Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
Абед кожны ладзіў самастойна. У Глума быў звычайны суп, а ў халадзільніку і на кухонных паліцах ляжалі ягоныя гуркі, дыні, бульба і вялікія ліловыя колцы крывяной каўбасы, якая, уласна, і не была нават каўбасой. У Больды заўсёды ў запасе была нейкая бясколерная вадкасць, якая павольна закісала ў рудых эмаліраваных гаршках. У бабулі ў халадзільніку было сваё, самае вялікае аддзяленне. Там ляжалі каўбасы, біфштэксы, горы вялікіх свежых яек, садавіна і гародніна; бывала, яна гадзін каля чатырох па абедзе з цыгарэтай у роце сама станавілася каля газавай пліты і, мурлычучы песню, пачынала нешта смажыць, выпускаючы праз нос клубы дыму. Даволі часта яна званіла ў рэстаран і заказвала гарачы абед: гарачыя, як агонь, срэбраныя судкі, высокія бакалы з марожаным з вянком збітых пышнай шапкай вяршкоў, чырвонае віно; нават каву прыносілі ёй з рэстарана. Але гэтак жа часта яна ўвогуле нічога не ела пасля снедання, а часам у ранішнім халаце блукала па садзе з нязменным «Тамагаўкам» у роце, надзявала старыя скураныя пальчаткі і зразала крапіву, зараслі якой ішлі ўздоўж замшэлай агароджы і вакол альтанкі. Бабуля клапатліва выбірала самыя маладыя і зялёпыя парасткі, загортвала іх у газету, потым рабіла на кухні салату і ела яе з кіслым чорным хлебам з запасаў Больды. Часам маці забывала прыгатаваць абед для яго і Альберта. Сама яна ела мала — на сняданак грэнкі, яйка, але піла шмат кавы. Калі маці была дома, яна ў тры-чатыры гадзіны раптам прахоплівала-
ся, што добра было б прыгатаваць абед: умомант у яе закіпаў суп з кансерваў, з’яўляліся маленькія місачкі з салатай, але было і так, што суп яна брала з запасаў Глума, хуценька разагравала яго, а ўзамен клала Глуму колца каўбасы або пачак табакі; вечарам Глум, ухмыляючыся, падліваў у сваю каструлю роўна столькі вады, колькі маці ўзяла з яе супу. Але часцей за ўсё маці раптоўна некуды з’язджала, так і не згатаваўшы абеду, тады абедам займаўся дзядзька Альберт: ён браў у Больды яе кашу з рэпы, запраўляў яе маслам і малаком, пёк на скорую руку блінцы або яешню. Але здаралася і так, што ні Альберта, ні маці, ні Больды, ні Глума дома не было: тады Марціну нічога не заставалася, як адліць крыху супу з каструлі Глума, падагрэць яго або пакорпацца ў пакоі маці — ці не знойдзецца там шакаладу або пячэння. Ісці да бабулі не хацелася. Яна пачне смажыць мяса або павязе яго ў горад, і тады ўжо пойдзе прадстаўленне «Вялікая княгіня і яе блявун».
Але бульба, смачная бульба, даставалася яму вельмі рэдка: бульба, толькі што звараная ў мундзірах або аблупленая, дымячая, жоўтая, з маслам і з соллю. Бульбу ён вельмі любіў, але ніхто не ведаў пра гэта: нават Альберт і дзядзька Віль не ведалі. Часам яму ўдавалася пераканаць Больду зварыць бульбы: тады на стале з’яўлялася поўная міса гарачай бульбы, зверху кавалак масла, які вельмі павольна раставаў, ён пальцамі браў шчапоць сухой тоўчанай солі, белай як снег, і нетаропка пасыпаў бульбу. Іншыя людзі маглі есці бульбу штодня, і ён зайздросціў ім. Генрых штодня варыў бульбу на вячэру, часам Марцін дапамагаў Генрыху і атрымліваў узнагароду з некалькіх гарачых бульбін. У другіх людзей — ён гэта добра ведаў — усё было па-іншаму; там гатавалі заўсёды ў адзін час і для ўсіх тое ж самае: гародніна, бульба, падліва. Усе елі адно і тое ж: бабулі, маці, бацькі і дзядзькі. I халадзільнікаў у іх не было, дзе кожны мог бы захоўваць свае дзіўныя стравы, і не было вялікіх кухняў, дзе кожны мог бы прыгатаваць для сябе ўсё, што ўздумаецца. У людзей раніцай на стале стаяў вялікі кафейнік, маргарын, хлеб і павідла, і ўсе елі разам, і для ўсіх рабілі бутэрброды і давалі іх з сабой у школу, на службу, на заводы, а яйкі там елі рэдка, дый то толькі дзядзькі і бацькі; і толькі гэта адрознівала іх сняданак
ад сняданка астатніх членаў сям’і.
У другіх хлопчыкаў маці варылі, шылі, рабілі бутэрброды — нават распусныя маці, а ягоная маці гатавала вельмі рэдка, ніколі не шыла і не рабіла бутэрбродаў. Пра тое, што ў школу неабходна браць бутэрброды, успамінаў заўсёды толькі дзядзька Альберт.
Здаралася, што і Больда зміласцівіцца і суне яму ў ранец некалькі бутэрбродаў; на шчасце, калі ён адыходзіў у школу, бабуля звычайна спала, яна ж усяляк старалася прыахвоціць яго да мяса, давала яму тоўстыя ружовыя кавалкі смажаніны, вырваныя з коранем парасячыя ножкі, халоднае, барвяна-чырвонае мяса.
На яго вялікую радасць, бабуля, здаралася, з’язджала на цэлы месяц, і тады ўсё атрымлівалася вельмі здорава. Вялікія карзіны, чамаданы, пакеты адпраўляліся на вакзал, выклікалі два таксі, бабуля ўзначальвала калону і ехала ў першым таксі; летам і зімой яна з’язджала на цэлы месяц, і ад яе прыходзіла паштоўка. Горы, рэкі, азёры і <Тысячу разоў цалую хлопчыка і ўсіх астатніх, нават беглую манашку». Тут Больда пырскала і гаварыла: «У дзяцінстве ёй нябось ніхто не спяваў, што ёй суджана ездзіць на воды». Размашыстыя каракулі пакрывалі паштоўку, літары былі такія вялікія, як на пачку цыгарэт. Прыходзілі ад яе і пасылачкі — ліпкія, нязвыклыя, склееныя ў духаце паштовых аддзяленняў прысмакі, цацкі, сувеніры і «Тысяча пацалункаў! Твая бабуля».
Калі бабуля ад’язджала, Марцін думаў пра яе з пяшчотай і нават расчулена, таму што не адчуваў над сабой непасрэднай пагрозы: былі дні, калі ён хацеў, каб яна была ўжо дома,— без яе дом здаваўся пустым і сцішаным, і пакой яе быў замкнёны, і ён не мог разглядваць вялікі фотаздымак бацькі, і не было каму крычаць: «Кроў у мачы».
Больда рабілася ціхай і самотнай, калі ад’язджала бабуля, і нават калі прыходзілі шматлікія маміны госці, яму здавалася, што дом не такі поўны, як пры ёй.
Але чым бліжэй быў дзень вяртання, тым мацней хацеў ён, каб яна даўжэй заставалася там. Ён не хацеў, каб яна памерла, хай сабе жыве, толькі дзесьці далёка, ён вельмі баяўся яе наскокаў. Пасля вяртання яна заўсёды старалася нагнаць упушчанае. Наладжва-
ла дома піры, замаўляючы ўсё па тэлефоне: паслужлівыя бледныя хлопчыкі ў белых куртачках праносілі праз пярэднюю срэбраныя судкі, бабуля з прагным бляскам у вачах сачыла за ўсім, кухар на кухні не даваў астыць ужо прынесеным стравам, а бледныя хлопчыкі снавалі паміж кухняй і бабуліным пакоем. Біфштэксы з кроўю, гародніна, салата, смажаніна, а калі прыходзіў час дэсерту, кухар званіў у рэстаран, жвавы крэмавы аўтамабільчык прывозіў каву і марожанае, пірожныя і фрукты ў цукры. У памыйнае вядро ляцелі абгрызеныя косці, і шалясценне вырваных чэкаў сведчыла пра заканчэнне трапезы і пачатак яго пакут, бо, падсілкаваўшыся ежай і раскурыўшы свежую цыгарэту, бабуля клікала Марціна да сябе, каб ліквідаваць прабелы ў ягоным выхаванні.
— Пытанне пяцьдзесят першае. Калі паўстануць мёртвыя?
— Мёртвыя паўстануць у дзень Страшнага суда.
— Твой бацька загінуў, так?
— Так.
— Што азначае «загінуў»?
— Загінуў на вайне — быў забіты.
— Дзе?
— Пад Калінаўкай.
— Калі?
— Сёмага ліпеня тысяча дзевяцьсот сорак другога года.
— А калі нарадзіўся ты?
— Восьмага верасня тысяча дзевяпьсот сорак другога года.
— Як звалі чалавека, які вінаваты ў смерці твайго бацькі?
— Гезелер.
— Паўтары гэта імя.
— Гезелер.
— Яшчэ раз.
— Гезелер.
— Ці ведаеш ты, што значыць адабраць у дзіцяці бацьку?
— Так.
Ён гэта ведаў.
Бывала, тры дні запар яна кожны дзень клікала яго ў свой пакой і кожны раз пытала адно і тое ж:
— Што загадаў нам Гасподзь у шостай і дзевятай запаведзі?
— Гасподзь загадаў нам у шостай і дзевятай запаведзі быць сарамлівымі і цнатлівымі.
— Як спытаюць за грэх бессаромнасці?
Ён хутка і без запінкі барабаніў:
«Ці не глядзеў я на бессаромнае з ахвотаю?
Ці не слухаў я бессаромнае з ахвотаю?
Ці не марыў я пра бессаромнае з ахвотаю?
Ці не жадаў я бессаромнага?
Ці не прамаўляў я бессаромнае з ахвотаю?
Ці не тварыў я бессаромнага? (Адзін або з таварышамі)».
Ён так і гаварыў:
— У дужках: адзін або з таварышамі.
I на заключэнне:
— Вось падрасцеш, тады ты зразумееш, чаму...
Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі ў кустах бессаромнае: барвовыя твары, расшпіленыя штаны і гаркавы пах свежай зелені. Незразумелая валтузня і незразумелы дзіўны спалох, разгубленасць на іх тварах ашаламілі яго і змусілі падазраваць нешта кепскае. Ён не ведаў, чым займаліся Грэбхакэ і Вольтэрс, але разумеў, што яны рабілі нешта бессаромнае. На пытанне пра шостую запаведзь ім прыйдзецца адказаць— «так», і не проста «так», але і «з таварышамі». 3 таго часу як ён даведаўся, што рабілі Грэбхакэ і Вольтэрс, ён пільна сачыў за выразам твару капелана падчас урокаў Закона Божага, таму што абодва хадзілі да гэтага капелана спавядацца. Але твар капелана, калі ён звяртаўся да Грэбхакэ і Вольтэрса, заставаўся нязменным. А раптам Грэбхакэ і Вольтэрс не сказалі на споведзі пра гэта, хоць і хадзілі да прычасця? Ён замёр, калі такая думка прыйшла яму ў галаву, і твар заліўся чырванню, што нават бабуля спытала: «Што з табой?» А ён адказаў: «Нічога, гэта ад дыму», і бабуля паспяшала скончыць сваю лекцыю, вырвала чэк, тады ён пайшоў да дзядзькі Альберта і проста з парога выпаліў:
— А Грэбхакэ і Вольтэрс рабілі нешта бессаромнае.
Дзядзька Альберт адразу ж змяніўся з твару, ён прыкусіў вусны, крыху збляднеў і спытаў:
— Дзе, што ты бачыў? Адкуль ты гэта ўзяў? Гаварыць было нялёгка, але ён працягваў:
— У кустах.— I яшчэ, заікаючыся, дадаў: — Шта-
ны расшпіленыя, твары чырвоныя-чырвоныя.
Дзядзька Альберт спакойна набіў люльку, закурыў і павольна, крыху павольней, чым звычайна, загаварыў пра прыцягненне полаў, пра прыгажосць жанчыны. He забытымі засталіся Адам і Ева, у голасе дзядзькі Альберта гучала натхненне, крыху смешнае, калі ён распачаў апяваць прыгажосць жанчын і імкненне мужчын з’яднацца з імі, ціхае і незразумелае захапленне.
— Увогуле ж,— дзядзька Альберт выбіў люльку невядома чаму, бо табака яшчэ тлела, і закурыў проці звычайнага цыгарэту,— увогуле ж ты ўжо, пэўна, ведаеш, што ад гэтага нараджаюцца дзеці — ад сужыцця мужчын з жанчынамі.
Зноў былі памянуты Адам і Ева, затым кветкі, жывёлы, карова ў Бітэнхане — і зноў Адам і Ева; словы дзядзькі Альберта гучалі вельмі разумна, спакойна і пераканаўча, але Марцін так і не зразумеў, чым жа, уласна, займаліся ў кустах Грэбхакэ і Вольтэрс, ён сам добра нічога не разгледзеў і здагадацца таксама не мог: расшпіленыя штаны, барвовыя твары і гаркавы пах свежай зелені.