Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
— I Генрых таксама будзе жыць у Бітэнхане? — у сваю чаргу нясмела запытаў Марцін.
Ён уявіў сабе Генрыха ў Бітэнхане, без яго вечнага клопату, без дзядзькі Леа, успомніў, як Віль з усмешкай падсоўвае яму маслёнку, усё падкладваючы ў яе масла.
— Яму можна паехаць са мной? — запытаў ён ужо болып настойліва.— Ці я застануся там зусім адзін?
— Я буду з табой,— адказаў Альберт,— табе гэтага мала? А Генрых будзе прыязджаць да цябе ў госці, калі захоча. Я заўсёды магу падвезці яго на машыне,— бо я кожны дзень буду ездзіць у горад па справах. Для вас абодвух там месца не хопіць. Дый маці Генрыха яго не адпусціць: ён жа дапамагае ёй па гаспадарцы.
— Без Вільмы Генрых не паедзе,— нерашуча сказаў Марцін.
Ён ужо ўявіў сабе новую школу, незнаёмых дзяцей. Ён ведаў толькі некалькі хлопчыкаў з вёскі — тых, з якімі ён гуляў у футбол.
— Як гэта «без Вільмы не паедзе»? Чаму?
— Леа б’е яе, калі нікога няма дома. Яна баіцца з ім аставацца адна і плача.
— He, гэта немагчыма,— сказаў Альберт,— не Mary ж я сапраўды пасяліць у маці адразу траіх дзяцей! Зразумей, ты ж не можаш усё жыццё жыць разам з Генрыхам!
Альберт пераключыў хуткасць і моўчкі аб’ехаў
вакол евангелічнай царквы. Затым ён зноў загаварыў, загаварыў абыякава, як служыцель даведачнага бюро. Ён дзяліўся чужой прамудрасцю, нудна, без натхнення, быццам выдаваў бясплатную даведку. Тэкст даведкі аднойчы і назаўсёды зацверджаны, і ў голасе служыцеля поўная абыякавасць.
— Некалі табе ўсё роўна прыйдзецца з намі разлучыцца, і са мной, і з мамай, і з Генрыхам. А Бітэнхан жа не на краі свету! Табе там будзе лепш.
— Мы зараз заедзем па Генрыха?
— He, пазней,— сказаў Альберт,— спачатку трэба пазваніць тваёй маме, затым заедзем дадому, возьмем твае рэчы, усё, што табе неабходна на першым часе. Ды перастань ты румзаць! — сярдзіта дадаў ён, звяртаючыся да Больды.
Але Больда працягвала плакаць, і Марціна палохалі яе слёзы. Яны паехалі далей. Запанавала маўчанне, і чуваць было толькі, як усхліпвае Больда.
19
Нэла заплюшчыла вочы, зноў адкрыла іх, потым зноў і зноў, але прывід не знікаў. Па алеі гужам цягнуліся тэнісісты. Яны ішлі групкамі па двое, па трое. Маладыя акцёры ў адпрасаваных белых штанах — усе запар першыя любоўнікі. Здавалася, рэжысёр праінструктаваў іх у апошні раз, напомніў пра тое, што каля царкоўнага цвінтара, насупраць дома каханай, недарэчна пералічваць грошы ў партаманеце, і цяпер прапускаў іх па чарзе перад аб’ектывам кінакамеры. Яны бадзёрым крокам ішлі па алеі, у зеленаватым цяністым змроку. Хадзячыя сцёблы спаржы! Быццам цэлая працэсія спаржавых чалавечкаў рухалася па зададзеным маршруце. Сцяблінкі абыходзілі вакол царквы, перасякалі вуліцу і хаваліся ў варотах парку. Здаецца ёй усё гэта, ці што? Або тэнісны клуб дае сёння ў парку банкет? На матч, ва ўсякім выпадку, гэта не падобна. Калі ідзе матч, з кортаў безупынку даносяцца глухія ўдары, пругка б’юцца аб зямлю шэрыя гумовыя мячы.
Ярка-чырвоны гравій кортаў, ускрыкі, смех, дзыньканне шкла каля буфетнай стойкі, якая застаўлена бутэлькамі ліманаду, а далей за абрывам ру-
хаюцца мачты нябачных караблёў з пярэстымі сцяжкамі. Быццам нечая нябачная рука кіруе з-за куліс, цягне іх уздоўж сцэны, і яны знікаюць на даляглядзе, у клубах чорнага дыму.
Нэла паспрабавала лічыць сцябліны спаржы, якія дэфіліравалі па алеі, але хутка ёй гэта надакучыла. Яна дайшла да дваццаці і збілася з ліку. А яны ўсё ішлі і ішлі, смяяліся, размаўлялі адзін з адным. Жвавыя сцяблінкі спаржы,— усе аднолькавага памеру, аднолькава белыя і аднолькава тонкія. Спаржавыя фантомы, яны з вясёлым смехам спускаліся ад вілы Надольтэ, і ўрэшце Нэлі давялося змірыцца з тым, што гэта не сон і не гульня хворага ўяўлення. Марна спрабавала яна адагнаць ад сябе гэтую навалу — нічога не дапамагала. Шэрай машыны Альберта нідзе не было бачна. А ранейшыя бачанні не вярталіся. Рай не а’яўляўся болып на алеі. Раней ёй амаль заўсёды ўдавалася ўбачыць яго, калі яна таго хацела.
...Срабрыста-шэрыя ствалы акацый раптоўна пакрываліся атрутна-зялёнымі палосамі. Іржавыя імшыстыя плямы распаўзаліся па эямлі, там, дзе ў выбоіны набіралася дажджавая вада. Затым палосы на ствалах чарнелі, быццам іх толькі што намазалі дзёгцем. Шумела пакрытая пылам лістота, і ў алеі з’яўляўся Рай: ён ішоў дамоў ад трамвайнага прыпынку. Смяртэльна стомлены, ў безнадзейным адчаі, ён, аднак, ішоў дадому, да яе. Ранейшыя прывіды болып не вярталіся, затое сцяблінкі, што крочылі, былі зусім рэальныя. Нэла зноў пераканалася ў гэтым, калі алея апусцела. Прывідная працэсія скончылася самым звычайным чынам, чым і пацвердзіла сваю рэальнасць. А Рай так і не з’явіўся ў алеі. Цяпер заставалася толькі закурыць цыгарэту ды мацней ухапіцца за пятлю з залатой парчы на гардзіне, каб не ўпасці. Ёй здалося, што яна зноў чуе насмешлівае рэха: ...арод, ...адзіма... рэха, якое не выносіла падману, цяжкім праклёнам легла яно ёй на плечы. Аказваецца, і фабрыка стандартных салдацкіх удоў выпускае часам бракаваную прадукцыю, нават хахаля не змагла сабе завесці.
Клубы табачнага дыму нерухома стаяць у паветры паміж шклом і гардзінай; яна галодная, але ёй мутарна ад адной думкі пра тое, што давядзецца ісці на кухню. Там стаіць непамыты посуд — брудныя талеркі, кубкі, каструля з засохлай карыной на дне; на
сподках у лужынах кавы плаваюць недакуркі — усё гаворыць пра тое, што абедалі спехам, абы-як. Альберт не вяртаўся. Дом заціх, бы вымер, нават маці і той не чуваць.
Праязджаючы Бітэнхан, Нэла спадзявалася ўбачыць праз акно аўтобуса шэры «мерсэдэс» каля дзвярэй знаёмага дома. Але машыны там не было. Віль з малатком і заціснутымі ў зубах цвікамі рамантаваў самаробныя футбольныя вароты на лужку, бялізну з вяроўкі ўжо знялі. 3 «маляўнічай даліны Брэра» дзьмуў свежы ветрык. Каля ганка стаялі зялёныя скрыні з піўнымі бутэлькамі, а маці Альберта разлічвалася з хлопчыкам з мясной лаўкі. Усміхаючыся, узяла яна ў яго з рук сакавіты чырвоны кумпяк, і па ззяючым твары падлетка можна было здагадацца, што яму добра далі на чай.
Але і далей па дарозе Нэла нідзе не заўважыла машыны Альберта. Пасля за акном аўтобуса пацягнуліся гарадскія ўскраіны, і яшчэ раз бадзёра пратрубіў механічны паштовы ражок...
...Зноў рэха мінулага замармытала недзе паблізу: ...юрэр, ...арод, ...адзіма. Абезгалоўленая мана абрынулася на яе як праклён. Здавалася, з той пары прайшло ўжо тысячу год. Цэлыя пакаленні, што пакланяліся гэтым ідалам, даўно стлелі ў зямлі. Тры словы, усяго толькі тры скажоныя словы, але ў ахвяру ім прынесены мільёны людзей, спаленых, растаптаных, расстраляных, задушаных у газавых камерах...
Віла Надольтэ выплюнула ў апусцелую алею новую порцыю спаржы. Пяць аднолькавых сцяблінак, белых і тонкіх,— гэта замыкаючыя святочнае шэсце запасныя гульцы. Яны абышлі царкву і як па камандзе павярнулі налева, перасеклі вуліцу і зніклі ў варотах парку.
Хораша бывае заехаць у госці да патэра Віліброрда, зноў пачуць ягоны прыемны голас, які ўсё тлумачыць, супакойвае, закалыхвае, голас, які навявае старыя сны. Шурбігель — і той, бывае, супакойвае. Ён, як паслужлівы цырульнік, паставіць цёплы кампрэс, зробіць супакальяны масаж, адным словам, ашчаслівіць. Прыемна, ці не так? Што ж, ва ўсякім выпадку прыемней, чым слухаць занудлівыя спевы манашак у манастыры. Яны спяваюць, не адводзячы вачэй ад распяцця. Добра ім маліцца: Альберт уладкуе ўсе
свецкія мітуслівыя справы — праверыць справаздачу, складзе каштарысы. Удзячныя манашкі частуюць яго кавай з манастырскім тортам, дасылаюць чуллівыя падарункі да святаў; кветкі з манастырскага саду, фарбаваныя яйкі на Вялікдзень, анісавыя коржыкі да Каляд. А самі ўсё моляцца, моляцца. У капліцы паўзмрок, духата, на блакітных фіранках чорны цень ад аконнай рашоткі.
He, ёй рашуча не ўдаецца пераканаць сябе ў тым, што гутарка з Вілібрордам прыемная. Страшна ўявіць сабе, што давядзецца некалі зноў слухаць Шурбігеля. Разышоўся ўтульны паўзмрок дамскага салона, і ў рэзкім святле юпітэраў з’явілася фізіяномія Гезелера. Яны ўсе аднаго крою — гэтыя малойчыкі «не без здольнасцяў», быццам пінжакі з магазіна гатовага адзення: знасіўся адзін — не бяды, заўсёды можна купіць іншы. Вось яны якія — забойцы! У іх няма нічога жахлівага, такія не прысняцца ў начным кашмары, і для добрага фільма яны таксама не прыдатныя. Месца іх — у кепскіх рэкламных фільмах, знятых пры няўмелым ♦лабавым» асвятленні. Так яны і скачуць з адной кінарэкламы ў іншую, гэтыя жарэбчыкі за рулём.
I зноў яна пачула рэха. Сцены капліцы не прапусцілі ілжывых слоў, адсеклі ў іх пачатковыя літары і выкінулі абезгалоўленыя вон.
У апусцелай алеі з’явіўся бялявы хлапчук на самакаце. Чырвоны самакат мільгацеў паміж дрэў. Запасы спаржы, відаць, скончыліся.
У дзверы пастукаліся, і Нэла, уздрыгнуўшы, машынальна сказала:
— Заходзьце!
Калі яна ўбачыла твар Бразгота, яна адразу зразумела, што зараз здарыцца. Смяротная туга налажыла пячатку на гэты твар, як некалі на твар Шэрбрудэра. Ён, як люстэрка, адбіваў яе ўсемагутную ўсмешку.
— Так, так, заходзьце,— паўтарыла яна.
— Бразгот,— прадставіўся той, што зайшоў,— я чакаў Альберта ў садзе.
Нэла ўспомніла, што недзе ўжо сустракала яго.
— Мы, здаецца, знаёмыя? — сказала яна.
— Так. Помніце прагулку за горадам летам?
Ён падышоў да яе.
— Ах, так, праўда,— сказала яна.
Ён падышоў да яе амаль ушчыльную. Смяротная
туга на ягоным твары праступіла яшчэ болып выразна. Яе ўсмешка забіла яго напавал.
— Адно ваша слова, і я прыкончу Гезелера!
— Сапраўды?
— Заб’ю на месцы!
— Забіваць Гезелера,— сказала яна,— дальбог няварта.
Чаму гэтыя адчайныя людзі так кепска голяцца? Ягоная калючая шчэць падрапала ёй шыю. Ёй не хацелася расчароўваць яго, але яна не магла стрымаць слёз. Ён прыціснуў яе да сябе, пачаў цалаваць. Яны ўсё бліжэй пасоўваліся да ложка, і Нэла, спрабуючы за нешта ўтрымацца, закранула кнопку вентылятара. Мякка зашлёпалі гумавыя лопасці, якія заглушылі дзіўныя, глухія ўсхліпы Бразгота. У яе прамільгнула думка: «Як хлапчук з дзяўчом у закінутым гаражы, што спрабуюць пазбавіцца страху і смяротнай тугі, але ніколі не называюць гэта каханнем».
— Пакіньце мяне, прашу вас! — сказала яна.
— Мы сустрэнемся яшчэ? — запытаў ён рыдаючым голасам.