеўтваральныя віды), называюцца відаміэдыфікатарамі. Эдыфікатар верхавога балота — гэта сфагнум, стэпу — кавыль, дубровы — дуб і г. д. Часам эдыфікатарамі могуць быць і жывёлы: бабры фарміруюць бабровыя ландшафты, капытныя жывёлы — стэпавыя ландшафты і г. д. Выдаленне відуэдыфікатара можа настолькі змяніць умовы асяроддзя пражывання, што дадзены біятоп стане непрыгодным ддя відаў, якія раней там існавалі. У яго стануць засяляцца новыя віды, і гэта прывядзе да змены біяцэнозу.
    Акрамя відаўдамінантаў, любы біяцэноз уключае мноства іншых відаў з меншай колькасцю. Яны падтрымліваюць разнастайнасць сувязей у біяцэнозе і служаць рэзервам для замяшчэння дамінантаў, г. зн. надаюць стабільнасць біяцэнозу. У залежнасці ад долі асобін дадзенага віду ў агульнай колькасці асобін біяцэнозу — ступені дамінавання — іх раздзяляюць на чатыры катэгорыі:
    1)	субдамінантныя віды — даволі шматлікія віды, якія часта сустракаюцца ў біятопе, але значна саступаюць па колькасці дамінантным;
    72
    Раздзел 3
    2)	малаколькасныя віды — віды з невялікай колькасцю, зрэдку сустракаюцца ў біятопе;
    3)	рэдкія віды — віды з вельмі малой колькасцю, сустракаюцца толькі ў асобных месцах біятопа;
    4)	выпадковыя віды — віды, нетыповыя ддя дадзенага біяцэнозу і прадстаўленыя тут адзінкавымі экзэмплярамі.
    Дамінантныя і субдамінантныя віды чалавек можа выкарыстаць у працэсе гаспадарчай дзейнаці без урону для біяцэнозу. Малаколькасныя і рэдкія віды трэба ахоўваць у межах дадзенага біяцэнозу. Рэдкія віды, як правіла, заносяць у Міжнародную або нацыянальныя Чырвоныя кнігі, калі іх колькасць вельмі малая ў большасці біяцэнозаў у межах арэала. Выпадковыя віды не заслугоўваюць увагі, паколькі яны ў дадзеным біяцэнозе існаваць не змогуць і з цягам часу знікнуць.
    
    9
    Відавая структура біяцэнозу — відавая разнастайнасць і суадносіны відаў па іх колькасці. Відавая разнастайнасць характарызуецца відавым багаццем і відавой насычанасцю. Па ступені дамінавання віды біяцэнозу раздзяляюць на дамінантныя, субдамінантныя, малаколькасныя, рэдкія і выпадковыя. Рэдкія віды заносяць у Чырвоную кнігу, калі іх колькасць вельмі малая ў большасці біяцэнозаў у межах арэала.
    1.	Якімі паказчыкамі характарызуецца відавая разнастайнасць біяцэнозу? Растлумачце залежнасць устойлівасці біяцэнозу ад гэтых паказчыкаў. 2. Як па відавой разнастайнасці вызначыць стадыю развіцця біяцэнозу? 3. На якія катэгорыі падзяляюць віды па ступені дамінавання? 4. Якую ролю ў жыцці біяцэнозу адыгрываюць відыэдыфікатары? 5. Вызначце адпаведнасць паміж біяцэнозамі і іх відаміэдыфікатарамі. Біяцэнозы: 1. Верхавое балота. 2. Стэп. 3. Тайга. 4. Тундра. 5. Змешаны лес. Відыэдыфікатары: а) кавыль; б) асіна; в) сфагнум; г) сасна; д) елка; е) бяроза; ж) дуб; з) ягель (алені мох); і) карлікавая бяроза. 6. Назавіце відыэдыфікатары тыповых біяцэнозаў вашага рэгіёна. 7. Што павінны рабіць людзі, каб захаваць рэдкія, асабліва каштоўныя віды?
    § 17. Прасторавая структура біяцэнозу
    Любы біяцэноз у прыродзе займае пэўную прастору. Яна падзяляецца паміж відамі ў залежнасці ад іх біялагічных асаблівасцей. Гэта прыводзіць да фарміравання прасторавай структуры. Прасторавая структура біяцэнозу — заканамернае размяшчэнне відаў у біятопе, як у вертыкальным, так і ў гарызантальным напрамках. Для біяцэнозу характэрны вертыкальная (яруснасць) і гарызантальная (мазаічнасць) структуры.
    Прасторавая структура біяцэнозу
    73
    Вертыкальная структура біяцэнозу (яруснасць). У наземных біяцэнозах асноўную ролю ў фарміраванні вертыкальнай структуры адыгрываюць расліны рознай вышыні. Дзякуючы гэтаму назіраецца вертыкальнае расслаенне біяцэнозу на структурныя часткі. Гэтыя часткі біяцэнозу, якія займаюць рознае становішча ў адносінах да ўзроўню глебы, называюцца ярусамі. А вертыкальная структура біяцэнозу, якая складаецца з іх, называецца яруснасцю.
    Галоўную ролю пры фарміраванні відавога складу раслінных ярусаў іграе колькасць святла, якое дасягае кожнага яруса. Ад яго залежыць тэмпературны рэжым і вільготнасць на розных узроўнях (ярусах) біяцэнозу. Верхнія ярусы складаюць святлолюбівыя расліны. Ніжэй размяшчаюцца ценевынослівыя, а ў самым нізе вырастаюць ценелюбівыя віды. Такое размеркаванне раслін садзейнічае больш поўнаму засваенню сонечнай энергіі. Да паверхні глебы даходзіць толькі 1—5 % святла, якое трапляе ў біяцэноз. У аднаярусных фітацэнозах большая частка сонечнай энергіі не засвойваецца. Яна ідзе на награванне глебы і часткова адбіваецца.
    Раслінныя ярусы складаюць мікраклімат для існавання іншых відаў. Кожны раслінны ярус засяляецца пэўнымі відамі жывёл і мікраарганізмаў. Ярусы адрозніваюцца адзін ад другога сукупнасцю экалагічных умоў, складам відаў раслін, жывёл і мікраарганізмаў. У кожным ярусе складваецца свая сістэма сувязей і ўзаемаадносін паміж кампанентамі.
    Большасць відаў прыстасавана да канкрэтных ярусаў. Але некаторыя віды ў сілу розных абставін займаюць у розны час жыцця розныя ярусы. Іх называюць пазаяруснымі відамі. Напрыклад, нельга аднесці да канкрэтнага яруса ліяны, лішайнікі, некаторыя віды імхоў і паразітаў.
    У наземных біяцэнозах адрозніваюць надземную і падземную яруснасць. Ярусы нумаруюцца рымскімі лічбамі. Першым лічыцца самы аддалены ад узроўня глебы ярус (як надземны, так і падземны). Найбольш дакладна яруснасць выражана ў лясных біяцэнозах. У іх фітацэнозы ўтвораны рознымі жыццёвымі формамі раслін. Там прадстаўлены дрэвы, кусты, кусцікі, аднагадовыя і многагадовыя травы, імхі, лішайнікі, грыбы, якія займаюць рознае становішча адносна ўзроўню глебы.
    Надземная яруснасць у ліставым лесе звычайна ўключае пяць, часам шэсць раслінных ярусаў (мал. 28, с. 74). I ярус утвораны дрэвамі першай велічыні (дуб, бяроза, ясень, ліпа і інш.). Да II яруса адносяцца дрэвы другой велічыні (дзікія яблыня, груша, чаромха, рабіна і інш.). III ярус — гэта падлесак з кустоў (ляшчына, крушына, брызгліна, ядловец, каліна, бузіна і інш.). IV ярус прадстаўлены высокімі травамі і кусцікамі (папараць, крапіва, чыстацел, верас, багун і інш.). V ярус складаюць нізкія травы і кусцікі (чарніцы, брусніцы, суніцы, талакнянка, ландыш і інш.), а таксама імхі і лішайнікі. У ніжніх ярусах звычайна
    74
    Раздзел 3
    Мал. 28. Вертыкальная структура (яруснасць) біяцэнозу ліставога лесу
    прысутнічае маладняк дрэвавых раслін. Калі ярусаў шмат, то фітацэноз лічыцца складаным, а калі іх мала — простым.
    Жывёлы прымеркаваны да пэўных ярусаў фітацэнозу. I ярус насяляюць лістагрызучыя насякомыя (насельнікі кроны дрэў). У II ярусе пражываюць птушкі і стваловыя шкоднікі (жукі караеды, вусачы, златкі). У III і IV ярусах — капытныя і драпежныя жывёлы, птушкі, грызуны. V ярус багаты на розных мнаганожак, жужаляў, чмялёў, кляшчоў і іншых дробных жывёл.
    Падземная яруснаць абумоўлена рознай глыбінёй размяшчэння каранёвай сістэмы. Чым вышэй дрэвы, тым глыбей у глебу пранікаюць іх карані. Размяшчэнне каранёў на рознай глыбіні зніжае вастрыню канкурэнцыі паміж раслінамі за ваду, мінеральнае жыўленне, кісларод.
    Узнікненне яруснасці — вынік працяглага прыстасавання розных відаў адзін да другога і фарміравання міжвідавых сувязей і ўзаемаадносін. Яруснасць садзейнічае значнаму аслабленню канкурэнцыі паміж відамі за рэсурсы і тэрыторыю. Дзякуючы гэтаму павялічваецца колькасць асобін на адзінцы плошчы, больш шчыльна і рацыянальна выкарыстоўваюцца ўмовы і рэсурсы біятопа.
    Вертыкальнае размеркаванне відаў у біяцэнозе ўплывае на яго гарызантальную структуру.
    Гарызантальная структура біяцэнозу (мазаічнасць). Неаднароднасць глебавых умоў, рэльефу, дзейнасць чалавека вызначае характар гарызантальнага
    Прасторавая структура біяцэнозу
    75
    размеркавання відаў у біятопе — гарызантальную структуру біяцэнозу. Пад дзеяннем вышэйназваных фактараў у біяцэнозе адбываецца фарміраванне раслінных мікрагруповак. Напрыклад, у лугавых біяцэнозах можна выявіць мікрагрупоўкі бабовых, злакаў, складанакветных. Яны адрозніваюцца відавым складам, суадносінамі колькасці відаў, прадукцыйнасцю, біямасай і г. д. У кожнай такой расліннай мікрагрупоўцы фарміруецца пэўны мікраклімат, відавы склад жывёл, грыбоў і мікраарганізмаў. Сукупнасць усіх гэтых кампанентаў, звязаных трафічнымі і тапічнымі сувязямі, з’яўляецца структурнай адзінкай гарызантальнай структуры біяцэнозу. У лясным біяцэнозе, напрыклад, дакладна відаць адрозненні паміж узлессем і палянай у лесе. Істотна адрозніваюцца ўчасткі лесу з выражаным хмызняковым маладняком і з суцэльным мохавым покрывам або з покрывам з чарнічніку. Такім чынам, гарызантальная структура біяцэнозу з’яўляецца адлюстраваннем разнастайнасці ўмоў навакольнага асяроддзя ў біятопе ў гарызантальным напрамку.
    Дзякуючы фарміраванню гарызантальнай структуры біяцэноз больш поўна выкарыстоўвае магчымасці біятопа. У ім актыўна ўжываюцца харчовыя рэсурсы, павялічваецца колькасць відаў і, як вынік, узрастае стабільнасць біяцэнозу.
    Прасторавая структура біяцэнозу — размеркаванне відаў у вертыкальным (яруснасць) і гарызантальным (мазаічнасць) напрамках. Вертыкальная структура фарміруецца дзякуючы наяўнасці раслін рознай вышыні, утвараючых ярусы. У біяцэнозах адрозніваюць надземную і падземную яруснасць. Гарызантальная структура біяцэнозу фарміруецца ў выніку неаднароднасці глебы і рэльефу ў біятопе.
    9
    1.	Які кампанент біяцэнозу іграе галоўную ролю ў фарміраванні вертыкальнай структуры біяцэнозу? 2. Назавіце прычыны фарміравання гарызантальнай структуры біяцэнозу. 3. У якім ярусе ляснога біяцэнозу жывуць дажджавыя чэрві? Якая іх роля ва ўтварэнні глебы? 4. Вызначце адпаведнасць паміж надземнымі ярусамі ліставога лесу і відамі жывёл, якія ўваходзяць у іх склад. Ярусы: 1. I ярус. 2. II ярус. 3. Ill ярус. 4. IV ярус. 5. V ярус. Віды жывёл: а) заяц, дзік, ліса, воўк; б) кляшчы, жужалі, мнаганожкі, чмялі; в) птушкі, жукі караеды, вусачы, златкі; г) лістагрызучыя насякомыя; д) лось, казуля, зубр, высакародны алень. 5. У чым заключаецца перавага мнагаяруснага біяцэнозу над аднаярусным? Дайце аргументаваны адказ. Вызначце прычыннавыніковыя сувязі паміж экалагічнымі фактарамі біятопа і відавым складам раслінных ярусаў біяцэнозу.