Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
Генрых заўсёды пабойваўся лагодных людзей. У школе сярод настаўнікаў таксама надараліся гэтакія памяркоўныя; але з імі лепш не звязвацца. Дзень — ён добры, два добры, тыдзень, але затое пасля як раскрычыцца! А ў канцы і сам не ведае, што яму рабіць: ці то
махнуць рукой, ці зноў раззлавацца, быццам акцёру, што забыў сваю ролю.
— Гавару табе, ідзі ўніз! — закрычаў раптоўна кандытар на Генрыха.— Чорт бы цябе ўзяў, вісус пракляты! Бяры каляску і выбірайся прэч!
— He смей крычаць на дзіця! — у сваю чаргу крыкнула маці і, плачачы, схавала галаву на грудзях у фрау Барусяк.
Сталяр адвёў кандытара ўбок, а мама сказала скрозь слёзы:
— Ідзі, Генрых, ідзі, дзетка!
Але яму было боязна спускацца аднаму па лесвіцы. Унізе каля дзвярэй стаялі суседзі. Яны абменьваліся насмешлівымі заўвагамі, разглядвалі ўбогую мэблю, а нехта з Брэзгенаў сказаў: «Па пану і ялавічына!» I словы гэтыя папаўзлі ад дзвярэй да дзвярэй — ад Брэзгенаў да гаспадыні малочнай лаўкі, ад яе да старога пенсіянера, былога рассыльнага з ашчаднай касы. Ён прамовіў іх як прыгавор. У тыя часы, калі Генрых купляў яму прадукты на чорным рынку, стары заўсёды ласкава размаўляў з ім. Але цяпер ён ужо даўно перастаў вітацца з мамай, зусім як Карл. Гаспадыня малочнай лаўкі сама распусная, а Брэзгены, па словах сталяра, брудныя свінні. Каму ж яшчэ пра гэта ведаць, як не сталяру,— ён жа гаспадар дома.
Эх, калі б быў жывы бацька. Ён не даў бы яго пакрыўдзіць, узяў бы яго за руку, і яны разам пайшлі б на вуліцу, нават не зірнуўшы на гаспадыню малочнай лаўкі, на старога рассыльнага і на «свіней». Генрых так выразна ўявіў сабе бацьку, быццам добра яго помніў. Ён з цяжкасцю стрымліваў слёзы, якія душылі яго.
— Так, так,— пачуў ён голас пенсіянера,— «па пану і ялавічына»: правільна кажуць людзі. Як было раней, так і засталося!
Як ён ненавідзеў усіх іх! Генрых пагардліва ўсміхнуўся, але слёзы аказаліся мацнейшымі за яго нянавісць. Ён застыў каля акна,— не, нізавошта не пройдзе ён міма іх са слязамі на вачах! Яму здавалася, што старызна ў кузаве скурчваецца, робіцца ўсё больш бруднай і агіднай. Ярка свяціла сонца, вакол грузавіка сабраўся натоўп разявак, а Генрых усё стаяў каля акна і глядзеў уніз на скрыні з анучамі, на шэрыя дзверы з надпісам: Пакой 547. Фінансаеы аддзел.
Дзякаваць Богу, хоць Вільма замаўчала. Але рабочыя ўнізе свісталі і заўзята плявалі на маставую, стараючыся патрапіць у кінуты недакурак.
Генрыху здалося, што ён пракляты на векі вечныя і прыгавораны стаяць тут каля акна, сярод плачучых жанчын. За спінай у яго — баязлівы кандытар, унізе — агідныя шэрыя трыбухі жабрацтва, што вываліліся ў кузаў грузавіка. I, як ні цяжка яму было, ён усё ж стрымаў слёзы. Чакаць не было чаго, час спыніўся, ён пракляты, асуджаны — і няма яму паратунку. Унізе мармыталі брудныя свінні, за ягонай спінай сталяр нешта гаварыў кандытару, і па голасе старога можна было здагадацца, што ён хітае галавой. I раптам Генрых выразна пачуў слова: распусна.
Нарэшце-такі лёд пад ім праламіўся! Ну й няхай, так нават лепей!
Ён уздрыгнуў, калі пачуў знаёмы сігнал машыны Альберта. Ён глянуў уніз і не паверыў сваім вачам: у двор заехаў старэнькі «мерсэдэс». Генрых пазіраў на яго невідушчым позіркам, не верачы, што Альберт сапраўды прыехаў. He, паратунку не было, ён пракляты, асуджаны на векі вечныя. Унізе — брудныя свінні, за спінай — маці з плямамі на твары...
Рабочыя на вуліцы загаманілі, вадзіцель залез у кабіну, і хутка пачулася выццё гудка. Вадзіцель, відаць, заклініў запалкай кнопку сігналу на рулі — грузавік гудзеў безупынку. Безупыннае выццё гудка — быццам труба Страшнага суда. А ўнізе хіхікалі брудныя свінні.
Альберт шпарка ўзбег па лесвіцы. Генрых пазнаў ягоныя крокі і адразу ж пачуў звонкі голас Марціна:
— Генрых, Генрых! Што ў вас здарылася?
Але Генрых не азірнуўся на вокліч і моцна сціснуў ручку Вільмы, якая хацела было кінуцца насустрач Марціну. Ён не крануўся нават тады, калі Альберт паклаў яму руку на плячо. Ён усё яшчэ не верыў, што яму не давядзецца аднаму спускацца па лесвіцы. Але цяпер ужо лягчэй было стрымаць слёзы. Затым Генрых пшарка павярнуўся, паглядзеў у вочы Альберту і адразу ж убачыў, што Альберт усё зразумеў. Адзін толькі Альберт мог зразумець усё без слоў. Ён перавёў выпрабавальны позірк на Марціна і пераканаўся, што той, наадварот, нічога не зразумеў.
Марцін убачыў іх жабрацтва, якое так раптоўна
паўстала перад ім ва ўсёй сваёй непрыгляднай галечы. Убачыў — і нічога не зразумеў. Генрых быў здзіўлены і ўзрадаваны, але адразу ж падумаў, што здзіўляцца няма чаму, бо Марцін жа яшчэ дзіця, і гэта пра гэтакіх, як ён, было сказана ў пісанні: Будзьце як дзеці. Як добра, што Марцін нічога не зразумеў, а Альберт зразумеў усё!
Марцін толькі запытаў здзіўлена:
— Вы пераязджаеце?
— Але,— адказаў Генрых,— мы пераязджаем да кандытара. Сёння ўжо будзем начаваць там.
Цяпер Марцін зразумеў, і абодва яны ў гэты момант успомнілі тое слова, якое маці Генрыха сказала кандытару. У прыхожай сталяр, фрау Барусяк і кандытар размаўлялі з Альбертам. Марцін і Генрых адначасова паглядзелі ўверх, і ім зусім не падалося дзіўным, што мама Генрыха плача на грудзях у дзядзькі Альберта. He здзівіліся яны і таму, што яна неўзабаве перастала плакаць, узяла Альберта за руку і пайшла разам з ім да лесвіцы.
— Ну, зараз пойдзем,— сказаў Генрых.
Марцін узяў ягоны ранец, а сам ён, падняўшы на рукі Вільму, павольна, з прыступкі на прыступку, пачаў спускацца ўніз і глядзеў на гаспадыню малочнай лаўкі, проста ў яе вялікія карыя насмешлівыя вочы; ён паспеў зірнуць нават на Брэзгенаў, якія выстраіліся каля сваіх дзвярэй. Чатыры свінні, круглыя, тлустыя морды! Яны нешта перажоўвалі, і іхнія сківіцы безупынку рухаліся. 3-за пляча распуснай гаспадыні малочнай лаўкі выглядваў Гуго, яе сужыцель. Гуго таксама нешта жаваў і ў той момант, калі яны праходзілі міма, выцягнуў з рота хвост шпроціны. «Брудныя свінні», як па камандзе, апусцілі вочы, гаспадыня малочнай лаўкі вытрымала позірк Генрыха, а стары рассыльны раптам сказаў:
— Чаму ж ты, Генрых, і развітацца са мной не хочаш?
Генрых нават не зірнуў у ягоны бок. За спінай ён чуў крокі ўдзельнікаў трыумфальнага шэсця. Альберт, смеючыся, гаварыў нешта маці, а яна як быццам таксама смяялася. За імі ішлі фрау Барусяк і сталяр, ззаду за ўсімі — кандытар. Гаспадыня малочнай лаўкі проста сіпела: «Ні даць ні ўзяць шлюбны картэж!» — а Гуго, чвякаючы, даядаў шпроціну і адразу ж засу-
нуў У рот другую. Рыбка золатам бліснула ў ягонай РУЦЭ.
Яны спусціліся яшчэ ніжэй, і Генрых убачыў унізе яркае сонечнае святло, якое прасочвалася на лесвіцу праз расчыненыя дзверы. Але ён адчуваў, што думкі яго яшчэ там, наверсе. Яму здавалася, што ён паранейшаму стаіць каля акна. Унізе брудныя свінні, за спінай — баязлівы кандытар, ён асуджаны — і няма яму паратунку.
I Генрых назаўсёды запомніў, як ён стаяў каля акна, быццам асуджаны на вечныя пакуты, глядзеў уніз на хлам у кузаве, а з вуліцы неслася безупыннае выццё гудка. Марцін ужо колькі разоў пытаў яго пра нешта. Генрых не адказваў. У думках ён быў яшчэ там, наверсе. Але адно ён ведаў пэўна: Альберт і Марцін зразумелі менавіта тое, што павінны былі зразумець. Паратунак прыйшоў у тыя лічаныя долі секунды, калі ён зірнуў у вочы Альберту і калі Марцін своечасова зразумеў, што здарылася. I гэта выратавала яго, пазбавіла праклёну.
— Ну, чаго ж ты маўчыш! — лез да яго Марцін.— Вы назусім пераязджаеце да кандытара?
— Так, назусім,— адказаў Генрых,— ты ж бачыш, мы ўсё бяром з сабой.
Рабочыя на вуліцы ўсё яшчэ свісталі, але кандытар раптам набраўся смеласці.
— Але, але, зараз ідзём! — моцна крыкнуў ён, і голас ягоны цяпер прагучаў упэўнена і рашуча.
— Пойдзем, Генрых,— сказаў Альберт за яго спінай,— паедзеш з намі ў Бітэнхан разам з Вільмай.
Генрых здзіўлена глянуў на маці, але тая ўсміхнулася і сказала:
— Так, едзь, гэта будзе лепш. А ў нядзелю вечарам пан Мухаў прывязе цябе ў горад. Да таго часу мы ўжо паспеем для цябе ўсё падрыхтаваць.
— He ведаю, як вам і аддзячыць,— дадала яна, звяртаючыся да Альберта. Той толькі моўчкі кіўнуў і неяк дзіўна паглядзеў на яе. Генрых убачыў, як у вачах маці прабліснула надзея.
Здавалася, маці і Альберт пра нешта дамовіліся без слоў, і гэты маўклівы зарок адлюстраваўся ў іх позірках. Вочы іх сустрэліся на імгненне, але ў гэтую долю секунды яны раптам зразумелі тое, пра што ніколі раней не думалі.
Альберт падаў маці руку, маці пацалавала Вільму, і ўслед за Альбертам яны пайшлі да машыны. Вільма заверашчала ад радасці, калі ўбачыла шэры аўтамабіль.
21
Памагаты кандытара, які збег, не пакінуў багатай спадчыны. Толькі нешматлікія рэчы напаміналі пра яго: фотакартка кіназоркі на сцяне, дзве пары парваных шкарпэтак, іржавыя лёзы для галення на падваконні ды напалову скарыстаны цюбік зубной пасты. На белым начным століку былі рудыя выпаленыя плямы — сляды цыгарэт, якія тут дагаралі. У скрынцы камоды ляжалі леташнія газеты і малюнак з надпісам: Вось яна — сапраўдная Афрыка! — рэклама нейкіх усходніх цыгарэт. На малюнку зебры несліся праз саванну, жырафы абшчыпвалі лістоту з высокіх дрэў, а туземцы з размаляванымі тварамі палявалі на ільвоў.
Кандытар загадаў пакінуць у двары «ложак» Генрыха — дзверы пакоя 547 фінансавага аддзела з прыбітымі да іх чатырма брусамі.
— Хай спіць на ложку падмайстра.
— А я?
— Хіба ў цябе няма ложка?
— Няма.
— Дзе ж ты спала?
— У Леа, дзе ж яшчэ!
— А да яго?
— Да яго ў мяне быў ложак, але затым яго давялося спаліць — ён зусім разваліўся. .
ІГасля гэтага ложак Генрыха ўсё ж усцягнулі наверх, а ёй дастаўся ложак памагатага, амаль новы жалезны ложак, пафарбаваны ў белы колер.
Пакуль рабочыя ўсцягвалі рэчы наверх, у пакой падмайстра, яна выносіла хлам з каморкі ў калідор. Старажытныя галеты з кукурузнай мукі перакочваліся ў бляшанках, быццам каменне. Яна вынесла ўсё ў хляўчук у двары. Чаго толькі не было ў каморцы: карабкі з-пад сухароў,— калі яна несла іх уніз, сухарныя крошкі па-мышынаму шкрэбліся аб кардон; пашкуматаныя мяхі з-пад мукі, лялькі для вітрын з па-
п’е-машэ — некалі яны рэкламавалі вырабы шакаладных фабрык, якія даўно ўжо збанкруціліся. Назвы іх даўно выкраслены са спісаў кандытарскіх фірмаў. Шакаладныя пліткі з кардону, камы срэбранай паперы велічынёй у футбольны мяч, кардонныя кухараты з доўгімі лыжкамі ў руках — рэклама канцэнтратаў. Усмешлівая бляшаная індыянка прыціскала да грудзей карабок цукерак. На карабку было напісана: Шарбет — цудоўныя цукеркк Растаюць у роце. Яркачырвоныя вішні з фанеры, бутафорскія цукеркі ў зялёнай абгортцы і вялізвая бляшанка, што да гэтага часу захавала пах эўкаліптавага алею. Гэты пах напомніў ёй дзяцінства — яна кашляла бясконца ўначы, а за шырмай сварыўся бацька. I чым мацней ён сварыўся, тым мацней яна кашляла. А вось і яны, старыя знаёмцы: блакітны кухаронак з сухарыкам і серабрысты кот з кубкам какавы ў лапах.