• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дом без гаспадара  Генрых Бёль

    Дом без гаспадара

    Генрых Бёль

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 285с.
    Мінск 1996
    64.15 МБ
    Дзядзька Альберт гаварыў доўга пра некаторыя таямніцы, якія яму, Марціну, яшчэ рана ведаць, пра цёмныя сілы, пра тое, як цяжка юнаку дачакацца таго часу, калі ён саспее для збліжэння з жанчынай. Зноў былі ўспамянуты кветкі і жывёлы.
    — Ну, напрыклад, зусім маладая цялушачка,— сказаў дзядзька Альберт,— яна яшчэ не можа злучыцца з быком, яна яшчэ не можа мець дзяцей — праўда ж? Але гэта не азначае, што цёлка не мае полу. Пол ёсць ва ўсіх жывёл, ва ўсіх людзей.
    He адну цыгарэту выкурыў дзядзька Альберт, ён часта запінаўся ў час гэтай размовы.
    А Марцін падумаў: «Трэба яшчэ спытаць пра распусту, пра дзядзькаў і пра жаніцьбу».
    — Ты ж быў жанаты там, у Англіі?
    — Так.
    — А ты сужыцельстваваў са сваёй жонкай?
    — Так,— адказаў дзядзька Альберт, і, як ні прыглядаўся Марцін, ён не заўважыў аніякай змены ў твары дзядзькі Альберта, ніколечкі збянтэжанасці.
    — А дзяцей чаму ў цябе не было?
    — He ад усялякага сужыцця бываюць дзеці,—
    адказаў дзядзька Альберт, затым зноў пайшлі кветкі і звяры, а пра Адама і Еву — ні слоўка, і ён перапыніў дзядзьку Альберта:
    — Значыць, правільна тое, што я думаў?
    — Што ты думаў?
    — Жанчына можа быць распуснай, нават калі ў яе няма дзяцей ад таго мужчыны, з якім яна жыве,— вось як у маці Вельцкама?
    — Д’ябал! — сказаў дзядзька Альберт.— Што гэта ты прыдумаў?
    — Таму што ў Брылаха маці распусная,— у яе ёсць дзіця, і яна жыве з мужчынам, які ёй не муж.
    — Хто табе сказаў, што яна распусная?
    — Брылах сам чуў, як дырэктар гаварыў інспектару: «Ён жыве ў жахлівых умовах, у яго зусім распусная маці».
    — Ах, так,— сказаў дзядзька Альберт, і Марцін зразумеў, што ён вельмі раззлаваўся, і дадаў ужо не так упэўнена:
    — Праўда, праўда, Генрых гэта пачуў, ды ён і сам ведае, што маці ў яго распусная.
    — Няхай сабе,— сказаў дзядзька Альберт,— яшчэ што?
    — Яшчэ,— адказаў Марцін,— у Вельцкама маці таксама распусная, хоць і не мае дзяцей. Я ведаю.
    Дзядзька Альберт нічога не адказаў, ён толькі паглядзеў на яго здзіўлена і вельмі пяшчотна.
    — Бессаромна — гэта тое, што робяць дзеці,— раптам пачаў Марцін, бо гэтая думка толькі што прыйшла яму ў голаў,— распусна — тое, што робяць дарослыя, але вось Грэбхакэ і Вольтэрс — яны таксама сужыцельствалі?
    — He, што ты,— адказаў дзядзька Альберт, і тут ён увесь счырванеў,— гэта не тое, яны заблыталіся, збіліся са шляху; не думай болып пра гэта і заўсёды пытай у мяне, калі пачуеш тое, што не зможаш зразумець.— Голас Альберта гучаў пераканаўча і сур’ёзна, але паранешпаму пяшчотна.— Запомніў? Заўсёды пытай у мяне. Лепш, калі пра ўсё пагаворыш адкрыта. Я ведаю далёка не ўсё, але тое, што я ведаю, я табе растлумачу абавязкова, не забудзься толькі спытаць.
    Заставалася яшчэ слова, якое маці Брылаха сказала кандытару. Ён падумаў пра яго і пачырванеў, але вымавіць гэтае слова ён нізавошта не адважыўся б.
    — Ну,— спытаў дзядзька Альберт,— што ў цябе яшчэ?
    — Нічога,— адказаў Марцін і пасаромеўся спытаць пра сваю маму — ці распусная яна? Гэта ён спытае пасля, праз доўгі-доўгі час.
    3 гэтага дня дзядзька Альберт пачаў аддаваць яму значна больш часу. Ён часта браў яго з сабой катацца на аўтамабілі, дый маці — а можа, гэта толькі так здалося яму — вельмі змянілася з гэтага дня. Маці змянілася, і Марцін не сумняваўся, што дзядзька Альберт з ёй пагаварыў. Часам яны ездзілі ўтраіх, і Генрых мог прыходзіць да яго, калі захоча, а часта яны і Генрыха бралі з сабой, калі ездзілі на машыне ў лес, на азёры, або ўсе разам хадзілі ў кіно, або есці марожанае.
    I кожны дзень — відаць, пра гэта між імі было дамоўлена — яны пачалі праглядаць ягоныя дамашнія заданні, правяралі яго, дапамагалі, і абое — маці і Альберт — былі ласкавыя з ім. Маці зрабілася такой цярплівай, больш сядзела дома і нейкі час яго штодня кармілі абедам і нават бульбай, але толькі нейкі час. Цярпення ў яе хапіла ненадоўга. I вось зноў яна пачала рэдка бываць дома, і абедаць яму даводзілася не кожны дзень. He, на маці нельга было спадзявацца так, як ён мог, па-іншаму, зразумела, спадзявацца на Глума, Альберта і Больду.
    11
    Нэла стаяла за зялёнай шторай, курыла, выпускаючы клубы дыму ў прастору паміж шторай і акном, і назірала, як на сонцы рассейваецца дым і цягнецца ўверх вузкімі струменьчыкамі — бясколерная сумесь з пылу і дыму. Вуліца была пустая. Каля пад’езда стаяла машыпа Альберта, верх яе яшчэ не высах пасля начнога дажджу, хоць на бруку не было і следу ад лужын. У гэтым жа пакоі, за гэтай жа зялёнай шторай яна стаяла дваццаць гадоў назад і назірала за юнымі паклоннікамі, якія з ракеткамі ў руках таропка ішлі па алеі. Дурнаватыя і чуллівыя героі, яны нават не здагадваліся, што за імі сочаць. У цені царквы, якраз насупраць дома, яны спыняліся, яшчэ раз паспешліва праводзілі грабянцом па валасах, аглядалі пазногці,
    крадком пералічвалі выцягнутыя з кашалька грошы і перакладвалі ў кішэню, каб мець іх пад рукой — яны лічылі гэта прыкметай зухаватасці. А зухаватасць была для іх важней за ўсё; крыху задыхаўшыся, падыходзілі яны да дома, наступаючы на чырвонае лісце каштанаў, што засыпала гародчык,— яго збіла першым дажджом, і зараз жа даносіўся званок. Але нават самыя зухаватыя з іх гаварылі, думалі, дзейнічалі гэтак жа дакладна, як дзейнічалі, думалі і гаварылі маладыя, зухаватыя тэнісісты ў кінакарцінах. Яны ведалі, што розумам не вылучаюцца, але і гэта лічылася зухаватасцю, хоць нічога па сутнасці не мяняла; розумам яны і сапраўды не вылучаліся.
    Вось ужо новы герой ідзе па алеі, у руках тэнісная ракетка, ён расчэсвае валасы ў цяні царквы, аглядвае пазногці, вымае грошы з кашалька і нядбайна кладзе іх у кішэню — ці прывід гэта крочыць на дыване з чырвонага лісця, ці гэта проста кінастужка? Бываюць фільмы, якія здаюцца ёй жыццём, яна сама асудзіла сябе на гэтае жыццё, заплаціўшы адну марку восемдзесят пфенігаў за білет, а жыццё здаецца ёй кепскім фільмам. Вельмі падобна: цёмныя валасы мільгаюць перад вачыма, празрыстая шэрая пялёнка старой кінастужкі,— вось юны герой з тэніснай ракеткай, мільгануў у цяні царквы, выходзіць на вуліцу, ён спяшаецца да нейкай маладой дзяўчыны тут па суседстве.
    He паварочваючыся, яна пытае:
    — Хіба ў гэты час ужо адчынены тэнісныя корты?
    — Канешне, мама,— адказвае Марцін,— некаторыя дык адчыняюцца нават раней.
    Між іншым і тады было ўсё гэтак жа сама, але гэта ёй было без патрэбы: яна любіла позна ўставаць і не вельмі захаплялася тэнісам. Але ёй падабалася пасыпаная чырвоным пяском пляцоўка і зялёныя, ярказялёныя бутэлькі з ліманадам на белых століках. Рэзкі пах паветра, саланаваты пах туману, што падымаўся над Рэйнам, часам да гэтага паху прымешвалася горыч, калі міма праходзіла свежапрасмаленая баржа і вымпелы параходаў павольна праплывалі над купамі дрэў, быццам нябачная рука, схаваная за кулісамі, прыводзіла іх у рух. Клубы вугальна-чорнага дыму, працяжныя гудкі, гук падкінутых мячоў і мяккі стук імгненнага ўдару ракетак, звонкія, адрывістыя воклічы партнёраў.
    Юны герой прамчаўся міма дома. Яна нават пазнала яго: такая жаўтавая скура толькі ў сямейства Надольтэ, жаўтавая скура і светлыя валасы, незвычайнае размеркаванне пігменту, якое ўжо Вільфрыду Надольтэ, бацьку гэтага героя, надавала асаблівую пікантнасць, ад яго яна перайшла да сына. Магчыма, і ў сына на твары выступае гэтакі ж пот з вострым пахам і гэтак жа адлівае зялёным на жоўтай скуры, ад чаго ўсе ўспацелыя Надольтэ нагадваюць абпырсканыя купарвасам трупы. Ягоны бацька — лётчык — быў збіты недзе над Атлантычным акіянам, і ніколі не будзе знойдзены яго труп. Але нават і гэтая паэтычная смерць — смерць Ікара, пераможанага каварным ворагам, як выказаўся тады патэр, нават гэтая паэтычная смерць не перашкодзіла ягонаму сыну зрабіцца ўдзельнікам дрэннага кінафільма, статыстам, які ўсё прымае ўсур’ёз; праўда, ён няблага спраўляўся са сваёй роляй: ён быў менавіта такім, як і ўсе тэнісісты ў кепскіх фільмах.
    Яна патушыла цыгарэту ў вузкім мармуровым жалабку на падаконніку, дзе яшчэ заставаліся сляды начнога дажджу, і вызваленую правую руку прадзела ў вялікую пятлю з залатой парчы; гэтая пятля, як і ўся штора, перажыла вайну. У дзяцінстве яна марыла хутчэй падрасці, каб, стоячы каля акна, прасоўваць правую руку ў гэтую пятлю. Яна даўно падрасла, і ўжо дваццаць гадоў яна лёгка дастае рукой да пятлі.
    Яна чуе за спінай валтузню Марціна: ён здымае накрыўку з кафейніка, намазвае хлеб, стукае лыжкай па краі банкі з павідлам; яна чуе, як храбусцяць грэнкі ў яго на зубах, і трэск, калі ён па звычцы пераварочвае ў кілішку выедзенае яйка і разбівае шкарлупінне, і візглявае гудзенне электрычнай жароўні для грэнак. Калі яна прачыналася раней звьічайнага, каб папіць з хлопчыкам кавы, яе сустракаў у сталовай пах крыху падгарэлага хлеба і плёскат вады, які даносіўся сюды з ваннай, дзе мыўся Альберт. Але сёння плёскату не было чуваць, Альберт, мабыць, яшчэ не мыўся.
    — Альберт яшчэ не ўстаў?
    — Устаў,— адказаў хлопчык.— Хіба ты не чуеш?
    Але яна нічога не чула. Тры дні запар яна ўстае ранічкай, у яе ўжо з’явілася адчуванне нейкага пастаянства, упарадкаванасці: грэнкі, яйка, кава, шчас-
    лівы твар хлопчыка, калі ён назірае, як яна накрывае на стол, як разлівае каву, калі снедае з ім. Па вуліцы вяртаецца малады Надольтэ, ён з дзяўчынай. Дзяўчына прыгожанькая і вельмі маладая, яна паказвае асляпляльна белыя зубкі, яе вабны кірпаты носік з надзеяй удыхае мяккі паўднёвы вецер. Яна робіць усё, што патрабуе ад яе рэжысёр: усмешка — і яна ўсміхаецца, хітанне галавой — і яна хітае, добра трэніраваная статыстка, якая хутка стане зоркай, яна таксама зведае, чым пахне незвычайны надольтаўскі пот, які, калі ты ў зялёных кустах цалуешся з кімсьці з Надольтэ, надае яго твару падабенства з завялымі лістамі салаты.
    Толькі тут Нэла пачула плёскат з ваннай і зразумела, што гэта мыецца Альберт. Ужо на працягу дваццаці гадоў яна ведае яго, і ён, мабыць, уяўляе сабе, што вывучыў яе, а між тым за дваццаць доўгіх год ён так і не змог зразумець, як хвалююць яе мужчынскія туалетныя прыналежнасці і як пакутна для яе тое, што ў іх агульны ванны пакой.
    Раніцай, у ваннай, яна ўлюблялася ў абыякавы бляск ягонага прыбора для галення, ён дзейнічаў на яе, як узбуджальны водар, пальцы яе з пяшчотай слізгалі па абыякава выціснутым цюбіку з крэмам для галення, па сіняй баначцы з крэмам для скуры — вось ужо пяць гадоў усё тая ж баначка стаяла тут. Ягоная зубная шчотка, ягоны грабянец, ягонае мыла і запылены флакон з лавандай, колькасць якой ніяк не змяншалася. Здаецца, ужо шмат гадоў вадкасць стаяла якраз на ўзроўні рота ружовай жанчыны, што ўпрыгожвала этыкетку. Жанчына на этыкетцы пастарэла, прыгажосць яе паблякла, і яна з меланхалічнай усмешкай назірала сваё завяданне, як шмат гадоў назад, калі яна была яшчэ новай, з надзеяй пазірала ўдалеч. Твар яе пастарэў, сукенка абнасілася — бедная, змарнелая прыгажуня, яна не прывыкла да такога абыходжання. Ужо занадта даўно стаіць гэты флакон. Як здаецца, Альберт зусім не здагадваецца, якая пакута для яе жыць гэтак блізка з мужчынам, які падабаецца,— і навошта гэтая страшэнная сур’ёзнасць, і навошта толькі ён настойвае на шлюбе з ёй?