Біялогія
Выдавец: Народная асвета
Памер: 261с.
Мінск 2016
Такім чынам, ні адзін з апісаных крытэрыяў не з’яўляецца абсалютным і ўніверсальным. Таму пры вызначэнні прыналежнасці асобіны да пэўнага віду неабходна ўлічваць усе яго крытэрыі.
Арэал віду. Паняцце аб эндэміках і касмапалітах. У адпаведнасці з геаграфічным крытэрыем кожны від у прыродзе займае пэўную тэрыторыю — арэал.
Арэал (ад лац. area — плошча, прастора) — частка зямной паверхні, у межах якой распаўсюджаны і праходзяць поўны цыкл свайго развіцця асобіны дадзенага віду.
Арэал можа быць суцэльным або перарывістым (мал. 20, с. 52), вялікім або абмежаваным. Віды, якія маюць вялікі арэал у межах розных кантынентаў, называюцца відамікасмапалітамі (некаторыя віды пратыстаў, бактэрый, грыбоў, лішайнікаў). Калі арэал распаўсюджвання вельмі вузкі і знаходзіцца ў межах невялікага рэгіёна, то від, які яго насяляе, называецца эндэмікам (ад грэч. endemos — мясцовы).
Напрыклад, кенгуру, яхідна і качканос пражываюць толькі ў Аўстраліі. Гінкга ў прыродных умовах расце толькі ў Кітаі, рададэндрон востраканцовы і лілія даурская — толькі на Далёкім Усходзе.
52
Раздзел 2
Таежны арэал шчура
Міжземнаморскі арэал чырвананосага нырца
Мал. 20. Віды арэалаў
Від — сукупнасць асобін, якія падобны па марфалагічных, фізіялагічных і біяхімічных прыкметах, свабодна скрыжоўваюцца і даюць пладавітае патомства, прыстасаваны да пэўных умоў асяроддзя і займаюць у прыродзе агульную тэрыторыю — арэал. Для кожнага віду характэрны наступныя крытэрыі: марфалагічны, фізіялагічны, біяхімічны, генетычны, экалагічны, геаграфічны. Усе яны носяць адносны характар, таму пры вызначэнні відавой прыналежнасці асобін выкарыстоўваюцца ўсе магчымыя крытэрыі.
Уласцівасці папуляцыі
53
1. Пералічыце крытэрыі віду. Які з іх самы надзейны, а які — самы ненадзейны? Адказ абгрунтуйце. 2. У прыведзеным ніжэй спісе жывёл вызначце сінантропныя віды: вожык звычайны, заяц бяляк, муха пакаёвая, мядзведзь буры, пацук шэры, палёўка, таракан, пасцельны клоп. 3. Вызначце, якія з пералічаных ніжэй відаў называюцца эндэмікамі: яхідна, заяц русак, кенгуру, сасна звычайная, качканос, гінк
га, воўк. 4. Якія крытэрыі віду можна вызначыць па назвах наступных груп відаў: 1) мыш дамавая, муха пакаёвая, клоп пасцельны; 2) мядзведзь буры, заяц бяляк, пацук шэры, мядзведзь белы? Якую агульную назву можна даць відам першай групы? Чаму віды гэтай групы з’яўляюцца доказам адноснасці дадзенага крытэрыя?
§ 12. Уласцівасці папуляцыі
Паняцце папуляцыі. Кожны від засяляе арэал не проста як вялікая колькасць асобін, а ў выглядзе адносна адасобленых груп рознага маштабу. Фарміраванне гэтых груп з’яўляецца вынікам разнастайнасці абіятычных фактараў і наяўнасці розных перашкод (рэкі, горы) у межах арэала. Такія групы асобін, якія нераўнацэнныя па шэрагу прыкмет і насяляюць розныя па ўмовах участкі арэала, былі названы папуляцыямі. Тэрмін «папуляцыя» (ад лац. populus — народ, насельніцтва) увёў у экалогію дацкі біёлаг В. Іагансен у 1903 г.
Папуляцыя — здольная да самарэгуляцыі група асобін аднаго віду, якія пражываюць на агульнай тэрыторыі, свабодна скрыжоўваюцца паміж сабой і даюць пладавітае патомства.
Папуляцыя — гэта форма існавання віду ў прасторы.
Як біялагічная сістэма, папуляцыя мае свае ўласныя прыкметы (групавыя прыкметы). Але паколькі яна складаецца з асобін, то ёй уласцівы і прыкметы асобін (біялагічныя прыкметы), якія характарызуюць стадыі іх жыццёвага цыклу. Любая папуляцыя ў прыродзе існуе абмежаваны час. Гэты інтэрвал часу можна назваць жыццёвым цыклам папуляцыі, паколькі ён уключае тыя ж стадыі, што і жыццёвы цыкл арганізма. Аднак прыкметы папуляцыі, якія характарызуюць стадыі яе жыццёвага цыкла, не дазваляюць атрымліваць уяўленне аб ёй як аб самастойнай біялагічнай сістэме. Разнастайнасць прыкмет папуляцыі можна паказаць з дапамогай наступнай схемы на старонцы 54.
Групавыя прыкметы дазваляюць чалавеку прагназаваць будучыню папуляцыі і правільна будаваць з ёй узаемаадносіны. Разгледзім характарыстыку ўласцівасцей папуляцый.
Колькасць — агульная колькасць асобін на ўчастку арэала з аднароднымі экалагічнымі ўмовамі. Колькасць папуляцыі пастаянна змяняецца, але яе ваганні абмяжоўваюцца верхняй і ніжняй межамі. Выхад за гэтыя межы можа прывесці да гібелі папуляцыі.
54
Раздзел 2
Колькасць Шчыльнасць Нараджальнасць Смяротнасць
Прасторавая Палавая Узроставая Эталагічная
Развіццё Самарэгуляцыя Старэнне Гібель
Верхняя мяжа колькасці — максімальная колькасць асобін, здольных існаваць у дадзенай частцы арэала. Яна залежыць ад колькасці корму, плошчы займаемай тэры+орыі і сілы ўздзеяння экалагічных фактараў. Калі колькасць дасягае верхняй мяжы, то пачынаецца гібель асобін зза недахопу корму. Узнікаюць эпідэміі зза павышанай кантактнасці, што ў канчатковым выніку можа прывесці да гібелі ўсёй папуляцыі. Значыць, калі колькасць блізкая да верхняй мяжы, то частку асобін трэба выключыць з папуляцыі. Гэта можа быць перасяленне на свабодную тэрыторыю, выкарыстанне ў гаспадарчых мэтах, санітарны адстрэл або высечка.
Шжняя мяжа колькасці — мінімальная колькасць асобін, здольных забяспечыць працяглае існаванне папуляцыі. Яна залежыць ад біялагічных уласцівасцей арганізмаў і з’яўляецца велічынёй пастаяннай для ўсіх папуляцый у межах віду. Зніжэнне колькасці ніжэй ніжняй мяжы з’яўляецца прычынай зніжэння магчымасці сустрэчы полаў для размнажэння асобін. Гэта непазбежна вядзе да вымірання папуляцыі. Вось чаму папуляцыі з вельмі малой колькасцю асобін доўга існаваць не могуць. Вядомы выпадкі вымірання папуляцый нават у запаведніках са строгім рэжымам аховы, калі іх колькасць зніжалася ніжэй ніжняй мяжы. Значыць, калі колькасць набліжаецца да ніжняй мяжы, трэба ахоўваць папуляцыю або ўсяляць новыя асобіны, каб не дапусціць зніжэння колькасці ніжэй ніжняй мяжы.
Усім папуляцыям уласцівы перыядычныя (сезонныя) ваганні колькасці пад уплывам біятычных і абіятычных фактараў асяроддзя (папуляцыйныя хвалі, або хвалі жыцця).
Шчыльнасць — колькасць асобін папуляцыі на адзінку плошчы. Гэты паказчык прама прапарцыянальны колькасці. Пры павелічэнні колькасці шчыльнасць не павышаецца або нават зніжаецца толькі ў тым выпадку, калі ёсць маг
Уласцівасці папуляцыі
55
чымасць рассялення асобін у выніку расшырэння арэала. Адрозніваюць два віды шчыльнасці.
Сярэдняя шчыльнасць — колькасць асобін з разліку на адзінку плошчы ўсёй займаемай тэрыторыі.
Экалагічная (удзельная) шчыльнасць — колькасць асобін з разліку на адзінку плошчы тэрыторыі, прыгоднай для пражывання. Шчыльнасць, як і колькасць, мае верхнюю і ніжнюю межы, таму прагноз для папуляцыі можна даваць і на аснове шчыльнасці.
Нараджальнасць — колькасць асобін, якія з’явіліся ў папуляцыі ў адзінку часу за кошт размнажэння асобін. У курсе геаграфіі вы пазнаёміліся з паняццем «нараджальнасць» пры вывучэнні прычын натуральнага змянення колькасці насельніцтва. Нараджальнасць з’яўляецца важнай дэмаграфічнай характарыстыкай. У экалогіі пад нараджальнасцю разумеюць любы спосаб з’яўлення новых асобін (дзяленне клеткі, прарастанне насення, вылупліванне з яец, жыванараджэнне і г. д.). Для папуляцыі можна разлічыць абсалютную і ўдзельную нараджальнасць. Абсалютная нараджальнасць — адносіны колькасці патомкаў да перыяду часу, за які яны з’явіліся. Удзельная нараджальнасць — колькасць асобін, якія з^віліся за адзінку часу з разліку на адну асобіну папуляцыі.
Як правіла, пры павышэнні нараджальнасці колькасць папуляцыі павялічваецца. Але часам у папуляцыі адзначаецца высокая нараджальнасць, а колькасць асобін у ёй застаецца ранейшай або нават зніжаецца. Гэта можа быць звязана з высокай смяротнасцю асобін або з якімінебудзь іншымі прычынамі (напрыклад, з рассяленнем асобін на новыя тэрыторыі).
Смяротнасць — колькасць асобін, якія загінулі за адзінку часу. Яна з’яўляецца адной з характарыстык дэмаграфічных працэсаў. Смяротнасць па характары ўплыву на колькасць прыродных папуляцый з’яўляецца ўласцівасцю, супрацьлеглай нараджальнасці. Але ахарактарызаваць яе можна аналагічнымі па спосабу разліку паказчыкамі: абсалютнай смяротнасцю і ўдзельнай смяротнасцю. Павелічэнне смяротнасці, як правіла, прыводзіць да зніжэння колькасці папуляцыі і сведчыць аб неспрыяльным уздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя.
Суадносіны паміж нараджальнасцю і смяротнасцю вызначаюць скорасць росту колькасці папуляцыі. Калі паказчык нараджальнасці ніжэй за паказчык смяротнасці, то колькасць папуляцыі зніжаецца (адмоўны рост колькасці), і ёй патрэбна ахова. Наадварот, калі смяротнасць ніжэй за нараджальнасць, то колькасць папуляцыі павялічваецца (станоўчы рост колькасці), і з яе магчыма выключэнне асобін. У выпадку роўнасці нараджальнасці і смяротнасці колькасць папуляцыі падтрымліваецца на пастаянным узроўні, і папуляцыя з’яўляецца стабільнай.
56
Раздзел 2
Папуляцыя — гэта здольная да самарэгуляцыі група асобін аднаго віду, якія пражываюць на агульнай тэрыторыі, свабодна скрыжоўваюцца паміж сабой і даюць пладавітае патомства. Любая папуляцыя мае біялагічныя і групавыя прыкметы. Да ўласцівасцей папуляцыі адносяцца колькасць, шчыльнасць, нараджальнасць і смяротнасць.
1. Растлумачце, чаму папуляцыя валодае і біялагічнымі, і групавымі прыкметамі. Пералічыце ўласцівасці папуляцыі. 2. Зімой, калі ўстанаўліваецца лёд, зайцы, якія жывуць на розных берагах ракі, сустракаюцца і скрыжоўваюцца. Як можна назваць групы зайцоў з розных берагоў: дзве папуляцыі двух відаў, дзве папуляцыі аднаго віду або дзве групы адной папуляцыі? 3. Колькі відаў і колькі папуляцый можна налічыць у наступных спалучэннях асобін: мышы палявыя і мышы лясныя; расліны рабіны звычайнай у лесе і ў парку; расліны сасны звычайнай у цэнтры лесу і на яго ўскрайку? 4. Чаму папуляцыя можа загінуць, калі яе колькасць выйдзе за верхнюю або ніжнюю межы? Прывядзіце прыклады з жыцця. Якія меры трэба прыняць, каб гэтага не адбылося? 5. У адным з паркаў 20 сямей гракоў адклалі за 2 гады 160 яец. 3 іх вылупілася і аперылася толькі 80 птушанят. Разлічыце для дадзенай папуляцыі абсалютную і ўдзельную нараджальнасць. Што будзе з колькасцю папуляцыі, калі абсалютная смяротнасць за гэты перыяд будзе складаць 60 асобін у год?
§13 . Структура папуляцыі