Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
— Слухай як след,— кажа бабуля,— пытанне трыццаць пятае. Навошта з’явіцца Хрыстос перад канцом свету?
— Хрыстос з’явіцца перад канцом свету, каб судзіць людзей.
Цікава, а распусных таксама будуць судзіць? Ім авалодала нейкае сумненне.
— He спі,— загадвае бабуля.— Пытанне васьмідзесятае. Хто чыніць грэх?
— Грэх чыніць той, хто па ўласнай волі пераступае Божую запаведзь.
Бабуля любіла ганяць па ўсім катэхізісе, але яшчэ ніводнага разу яна не злавіла яго на няведанні.
Нарэшце яна закрывае кнігу, раскурвае новую цыгарэту і глыбока зацягваецца.
— Вось калі ты падрасцеш,— гаворыць яна ласкава,— ты сам зразумееш, чаму...
Але з гэтага моманту можна ўжо не слухаць. Пасля
катэхізіса ідзе доўгае заключнае слова, у якім няма ніякіх пытанняў, і таму яно не патрабуе аніякай увагі: цяпер бабуля пачне гаварыць пра абавязкі, пра грошы, пра араматычныя канфіцюры, пра дзядулю, пра бацькавы вершы, пачне чытаць выразкі з газет, якія яна клапатліва загадала наклеіць на тоўстую чырвоную паперу, пачне ў загадкавых выразах круціцца вакол шостай запаведзі.
Але нават Нігемаер, нават Поскэ, у якіх былі дастаткова маральныя маці, не карысталіся той паблажлівасцю, якой карыстаўся ён, і ён даўно ўжо зразумеў, у чым тут справа: іх бацькі таксама загінулі, іх маці таксама не жывуць з іншымі дзядзькамі, але затое імя ягонага бацькі час ад часу з’яўляецца на старонках газет, а ў ягонай маці, да ўсяго, ёсць грошы. Гэтыя два важнейшыя пункты адсутнічаюць у Поскэ і ў Нігемаера; пра іх бацькаў нічога не пішуць у газетах, а ў іх мацярок грошай або вельмі мала, або зусім няма.
Часам ён марыў, каб гэтыя два пункты адпалі і для яго, яму не хацелася гэтай празмернай паблажлівасці. Ён ні з кім не дзяліўся сваімі думкамі, нават з Брылахам і з дзядзькам Альбертам, і часам цэлымі днямі стараўся кепска сябе паводзіць у школе, каб прымусіць настаўніка аказваць яму не больш паблажлівасці, чым Вебэру, які штодзённа атрымліваў наганяй; Вебэр, чый бацька не загінуў, Вебэр, чый бацька не меў грошай.
Але настаўнік працягваў ставіцца да яго паблажліва. Гэта быў стары, сівы, стомлены настаўнік, ён «страціў сына на вайне» і глядзеў на Марціна гэтак самотна, калі той рабіў выгляд, быццам не вывучыў урок, што Марцін, ахоплены шкадаваннем і спачуваннем, усё ж адказваў добра.
Пакуль заключнае слова бабулі падыходзіла да канца, Марцін мог назіраць, як усё болып гусцеў у пакоі дым; толькі час ад часу трэба было пазіраць на бабулю, каб ёй здавалася, быццам ён уважліва слухае, а самому працягваць думаць пра рэчы, якія болып цікавілі яго: пра брыдкае слова, якое маці Брылаха сказала кандытару, пра слова, якое заўсёды красавалася на сцяне ў пад’ездзе дома, дзе жыў Брылах; можна думаць і пра футбольны матч, які пачнецца праз тры, чатыры, большае праз пяць хвілін на лужку перад іх домам. Бабулі засталося гаварыць яшчэ хвілі-
ны дзве, таму што яна дайшла ўжо да канфіцюра, які нейкім чынам сутыкаўся з ягонымі абавязкамі. Няўжо яна ўсур’ёз думае, што ён будзе гаспадарыць на мармеладавай фабрыцы? He, ён усё жыццё будзе гуляць у футбол, і яму было забаўна і адначасова страшна, калі ён уяўляў сабе, што будзе гуляць у футбол дваццаць гадоў запар, трыццаць гадоў запар. Застаецца яшчэ хвіліна,— ён пачуў шалясценне — гэта бабуля вырвала чэк са сваёй чэкавай кніжкі. Яна заўсёды ўзнагароджвала яго за бездакорнае веданне катэхізіса і за ўвагу, з якой ён слухаў яе.
Бабуля складвае чэк удвая, ён бярэ гэтую складзеную блакітнаватую паперку і ведае, што зараз можна пайсці, трэба толькі пакланіцца і сказаць: «Дзякуй, мілая бабуля», і вось ён ужо адчыняе дзверы, і воблака дыму вырываецца за ім у пярэднюю.
9
Два дні не браў Альберт у рукі карабок «Санлайт». Ён баяўся яго адкрываць і ў той жа час ускладаў надзеі на ягонае змесціва: ён ведаў, што ў карабку ляжыць шмат малюнкаў, якія ён зрабіў у Лондане да і пасля смерці Лін; ён баяўся, што малюнкі нічога не вартыя, і ўсё ж спадзяваўся, што яны акажуцца неблагімі; ён жа ўзяў абавязак штотыдзень здаваць серыю карыкатур у «Суботні вечар» і, бывала, цэлымі днямі сноўдаў з кута ў кут, і нічога не прыходзіла ў голаў. Ён адкрыў карабок, у гэты дзень яны былі дома толькі ўдвух з Глумам; маці Нэлы паехала з Марцінам за горад. Ён бачыў, з якім нясмелым і разгубленым тварам хлопчык садзіўся ў таксі. Нэла пайшла ў кіно. Яна вельмі змянілася, у ёй з’явілася нейкая дзіўная нервознасць, і ён здагадваўся, што яна нешта ўтойвае ад яго. Развязваючы шпагат на карабку, ён вырашыў пагаварыць з Нэлай. На кардонцы яшчэ можна было прачытаць адрас, надпісаны ім у Лондане: «Пану Раймунду Баху», і яму здавалася, што яшчэ чуваць пах клею, які патыхаў мучной баўтухай, што ён замясіў на вадзе з рэшткаў мукі ў Лін, каб наклеіць паперку з адрасам на кардон.
Ён развязаў вузел, разматаў шпагат, але марудзіў адкрываць кардонку. Ён выглянуў у сад, дзе сябры
Марціна, Генрых і Вальтэр, гулялі ў футбол парожнімі кансервавымі бляшанкамі, яны моўчкі, злосна, але з бачным задавальненнем ганялі мяч. Гледзячы на хлапчукоў, ён успомніў год, пражыты з Лін у Лондане, цудоўны год, калі ён быў вельмі шчаслівы, хоць Лін і пасля вяселля захавала свае «халасцяцкія» звычкі. Лін пагарджала шафамі, пагарджала ўвогуле ўсялякай мэбляй, і ўсё сваё дабро яна ўдзень звальвала на ложак: кнігі і часопісы, газеты і губную памаду, агрызкі яблыкаў у папяровых фанціках, парасон, берэт, капялюшык, паліто, неправераныя сшыткі, якія яна правярала ўвечары, прыткнуўшыся каля начнога століка: сачыненні пра раслінны свет Паўднёвай Англіі і пра жывёльны свет Індыі. Удзень усё гэта грувасцілася на ложку; вечарам або па абедзе, калі ёй хацелася □рылегчы і перагледзець вячэрнія газеты, яна дбайна вывуджвала толькі кавалкі хлеба, а астатняе барахло проста змахвала эгергічным рухам рукі на падлогу: сшыткі, парасончык, садавіну. Усё ляцела пад ложак і кацілася па пакоі, а раніцай яна зграбала ўсё да кучы і зноў шпурляла на ложак. За ўсё сваё жыццё яна толькі аднойчы надзела як след адпрасаваную сукенку — гэта быў дзень іхняга вяселля,— хатні алтар у сталовай загараднай вілы, абстаўленай з безгустоўнай раскошай, што надавала ўражанне пышнасці, востры пах смажанага сала, што ішоў ад расы сімпатычнага францысканца, нязвыклае гучанне латыні і пакуль нязвыклае гучанне англійскай мовы (пакуль смерць не разлучыць вас...).
Але менавіта ў той дзень, калі Лін надзела адпрасаваную сукенку,— яе маці прыехала з Ірландыі, папрасавала сукенку ў сябе ў гатэлі і клапатліва павесіла ў шафу,— менавіта ў гэты дзень Лін брыдка выглядала: прасы не былі для яе рэчамі ўжытку, прас — рэч цяжкая, і, дарэчы, сукенкі, якія неабходна было прасаваць, былі ёй не да твару.
У першы месяц пасля вяселля яны спалі на ложку Лін, але Альберт усю ноч не мог змружыць вачэй, бо Лін была неспакойная, як маладая кабылка, яна кідалася ў сне, скідвала долу коўдру, бясконца варочалася з боку на бок, піхала яго, узнагароджвала тумакамі, з грудзей яе вырываліся дзіўныя сухія хрыпы. Ён падымаўся сярод ночы, запальваў святло, прыкрываў лямпу газетай і садзіўся чытаць. Пра тое, каб заснуць.
нечага было і думаць, ён задавальняўся тым, што паднімаў бясконца спаўзаючую коўдру і падтыкаў Лін з усіх бакоў. Калі яна на некалькі хвілін заціхала, ён паварочваўся і глядзеў на яе: доўгія каштанавыя валасы, тонкі смуглявы твар, профіль пародзістага жарабяці. Пасля ён тушыў святло, ляжаў у цемры каля яе і быў шчаслівы. Часам з ложка нешта падала, што ўдзень забілася пад матрац або не паспела зваліцца на падлогу ад энергічнага вячэрняга шпурляння Лін, a цяпер звалілася ад яе дзікай валтузні: лыжка, аловак, банан, а неяк раз нават крутое яйка; яно пакацілася па выцертым дыванку і спынілася каля ножак ложка. Ён устаў, аблупіў яйка і тут жа з’еў яго, таму што ў тыя часы ён заўсёды хацеў есці.
Раніцай, калі Лія сыходзіла, яму звычайна ўдавалася крыху прыдрамнуць. Лін працавала настаўніцай у манастырскай школе за горадам. Ён дапамагаў ёй збірацца ў школу, складваў усё, што ёй было неабходна, у партфель. Яго абавязкам было таксама сачыць за старым, аблезлым будзільнікам, які, як і ўсе рэчы, што належалі Лін, кожны дзень рабіў падарожжа з ложка на падлогу і з падлогі на ложак, але тым не менш ішоў вельмі дакладна. Ён сачыў за будзільнікам і папярэджваў Лін, калі ёй трэба было выходзіць. Ён сядзеў у гэты час на ложку ў начной кашулі і чытаў ранішнюю газету, а Лін гатавала на спіртоўцы чай і суп. Як толькі вялікая стрэлка набліжалася да адзінаццаці і заставалася пяць хвілін да васьмі гадзін, Лін хапала партфель, таропка цалавала яго і неслася па лесвіцы ўніз, да аўтобуса. Бывала, яе суп заставаўся на спіртоўцы, ён прагна з’ядаў аўсяную баўтушку без смаку, залазіў у ложак і спаў да адзінаццаці.
Толькі праз месяц яны наскрэблі грошай, каб купіць другі ложак, і цяпер ён мог ноччу спаць. Толькі зрэдку ён прабуджаўся ад глыбокага сну, гэта калі нешта падала на падлогу з ложка Лін: кніжка, паўпліткі шакаладу або адзін з яе цяжкіх срэбраных бранзалетаў.
Ён стараўся давесці ёй, што ён разумее пад словам «парадак»: акуратна складзеныя ў шафах рэчы і чыстую спіртоўку. Ен нават купіў употай патрыманую шафу, загадаў прывезці яе, калі Лія была ў школе, і навёў усюды парадак; усё барахло Лін, усе яе сукенкі ён
развесіў на плечыках з нямецкай акуратнасцю так, як гэта рабіла яго маці: «Каб пахла бялізнай, адпрасаванай бялізнай». Але Лін узненавідзела шафу, і, жадаючы зрабіць ёй прыемнае, ён загадаў адвезці яе і прадаў са стратай. Адзіным родам мэблі, з якім Лін яшчэ мірылася, была маленькая палічка, на якой стаялі спіртоўка, чыгунок, дзве каструлькі, кансервавыя бляшанкі з мясам і гароднінай, усялякія загадкавыя прыправы і пачкі з кансерваванымі супамі. Яна выдатна ўмела гатаваць, і яму вельмі падабалася, як яна заварвае чай: цёмны, з залатым адлівам; і калі Лін вярталася са школы, яны ляжалі на сваіх ложках, курылі і чыталі, чайнік стаяў на табурэце паміж ложкамі. Месяцы два ён пакутаваў ад таго, што называў тады беспарадкам, і шкадаваў, што ў Лін так мала жаданяя набыць рэчы — купіць, напрыклад, хоць адну яшчэ змену прасцін. Але яна не выносіла рэчаў, як не выносіла шафаў, і пасля ён здагадаўся, што яна не выносіць шафаў менавіта таму, што ў іх захоўваюцца рэчы. Яна любіла надзіманыя шары, любіла кіно і пры ўсёй яе неўраўнаважанасці была вельмі набожнай. Яна фанатычна захаплялася царкоўнай мішурой, францысканскімі манахамі, у якіх спавядалася; у нядзелю яна звычайна цягала яго да абедні ў жаночы манастыр, дзе яна ўвесь тыдзень выкладала, і ён злаваўся на манашак, якія ўпарта называлі яго «мужам міс Ганігэн» і ў час снедання накладвалі ў ягоную талерку гару ўсялякай ежы, бо нейкім чынам разведалі, што ён заўсёды галодны. Але так было толькі напачатку, пасля манашкі яму спадабаліся, ён з’ядаў на снеданне да васьмі сандвічаў, яго казачны апетыт выклікаў бурную радасць у манашак. У нядзельныя дні Лін праводзіла са сваімі дзяўчынкамі трэніроўкі па травяным хакеі, рыхтуючы іх да чарговага спаборніцтва, а ён пасмейваўся з яе захаплення і захапляўся яе прыгожай, дакладнай і моцнай гульнёй.