Дом без гаспадара  Генрых Бёль

Дом без гаспадара

Генрых Бёль

Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
64.15 МБ
дамашнюю касу і прытым прынцыпова нічога не купляць для Леа і прынцыпова не даць яму адчуць ніякага паляпшэння. Але грошай усё роўна не хопіць, каб купіць дом і ўсё з ім звязанае, каб набыць пачуццё ўпэўненасці, усведамленне, што ты не ходзіш больш па лёдзе, а галоўнае, ні за якія грошы не купіць таго, што адрознівае дзядзьку Альберта ад дзядзькі Леа.
Словы настаўніка ў школе і словы святара супадалі з тым, што гаварыў Карл «новае жыццё»: прыгожыя словы, з імі ў Генрыха звязана нават пэўнае ўяўленне, якое — ён гэта ведаў — ніколі нельга ажыццявіць. Твар маці пакруглеў і адначасова стаў болып жорсткім, яна ўсё далей адыходзіла ад бацькі, рабілася старэйшай за бацьку, а сам ён паступова даганяў бацьку. Маці была цяпер старой, бясконца старой здавалася яна яму, а зусім жа нядаўна, калі яна ўпершыню танцавала з Леа, калі ў бальніцы вызвалілася ад «яго», маці здавалася яму зусім маладой. I рука яе стала цяжэйшай, рука, якой яна вечарамі таропка гладзіла ягоны лоб, перш чым перайсці ў пакой да Леа, каб сужыцельстваваць з ім.
А ў яго на руках дзіця, ад якога маці не пазбавілася. Вільме хутка ўжо два гады, і яна чамусьці заўсёды мурзатая. Леа ненавідзіць бруд; Леа такі чысцёха, яго за вярсту можна пазнаць па паху туалетнай вады і памады. Рукі ў яго да чырвані нацёртыя шчоткай, пазногці адпаліраваныя, і разам з кандуктарскім кампосцерам ён у якасці зброі выкарыстоўваў пілку для пазногцяў — няскладную доўгую жалязяку. Гэтай жалезкай ён біў Вільму па пальцах. Кожную раніцу Генрых падаграваў ваду, каб памыць Вільму, як найчасцей мяняў ёй бялізну, але Вільма чамусьці заўсёды здавалася бруднай, запэцканай, хоць гэта была разумная і мілая дзяўчынка. Было ад чаго прыйсці ў адчай.
Калі Леа працаваў у начную змену, малая ўдзень на гадзіну заставалася пад яго наглядам, таму што маці ішла цяпер у пякарню да паловы першай, і з таго часу, як Вільма ўпершыню засталася адна з Леа, яна, як толькі яго ўбачыць, пачынала раўці. Варта было Леа пагражальна падняць свае нікеліраваныя кампосцерныя шчыпцы, каб прыстрашыць дзяўчынку, як яна заходзілася ў плачы, з ровам кідалася да Генрыха, чаплялася за яго і не супакойвалася, пакуль Леа не
пойдзе, дый то яшчэ Генрых павінен быў некалькі разоў паўтарыць ёй: «Леа няма, Леа няма, Леа няма». Але слёзы ўсё цяклі па яе твары і залівалі рукі Генрыха. Па абедзе часцей за ўсё ён заставаўся з ёю адзін, і дзяўчынка паводзіла сябе спакойна, зусім не плакала, а яшчэ лепш было вечарамі, калі Леа з маці ішлі на танцы. Генрых тады апавяшчаў Марціна, які згаджаўся бываць у іх толькі ў адсутнасць Леа,— ён баяўся Леа не менш, чым Вільма,— і яны разам купалі дзяўчынку, кармілі яе і гулялі з ёю. Або проста пакідалі Вільму ў садзе ў Марціна, а самі гулялі ў футбол. Такімі вечарамі Генрых з Вільмай адны ўкладваліся спаць, і ён у думках шаптаў вячэрнія малітвы і думаў пра ўсялякага роду дзядзькаў. Вільма, засунуўшы палец у рот, чыстая, вымытая, засынала каля яго. Калі ў яго самога пачыналі зліпацца вочы, ён пераносіў Вільму ў яе ложачак. А ў суседнім пакоі маці сужыцельствавала з Леа — ён нічога не чуў, але ведаў усё, што там адбываецца.
Калі Генрых пачынаў думаць, які з дзядзькаў падабаўся яму болып, ён заўсёды вагаўся паміж Карлам і Гертам. Карл быў ветлівы і акуратны. Карл — «новае жыццё», Карл — «дадатковы паёк». Карл, ад якога пахла супам са сталоўкі магістратуры, Карл, які пакінуў у іх брызентавую сумку для алюмініевых абедзенных судкоў, у якую Вільма складвала цяпер свае цацкі. Да таго ж Карл умеў рабіць падарункі, як і Герт,— той прыходзіў увечары з вядзёркам з-пад павідла і вывальваў на стол увесь свой інструмент — кельню, шпатэль, фуганак, ватэрпас — і свой дзённы заробак, які яму заўсёды плацілі натурай: маргарын, хлеб, табаку, мяса, муку і нават часам яйкі — рэч надзвычайнага смаку, надзвычай рэдкую і дарагую па тым часе. I маці смяялася болып за ўсё ў часы Герта. Герт быў малады, цемнавалосы і быў не супраць згуляць з ім у лато і ў фішкі. Калі тушылі святло, Генрых часта чуў, як маці і Герт смяюцца, лежачы ў ложку, і гэты смех не здаваўся яму непрыемным, у адрозненне ад дурнаватага хіхікання маці пры Карле. Пра Герта захаваліся такія добрыя ўспаміны, што нават думка пра яго сужыцельства з маці не азмрочвала іх. У Герта заставалася цёмна-зялёная пляма на рукаве мундзіра, там, дзе раней былі яфрэйтарскія нашыўкі, а вечарамі Герт гандляваў алебастрам і цэментам — ён прадаваў
іх на фунты; разважваючы, ён набіраў алебастр і цэмент кельняй з папяровых мяшкоў — як муку.
Карл быў зусім іншы, але таксама слаўны. 3 усіх дзядзькаў ён адзіны хадзіў у царкву. Карл і яго браў з сабою, тлумачыў яму ўсю царкоўную службу і малітвы, а ўвечары пасля вячэры надзяваў акуляры, і пачыналіся разважанні пра «новае жыццё». Спавядацца, праўда, ён не хадзіў і да прычасця — таксама, але ў царкве ён бываў, і на ўсё ўмеў даць адказ. Карл быў сур’ёзны, уніклівы, але прыветлівы і дарыў цукеркі, цацкі, і, калі Карл гаварыў: <Мы пачнём новае жыццё», ён пасля гэтага дадаваў: «Ведаеш, Вільма, я хачу неяк уладкаваць нашае жыццё, разумееш, упарадкаваць», да ўладкавання адносілася і тое, што Генрых павінен быў называць яго татам, а не дзядзькам. Або ўзяць Эрыха — настоі з дзіўным пахам, воцатныя кампрэсы, запальнічка, якая да гэтага часу не паламалася. Эрых застаўся ў Саксоніі. А Герт у адзін цудоўны дзень проста не вярнуўся, і яны доўга нічога пра яго не ведалі, пакуль праз некалькі месяцаў не атрымалі ліст з Мюнхена: «Давялося пайсці, я не вярнуся. Мне было добра з табой, пакідаю табе на памяць свой гадзіннік». У памяці захаваўся пах вільготнага алебастру, а ў лексіконе маці слова «дзярмо», што засталося ад Герта. I Карл таксама пайшоў, таму што маці пазбавілася ад «яго». Ніякага «новага жыцця» так і не атрымалася, ён да гэтай пары часам сустракаў Карла ў царкве. У Карла цяпер былі новая жонка і дзіця такога ж узросту, як Вільма, у нядзелю ён гуляў, ведучы малога за руку. Але Карл, здавалася, зусім забыўся і пра Генрыха, і пра маці, ён з імі не вітаўся. Цяпер Карл хадзіў да прычасця, і нават з нейкага часу ён першым запяваў у царкве малітвы, і калі з хораў даносіўся голас, які гаварыў раней пра «новае жыццё», пра «дадатковы паёк», пра «парадак», Генрых не мог зразумець, чаму маці пазбавілася ад «яго», Карл быў бы цяпер ягоным бацькам.
Нехта з жыльцоў дома кожны дзень унізе, у пад’ездзе, пісаў на сцяне алоўкам слова, што маці сказала кандытару. Невядома было, хто гэтым займаецца. Часам слова гэтае заставалася на сцяне цэлы дзень, але к вечару яно знікала, таму што прыходзіў сталяр, у якога пад лесвіцай была маленькая майстэрня, саскрэбваў гэтае месца цвіком, і на каменных плітах
падлогі заставаўся белы след ад паабсыпанай тынкоўкі, а на сцяне — глыбокія драпіны. Але невядомы зноў пісаў гэтае слова, а сталяр зноў саскрэбваў яго. Сцяна пад’езда была ўжо пашкрабаная ў дваццаці месцах. Гэта была нямая барацьба, і абодва бакі вялі яе з аднолькавай упартасцю — зноў і зноў з’яўлялася на сцяне гэтае слова, і сталяр, ад якога пахла камфарай, як некалі ад Эрыха, выходзіў з майстэрні з саракадзюймовым цвіком і саскрэбваў яго. Сталяр быў цудоўным чалавекам. Асабліва добра ён адносіўся да Вільмы: у суботу, калі вучань падмятаў у майстэрні, сталяр загадваў яму выбіраць са смецця ўсе драўляныя цуркі, адмываць іх і адносіць Вільме, і асабліва доўгія і кучаравыя стружкі таксама аддаваць ёй, а сам сталяр, калі збіраў грошы за кватэру, прыносіў Вільме цукеркі.
Калі сталяр заставаў дома Леа, ён казаў яму: ♦Я вам яшчэ пакажу», на што Леа адказваў: «I я вам таксама». Больш яны адзін з адным не размаўлялі.
Толькі пасля Генрых скеміў і здзіўляўся, як гэта ён раней не здагадаўся, што слова на сцяне піша Леа; толькі ён і мог гэта рабіць, дый слова тое было з яго лексікону. Генрых пачаў сачыць за Леа, калі той ішоў на працу або вяртаўся з працы дамоў. Леа нічога не пісаў. Але затое і слова ў тыя дні, калі ён сачыў за Леа, на сцяне не з’яўлялася. Слова з’яўлялася толькі тады, калі ён не мог прасачыць за Леа. Гісторыя гэта цягнулася даволі доўга, ужо паўсцяны было ў шкрабінах і драпінах. Аднойчы, вярнуўшыся са школы і зноў убачыўшы ў пад’ездзе надпіс, ён зірнуў падчас абеду на аловак Леа — аловак тырчаў у Леа за вухам, грыфель быў увесь сцёрты і вакол грыфеля было маленькае белае кольца: так выглядае аловак, калі ім пішуць па сцяне. Значыцца, Леа быў тым невідзімкам, хто пісаў на сцяне.
Маці таксама сварылася на таго, хто піша на сцяне, і казала: «Дзеці не павінны чытаць такое», і звычайна дадавала, крыху прыцішыўшы голас: «Яны і так занадта рана спазнаюць увесь гэты бруд».
Але ж маці сама сказала кандытару гэтае слова ў цёмным, цёплым, прапахлым здобным цестам падвале пякарні.
А Леа працягваў пісаць на сцяне, і сталяр працягваў саскрэбваць яго надпісы, а Генрых усё ніяк не
мог набрацца мужнасці паведаміць сталяру пра сваё адкрыццё.
Пасля, калі яны будуць размаўляць з дзядзькам Альбертам пра ўсякае-ўсялякае, ён раскажа і пра гэта.
Увечары, лежачы ў ложку, ён разглядваў фотаздымак бацькі, які быў асветлены вулічным ліхтаром, ціха, ледзь прыкметна дрыжачую фотакартку, яна разгойдвалася, калі міма праязджалі аўтамабілі, і асабліва моцна, калі праязджаў грузавік або трыццаць чацвёрты аўтобус.
Нямнога засталося ад бацькі: фотакартка на стале ды кніжка, якую маці ўпарта захоўвала, заклаўшы паміж дэтэктыўнымі раманамі і ілюстраванымі часопісамі,— завэдзганая, тонкая, жаўтавая брашурка: ♦Што павінен ведаць аўтаслесар пры здачы экзамена на падмайстра». Паміж лісткамі брашуркі ляжала складзеная ў чатыры столкі, пашкамутаная, але яшчэ даволі яркая літаграфія з выявай «Тайнай вячэры»,— гэтакая ж літаграфія ёсць і ў яго самога з гэтакім жа подпісам: «Генрых Брылах прыняў канфірмацыю ў прыходскай царкве святой Ганны ў нядзелю, на Фаміным тыдні 1930 года». А ў яго была прыходская царква святога Паўла ў нядзелю на Фаміным тыдні 1952 года.
Дзядуля, бацька мамы, застаўся ў Саксоніі. Ен скардзіўся на мізэрную пенсію і кожную паштоўку заканчваў словамі: «Няўжо ў вас не знойдзецца пакойчыка для мяне, каб мне вярнуцца на радзіму?» А маці пасылала яму табаку і маргарын і пісала: <3 жытлом тут вельмі кепска: усё вельмі дорага». Маці мамы памерла ў Саксоніі, а бацька бацькі ляжыць на тутэйшых могілках — пакошаны драўляны крыж, да падножжа якога яны прыносілі кветкі ў Дзень памінання і запальвалі яркую свечку. Маці бацькі — бабуля не ладзіла з мамай, яна прыязджала толькі на другі дзень Каляд, прывозіла яму падарункі, а Вільме дэманстратыўна нічога не прывозіла і гаварыла гэтак жа, як і Карл: «парадак», «новае жыццё», «гэта дабром не скончыцца». Адзін з яе выразаў гучаў так: «Бачыў бы гэта мой бедны хлопчык».