Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
А пасля Глум уцёк, таму што па жэрабю яго павінны былі кінуць у Шахцішахну, і ўцячы яму дапамог Фрыц. Глум расказваў павольна, часам скажа дватры сказы, а пасля пройдуць тыдні — і ніводнага слова болып; як толькі час набліжаўся да паловы сёмай, Глум абрываў свой расповед на сярэдзіне сказа, апалоскваў пэндзаль, старанна абсушваў яго, зноў раскурваў люльку і асцярожна сядаў на край ложка, каб зняць пантофлі і абуць чаравікі. За ягонай спінай прыгожа пераліваліся колеры на карце, але незамаляваная частка карты здавалася Марціну бясконцай — белыя моры, аддзеленыя ад супіы толькі тонкай лініяй алоўка, абрысы астравоў, рэкі, якія сабраліся каля маленечкай чорнай кропкі — радзімы Глума; ніжэй і лявей, у Еўропе, была другая чорная кропка, яна называлася Калінаўка,— месца, дзе загінуў бацька Марціна, a там, вышэй і намнога лявей, амаль на краі мора, ляжала чорная кропка — месца, дзе яны жывуць,— малень-
кі трохкутнік, што згубіўся на агромністай раўніне. Пераапранаючыся, Глум адразаў ад гарбуза, што ляжаў на тумбачцы, некалькі лустак, укладаў «Дагматы» і «Багаслоўе і маральнасць» у сумку, спускаўся ў кухню, каб напоўніць судок, і ішоў на трамвай.
Часам праходзіла нямала нядзель, пакуль у Глума зноў з’яўляўся настрой расказваць, часам за шмат тыдняў з яго ўдавалася выціснуць два ці тры сказы, але заўсёды ён пачынаў дакладна з таго месца, на якім спыніўся ў мінулы раз. Ужо трыццаць гадоў, як Глум пакінуў сваю радзіму. Фрыц дапамог яму, і ён перабраўся ў горад, дзе жылі людзі, якія прызначылі ягонага бацьку камісарам,— горад называўся Ачынск. Там Глум масціў вуліцы, затым стаў салдатам і пакаціўся ўсё далей і далей на захад. Глум рухаў рукамі, быццам каціў снежны ком, калі хацеў паказаць, як ён каціўся на захад. Новыя назвы паўсталі ў яго расказе: Омск, Магнітагорск і яшчэ далей на поўнач іншы горад, Тамбоў. Але там ужо Глум не быў салдатам, ён уладкаваўся на чыгунку і разгружаў вагоны: дровы, зноў дровы, вугаль, бульбу. А ўвечары Глум хадзіў у школу і вучыўся чытаць і пісаць. Жыў ён у сапраўдным доме, і была ў яго жонка; звалася жонка Тата. Глум апісваў Тату, маляваў яе, яна была бялявая, круглая з твару, вясёлая; Глум пазнаёміўся з ёй у школе, дзе ён вучыўся чытаць і пісаць. Тата таксама працавала на чыгунцы, пакуль што проста цягала цюкі, але збіралася заняцца нечым болып цікавым і важным, як толькі навучыцца чытаць і пісаць,— у гэтым месцы круглатварая бялявая Тата на малюнку Глума пачынала ўсміхацца на ўвесь рот, таму што яна яшчэ мелася зрабіцца перонным кантралёрам на Тамбоўскім вакзале і прабіваць шчыпцамі білеты. I Тата на малюнку Глума стаяла ўжо ў фуражцы, з-пад якой выглядвала яе тоўстая белая каса, і з кампосцернымі шчыпцамі ў руках.
Але самае значнае для Глума здарылася толькі праз год пасля яго жаніцьбы з Татай, калі Тата даўно ўжо была кантралёрам на Тамбоўскім вакзале. Толькі праз год Тата паказала яму, што захоўваецца ў яе на дне скрынкі, якая стаяла ў кухні: распяцце і абразок, і ўначы, калі Тата ляжала ў ложку каля яго, яна расказала яму ўсё, і Глума ахапіла полымем. Глум намаляваў гэта полымя — шмат чырвонага і шмат жоўта-
га,— але тут Глума зноў сарвала і пакаціла на захад, як снежны ком, які рабіўся ўсё большым і болыпым. Глума зносіла ўсё далей і далей ад Таты, таму што пачалася вайяа. Глума параніла, ён пакаціўся назад, на ўсход, у Тамбоў, але Таты там ужо не было, і ніхто не ведаў, куды яна падзелася; у сваёй чыгуначнай фуражцы і са шчыпцамі ў руках яна пайшла неяк раніцай і не вярнулася. Глум застаўся ў Тамбове, шукаў Тату, але і следу яе не знайшоў. I зноў ён пакаціўся на захад, і зноў вайна — рана ўжо загаілася, і зноў ён усё каціўся, каціўся да новага прыпынку,— Глум называў яго не канцэнтрацыйны лагер, а проста лагер. Тут Глум страціў валасы і зубы, і не толькі ад голаду, але і ад жаху. Калі Глум вымаўляў слова «жах», гэта гучала не жахліва, не яблыкі, не паветраныя шары, а ножыкі сыпаліся з ягонага рота, і твар яго так мяняўся, што Марцін палохаўся, як палохаўся ён, калі Глум, бывае, засмяецца. А смяяўся Глум тады, калі Больда прыходзіла да яго ў пакой, каб спяваць разам з ім харалы. Глум спяваў хораша. У яго быў высокі моцны голас. Але варта было заспяваць Больдзе, як на Глума нападаў смех, а смех яго гучаў так, быццам сотні маленькіх ножыкаў рассякалі паветра. Калі Больда працягвала спеў, нягледзячы на смех Глума, Глум вельмі злаваўся і гаварыў з маленнем:
— Ох, Больда, ты псуеш мне нервы.
Глума прывёў дзядзька Альберт, ён падабраў гэтае бяззубае і безвалосае страшыдла, якое прасіла работы каля брамы мармеладнай фабрыкі, а вартаўнік адпіхваў яго. Дзядзька Альберт прывёў Глума з сабой, а бабуля добра аднеслася да яго, і гэта было вялікім плюсам для бабулі, яна і да Больды, нягледзячы на іх лаянкі, адносілася добра.
Да Больды можна было прымяняць тое ж загадкавае слова, якое маці так часта ўжывала, гаворачы сама пра сябе: «Сурочаная». Больда была адных гадоў з бабуляй, і кожнага разу, калі яна пачынала расказваць пра сябе, выходзіла так, што жыццё ў яе вечна мянялася. Спачатку яна была манашкай, затым выйшла замуж, муж яе памёр, яна зноў выйшла замуж, і калі бабуля сварылася з Больдай, яна называла яе « беглая манашка» і «двойчы ўдава», а Больда хіхікала. Больда, зразумела, была «сурочаная», але добрая, а Глум ней-
кі дзіўны, нават страшны, але таксама добры. Калі Больда пачынала расказваць пра сваё жыццё, у яе ўсё збівалася ў адну кучу: манастыр, замужжа, удоўства, спачатку першае, затым другое. Яна магла пачаць так: «Калі я жыла ў манастыры», праз два сказы яна раптам гаварыла: «Калі я мела лаўку ў Кобленцы, электратавары, разумееш? Ну, прасы там усялякія, пліткі», затым зноў пераскоквала на манастыр і распісвала свой пасаг. «Калі я аўдавела першы раз»,— і зноў нечаканы пераход: «Харошы быў чалавек».
— Хто?
— Ды вось, другі мой, ён, на шчасце, не займаўся гандлем, ён быў чыноўнікам. Служыў у паліцыі маралі.
— У якой паліцыі?
— Гэтага табе не зразумець. Ад іх я, дзякуй Богу, і пенсію атрымліваю.
Няўцямныя намёкі пра функцыі паліцыі маралі наводзілі Марціна на падазрэнне, што яна мае нейкія адносіны да распуснага і бессаромнага,— і ад гэтай паліцыі Больда і мае пенсію. У расказах Больды фігуравалі кусты, якія, мяркуючы па ўсім, абшарваў яе муж. I Марцін успомніў, чым займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс,— яны займаліся бессаромным: барвовыя твары, расшпіленыя штаны, гаркавы пах свежай зелені.
— Свінства ўсё гэта,— прыгаворвала Больда, заходзячы да Глума, калі Марцін сядзеў у яго, а Глум, слухаючы яе байкі, толькі галавой хітаў, ды так ціха і цярпліва, што Больда проста з сябе выходзіла і крычала яму: — Што ты разумееш у культуры, стары ты...
Яна дарэмна шукала падыходзячае слова і нічога іншага не знаходзіла, як «стары турак». Глум заліваўся смехам, і быццам сотні нажоў рассякалі паветра. Толькі навошта было тады хадзіць да Глума, калі яна так злуе на яго? А хадзіла яна часта, размаўляла пра снеданне, хоць, здавалася, пра што тут гаварыць,— усе заўсёды мелі аднолькавы сняданак, праўда, канешне, кожны меў свой, і не такі, як у астатніх, але кожны з дня ў дзень атрымліваў адно і тое ж. Маці піла натуральную каву, такую ж моцную, якую піў і дзядзька Альберт; для іх з Глумам варылі сурагат, а Больда піла гарачае малако з мёдам. Кожны атрымліваў кубак кавы, накрыты каўпачком, нарэзаны
хлеб, масла, каўбасу або мармелад на талерачцы — падрыхтоўваць усё гэта было абавязкам Больды. Але кожны, калі б ён ні ўставаў, павінен быў сам прыносіць сабе сняданак з кухні.
Больда была «сурочаная», але добрая, маці таксама «сурочаная», і ён меў падазрэнне, што яна да таго яшчэ і распусная — прыглушаны шэпт у пярэдняй: «Дзе ты толькі швэндаешся?» Глум быў не сурочаны, але дзіўны і добры, а дзядзька Альберт і зусім добры, хоць не дзіўны і не сурочаны. Альберт быў гэтакі ж, як бацькі ў іншых хлопчыкаў. Да бабулі слова «сурочаная» не падыходзіла і слова «дзіўная» — таксама. Уласна кажучы,— ён гэта добра ведаў,— бабуля таксама добрая, не ўвогуле добрая, не проста добрая, а ўласна кажучы, і ніяк нельга было зразумець, чаму настаўнік так нападае на словы ўвогуле, уласна кажучы і іначай — гэтыя словы дапамагаюць выказаць паняцці, якія нізавошта не выказаць без іх. Больда, напрыклад, увогуле добрая, маці таксама. Але маці, верагодна, уласна кажучы, распусная. Між іншым, апошняе трэба яшчэ абдумаць, і ён баяўся, што, як ні думаў, ні да чога добрага гэта не прывядзе.
Больда і бабуля ведалі адна адну яшчэ з дзяцінства, і кожная лічыла другую шалапутнай, толькі ў дні чуллівага прымірэння — на Каляды або ў іншае вялікае свята — яны сядзелі, абняўшыся, і ўспаміналі: ♦Мы ж разам пасвілі кароў, а ты помніш, што... а ты помніш, як... а ты помніш, чаму...». I яны ўспаміналі злы вецер у гарах, хацінкі, складзеныя з вецця, камянёў і саломы, і як яны гатавалі каву і суп на палявых кастрах, а пасля яны спявалі песні, якія ніхто не разумеў, і Глум спяваў песні, якія ніхто не разумеў — песні-нажы. Але варта было бабулі сустрэцца з Больдай у любы іншы дзень, як зараз жа паміж імі ўсчыналася лаянка. Бабуля, тыцкаючы пальцам у лоб, гаварыла:
— Як была кранутай, так і засталася.
Больда адказвала гэтакім жа жэстам і гаварыла: — А ты заўсёды была ненармальная, ды яшчэ ў дадатак...
— Што «ў дадатак»? — крычала бабуля, але на гэтае пытанне Больда ніколі не адказвала.
Прычынай сваркі часцей за ўсё былі Больдзіны кулінарныя рэцэпты: параная рэпа, саладкаватая поліўка з дранай бульбы на знятым малацэ, запраўленая
распушчаным маргарынам, суп на знятым малацэ, якому яна, па словах бабулі, «наўмысна дае падгарэць». «Яна наўмысна так робіць, гэтая свіння, яна хоча прыпомніць мне маё нішчымнае дзяцінства. Я яе вышпурну з дому. Дом мой, каго захачу, таго і пасялю, а яе вышпурну!» Але яна не вышпурвала Больду. Больда жыла ў гэтым доме амаль столькі ж, колькі і Глум, і здаралася, што бабуля нясмела пракрадвалася на кухню, каб паспытаць Больдзінага варыва: кашу з рэпы, суп на знятым малацэ і кіслы чорны хлеб, які Больда раздабывала недзе ў горадзе. I тады па квітнеючым твары бабулі каціліся слёзы і падалі проста ў талерку, з якой яна стоячы ела, а па твары Больды, худым, белым, як папера, прабягала нязвыклая, добрая ўсмешка, ад якой ён рабіўся зусім маладым.