Бывай, зброя!
Эрнэст Хемінгуэй
Выдавец: Беларусь
Памер: 256с.
Мінск 1996
— Зараз мы і рушым, — сказаў я.
Я выпіў япічэ кубак чырвонага віна. Яно аказалася вельмі смачным пасля сыру і яблык.
— Захапіце сыр, — сказаў я і выйшаў. Банела выйшаў следам за мной з вялікай бутляй віна.
— Гэта занадта грувастка, — сказаў я. Ён са шкадаваннем паглядзеў на віно.
— Бадай што так, — сказаў ён. — Дайце мне біклагі.
Ён наліў у біклажкі, і крыху віна вылілася на падлогу. Затым ён падняў бутлю і паставіў яе ля самых дзвярэй.
— Аўстрыйцам не трэба будзе ламаць дзверы, каб знайсці віно, — сказаў ён.
— Трэба ехаць, — сказаў я. — Мы з Піані едзем першыя,
Абодва сяржанты ўжо сядзелі побач з Банела. Дзяўчаты елі яблыкі і сыр. Аймо курыў. Мы паехалі па вузкай дарозе. Я азірнуўся на дзве іншыя машыны і на фермерскую хату. Гэта была добрая нізкая моцная хата, і Ka-
лодзеж быў абнесены прыгожымі жалезнымі парэнчамі. Спераду была дарога, вузкая і гразкая, і па баках яе была высокая агароджа. Ззаду, адзін за адным, ехалі нашы аўтамабілі.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ДЗЕВЯТЫ
Апоўдні мы загразлі на размяклай дарозе, згодна з нашымі разлікамі,кіламетраў за дзесяць ад Удзіны. Дождж перастаў яшчэ раніцай, і ўжо тры разы мы чулі набліжэнне самалётаў, бачылі, як яны праляталі ў небе над намі, сачылі, як яны бралі далёка ўлева, і чулі выбухі бомбаў на галоўнай шашы. Мы блыталіся ў сетцы палявых дарог і не раз траплялі на такія, якія канчаліся тупіком, але нязменна, вяртаючыся назад і знаходзячы іншыя дарогі, набліжаліся да Удзіны. Але вось машына Аймо, даючы задні ход, каб выбрацца з тупіка, засела ў рыхлай зямлі ўзбочыны, і колы, буксуючы, залазілі ўсё глыбей і глыбей да той пары, пакуль машына не ўперлася ў зямлю дыферэнцыялам. Цяпер трэба было падкапацца пад колы спераду, падкласці галінак, каб маглі працаваць ланцугі, і пхаць ззаду да таго часу, пакуль машына не выберацца на дарогу. Усе мы стаялі на дарозе вакол машыны. Абодва сяржанты падышлі да машыны і паглядзелі на колы. Затым яны павярнуліся і пайшлі па дарозе, не кажучы ні слова. Я пайшоў за імі.
— Эй, вы! — сказаў я. — Наламіце галінак.
— Нам трэба ісці, — сказаў адзін.
— Ну, хутка, — сказаў я. — Наламіце галінак.
— Нам трэба ісці, — сказаў адзін. Другі не гаварыў нічога. Яны спяшаліся ісці. Яны не глядзелі на мяне.
— Я загадваю вам вярнуцца да машыны і наламаць галінак, — сказаў я. Першы сяржант павярнуўся.
— Нам трэба ісці. Праз гадзіну вы будзеце адрэзаны. Вы не маеце права загадваць нам. Вы для нас не начальства.
— Я загадваю вам наламаць галінак, — сказаў я. Яны павярнуліся і пайшлі па дарозе.
— Стой, — сказаў я. Яны працягвалі ісці па гразкай дарозе з агароджай па баках. — Стой, кажу! — крыкнуў я. Яны пайшлі хутчэй. Я расшпіліў кабуру, дастаў пісталет, прыцэліўся ў таго, які больш размаўляў, і спусціў курок. Я прамахнуўся, і яны абодва пабеглі. Я выстраліў яшчэ
тры разы, і адзін упаў. Другі пералез цераз агароджу і знік з вачэй. Я стрэліў у яго цераз агароджу, калі ён пабег па полі. Пісталет даў асечку, і я ўставіў новую абойму. Я ўбачыў, піто другі сяржант ужо так далёка, што страляць у яго не мае сэнсу. Ён быў на процілеглым канцы поля і бег, нізка нагнуўшы галаву. Я пачаў набіваць пустую абойму. Падышоў Банела.
— Дайце я прыкончу яго, — сказаў ён. Я перадаў яму пісталет, і ён пайшоў туды, дзе ўпоперак дарогі ляжаў ніц сяржант інжынернай часці. Банела нахіліўся, прыставіў дула да ягонай галавы і націснуў спуск. Выстралу не было.
— Трэба адцягнуць затвор, — сказаў я. Ён адцягнуў затвор і двойчы стрэліў. Ён узяў сяржанта за ногі і перацягнуў яго на ўзбочыну, зараз ён ляжаў ля самай агароджы. Ён вярнуўся і аддаў мне пісталет.
— Сволач! — сказаў ён. Ён паглядзеў на сяржанта. — Вы бачылі, як я яго застрэліў, tenente?
— Трэба хутчэй наламаць галінак, — сказаў я. — A што, у другога я так і не папаў?
— Відаць, не, — сказаў Аймо. — Так далёка з пісталета не пападзеш.
— Скаціна! — сказаў Піані. Мы ламалі галінкі. 3 машыны ўсё выгрузілі. Банела капаў перад коламі. Калі ўсё было гатова, Аймо завёў матор і ўключыў перадачу. Колы сталі буксаваць, раскідваючы гразь і галінкі. Банела і я пхалі з усёй сілы, пакуль у нас не затрашчалі суставы. Машына не краналася з месца.
— Раскачайце яе, Барто, — сказаў я.
Ён даў задні ход, затым зноў пярэдні. Колы толькі закапваліся глыбей. Пасля машына зноў уперлася дыферэнцыялам, і колы свабодна круціліся ў вырытых імі ямах. Я выпрастаўся.
— Давайце паспрабуем вяроўкай, — сказаў я.
— Я думаю, нічога не атрымаецца, tenente. Тут нельга стаць на адной лініі.
— Трэба паспрабаваць, — сказаў я. — Інакш яе не зацягнеш.
Машыны Піані і Банела маглі стаць у адну лінію толькі па даўжыні вузкай дарогі. Мы прывязалі адну машыну да другой і пачалі цягнуць. Колы толькі круціліся на месцы ў каляіне.
— Нічога не атрымліваецца, — крыкнуў я. — Перастаньце.
Піані і Банела выйшлі са сваіх машын і вярнуліся да нас. Аймо вылез. Дзяўчаты сядзелі на камені ярдаў за дваццаць ад нас.
— Што вы скажаце, tenente? — спытаў Банела.
— Паспрабуем яшчэ раз з галінкамі, — сказаў я.
Я глядзеў на дарогу. Віна была мая. Я павёз іх сюды. Сонца амаль цалкам выйшла з-за хмар, і цела сяржанта ляжала ля агароджы.
— Пасцелем яго фрэнч і плашч, — сказаў я. Банела пайшоў па іх. Я ламаў галінкі, а Піані і Аймо капалі спераду і паміж коламі. Я надрэзаў плашч, пасля разарваў яго папалам і паклаў у гразь пад колы, затым накідаў галінак. Мы падрыхтаваліся, і Аймо залез на сядзенне і ўключыў матор. Колы буксавалі, мы пхалі з усёй моцы. Але дарэмна.
— Ну яго да... ! — сказаў я. — Тут што-небудзь патрэбнае ёсць, Барто?
Аймо залез у машыну да Банела, захапіўшы з сабой сыр, дзве бутэлькі віна і плашч. Банела, седзячы за рулём, аглядваў кішэні фрэнча сяржанта.
— Выкінь ты гэты фрэнч, — сказаў я. — А што будзе з вывадкам Барто?
— Няхай сядаюць у кузаў, — сказаў Піані. — Наўрад ці мы ад’едзем далёка.
Я адчыніў заднія дзверы машыны.
— Сядайце, — сказаў я.
Абедзве дзяўчыны залезлі ўнутр і ўселіся ў вуглу. Яны нібыта і не чулі выстралаў. Я азірнуўся назад. Сяржант ляжаў на дарозе ў бруднай фуфайцы з доўгімі рукавамі. Я сеў побач з Піані, і мы паехалі. Мы хацелі праехаць па полі. Калі машыны з’ехалі на поле, я злез і пайшоў спераду. Калі б нам удалося праехаць цераз поле, мы выехалі б на дарогу. Нам не ўдалося праехаць. Зямля была занадта рыхлая і гразкая. Калі машыны заселі канчаткова і безнадзейна, напалову залезшы коламі ў гразь, мы кінулі іх пасярод поля і пайшлі да Удзіны пешкі.
Калі мы выйшлі на дарогу, якая вяла назад, да галоўнай шашы, я паказаў на яе дзяўчатам.
— Ідзіце туды, — сказаў я. — Там людзі.
Яны глядзелі на мяне. Я дастаў кашалёк і даў кожнай па дзесяць лір.
— Ідзіце туды, — сказаў я, паказваючы пальцам. — Там сябры! Родныя!
Яны не зразумелі, але моцна заціснулі ў руцэ грошы і
пайшлі па дарозе. Яны азіраліся, нібыта баяліся, піто я адбяру ў іх грошы. Я глядзеў, як яны ішлі па дарозе, захутаўшыся ў хусткі, баязліва азіраючыся на нас. Усе трое шафёраў смяяліся.
— Колькі вы дасце мне, калі я пайду ў той бок, tenente? — спытаў Банела.
— Калі ўжо яны пападуцца, то лепш няхай у натоўпе, чым адны, — еказаў я.
— Дайце мне дзве сотні лір, і я пайду назад, проста ў Аўстрыю, — сказаў Банела.
— Там іх у цябе адбяруць, — сказаў Піані.
— Мо вайна скончыцца, — сказаў Аймо. Мы ішлі па дарозе так хутка, як толькі маглі. Сонца прабівалася праз хмары. Уздоўж дарогі раслі тутавыя дрэвы. 3-за дрэў мне былі відны нашы машыны, нібыта два вялікія мэблевыя фургоны, што тырчалі пасярод поля. Піані таксама азірнуўся.
— Давядзецца пабудаваць дарогу, каб выцягнуць іх адтуль, — сказаў ён.
— Вось каб у нас былі веласіпеды! — сказаў Банела.
— У Амерыцы ездзяць на веласіпедах? — спытаў Аймо.
— Раней ездзілі.
— Добрая рэч, — сказаў Аймо. — Выдатная рэч веласіпед.
— Вось каб у нас былі веласіпеды! — сказаў Банела. — Я дрэнны хадок.
— Што гэта, страляюць? — спытаў я. Мне здалося, што я чую стрэлы дзесьці далёка.
— He ведаю, — сказаў Аймо. — Ён прыслухаўся.
— Здаецца, страляюць, — сказаў я.
— Раней за ўсё мы ўбачым кавалерыю, — сказаў IliaHi.
— Здаецца, у іх няма кавалерыі.
— Тым лепш, халера на яго, — сказаў Банела. — Я зусім не хачу, каб нейкая там кавалерыйская сволач пранізала мяне пікай.
— Лоўка вы таго сяржанта прыхлопнулі, tenente, — сказаў Піані. Мы ішлі вельмі хутка.
— Яго застрэліў я, — сказаў Банела. — Я за гэтую вайну яшчэ нікога не застрэліў, і я ўсё жыццё марыў застрэліць сяржанта.
— Застрэліў курыцу на седале, — сказаў Піані. — He надта хутка ён ляцеў, калі ты страляў у яго.
— Усё адно. Я зараз заўсёды буду памятаць пра гэта. Я забіў гэтую сволач, сяржанта.
— А што ты скажаш на споведзі? — спытаў Аймо.
— Скажу так: благаславіце мяне, ойча мой, я забіў сяржанта.
Усе ўтрох засмяяліся.
— Ён анархіст, — сказаў Піані. — Ён не ходзіць у царкву.
— Піані таксама анархіст, — сказаў Банела.
— Вы сапраўды анархісты? — спытаў я.
— He, tenente. Мы сацыялісты. Мы ўсе з Імолы.
— Вы там ніколі не былі?
— He.
— Эх, слаўнае гэта месцейка, tenente. Прыязджайце да нас пасля вайны, там ёсць што паглядзець.
— I там усе сацыялісты?
— Усе да аднаго.
— Гэта добры горад?
— Вядома. Вы такога і не бачылі.
— Як вы сталі сацыялістамі?
— Мы ўсе сацыялісты. Там усе да аднаго — сацыялісты. Мы ўсе былі сацыялістамі.
— Прыязджайце, tenente. Мы з вас таксама зробім сацыяліста.
Наперадзе дарога зварочвала налева і ўзбіралася на невысокі пагорак міма фруктовага саду, абнесенага каменнай сцяной. Калі дарога пайшла ўгару, яны сціхлі. Мы ішлі ўчатырох адзін за адным, стараліся не збаўляць крок.
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАТЫ
Пазней мы выйшлі на дарогу, якая вяла да ракі. Доўгая чарада кінутых грузавікоў і вазоў расцягнулася на дарозе да самага моста. Нічога не было відаць. Вады ў рацэ было шмат, і мост быў узарваны пасярэдзіне; каменны пралёт праваліўся ў раку, і бурая вада цякла над ім. Мы пайшлі па беразе, шукаючы месца для пераправы. Я ведаў, што крыху далей ёсць чыгуначны мост, і я думаў, што мо нам удасца пераправіцца там. Сцяжынка была мокрая і гразкая. Людзей не было, толькі кінуты рыштунак і машыны. На самім беразе не было нікога і нічога, акрамя мокрага пустоўя і гразкай зямлі. Мы ішлі ўздоўж берага і нарэшце ўбачылі чыгуначны мост.