Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
3-за дома высунуўся дзядзька Віль і ўважліва паглядзеў на яго. Затым Генрых пачуў, як ён падняўся на веранду і запытаў Альберта:
— Што гэта здарылася з хлапчуком?
— Пакінь яго ў спакоі,— адказаў Альберт.
Яны размаўлялі нягучна, але Генрых чуў кожнае слова.
Ці нельга памагчы яму чым? — зноў запытаў Віль.
— Можна-то можна,— сказаў Альберт,— але лепш пакінь яго зараз у спакоі. У галоўным жа ты яму не дапаможаш!
У вёсцы зазванілі званы — самотна і пяшчотна. Генрых зразумеў, чаму разышліся дзеці, якія гулялі ў футбол. Званілі да абедні, а ўсе яны былі служкамі ў вясковай царкве.
— Ты пойдзеш са мной? — крыкнуў Марціну Віль.
— Так, так,— адказаў Марцін.
Цоканне мячыкаў адразу перарвалася. Генрых пачуў, як Віль яшчэ нешта запытаў у Альберта пра яго.
— He трэба, пакінь яго,— адказаў Альберт і, памаўчаўшы, дадаў: — Ідзіце, я тут пасяджу.
Глуха і працяжна званілі званы. На кухні зноў радасна запішчала Вільма: ее кармілі яйкам усмятку. Хораша тут, усё гладзенька — без сучка і задзірынкі, але ўсё гэта не для яго. Надта ўжо гладка! I пахі тут адзін лепш другога. Пахне свежым дрэвам, пячэннем, свежым цестам, але і пахі гэтыя чужыя: занадта ўжо добрыя!
Ён выпрастаўся, прыхіліўся да сцяны паветкі і пачаў глядзець у расчыненыя вокны. У зале рэстаранчыка за сталамі сядзелі людзі, яны пілі піва, елі бутэрброды з вяндлінай. Дзяўчына-кельнерка раз-пораз падносіла бутэрброды і зноў ішла на кухню. Там яна наразала хлеб, вяндліну, рабіла новыя бутэрброды. Генрых убачыў, як дзяўчына адрэзала кавалачак вяндліны і паклала яго ў роцік Вільме. Тая пачала жа ваць, недаверліва ссунуўшы броўкі. Забаўна было назіраць, як паступова зморшчыкі на яе лобіку разыходзіліся і яна ўхвальна заўсміхалася. Пасля таго як яна добра сжавала і праглынула кавалачак, Вільма заззяла. Маці Альберта і кельнерка так і пакаціліся ад смеху. Усміхнуўся і Генрых — гэта і сапраўды было забаўна. Але ўсмешка атрымалася стомленая. Ён і сам ведаў, што ўсміхаецца нехаця, як абцяжараны клопатамі дарослы чалавек, якому не да смеху.
У гэты момант да дома пад’ехала таксі з горада, і ён напалохаўся: мабыць, зараз нешта здарыцца, калі ўжо не здарылася. 3 машыны выйшлі бабуля і мама Марці-
на. Бабуля, не выцягваючы з рота дымнай цагарэты, моцна сказала шафёру: «Пачакайце тут, галубок»,— і пабегла да ганка. Твар у яе быў чырвоны, сярдзіты.
— Альберт! Альберт! — закрычала яна на ўвесь двор.
Людзі ў рэстаране паўскоквалі са сваіх месцаў, кінуліся да вокнаў. У акне кухні паказаліся напалоханыя твары кельнеркі і маці Альберта, а сам Альберт выбег у двор з газетай у руках. Ён убачыў бабулю, нахмурыўся і, павольна складваючы газету, пайшоў ёй насустрач. Мама Марціна падышла да акна кухні і загаварыла з маці Альберта з такім выглядам, быццам усё гэта яе ніякім чынам не тычыцца.
— I ты нічога не хочаш зрабіць? — сказала бабуля, гнеўна страсаючы попел з цыгарэты.— Тады я сама паеду туды і заб’ю яго ўласнымі рукамі! Паедзеш ты са мной ці не?
— Паеду, паеду, супакойся! — стомлена сказаў Альберт.— Але што ў тым толку?
— Пра што толькі ўсе вы думаеце? — сказала бабуля.— Сядай у машыну!
— Як хочаш,— сказаў Альберт.
Ён паклаў газету на падаконнік, залез у машыну, адчыніў знутры заднія дзверцы і пасадзіў бабулю каля сябе.
— Ты, значыцца, застаешся? — ужо з машыны крыкнула бабуля маці Марціна.
— Так, я пачакаю вас тут,— адказала тая.— He забудзьцеся захапіць мой чамадан, чуеце?
Але шафёр ужо выехаў са двара. Неўзабаве таксі знікла за паваротам. Званы змоўклі, і маці Альберта сказала маці Марціна: «Заходзьце, што ж вы?» Тая кіўнула і сказала кельнерцы: «Дайце мне дзяўчынку!»
Кельнерка паставіла Вільму на падаконнік. Генрых вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, як маці Марціна спрытна ўзяла яе на рукі і, усміхаючыся, зайшла ў дом.
Затым зацокаў цэлулоідны мячык і пачуўся смех Вільмы. Добра ўсё гэта, слаўна, толькі не для яго.
У рэстаране зацягнулі песню: Мілы лес, лес наш любы, на зямлі ты цуда з цудаў! 3 кухні ў залу прайшла кельнерка з падносам, на якім стаялі піўныя куфлі. Маці Альберта на кухні адкрыла вялікую бляшанку з кансерваванымі сасіскамі, затым пачала рыхтаваць салату. На верандзе смяялася маці Марціна.
Смяялася і Вільма. Генрых здзівіўся: маці Марціна падалася яму раптам вельмі мілай і добрай.
Так, усё тут добра, але яму ад таго не лягчэй. Бо ягоная мама зараз «сужыцельствуе» з кандытарам. Яна прамяняла Леа на кандытара. Гэта хоць і выгадна, але жахліва!
На дарозе насупраць дома спыніўся жоўты паштовы аўтобус. Расчыніліся дзверцы, на зямлю саскочыў Глум і дапамог сысці Больдзе. Больда падбегла да расчыненага акна кухні і ўсклікнула гучна:
— Што ж гэта цяпер будзе!
Але маці Альберта ўсміхнулася і адказала:
— Нічога там не здарыцца! А ты вось лепш скажы, дзе я вас усіх спаць пакладу?
— Я не магу супакоіцца, проста месца сабе не знаходжу,— сказала Больда.— Ат, я і на старой кушэтцы высплюся.
Глум засмяяўся і здушана прахрыпеў:
— На падлозе! Ёсць салома?
Затым ён з Больдай накіраваўся ў царкву, каб паклікаць Віля і Марціна.
Мілы лес, лес наш любы, на зямлі ты цуда з цудаў! — спявалі ў рэстаране, а маці Альберта на кухні відэльцам вывуджвала з бляшанкі вялікія ружовыя сасіскі.
3 веранды пачуўся голас маці Марціна:
— He падыходзь так блізка! — закрычала яна і адразу ж засмяялася непрыемна і рэзка. Генрых спалохаўся і, павярнуўшыся, убачыў, што Вільма, якая бегла да качынага стаўка, спынілася, калі пачула вокрык, і затупала назад. Маці Марціна паклікала яго да сябе, узяла яго за руку і запытала:
— Ты гуляеш у пінг-понг?
— Кепска,— адказаў ён.— Я калісьці спрабаваў гуляць.
— Давай, я цябе навучу, хочаш?
— Добра,— сказаў ён, хоць гуляць яму не хацелася.
Яна высунула стол на сярэдзіну веранды, зноў замацавала сетку і падняла з падлогі ракеткі.
— Станавіся вось тут,— сказала яна і паказала, як трэба падаваць мяч.
Удар быў моцны, мяч праляцеў высока над сеткай, і Генрых лёгка яго адбіў.
Вільма поўзала па падлозе і радасна верашчала. Ёй вельмі падабаўся белы лятаючы мячык. Кожнага разу, калі ён падаў, яна паднімала яго і несла да стала. Але аддавала яна мячык толькі маці Марціна, а не Генрыху.
Увесь час Генрых думаў пра тое, што ягоная маці сужыцельствуе зараз з кандытарам. Гэта было вельмі дрэнна, і яму здавалася гэта значна болып распусным, чым сужыцельства з Леа.
Званы зноў зазванілі размерана і ўрачыста, святар зараз бласлаўляе паству. Затым кураць ладан і спяваюць «Tantum ergo». Ён пашкадаваў, што не пайшоў з Марцінам, яны стаялі б адзін каля аднаго ў паўзмроку між спавядальняй і дзвярыма.
Генрых хутка засвоіў, што мяч трэба падаваць рэзкім і моцным ударам. Некалькі разоў яму ўжо ўдалося падаць мяч так, што маці Марціна не змагла яго адбіць. Яна засмяялася, але пачала гуляць з ім сур’ёзна, твар яе набыў засяроджаны выраз.
Цяжка было сачыць за лётам мяча і своечасова адбіваць яго. Генрых думаў зусім пра іншае: пра бацьку, пра дзядзькаў, пра кандытара, які зараз сужыцельствуе з ягонай мамай. А ў Марціна мама прыгожая, высокая, стройная, бялявая. Цяпер яна вельмі падабалася яму, асабліва калі, не перарываючы гульні, раптам паварочвалася да Вільмы і ласкава ўсміхалася ёй. Вільма ззяла, ёй таксама гэта вельмі падабалася.
Усмешка ў мамы Марціна была светлая, такая ж добрая, як і ўсё тут,— як звон званоў, як пах здобнага цеста. Усё гэта яму тут дарылі — і ўсмешку і звон званоў,— і ўсё ж падарунак заставаўся чужым. Яму зноў прыйшоў на памяць пах Леа — пах туалетнай вады і памады, успомнілася і ягоная пілачка для пазногцяў. Яна застанецца цяпер назаўсёды ў мамы ў шкатулцы з ніткамі.
Ён пачаў гуляць больш уважліва, стараўся падаваць мячы рэзка і моцна. Мячы праляталі нізка над сеткай, і мама Марціна ледзь паспявала адбіваць іх.
— 3 табой, дружок, не пажартуеш! — сказала яна.
Але неўзабаве ўсе вярнуліся з царквы, і ім давялося спыніць гульню. Марцін кінуўся да маці і моцна абняў яе. Глум ссунуў сталы на верандзе, а Больда накрыла іх вялікім зялёным абрусам і расставіла талеркі. Све-
жае, толькі што збітае масла вільготна паблісквала ў маслёнцы.
— А пра слівавае варэнне ты і забылася! — сказаў Віль сястры.— Дзеці яго вельмі любяць!
— Прынясу, прынясу,— адгукнулася старая.— Што ўжо там дзеці, ты і сам да яго вельмі ласы!
Віль пачырванеў, усе засмяяліся. Глум ляпнуў яго па спіне і з ухмылкаю прахрыпеў: «Не бянтэжся, сябрук!» I ўсе зноў засмяяліся. Вільме пара было спаць, але ёй дазволілі яшчэ крыху пасядзець. Усе заспрачаліся, дзе яе пакласці. Усе, акрамя маці Марціна, наперабой загаманілі: «Са мной!», «У мяне!» — але калі нарэшце пра гэта запыталі Вільму, яна адразу ж падбегла да брата. Генрых нават пачырванеў ад радасці.
У рэстаране было шумна. Людзі прыходзілі, адыходзілі. За столікамі клікалі кельнерку, патрабавалі піва. Больда паднялася, адсунула крэсла і сказала: «Пайду дапамагу на кухні». Глум узяў пусты мех і пайшоў на двор — напхаць у яго саломы; успацелы Віль насіўся па доме, збіраў коўдры, а Генрых з Марцінам падняліся наверх у пакой над верандай, дзе для іх паслалі вялікі двухспальны ложак. Там паклалі і Вільму.
Сцямнела. На кухні Больда з кельнеркай мылі посуд, гаманілі, смяяліся. Маці Альберта пайшла ў залу за стойку, з рэстарана чуліся воклікі, смех. Генрых выглянуў у акно. У двары мігцелі два цьмяныя агеньчыкі: Глум і Віль, пакурваючы люлькі, сядзелі на лаўцы каля паветкі. На верандзе засталася толькі маці Марціна. Яна сядзела каля стала, курыла і задумліва глядзела ў цемру.
— Дзеці, тушыце святло і ў ложак, хуценька! — пачулі яны яе голас.
I тут толькі Марцін успомніў, што ён увесь вечар не бачыў Альберта. Ён крыкнуў у акно:
— Мама, а дзе дзядзька Альберт?
— Ён хутка вернецца. Яны паехалі з бабуляй.
— А куды?
— У Брэрніх.
— А навошта?
Маці памаўчала. Затым зноў пачуўся яе голас: — Там Гезелер. Ён павінен з ім пагаварыць.
Марцін замоўк. Абапёршыся на падаконнік, ён гля-
дзеў уніз на цёмную веранду. За яго спінай шчоўкнуў выключальнік, зарыпелі спружьшы. Генрых залез на ложак.
— Гезелер? — крыкнуў у цемру Марцін.— Значыцца, Гезелер жывы?
Маці не адказала, і Марцін здзіўлена падумаў, што ніколькі не ўсхваляваны з’яўленнем Гезелера. Ён ніколі не гаварыў з Генрыхам пра смерць бацькі. Гісторыя з Гезелерам здавалася яму занадта заблытанай і сумніўнай, як і ўся бабуліна прамудрасць. Імя Гезелера так настойліва ўбівалі яму ў галаву і так настойліва прымушалі паўтараць, што яно перастала страшыць яго. Значна болып страшным было тое, што здарылася там, у падзямеллі, дзе вырошчвалі грыбы. Там было ўсё страшней і прасцей. У гэтым падзямеллі забілі чалавека, які напісаў партрэт таты. Там білі і катавалі тату і дзядзьку Альберта. Праўда, нацы, якія зрабілі ўсё гэта, ён уяўляў сабе даволі цьмяна. Магчыма, яны і сапраўды не такія ўжо і страшныя? Але склеп ён бачыў сам, на ўласныя вочы! Смярдзючыя цёмныя калідоры, пюпітры з пачварнымі кнопкамі, пастарэлы твар дзядзькі Альберта, які заўсёды гаварыў праўду. А вось пра Гезелера Альберт гаварыў з ім вельмі рэдка. Унізе зацягнулі новую песню: