Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
Больда ўпотай пазірала на яго.
На ўскрайку Альберт спыніў машыну.
— Пасядзіце тут,— сказаў ён,— я хутка вярнуся.
Ён выйшаў з машыны і пайшоў спачатку па дарожцы, якая крута спускалася да варот старога форта. На паўдарозе Альберт нечакана звярнуў убок і пачаў узбірацца ўверх па адхоне. Кусты схавалі яго, але неўзабаве галава Альберта зноў паказалася над сцяной нізкарослага хмызняку. Ён выйшаў на невялікую, расчышчаную палянку, пасярэдзіне якой узвышаўся стары магутны дуб. Альберт крыху пастаяў каля дуба, затым збег па крутым насыпе проста да варот крэпасці.
— He едзь,— не паварочваючыся да Марціна, ціха сказала Больда,— або вазьмі мяне з сабой.
Голас яе дрыжаў, яна ледзь не плакала, і Марціну зрабілася страшна.
— На каго ж ты нас пакінеш? Бабулю хоць пашкаДУЙ!
Марцін не адказаў, ён убачыў, як на дарожцы, бы з-пад зямлі, з’явіўся Альберт. Ён шпарка падышоў да машыны.
— Вылазь,— сказаў ён Марціну,— я хачу табе нешта паказаць.
— А ты можаш тут пачакаць, калі хочаш,— дадаў ён, звяртаючыся да Больды.
Але Больда моўчкі вылезла з машыны, і яны ўтраіх пайшлі па асфальтаванай дарожцы ўніз да варот крэпасці. Марціну было ніякавата. Ён некалькі разоў прыходзіў сюды з Генрыхам і іншымі дзецьмі. Менавіта тут, у кустах, ён найшоў на Грэбхакэ і Вольтэрса, якія рабілі нешта бессаромнае. Ад дому да крэпасці было паўгадзіны хады. Дзецям вельмі падабалася гуляць у перасохлым рове, што акружаў форт.
Унізе, каля крапасных сцен, Рэйна не было бачна. 3-за вала тырчалі толькі мачты параходаў з рознакаляровымі сцяжкамі. Затое з даху форта адкрываўся
цудоўны від на Рэйн. Быў бачны і мост, разбураны падчас бамбёжкі. Над гладдзю вады жудасна грувасціліся скурожаныя стальныя бэлькі.
Каля самага берага — чырвоны гравій тэнісных кортаў, мітуслівыя белыя фігуркі гульцоў. Часам адтуль даносяцца крыкі, смех, воклічы суддзі, які сядзіць на маленькай вышцы. Марцін быў тут рэдка: Альберт баяўся адпускаць яго аднаго так далёка.
Цяпер ён ішоў, з трывогай пазіраючы на Альберта, які, мабыць, прывёў яго сюды не без нейкага намеру. На дарожцы пад насыпам было ціха, як у цясніне. Але каля крапасных варот яны адразу пачулі смех і крыкі дзяцей, якія гулялі на даху форта.
— He падыходзь так блізка да краю! — пачуўся голас адной маці.
На дах вяла лесвіца, якая пачыналася адразу ж ад варот. Прыступкі яе нядаўна адрамантавалі, залілі бетонам. Масіўныя чыгуняыя вароты былі пафарбаваныя ў чорны колер. На шырокім даху разбіты клумбы, цвітуць ружы, журчыць фантан. Па краях даху дзве пляцоўкі, абнесеныя невысокай сцяной. Там пасаджаны маладзенькія ліпкі, а калі ўзлезці на сцяну — Рэйн бачны як на далоні.
Марцін было ўзбег уверх па лесвіцы, але Альберт спыніўся каля варот і паклікаў яго назад. Больда раптам сказала Альберту:
— Мабыць, я пайду пачакаю ў машыне. Ты грыбоў хочаш купіць?
— He,— адказаў Альберт,— я толькі хачу паказаць Марціну каземат, у якім некалі тры дні пратрымалі ягонага бацьку.
— Дык гэта было тут? — спытала Больда.
Альберт кіўнуў, і Больда сцепанулася, быццам ад холаду. Затым яна моўчкі павярнулася і пайшла назад па дарожцы.
Пакуль Альберт стукаў у вароты, Марцін прачытаў чорны надпіс на жоўтай шыльдзе: «Жорж Баломэн. Парніковыя шампіньёны».
— Тут забілі Авесалома Біліга,— сказаў Альберт,— чалавека, які напісаў партрэт твайго бацькі.
Марціну зрабілася страшна. 3 каземата ішоў густы цяжкі пах — пахла гноем, сырасцю цёмнага склепа. Нарэшце зарыпелі вароты і з’явілася нейкая дзяўчына з запэцканымі зямлёй рукамі. Яна жавала саломінку.
Дзяўчына ўбачыла Альберта і прамовіла расчараваным тонам:
— А я думала, гной прывезлі.
Забілі?.. Забівалі ў кіно, у дэтэктыўных раманах і яшчэ ў Бібліі: Каін забіў Авеля, а Давід — Галіафа. Марціну не хацелася ісці ў страшны цёмны склеп, але Альберт моцна трымаў яго за руку. У цёмных галерэях панаваў паўзмрок. У казематах дах быў зроблены з тоўстага паўпразрыстага шкла — са столі там мігцела шэрае святло. Дзе-нідзе на сценах цьмяна гарэлі электрычныя лямпачкі, прыкрытыя кардоннымі абажурамі. Яны асвятлялі высокія грады, як бы зрэзаныя пад касым вуглом. Грады пластаваліся, як пірожныя; асобныя пласты рэзка адрозніваліся адзін ад другога. У самым нізе быў пласт зямлі, перамяшаны з гноем, вышэй — зеленавата-жоўты пласт гною, і затым — зноў зямля, але ўжо больш цёмная, амаль чорная. На некаторых градах з зямлі наверсе выглядвалі чэзлыя белыя вырадкі-шампіньёны. Шапачкі грыбоў былі абсыпаны зямлёй. Самі грады былі падобныя на пюпітры,— нейкія загадкавыя пульты, з якіх самі па сабе вырасталі белыя рычажкі; яны нагадвалі кнопкі на рэгістрах аргана, але выглядалі злавесна і загадкава.
Тут забівалі людзей, тут некалі нацы білі і тапталі ботамі ягонага тату і дзядзьку Альберта. Марцін не зусім ясна ўяўляў сабе, хто такія былі гэтыя нацы. Ён ведаў толькі, што дзядзька Альберт гаворыць пра іх адно, а настаўнік у школе — іншае. У школе самым вялікім грэхам лічылі распусту, але яму самому мама Генрыха не здавалася такой жахлівай жанчынай. Жахлівым было толькі тое слова, якое яна прамовіла неяк. Альберт казаў, што няма нічога страшнейшага, чым нацы, а ў школе іх лічылі не такімі ўжо страшнымі. Па словах настаўніка, на свеце было нешта і страшнейшае, не такія ўжо і страшныя нацы, казаў ён, як страшныя рускія.
Дзяўчына з саломінкай у роце прапусціла іх наперад, а з дашчанай кабінкі каля сцяны насустрач ім выйшаў мужчына ў шэрым рабочым халаце і ў палатняным картузе. Ён курыў цыгарэту, і здавалася, што ягоны круглы дабрадушны твар дыміцца. Шэрыя клубы табачнага дыму раставалі ў паўзмроку.
— Вы прывезлі гной? — зачасціў ён.— Вось цудоў-
на! Гной зусім прапаў — нідзе не дастанеш.
— He,— сказаў Альберт,— я проста зайшоў сюды на хвілінку з хлопчыкам. У крэпасці некалі быў канцлагер, і мы сядзелі тут разам з яго нябожчыкам бацькам, а аднаго нашага агульнага сябра нацысты замучылі тут да смерці.
Чалавек у халаце адхіснуўся, цыгарэта тарганулася ў яго зубах. Ён глыбей насунуў на лоб картуз і ціха ўсклікнуў:
— Mon Dieu!
Альберт зазірнуў у галерэі справа і злева. Вільготныя змрочныя сцены з чорнымі праваламі дзвярэй, і паўсюды грады, грады — злавесныя пюпітры з пачварнымі белымі кнопкамі наверсе. Ад град паднімалася лёгкая пара. Марціну здалося, што ад кнопак і рычажкоў у зямлю ідуць нябачныя правады. А там, глыбока пад зямлёй, стаілася смерць і чакае, пакуль хто не націсне на адну з кнопак.
На цвічку, забітым у сцяну, вісела некалькі шэрых халатаў, каля сцяны дзяўчына з запэцканымі рукамі перабірала грыбы, кідала іх у вялікі кош, што стаяў каля яе ног, а праз зашклёныя дзверы кабіны Марцін убачыў нейкую жанчыну, што выпісвала за сталом разлікі. Валасы ў яе былі накручаныя на бігудзі. Жанчына старанна выводзіла самапіскай словы і лічбы на вузкіх палосах паперы. На даху нейкі хлопчык забарабаніў палкай па шкле парнікоў. 3 цемры калідора, як з пячоры, адазвалася гулкае рэха. Наверсе пранізліва закрычала адна з матуль:
— Асцярожней! Чуеш: асцярожней!
— Яго ўтапталі ў зямлю тут, у адным з гэтых калідораў,— сказаў Альберт,— трупа так і не знайшлі.
Ён раптам павярнуў у адну з бакавых галерэй і пацягнуў за сабой Марціна. Хутка ён спыніўся каля ўвахода ў цёмную нішу. Пюпітры з агіднымі кнопкамі, што тырчалі ўверх, стаялі там амаль ушчыльную адзін да аднаго.
— Запамятай,— сказаў Альберт,— тут білі твайго бацьку, тапталі яго ботамі, і мяне тут білі: запомні гэта назаўсёды!
— Mon Dieu! — сказаў чалавек у шэрым халаце.
— Чаго ты носішся як апантаны! — зноў закрычала матуля наверсе.
Альберт падаў руку чалавеку ў шэрым халаце.
— Выбачайце за турботы,— сказаў ён і павёў Марціна да выхада. Каля адчыненых варотаў стаяла малалітражка з прычэпам — прыехаў пастаўшчык гною, якога тут, мяркуючы па ўсім, чакалі з нецярплівасцю. Гаспадар з радаснай усмешкай кінуўся да яго. Мітусліва і перашкаджаючы адзін аднаму, яны адчапілі цяляжку, якая была даверху напоўнена свежым дымячым гноем, і пакацілі яе да варот.
— Нялёгка ён мне даўся,— сказаў той, што прыехаў.
— Слухай, нам трэба быць пільнымі, нехта яўна хоча падставіть нам ножку ў школе верхавой язды.
Піхаючы перад сабой прычэп, яны зніклі ў смярдзючым паўзмроку. Адтуль яшчэ доўга даносіліся асобныя словы: «Быць пільнымі», «канкурэнты», «школа верхавой язды»... Затым з форта выйшла дзяўчына з саломінкай у роце і зачыніла вароты.
Марціну вельмі хацелася збегаць на дах, да клумбаў і да фантана, паглядзець на Рэйн. Няблага было б спусціцца і ў роў; там на зямлі валяюцца кавалкі бетону, а наверсе каля самага краю растуць старыя таполі.
Але Альберт цягнуў яго за сабой наверх, міма варот па асфальтаванай дарожцы. Каля машыны на насыпе сядзела Больда і махала ім рукой.
— Чаго ты носішся як апантаны! — зноў закрычала наверсе адна матуля.
— Асцярожней! Глядзі, куды ідзеш! — падхапіла другая.
— He падыходзь блізка да краю!
Яны моўчкі селі ў машыну. Цяпер ззаду села Больда. Ад яе ўсё яшчэ пахла чыста вымытай падлогай. Змяшаны пах вады, шчолаку і нашатыру. Яна заўсёды падлівала ў вядро нашатыр.
Марцін сеў каля Альберта, глянуў на яго збоку і зноў спалохаўся. За гэтыя некалькі гадзін Альберт быццам пастарэў на шмат гадоў, зрабіўся гэтакім жа старым, як настаўнік, як сталяр. Марцін здагадваўся, што ў гэтым вінаваты нацы. Яму зрабілася сорамна за тое, што ён так невыразна ўяўляў іх сабе. Ён ведаў, што Альберт гаворыць толькі праўду, і быў перакананы, што нацы сапраўды вельмі кепскія людзі. Але так гаварыў адзін толькі Альберт, а супраць яго мноства
людзей, якія лічаць, што нацысты не такія ўжо і страшныя.
Альберт моцна сціснуў ягоную руку і сказаў:
— Запомні гэта назаўсёды.
— He, не, я нізавошта не забуду,— таропка адказаў Марцін.
Боль у руцэ там, дзе яе сціснуў Альберт, яшчэ доўга не праходзіў, і Марцін адчуваў, як усё гета ўразаецца яму ў памяць — цяжкі пах, паўзмрок, гной, дзіўныя пюпітры з кнопкамі, правады, якія ідуць глыбока ў зямлю. Там забівалі людзей, і ён запомніў гэта назаўсёды, як і вячэру ў шынку ў Фавінкеля.
— Божа мой! — загаласіла Больда за ягонай спінай.— He забірай ты ад нас хлапчанё! Я ўсё буду рабіць, што ты скажаш! Сілы не пашкадую, толькі пакінь яго дома!