Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
Мужчын яна вызначала па тым, як яны падыходзяць да тэлефона. Болыпасць падыходзіць гэтак, як гэта зазвычай у пасрэдных фільмах: размашыстыя
крокі, твар пыша важнасцю і абыякавасцю, на ім можна прачытаць нешта сярэдняе паміж: «Ах, пакіньце мяне, нарэшце, ў спакоі» і «Усё ж без мяне, значыцца, не абысціся». Затым у гаворку, нават у самую нязначную — а калі ўвогуле размовы бываюць значнымі? — яны спрабуюць уставіць слова накшталт «перагледзець» і «пытанне застаецца адкрытым»; і самы крытычны момант — калі яны кладуць трубку. Хто цяпер умее пакласці трубку не так, як гэта робяць кепскія акцёры? Альберт умее, ды яшчэ ўмеў Рай. Хто можа адмовіцца ад задавальнення ўплятаць падхопленыя дзесьці пярліны дасціпяасці ў свае тэлефонныя размовы, як уплятаюць штучныя кветкі ў яловы вянок. Дый курыць амаль ніхто не ўмее па-іншаму, як гэта робяць у фільмах. Свет перанасычаны эпігонамі, магчыма, Альберт таму і застаецца такім натуральным, што рэдка ходзіць у кіно? Часта яна зайздросціла яго абыякавасці і пакутавала ад таго, што ёй даводзіцца мець зносіны з ідыётамі,— траціць на іх час і раздорваць усмешкі.
Чамадан ужо складзены, яе чакаюць тры дні суму ў Брэрніху, у той час як Альберт паедзе катацца з хлопчыкам. Калі яна думала пра тое, што ў Брэрніху давядзецца ўсе гэтыя дні слухаць Шурбігеля, ёй здавалася гэта раўназначным вечнаму зняволенню ў цырульні: саладкаватая духата, утульная і агідная — і ўсе «наймілейшыя людзі», якіх будзе прадстаўляць патэр Віліброрд. «Ах, няўжо вы яшчэ незнаёмыя? Пара, пара!» Яна асуджана на свецкую балбатню. Чаму ж Альберт бывае здзіўлены, калі яна так імгненна захапляецца кожным, хто хоць крышачку прыемны або здаецца прыемным чалавекам?
Нэла адвярнулася ад акна, павольна абышла вакол авальнага стала і прысунула да яго зялёнае крэсла.
— Кава яшчэ засталася?
— Так, мама.
Марцін устаў, асцярожна зняў з кафейніка каўпак і наліў ёй кавы. Ён ледзь не перавярнуў бляшанку з павідлам. Звычайна ён здаваўся вельмі спакойным і нават запаволеным, але, гаворачы з ёй або робячы нешта для яе, ён рабіўся мітуслівым ад марнага жадання здавацца спрытным. Твар у яго рабіўся заклапочаным, амаль змрочным, як у дарослых, калі яны няньчацца з зусім бездапаможнымі дзецьмі, часам ён
уздыхаў, як уздыхаюць дзеці, калі ім прыходзіцца цяжка. Ён зноў уключыў жароўню, паклаў у яе хлеб і пачаў цярпліва назіраць, як ён падсмажваецца, а гатовыя лусты здымаў і выкладваў на краі хлебніцы.
— Ты будзеш яшчэ есці?
— He, гэта для Альберта.
— А дзе Альбертава яйка?
— Тут,— усміхнуўся ён, затым устаў, падышоў да свайго ложка і падняў падушку: пад ёй ляжала яйка, рудаватае, чысценькае.
— Каб не астыла. Альберт не любіць халодных. Кава яму таксама засталася.
Пра Альберта ён клапаціўся зусім не так, як пра яе. Таму, магчыма, што Альберт больш расказваў яму пра бацьку і паступова стаў незаменным сябрам для хлопчыка. Ва ўсякім разе, калі ён рабіў нешта для Альберта, ён заставаўся зусім спакойным.
Сама яна мала расказвала яму пра Рая. I толькі зрэдку вымала папку, у якой захоўваліся вершы Рая: газетныя выразкі, рукапісы і маленькі зборнік, што ўмясціўся на дваццаці пяці старонках у сіняй вокладцы і які ўпамінаецца зараз у кожным артыкуле пра сучасную лірыку. Нейкі час яна ганарылася, калі сустракала імя Рая ў анталогіях, калі чула ягоныя вершы па радыё і атрымлівала ганарары. Яе наведвалі людзі, якіх яна ніколі не ведала і з якімі не хацела б знаёміцца: юнакі, апранутыя з наўмыснай неахайнасцю, якія ўпіваліся сваёй неахайнасцю, як каньяком; захапленне ў іх было дакладна адмеранае і ніколі не выходзіла з вызначаных рамак. I калі такія людзі з’яўляліся ў яе, яна ўжо ведала, што дзесьці рыхтуецца чарговае даследаванне пра сучасную лірыку. Часам яе дом захлынала сапраўднае паломніцтва, артыкулы ў часопісах з’яўляліся, як грыбы пасля дажджу, ганарары цяклі з усіх бакоў, вершы Рая выдаваліся і перавыдаваліся. Але пасля вытанчана неахайныя юнакі знаходзілі новую ахвяру, Нэла атрымлівала кароткую перадышку, а імя Рая ўсплывала на паверхню ў час чарговага зацішша, бо гэтая тэма была прыдатная для ўсіх часоў: паэт, загінуў у Расіі, праціўнік рэжыму — ці ж гэта не сімвал маладосці, якая прынесла бессэнсоўную ахвяру, або, калі змяніць аспект — ці гэта не сімвал маладосці, якая прынесла ахвяру, поўную глыбокага сэнсу? Вельмі дзіўныя ноткі гучалі ў дакладах
патэра Віліброрда і Шурбігеля! Так ці іначай Рай зрабіўся ўлюбёнай тэмай для ўсемагчымых эсэ, а вытанчана апранутых, неахайных юнакоў, якія займаліся напісаннем эсэ і з пахвальнай нястомнасцю адшуквалі для гэтага новыя сімвалы, развялося багата. Рупна, старанна, дбайна, без распальвання імпэту, але і не змяншаючы яго, яны ткалі габелен культуры — спрытныя шарлатаны, што, як аўгуры, усміхаюцца адзін аднаму пры сустрэчы. Ім аддавалі на водкуп усе вантробы, і па гэтых мізэрных вантробах яны ўмелі прарочыць: яны складалі цягучыя гімны над аголеным, крывавячым сэрцам; у схаваных ад старонняга вока лабараторыях яны адчышчалі ад бруду абпаленыя кішкі ахвярнай жывёліны і ўпотай збывалі пячонку; замаскіраваныя скуралупы, яны выраблялі з падлы не мыла, а культуру, выраблялі самі або аддавалі на водкуп іншым. Мяснікі і прарокі, яны корпаліся ў памыйных вёдрах і складалі оды ў гонар сваіх дасягненняў. Пры сустрэчах яны ўсміхаліся адзін аднаму, усміхаліся, як аўгуры, а Шурбігель быў у іх вярхоўным жрацом, гэты загрузлы ў брудзе чалавекалюбец, увенчаны неапісальнай шавялюрай.
Нянавісць ахапіла Нэлу, і яна з жахам адчула, што пачынае разважаць зусім як Альберт: раскінутае сіло, гатовае паглынуць яе.
Пакуль Рай быў яшчэ жывы, яна настойліва і прагна чакала чарговай пошты, як драпежнік у клетцы чакае мяса: трымаючыся правай рукой за парчовую пельку і схаваўшыся за зялёнай шторай, яна насцярожана сачыла за з’яўленнем паштальёна. Калі ён паказваўся з-за вугла дома святара, наступны ягоны крок вызначаў увесь яе дзень: калі ён пад прамым вуглом перасякаў вуліцу насупраць яе дома, яна ведала, што ён нешта мае і для яе, калі ж ён зварочваў на нябачную дыяганаль, што вядзе да суседв:яга дома,— тады ў гэты дзень не было ўжо на што спадзявацца. Тады яна ўпівалася пазногцямі ў цяжкую зялёную тканіну, выдзірала з яе ніткі і не адыходзіла ад акна з вар’яцкім спадзяваннем, што паштальён, магчыма, памыліўся і вернецца яшчэ назад. Але паштальён ніколі не памыляўся і ніводнага разу не вярнуўся назад пасля таго, як прайшоў па дыяганалі міма яе дома. Дзікія думкі авалодвалі ёю, калі яна бачыла, што ён канчаткова прамінуў яе дом: ці не ўтойвае ён пісьмы, ці не
ўдзельнічае ён у змове супраць яе і супраць Рая? Садыст у сіняй форме з вышытым на ёй залатым паштовым ражком. Нягоднік пад маскай сціплага абывацеля. Але паштальён не быў ні садыстам, ні нягоднікам; ён быў вельмі добрапрыстойны і шчыра адданы ёй. Яна адчувала гэта, калі ён прыносіў ёй пісьмы.
Вось ужо шмат гадоў яна не бачыць паштальёна, не ведае, як ён выглядае, не ведае, калі ён разносіць пошту. Нечая рука кідала ў скрынку рэкламныя праспекты і пісьмы, нехта выцягваў гэтыя праспекты і пісьмы са скрынкі: усялякія фірмы прапаноўвалі бюстгальтары, рыслінг і какаву. Усё гэта яе не займала. Вось ужо дзесяць гадоў, як яна не чытае ніякіх пісьмаў, нават ёй адрасаваных. На гэта скардзіліся часам і багемныя юнакі — сцярвятнікі ад культуры, што вышукваюць сімвалы ў кішках падлы,— яны неаднойчы скардзіліся на гэта патэру Віліброрду, але ўсё роўна яна не чытала пісем. Адзіны сябра, які застаўся ў яе, жыве ў суседнім пакоі, а калі ён ад’язджае на некалькі дзён, да яе паслуг — тэлефон. Толькі не чытанне пісьмаў. Ад Рая прыходзілі пісьмы ўжо пасля таго, як ён загінуў і калі яна ўжо ведала, што ён загінуў. О, надзейная пошта, спраўны, хвалёны апарат, пошта была ні ў чым не вінаватая, яна дастаўляла адказы на пытанні, якіх ужо ніхто не задаваў.
Толькі не чытанне пісьмаў. Паклоннікі могуць і патэлефанаваць, а калі яны дасылаюць пісьмы, няхай не разлічваюць на адказ. Усе пісьмы нераспячатанымі ляцелі ў сметніцу, а затым іх у дакладна вызначаны тэрмін вывозіў смяцяр. Апошні ліст яна прачытала адзінаццаць гадоў назад, яго напісаў Альберт, ён быў вельмі кароткі: Рай загінуў. Яго забілі ўчора. Ён загінуў з-за аднаго нягодніка. Запомні імя вінаватага: яго завуць Гезелер. Пасля напішу больш падрабязна.
Яна запомніла імя Гезелера, але і пісьмы ад Альберта перастала распячатваць. Таму яна і не даведалася, што ён паўгода прасядзеў у турме: дарагая плата за аплявуху па прыгожанькай, нічым не адметнай фізіяноміі. I афіцыйнага паведамлення пра смерць яна не захацела чытаць. Яго прынёс святар, але япа адмовілася прыняць святара, які ўзносіў раскацістым басам урачыстыя малітвы за айчыну, які ўсяляў у душы патрыятычны ўздым, які вымольваў перамогу,— яна
не хацела бачыць яго. Ён стаяў з яе маці за дзвярыма і прасіў:
— О Нэла, дарагая Нэла, адчыніце!
I да яе даносіўся шэпт:
— Спадзяюся, бедная дзяўчынка нічога над сабой не ўчыніць.
He, яна нічога не збіралася над сабой учыняць. Хіба ён не ведае, што яна цяжарная?
Ёй непрыемна было слухаць яго: фалыпывы пафас, завучанае семінарскае красамоўе — у асобных мясцінах яно патрабавала асаблівых інтанацый. Хваля фальшывых пачуццяў, няўлоўная хлусня, эфектныя раскаты і, як фінал, падобнае на ўдар грому слова «пекла». Навошта гэты крык, гэтае галашэнне? Ілжывы пафас, якім семінарскі настаўнік рыторыкі нашпігаваў два пакаленні патэраў, лунаў над сотнямі тысяч людзей.
«Адчыніце, дарагая Нэла».
Навошта? Ты мне патрэбны толькі таму, што мне патрэбны Бог, а я яму, і калі ты мне спатрэбішся, я сама прыйду да цябе; грымі сваім раскацістым «р» у словах «Германія» і «фюрэр», пазвоньвай сваім «н» у слове «народ» і прыслухайся да ўбогага рэха, народжанага тваім ілжывым пафасам пад скляпеннямі капэлы — «...юрэр», «...арод», «...ерманія...».
«Будзем спадзявацца, што яна нічога над сабой не ўчыніць».
Так, я нічога не ўчыню, але дзвярэй не адчыню: мільёны ўдоў, мільёны сірот — за фюрэра, за народ, за Германію.
О бязгрэшнае рэха, ты не вернеш мне Рая!
Яна чула, як патэр пакрыўджана сапе ў пярэдняй, чула, як ён шэпчацца з маці, і на нейкае імгненне ёй зрабілася шкада яго, пакуль зноў у вушах не зазвінела патэтычнае рэха.