Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
10
Было проста жахліва, калі бабуля брала яго з сабой у рэстаран. Праўда, яна рэдка выходзіла з дому, але менавіта таму яе добра ведалі ў некаторых рэстаранах, і, заўважыўшы яе, афіцыянты пачыналі неяк дзіўна ўсміхацца. Марцін ніколі не мог зразумець, кпіны гэта ці шчырая павага. Яна любіла цяжкую і багатую ежу, любіла тлустыя супы — рудыя, вязкія, адзін іх пах выклікаў у яго млосць, і потым яна заўсёды патрабавала паставіць маянэз на лёд, каб пасля гарачага тлушчу атрымаць асалоду ад ледзянога соусу. Яна
заказвала вялізныя кавалкі смажаніны, абнюхвала іх, нажом і відэльцам правярала іх мяккасць і бесцырымонна адпраўляла іх назад, калі мяса не адпавядала яе смаку. Затым ішлі пяць розных салатаў, якія яна сама ўдасканальвала шляхам доўгіх маніпуляцый з прыправамі, якія ёй падавалі ў бутэлечках, у загадкавых срэбраных гарлачыках, у медных кропельніцах, і гэтакіх жа доўгіх перагавораў з афіцыянтамі пра ўласцівасці прыпраў. Паратункам была толькі талерка з гарой нарэзанага вялікімі лустамі хлеба, што ўзвышалася на сярэдзіне стала, але марна было яму чакаць тут бульбы — гэта адзінае, што ён бы з задавальненнем еў, акрамя хлеба. Бела-жоўтыя дымячыя бульбіны, з маслам і соллю, ён вельмі любіў, але бабуля пагарджала бульбай.
Бабуля піла віно і патрабавала, каб ён піў яблычны ліманад — напітак, які яна любіла ў дзяцінстве. Яна вельмі засмучалася, калі ён адмаўляўся піць ліманад: яна не магла зразумець, як можа яму не падабацца тое, што ёй у дзяцінстве здавалася такім смачным. Ён еў мала: салату, суп і хлеб, і яна, якая глытала ўсё, як удаў, глядзела на гэта, ківаючы галавой. Перад ядой яна заўзята жагналася: размахваючы рукою, як вятрак, яна біла сабе далонню па лбе, грудзях і жываце. Але не толькі гэта прыцягвала да яе агульную ўвагу, кідаўся ў вочы і яе ўбор: цяжкі чорны шоўк і паларчая, як агонь, чырвоная блузка, якая вельмі пасавала да яе квітнеючага твару. Афіцыянт, метрдатэль і буфетчыца лічылі яе рускай эмігранткай, але яна нарадзілася і правяла дзяцінства ў найвялікшай бядноце. Падчас добрага абеду яна любіла расказваць, як кепска ела яна ў дзяцінстве: уголас, так, што прыслухоўваліся людзі за суседнімі столікамі, бабуля расказвала пра прыкры салодкі смак параных буракоў, пра горыч падгарэлага супу са знятага малака, дакладна апісвала салату з крапівы, кіслы чорны хлеб, які яна ела ў дзяцінстве, і тут жа пераможна разломвала лусту белага хлеба.
На бульбу яна вылівала плойму праклёнаў, называла яе мучністай атрутай, прусацкім хлебам і рознымі незразумелымі зняважлівымі мянушкамі на дыялекце свайго дзяцінства. Затым яна брала кавалак белага хлеба, мачала яго ў соус, і ў яе яркіх сініх вачах загараўся дзікаваты агеньчык, які палохаў яго.
Ён пачынаў разумець, чаму баіцца яе, калі яна пачынае апісваць, як у іх дома білі трусоў. Ён яўна чуў трашчанне далікатных костачак, бачыў выкачаныя вочы і кроў; найдакладным чынам бабуля расказвала, што і як рабілі з вантробамі, з цёмна-чырвоным месівам з лёгкіх, печані, сэрца; расказвала і пра тое, як яе заўжды падманвалі галодныя старэйшыя браты і сёстры. I зараз яна трэслася ад злосці, калі ўспамінала свайго брата Маціаса, які пяцьдзесят гадоў назад заўсёды ўхітраўся забраць сабе трусінае сэрца; яна называла яго падлюкам і нягоднікам, хоць Маціас ужо больш за дваццаць гадоў спачываў на могілках у іхняй роднай вёсачцы. Марцін чуў адчайнае кудахтанне курэй, якія пачыналі насіцца па бедным дворыку, калі там з’яўляўся бабулін бацька з сякерай у руках. «Былі ў нас худыя птушкі, годныя толькі на суп»,— гаварыла бабуля. 3 сумам успамінала яна, як хадзіла па багатых дварах, калі там білі скаціну, выпрошвала міску крыві і цягнула дадому — тлустую, густую, у камяках. Калі яна даходзіла да гэтага месца, ён ведаў, што неўзабаве пададуць дэсерт і што яго абавязксва званітуе, таму што мясныя стравы яна завяршала барановай адбіўной, мяккай, з крывёй,— яна разразала яе, праглынала вялікія кавалкі, нахвальваючы далікатнасць мяса; а яму бачыліся забітыя і асвежаваныя дзеці, і, чакаючы асалоды ад марожанага, кавы і пірожных, ён усё ж цвёрда ведаў, што яго званітуе і што потым ён нічога не зможа есці. Усе пададзеныя на стол стравы мільгацелі перад вачамі — тлусты, вогненна-гарачы суп, салаты, кавалкі мяса і соусы падазрона чырвонага колеру; ён з агідай глядзеў на бабуліну талерку, дзе кроў перамешвалася з тлушчам, кроў з вочкамі тлушчу. На працягу ўсяго абеду каля яе ў попельніцы ляжала дымячая цыгарэта, і час ад часу яна зацягвалася і пераможна азірала залу.
Ён думаў пра тое, што Брылах і Берэндт гуляюць зараз у футбол у іхнем садзе, п’юць халодны, як лёд, ліманад, ядуць хлеб з павідлам, а пасля Альберт павязе іх некуды і пачастуе марожаным — магчыма, на мосце або ўнізе, каля Рэйна, дзе можна проста з-за столікаў кідаць каменьчыкі ў ваду і назіраць, як рабочыя выцягваюць з ракі пакрытыя ржой карабельныя абломкі. А тут прыходзіцца сядзець сярод ненажэр
і любавацца, як задаволеная бабуля мачае кавалкі хлеба ў крывавы тлушч.
Кожнага разу бн занадта доўга раздумваў, як бы паспець дабрацца да туалета, як яго занудзіць, але бабуля заўсёды садзілася каля самага ўвахода, і каб трапіць у туалет, трэба было прайсці міма пяці, шасці, сямі вялікіх сталоў. Ён нясмела пералічваў іх, рудачырвоная дарожка, здавалася, праходзіла ўздоўж бясконцага рада ненажэрных людзей. Ён ненавідзеў іх, як ненавідзеў бабулю, іх разгарачаныя твары здаваліся каля белых сурвэтак яшчэ больш чырвонымі. Дымячыя судкі, храбусценне костак, дзіцячых костак, кроў з вочкамі тлушчу, халодныя, прагныя вочы худых ненажэр і гарачыя, налітыя крывёй, да брыдкасці лагодныя вочы тоўстых ненажэр; а афіцыянты ўсё падносілі і падносілі ад буфетнай стойкі забітых, скрамсаных дзяцей, і тыя, у каго на сталах яшчэ не было талерак, праводзілі афіцыянтаў прагнымі вачамі.
Дабірацца да туалета трэба было вельмі доўга. Толькі аднойчы ён паспеў дабегчы туды. Хістаючыся, прайшоў між радамі ненажэр, з кожным крокам усё больш няўпэўнена, але ўсё ж паспеў: белыя каменныя пліткі, пах мачы, пах лімоннай эсэнцыі і мыла. Столік прыслужніка, на ім — стракатыя пакецікі, грабянцы, сурвэткі і ўсё тыя ж ненажэры перад яго вачамі: яны падвойваюцца, яны — ў люстэрку і ў натуры. Здвоены рад забойцаў — яны корпаюцца ў зубах, надуваюць шчокі, каб праверыць, ці гладка яны паголены, праводзяць языком па зубах.
Расшпіленыя гузікі, белыя кашулі, вось нарэшце вольнае месца. Ён нахіліўся над ракавінай, і рэзкі пах мачы ўзмацніў млосць, яму хацелася толькі, каб хутчэй усё гэта скончылася і настала жаданая палёгка. Каля яго ўзнікла свежая ружовая фізіяномія.
— Засунь палец у рот, засунь палец у рот,— пачуў ён.
Добразычлівая назойлівасць гэтага чырванамордага ненажэры выклікала агіду, і яму нясцерпна захацелася ўбачыць каля сябе дзядзьку Альберта, маці, просты скуласты твар Глума, чорныя як смоль гладкія валасы Больды і яе белы твар, захацелася пагуляць у футбол з Брылахам і Берэндтам. Але ён злоўлены, ён згубіўся сярод рыгаючых ненажэр, ён запёрты ў гэтай знішчаль-
на чыстай, белай кафлянай турме, асуджаны навек удыхаць толькі пах мачы і адэкалону. Цёплая мяккая далонь прыслужніка легла на патыліцу, і расплыўчаты лагодны твар схіліўся над ім.
— Што з табой, хлопчык?
Але тут у мужчынскую ўборную ўварвалася бабуля, і вочы лагоднага прыслужніка акругліліся ад жаху. Мужчыны збянтэжана пачалі зашпільвацца.
— Што з табой, дзіця маё, што здарылася?
Рукі яе лёгкія, але ўпэўненыя, яна прымусіла яго нахіліць галаву і засунула яму ў рот, хоць ён і крычаў з перапуду, свой доўгі жоўты палец, і ўсё ж яго не званітавала,— жалезны камяк млосці, безвыходны, сударгавы жах стаіўся недзе ў страўніку; праз рады ненажэраў бабуля пацягнула яго назад у залу, але якраз тут усё і здарылася: калі ён праходзіў міма століка аднаго жывадзёра, які драпежным рухам нажа з асалодай рассякаў ружовае дзіцячае мяса, што сачылася крывёй, ён адчуў, як жах падымаецца ў горла і шукае выйсця. Hi сораму, ні шкадавання ён не перажыў — толькі халодную радасць. Цяпер, калі страўнік яго апаражніўся ад жаху, ён змог нават усміхнуцца.
Жывадзёр спачатку зрабіўся барвовым, пасля ад шыі ў яго пайшла жаўцізна і заліла ўсю ягоную фізіяномію, пачуліся крыкі, закалгаціліся афіцыянты, задаволеная бабуля з усмешкай адкрыла чэкавую кніжку, маючы намер пакрыць страты. Гарнітура ён не запэцкаў, твару таксама, толькі вусны давялося выцерці насоўкай. Яму зрабілася лягчэй, ён выйшаў пераможцам у гэтай барацьбе. Ён не запэцкаў рук, не запэцкаў душы, ён проста абрынуў тое, што сілком у яго ўвапхнулі. Нават у бабулі прапаў цяпер апетыт, яна не дакранулася ні да пірожнага, ні да пламбіру і кавы, вырвала з кніжкі чэк, затым другі — за пашкоджаны гарнітур жывадзёра, яшчэ адзін, каб улагодзіць афіцыянта; цяпер, калі страўнік яго быў пусты, ён без сораму і страху прайшоў разам з бабуляй па доўгай, жаўтава-рудой дарожцы.
Пасля, калі яны вярталіся дадому, у таксі, бабуля прачытала невялікую лекцыю пра нікчэмныя страўнікі цяперашняй моладзі. Ніхто не ўмее цяпер як след паесці, ніхто не ўмее выпіць як след, ніхто не ў стане выкурыць заборыстую цыгарэту — друзлае, згубленае пакаленне!
Такія прагулянкі яны здзяйснялі прыблізна раз у паўгода. Ён прадчуваў іх, як прадчуваў кроў у мачы, і, пры магчымасці, стараўся ўхіліцца: знікаў перад абедам або ўпрошваў дзядзьку Альберта некуды паехаць з ім, але ўцёкі азначалі толькі адтэрміноўку — рана ці позна бабулі ўдавалася яго злавіць. Такія абеды ўваходзілі, на думку бабулі, ў праграму выхавання. Калі яму споўнілася пяць гадоў, бабуля аднойчы абвясціла:
— Я хачу табе паказаць, як людзі ядуць па-сапраўднаму,— і ўпершыню павяла яго ў рэстаран Фавінкеля.
Ужо тады ў яго склалася ўражанне, што з кухні прыносяць у залу асвежаваных дзяцей, і людаеды нецярпліва чакаюць місак з ружовым мясам з парай. Пачынаючы з пяці гадоў, ён уважліва сачыў за тым, што ядуць дарослыя і як яны ядуць, і прыйшоў да смелага заключэння, што ўсё гэта мае нейкае дачыненне да распусты. Але бабуля ўпарта цягала яго з сабой, і даўным-даўно яго ведаў ужо і гаспадар, і буфетчыца, і афіцыянты, і аднойчы ён пачуў, як яны перашэптваюцца: «Прыйшла вялікая княгіня са сваім блевуном». Але бабуля не здавалася. Яна паставіла сабе за мэту прывучыць яго грунтоўна есці. На вачах у яго яна разбівала і высосвала гусіныя косці, ела мяса, наразала крывавыя біфштэксы. Ён ненавідзеў усё гэта, а бабуля за ўсё гэта разлічвалася вялікімі дозамі загадкавага рэчыва, якое называлася грошы. Крэдыткі і манеты — за што яшчэ можна так дорага плаціць, як не за дзяцей?