Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
На лясным ускрайку, дзе блукаюць лані, У малой хацінцы нарадзіўся я.
Помніцца юнацтва, першае каханне, Назаўсёды ў сэрцы ты — зямля мая.
Марцін выпрастаўся, адышоўся ад акна і асцярожна залез у ложак. Вільма ўткнулася галоўкай яму ў плячо. Марцін павярнуўся да Генрыха і ціха спытаў:
— Ты спіш?
I Генрых адразу ж гэтак жа ціха, але выразна адказаў:
— He, не сплю.
«У малой хацінцы нарадзіўся я»,— спявалі ўнізе.
Да дома пад’ехала машына, і Марцін пачуў усхваляваны голас Альберта: «Нэла! НэлаІ» — гучна зваў ён. Мама, якая ўсё яшчэ сядзела на верандзе, ускочыла, перакуліла крэсла і выбегла на двор. Больда на кухні адразу змоўкла. Затым ён пачуў, як маці Альберта загаварыла з людзьмі ў рэстаране, і песня ўнізе раптоўна абарвалася. У доме адразу ўсё заціхла.
— Нешта здарылася! — прашаптаў Генрых.
На лесвіцы пачуліся стогны, плач. Марцін устаў, на дыбачках падышоў да дзвярэй і выглянуў у вузкі асветлены калідор.
Альберт і Больда пад рукі вялі па лесвіцы бабулю. Ён спалохаўся: бабуля раптам здалася яму зусім старой. Ён ніколі не думаў, што яна такая старая, і ніколі яшчэ не бачыў, каб яна плакала. Яна бяссільна павісла на плячы ў Альберта, і яе заўсёды румяны твар зрабіўся зямлістым.
— Укол, хутчэй зрабіце мне ўкол! — стагнала яна.
— Так, так, чуеце: Нэла па тэлефоне гаворыць з урачом,— адказаў Альберт.
— Добра, толькі б хутчэй!
3-за пляча Больды выглядваў перапалоханы Віль. З’явіўся і Глум. Ён пралез наперад, адціснуў Больду і падхапіў бабулю пад руку. Удвух з Альбертам яны павольна павялі яе ў вялікі пакой у канцы калідора. Тут Марцін убачыў маму; яна бегла па лесвіцы, пераскокваючы праз прыступкі, і крыкнула:
— Я званіла Гурвебэру: ён зараз выязджае!
— Ну вось,— сказаў Альберт бабулі,— не хвалюйся, ён зараз прыедзе.
Але вось дзверы зачыніліся, і калідор апусцеў. Марцін доўга глядзеў на шырокія рудыя дзверы. 3 пакоя не чуваць было ані гуку.
Першы ў калідор выйшаў Глум, затым Віль і мама з Альбертам. 3 бабуляй засталася адна Больда. Генрых заварочаўся на ложку і сказаў:
— Лажыся хутчэй, прастудзішся!
Марцін ціхенька прычывіў дзверы і, не запальваючы святла, асцярожна дабраўся да ложка. Унізе зноў заспявалі, але цяпер вельмі ціха: «На лясным ускрайку, дзе блукаюць лані...»
Дзядзька Альберт і мама пайшлі на веранду. Яны ціха гаманілі пра нешта — словы нельга было разабраць. Марцін адчуваў, што Генрыху таксама не спіцца. Яму вельмі хацелася пагаварыць з Генрыхам, але ён не ведаў, як пачаць гаворку.
Унізе перасталі спяваць. 3 залы чуваць было, як адсоўваюць крэслы. Марцін чуў, як людзі ўставалі з-за столікаў, разлічваліся з кельнеркай, жартавалі і смяяліся. Ён ціха запытаў Генрыха:
— Акно не будзем зачыняць?
— А табе не холадна?
— He, не холадна.
— Тады не зачыняй.
Генрых зноў змоўк, і Марцін адразу ўспомніў усё, што здарылася сёння. Успомніў ён і перасяленне, і тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару: «Ну, не табе мяне...»
I ён раптам зразумеў, пра што зараз думае Генрых, зразумеў, чаму ён так нечакана збег з лужка. Бо ягоная ж мама зараз, магчыма, гаворыць кандытару: «Цяпер можаш мяне...»
Страшна было нават падумаць пра гэта. Марціну зрабілася маркотна і захацелася плакаць. Але ён стрымаў слёзы, хоць Генрых усё роўна не ўбачыў бы ў цемені, што ён плача. Усё, усё гэта распусна. Вось і бабуля зараз запатрабавала, каб ёй зрабілі ўкол, проста так, нават не крычаўшы перад гэтым пра кроў у мачы. Марцін спалохана падумаў, што раней яна крычала пра кроў у мачы праз кожныя тры месяцы; цяпер не прайшло і чатыры дні, як ёй зрабілі ўкол, а яна ўжо зноў пасылае па доктара. Яна старая зрабілася, зусім старая! Сёння ён упершыню ўбачыў, як бабуля плача. Нічога гэтага раней не было! Але самае страшнае, што бабуля нават не прыкідваецца больш і не хоча чакаць тры месяцы. Яна ўжо і чатыры дні не можа пражыць без укола. Вадкасць бясколерная, шпрыц як бы парожні! Нешта пайшло з ягонага жыцця і больш не вернецца. Ён не мог зразумець, што гэта было. Але адно ён ведаў: гэта нейкім чынам звязана з Гезелерам.
— Ты не спіш? — зноў спытаў ён ціха, і зноў Генрых адказаў:
— He, не сплю.
Яму здалося, што Генрых злуецца і не хоча гаварыць з ім. Зразумела, чаму Генрых такі маркотны — яго мама пайшла ад Леа, але засталася гэтакай жа распуснай, калі нават не горш. Жыць з Леа, зразумела, таксама распусна, але яна жыла з ім ужо не першы год. Да гэтага ўсе прывыклі. А цяпер яна раптам пераехала да кандытара і будзе жыць з ім. Гэта вельмі кепска, але і бабуля дзейнічае не лепш: патрабуе, каб ёй зрабілі ўкол, а пра кроў у мачы нават не ўспомніла.
— He, не,— гучна сказаў раптам Альберт на верандзе,— лепш раз і назаўсёды пакінуць гэтыя размовы пра наш шлюб.
Маці ціха адказала яму нешта. Затым падышлі Больда, Глум і Віль. Альберт зноў загаварыў гучней:
— ...Тады яна кінулася на яго з кулакамі. Яе спрабавалі ўтрымаць, але дзе там. Шурбігелю яна закаціла пару добрых аплявух, а патэра Віліброрда так піхнула ў ГРУДЗІ> што той ледзь не паваліўся...— Альберт неяк нядобра засмяяўся і працягваў: — Што ж мне заставалася рабіць? Давялося лезці ў бойку. Ён-то пазнаў мяне пасля.
— Хто, Гезелер? — спытала мама.
— Так, ён пазнаў мяне, і, спадзяюся, цяпер ён не пацягне нас у суд. Судзіцца з імі цяжка!
— А як жа! — рашуча пацвердзіў Глум, і мама засмяялася. Але смех яе гучаў непрыемна і рэзка.
Яны замоўклі, і Марцін пачуў у гэтай цішыні спакойны шум матора. Спачатку ён падумаў, што пад’ехала машына доктара; але шум даносіўся з саду, толькі аднекуль зверху: гэта гудзеў самалёт. Гук марудна набліжаўся, ён плыў недзе высока ў небе, і Марцін нават ускрыкнуў ад здзіўлення, калі ўбачыў раптоўна ў чорным квадраце акна чырвоныя агеньчыкі самалёта і доўгі бліскучы шлейф, які ён цягнуў за сабой. Па цёмным небе слізгалі яркія рухомыя літары: Дурны той, хто яшчэ сам варыць варэнне! Надпіс праплыў у квадраце акна і знік значна раней, чым ён думаў. Але неўзабаве зноў пачуўся шум матора, і іншы самал~т з гудзеннем працягнуў па цёмным небе іншы надпіс: Гольштэге робіць гэта за цябе.
— Глядзі, хутчэй! — захваляваўся Марцін.— Гэта рэклама бабулінай фабрыкі!
Але Генрых не адказаў, хоць і не спаў.
Унізе раптам зарыдала мама, а дзядзька Альберт гучна вылаяўся: «Паскуднікі! Якія ж яны паскуднікі!»
Гул матораў аддаляўся ў напрамку Брэрніхскага замка, і хутка зноў настала цішыня.
Марцін чуў толькі, як плача ўнізе мама, ды час ад часу дзынкаюць шклянкі. Генрых усё яшчэ не спаў, але ён зацята маўчаў, і гэта палохала Марціна. Генрых дыхаў часта і глыбока, быццам быў нечым усхваляваны, а каля яго роўна і ціха дыхала ў сне Вільма.
Марцін паспрабаваў заснуць — прамільгнулі ў думках каўбой Хапелонг Кесідзі і качаня Дональд Дак, але яму раптам зрабілася сорамна думаць пра такую
драбязу. Успомніліся словы малітвы: Калі ты, Божа, не даруеш нам грахі нашыя, то хто ж тады застанецца правесіным? I адразу ж са змроку выплыла першае пытанне катэхізіса: Навошта прыйшлі мы ў свет гэты? «Каб служыць Госпаду, палюбіць Яго і ўзнесціся ў царствіе нябеснае»,— машынальна прашаптаў ён. «Але служыць Госпаду, узлюбіць яго і ўзнесціся ў царствіе нябеснае» гэта яшчэ не ўсё, гэтага мала! Завучаны адказ на страшнае пытанне здаўся яму раптам мізэрным, і ўпершыню ўсвядомленае сумненне ахапіла яго.
Нешта пайшло з ягонага жыцця назаўсёды,— ён толькі не разумеў, што гэта было. Яму захацелася заплакаць гэтак жа моцна, як плакала на верандзе мама. Але Марцін стрымаў слёзы; ён быў упэўнены, што Генрых усё яшчэ не спіць і думае пра сваю маму, пра кандытара, пра тое слова, якое яго мама сказала кандытару.
Але Генрых думаў зусім пра іншае — ён думаў пра надзею, якая асвяціла на імгненне твар яго маці. Гэта доўжылася адно толькі імгненне, але ён ведаў цяпер, што адно імгненне можа ўсё змяніць.
БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА
Генрых Бёль нарадзіўся 21 снежня 1917 года ў горадзе Кёльн (Германія) у каталіцкай сям’і. Яго бацька, Віктар Бёль, які валодаў невялікай дрэваапрацоўчай майстэрняй, спалучаў у сабе мастака і рамесніка: быў скульптарам і сталяром-чырванадрэўшчыкам. На ўсё жыццё прывіў ён сваім сынам любоў да мастацтва і навучыў іх тонкаму разумевню яго.
Маці Марыя Бёль была жанчынай з няпростым характарам і адметным грамадзянскім тэмпераментам. Яна вызначалася сваімі радыкальнымі палітычнымі перакананнямі.
У 1929 годзе сусветны эканамічны крызіс закрануў і Бёляў — сям’я прыстойна забяспечанага рамесніка перажыла балючы працэс дэкласацыі, вымушана была ў рэшце рэшт асесці ў рабочым прадмесці.
Горад, сям’я, акружэнне ўплывалі на фарміраванне асобы сталеючага Генрыха.
3 1928 да 1937 г. Бёль вучыўся ў гімназіі імя кайзера Вільгельма, якая была не зусім тыповай навучальнай установай для гітлераўскай Германіі. Яна была яшчэ не цалкам атручана духам нацызму, тут пакуль што можна было свабодна думаць і нават выказвацца.
У 1937 г. Бёль атрымаў атэстат сталасці. Пасля гімназіі ён адразу ж паступае вучнем у кнігагандлёвую фірму, але вясной 1938 года перарывае навучанне, працуе рэпетытарам, а з восені адбывае працоўную павіннасць — гэта было абавязковай умовай, якая давала права на працяг адукацыі. Летам 1939 года ён запісваецца ва універсітэт на спецыяльнасць «германістыка» і «класічная філалогія», але ў ліпені, за некаль-
кі тыдняў да пачатку вайны, атрымлівае прызыўную павестку вермахта.
Тады ж ён пачынае пісаць: вершы, апавядавні, нават піша раман. Менавіта ў той час вызначылася яго жыццёвае прызванне — стаць пісьменнікам.
Прызваны радавы Генрых Бёль праходзіў ваенную муштру ў запасным палку. Хоць Германія ўжо распачала вайну і Бёль быў накіраваны для праходжання наступнай службы ў тылавы гарнізон на тэрыторыі акупіраванай Польшчы, яму пашанцавала: ён захварэў і шмат часу правёў у шпіталях у Германіі. Затым паўтара года ён служыў на Атлантычным узбярэжжы. Летам 1943 г. Бёль быў адпраўлены з Францыі на Усход — пасля чатырох гадоў службы ён упершыню ехаў на фронт, у раён Чорнага мора. Па дарозе эшалон падарвалі французскія партызаны, Бёль быў лёгка паранены, але мусіў працягваць свой шлях у Крым. Далей былі баі, адступленне, раненне, шпіталь, вяртанне на фронт і восенню 1944 г. чарговае раненне пад Ясамі, гэтым разам цяжкае, якое ўскладнілася малярыяй. Некалькі месяцаў ён правёў у тылавых лазарэтах.