Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
Яму загадалі пачакаць, пакуль можна будзе прайсці да Лін, і ён стаяў каля акна і чакаў, але раптам успомніў пра шафёра, выйшаў і разлічыўся з ім. Шафёр паказаў на сляды ванітаў, забурчаў, не вымаю-
чы цыгарэты з рота, і ён даў яму цэлы фунт звыш патрабаванага і быў рады, калі сярдзіты твар шафёра праясніўся. Ён вярнуўся ў прыёмны пакой. Шпалеры тут былі шэра-зялёныя, шэра-зялёнымі былі абабітыя крэслы, і стол быў пакрыты шэра-зялёным сукном. Гэта надарылася ў тыя дні, калі Чэмберлен вылецеў у Германію на перагаворы з Гітлерам. Пасля ў прыёмны пакой увайшла маладая жанчына ў паношаным паліто. Яна стала ля акна, і цыгарэта, якую яна трымала ў руцэ, пацямнела ад слёз, якія падалі на яе. Цыгарэта патухла, жанчына кінула яе на падлогу і, усхліпваючы, прыціснулася да аконнага шкла. Па вуліцы ішлі людзі і неслі плакаты «Свету — мір» і іншыя — «Пакажам Гітлеру, што мы яго не баімся», і маладая жанчына ў паношаным паліто зняла акуляры і працерла іх крысом. Ад яе паліто ішоў пах булёну і табакі, і яна няспынна мармытала: «Сыночак, сыночак мой, сыночак мой»,— але затым з’явіўся ўрач, і жанчына кінулася да яго, і па яе твары можна было зразумець, што ўсё скончылася добра. Жанчына выйшла з урачом, а яго павяла бальнічная сястра па доўгім, абкладзеным жоўтай кафляй калідоры. Пахла застылым авечым лоем і распушчаным маслам, каля дзвярэй стаялі вялізныя алюмініевыя чайнікі з гарачым чаем, прыгожанькая цёмнавалосая дзяўчына разносіла на падносе бутэрброды, каля акна стаяў хлопчык з гіпсавай павязкай на руцэ і крычаў некаму на вуліцу: «Пракляты сабака, я табе пакажу!» Сястра падышла да хлопчыка, торгнула яго за здаровую руку і прыклала палец да вуснаў, і хлопчык паплёўся ўслед за дзяўчынай з бутэрбродамі.
У пакоі, куды прывяла яго сястра, былі шэрыя сцены без усялякіх упрыгожанняў і два высокія вузкія акны з сінім шклом. На левым акне была намалявана жоўтай фарбай альфа, на правым — амега.
Лін ляжала на насілках, залітая непрыемным сінім святлом. Сястра пакінула яго аднаго, і ён падышоў бліжэй і ўбачыў, што твар Лін стаў такім, як раней. Адно толькі падалося яму новым — выраз спакою, і было дзіўна бачыць спакойным яе тонкі малады твар. Магчыма, з-за асвятлення, але плямы на твары зніклі, і ён зноў набыў роўны колер, і стаў ранейшым яе перакрыўлены пакутай рот. Ён запаліў свечы, што стаялі ў медных падсвечніках за насілкамі, прачытаў «Ойча
наш» і «Багародзіцы Дзево, радуйся». Няўцямна было для яго, што яны пражылі разам цэлы год. Здавалася, што ён зусім нядаўна пазнаёміўся з ёй. Што яна памерла, ён разумеў, але вось тое, што яна жыла на зямлі,— гэта яму здавалася сном, падрабязнасці, якія ўспаміналіся, нічога не маглі змяніць. Як быццам толькі суткі назад прыехаў ён у Лондан. Усё здарылася за адзін дзень: вянчанне ў адпрасаванай сукенцы, якая была ёй не да твару, раса францысканца, хакей і снеданне ў манашак, і луг у Сэрэі, і радасць валодання... затым крык: «Едзь у Ірландыю». Ірвота ў таксі, і ён тупа паўтарае: «Апендыкс, апендыкс...», і сіняватая капліца з жоўтай альфай і амегай, паветраяыя шары, што Лін дарыла дзецям, і мыльныя бурбалкі, якія яна з акна свайго пакоя пускала ў вялікі шэры двор,— нянавісць да шафаў, спакойнае гарэнне дзвюх свечак... Так гараць яны толькі ў капліцах. Ён не адчуваў самоты, ён адчуваў толькі тупую, пакутлівую спагаду да Лін за мучэнні, якія яна перанесла, знікаючы з крыкам за дзвярыма аперацыйнай залы, а цяпер яна так спакойна ляжыць у гэтай капліцы. Свечы гарэлі, ён падышоў да дзвярэй, але раптам павярнуўся і заплакаў. Усё паплыло перад яго вачамі, стала змрочным і туманным: хісткія насілкі і спакойны твар Лін. У капліцы здавалася, што на вуліцы дождж, але, калі выйшаў з капліцы, ён убачыў, што свеціць сонца. Сястра некуды пайшла, і ён заблудзіўся ў бясконцых калідорах, трапіў у палату, зноў выскачыў, апынуўся каля ўвахода на кухню і толькі тады пазнаў калідор з жоўтай кафляй, і зноў прыгожанькая цёмнавалосая дзяўчына пранесла на падносе гару бутэрбродаў, і з расчыненых дзвярэй пачуўся нечы крык: «Гарчыцы!»— і ён успомніў пра льва, які намазваў гарчыцай барановую нагу.
Калі ён вярнуўся дадому, была гадзіна дня. Нехта памыў лесвіцу і прыбраў у пакоі. Ён так і не даведаўся ніколі, хто гэта зрабіў, і вельмі здзівіўся, бо яму заўсёды здавалася, быццам у доме яго не любяць: заўсёды ён быў заняты, таропка, мімаходзь вітаўся з суседзямі. А зараз і на лесвіцы і ў пакоі ўсё прыбрана.
Ён узяў з крэсла плакат з ільвом, хацеў яго парваць, але затым скруціў У трубку і кінуў у куток. Ён лёг на ложак і ўперыў вочы на маленькае распяцце, якое Лін павесіла над дзвярамі. Ён па-ранейшаму
выдатна разумеў, што Лін памерла, але ніяк не мог паверыць, што цэлы год пражыў з ёй. Ад яе нічога не засталося, акрамя ложка, які быў завалены ўсялячынай, каструлькі з выкіпелым супам на спіртоўцы, шчарбатага кубка, у якім яна звычайна распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, ды стосіка неправераных сшыткаў з сачыненнямі пра цынкавыя руднікі ў Паўднёвай Англіі.
Пасля ён заснуў і прачнуўся толькі тады, калі ўвайшла маленькая настаўніца, якая працавала разам з Лін, і адразу адчуў боль у руках,— на іх так доўга ляжала Лін. Разам з Лін і маленькай настаўніцай яны часта ўвечары хадзілі ў кіно, звалі яе Блай Грозэр, яна была прыгожанькай бландзінкай, і Лін заўсёды спрабавала абярнуць яе ў каталіцтва.
Ён тупа ўтаропіўся ў Блай і адчуў боль у зведзеных мышцах рук. Пасля паспрабаваў растлумачыць Блай, што Лін памерла. Ён сам спалохаўся — так холадна і як нешта само сабой зразумелае вымавіў ён — «памерла», і толькі цяпер ён сам спасціг усё значэнне гэтага слова: Лін болып няма. Блай з вялікай цяжкасцю раздабыла білеты на вячэрні сеанс, каб паглядзець фільм, які тады ўсе імкнуліся паглядзець. Гэта быў фільм з удзелам Чарлі Чапліна, і ён сам, помніцца, назаляў Блай, каб яна здабыла білеты, таму што ў Германіі, пэўна, такога не ўбачыш. Блай прынесла і пірожныя для Лін, маленькія міндальныя пірожныя, пакрытыя яечным крэмам. У руках яна трымала зялёныя білеты, і, калі ён ёй сказаў, што Лін памерла, яна спачатку засмяялася. Яна смяялася таму, што не магла зразумець, з чаго ён раптам надумаў так па-дурному жартаваць, яна смяялася незвычайна — злосна і адрывіста. Потым яна зразумела, што гэта не жарт, і разгублена заплакала, і зялёныя білеты ўпалі на падлогу, і міндальныя пірожныя, пакрытыя жоўтым крэмам,— такія любіла Лін,— ляжалі паміж парасонам і чырвоным берэтам на ложку Лін сярод мноства іншых рэчаў.
Ён працягваў ляжаць, холадна гледзячы на Блай. Яна сядзела на табурэце і плакала, і, як толькі ўбачыў яе слёзы і пачуў яе рыданні, ён зноў усвядоміў, што здарылася: Лін памерла. Блай паднялася, прайшлася па пакоі, падняла з падлогі згорнуты плакат, што валяўся ў куце каля спіртоўкі, і, рыдаючы, паглядзела
на задаволенага, ухмылістага льва, які намазваў гарчыцай «Хічх юмара» баранову нагу. Ён ведаў, што пасля возьме яе за плечы, паспрабуе супакоіць і будзе гаварыць пра справы — пра пахаванне, пра ўсемагчымыя дакументы, якія неабходна аформіць. I ўсё ж ён працягваў ляжаць і думаць пра Лін, пра хуткаплыннасць і прыгажосць яе жыцця, якое пакіне ў гэтым свеце ледзь прыкметны след. Хіба што ў вестыбюлі школы павесяць яе фотаздымак, і пасля на школьных сустрэчах дзяўчаткі, жанчыны, з кожным годам старэючыя жанчыны будуць гаварыць: «Гэта была наша настаўніца па гімнастыцы і прыродазнаўству», але аднойчы фатаграфію здымуць і павесяць на яе месца партрэт нейкага кардынала або папы — і тады на нейкі прадпісаны законам тэрмін застануцца толькі паметкі Лін у школьных сшытках, якія захоўваюцца ў архіве, ды грудок на вялікім могільніку. Блай супакоілася раней, чым ён устаў. Яна ўспомніла пра мноства ўсялякіх спраў і ўхапілася за магчымасць усё зрабіць самой і «збавіць яго ад гэтага»; паведаміць у школе, бацькам Лін і яе брату — інжынеру ў Манчэстэры.
Мокрая пляма на падлозе, там, дзе невядомая суседка прыбрала за Лін, паступова падсыхала, засталіся толькі сляды мыла на даўно не мытай падлозе, і калі праз месяц ён па просьбе Нэлы вяртаўся ў Германію, у пакоі ўсё яшчэ стаяў кубак без ручкі, у якім Лін распускала мыла, каб пускаць бурбалкі, у кубку заставалася белая клейкая сумесь, і пазней ён уцяміў, што ў газетным паведамленні і ў надмагільным надпісе на невялікім крыжы стаяла яе дзявочае прозвішча — міс Ганігэн і што манашкі на памінальным абедзе ўпарта называлі яго мужам міс Ганігэн.
Брат Лін узяўся дапамагчы яму знайсці работу ў Манчэстэры, бацькі Лін, з якімі ён быў у добрых адносінах, запрасілі яго пераехаць да іх у Ірландыю на ферму — «там заўсёды хопіць работы і ежы»,— усе былі цвёрда перакананы, што неўзабаве пачнецца вайна і што ў Германію яму лепш не вяртацца. Ён нікому не расказаў, як Лін шаптала яму: «Едзь у Ірландыю». Ён доўга вагаўся, а сам працягваў жыць у лонданскім пакоі і атрымаў нават добры ганарар за льва з гарчыцай, і след мыла так і застаўся на тым месцы, дзе нехта прыбраў за Лін. Ён яшчэ вагаўся, але лісты Нэлы рабіліся ўсё болып настойлівымі, і адным такім
днём, калі ён жыў, нечага чакаючы, ён адаслаў вялікі карабок з малюнкамі ў Германію на адрас Рая. Ён зрабіў гэта неяк ўвечары, калі вярнуўся з могілак, дзе доўга разважаў, ці павінен ён выканаць просьбу Лін. Ужо седзячы ў аўтобусе, ён цвёрда вырашыў паехаць у Германію, і калі ён вызваляў пакой і разбіраў ложак Лін, з-пад матраца выпалі дзве рэчы — пілка для пазногцяў і чырвоны бляшаны карабочак з цукеркамі ад кашлю.
Ён пачуў, што хлопчыкі ў двары з некім размаўляюць, і расчыніў акно. Генрых стаяў насупраць Больдзінага пакоя і крычаў:
— Добра, мы будзем болып асцярожнымі!
А Больда зверху адказвала:
— Я сама бачыла, як вы зламалі дзве кветачкі.
Альберт высунуўся з акна, задраў галаву і крыкнуў Больдзе:
— Яны больш не будуць.
Хлопчыкі засмяяліся. Больда таксама засмяялася і крыкнула:
— Ну ты ўжо... па табе дык хай яны хоць усё тут растопчуць.
Ён пакінуў акно расчыненым і пачаў парадкаваць малюнкі — мноства тонкіх лісцікаў — іх было некалькі соцень. Тут ён раптам падумаў, што трэба было б неяк напісаць бацькам Лін,— яны заўсёды дасылалі яму шынку, чай і табаку, а ён за ўвесь гэты час не сабраўся з духам, каб напісаць ім падрабязнае пісьмо, а толькі коратка дзякаваў ім ды дасылаў кнігі.