• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дом без гаспадара  Генрых Бёль

    Дом без гаспадара

    Генрых Бёль

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 285с.
    Мінск 1996
    64.15 МБ
    — Вельмі шкадую,— сказаў Бразгот,— я хацеў сказаць, цябе шкадую, канешне. Свае словы я назад не бяру. Так ці іначай — ён скаціна. А той Гезелер, якога ты ведаў, што ён табе зрабіў?
    Альберт устаў. Яны памяняліся ролямі. Зараз ужо Альберту, які спыніўся каля акна, трэба было іграць ролю бадзягі або абаяльнага героя, што, не губляючы вытрымкі, збіраецца адкрыць душу. Заставалася толькі зняць яго буйным планам.
    Зрэшты, Альберт сапраўды спачуваў Бразготу, які меланхалічна корпаўся запалкай у зубах, але думка пра хлопчыка, які усё яшчэ не вяртаўся, не пакідала яго ў спакоі. Для яго было пакутай зноў расказваць гэту гісторыю, столькі разоў ужо расказаную. Яму здавалася, што ад частага паўтарэння яна сцерлася, вынасілася да непазнавальнасці. Ён расказваў яе маці Нэлы, самой Нэлі, а ў першыя гады пасля вайны і маленькаму Марціну. Але апошнім часам хлопчык чамусьці не прасіў яго пра гэта.
    Ну, выкладвай,— сказаў Бразгот.
    — Забіты муж Нэлы на сумленні таго Гезелера, якога я ведаў. Ён забіў яго самым законным спосабам, на фронце, так што нельга прыдрацца: паслаў яго на
    смерць. Раней я з лёгкай душой гаварыў: «Забіў» — цяпер я проста не магу падабраць іншае слова. Але які сэнс расказваць табе ўсё гэта? Мы ж не ўпэўнены ў тым, што гэта той жа Гезелер.
    — He міне і гадзіны, як мы даведаемся пра гета: у суботнім нумары «Весніка» змешчаны ягоны фотаздымак. He надта ўжо многа на свеце свалаты з прозвішчам Гезелер.
    — Ды табе-то што ён зрабіў?
    — Ах ты, Божа,— нічога,— саркастычна ўсміхнуўся Бразгот.— Хіба такія што зробяць?
    — Ты ўпэўнены, што яна паехала з гэтым Гезелерам?
    — Я бачыў, як яны садзіліся ў машыну.
    — Як ён выглядае?
    — Да чаго гэта? Я ж табе кажу: варта толькі пазваніць, і праз гадзіну газета з ягоным фотаздымкам будзе ў нас на стале.
    Альберт баяўся, што гэта будзе той самы Гезелер. Ён адмоўна пахітаў галавой, але Бразгот ужо набіраў нумар. Альберт зняў адводную трубку і, пачуўшы далёкі голас: «Суботні вечар» слухае», адразу зразумеў, што адказала дзяўчына, якая стаяла каля люстэрка. Але тут жа ён пачуў фразу, прамоўленую голасам другой тэлефаністкі: «Ты мела рацыю: пудынг — брыдота!»
    — Вы што, як мае быць уключыць не можаце? — раз’юшыўся Бразгот.— Я чую ўсё, што гавораць у вас на камутатары.
    Альберт паклаў адводную трубку.
    — Дастаўце мне суботні нумар «Весніка». Каб праз гадзіну быў тут. Няхай Велі на матацыкле прывязе. Ды не, не дадому, а сюды, на кватэру да Мухава. Запішыце адрас і тэлефон. Калі хто будзе пытаць, няхай пазвоняць сюды. Калі буду адыходзіць, я сам вам пазваню.— Ён паклаў трубку і, звяртаючыся да Альберта, сказаў:— Ну, давай расказвай.
    Было ўжо палова трэцяй. Хлопчык яшчэ не прыходзіў. Гэта хвалявала Альберта.
    — Летам тысяча дзевяцьсот сорак другога года здарылася гэта. Была раніца. Мы акапаліся на подступах да сяла Калінаўка. Наш узвод якраз прыняў новы лейтэнант. Ён перапаўзаў з акопа ў акоп, знаёміўся
    з людзьмі. Гэта і быў Гезелер. У нашай ячэйцы ён затрымаўся даўжэй, чым у іншых. Вакол цішыня.
    «Я шукаю двух талковых хлопцаў»,— сказаў ён нам. Мы прамаўчалі. «Двух талковых хлопцаў, зразумелі?»—паўтарыў ён. «Мы бесталковыя»,— сказаў Рай. «Ты, як бачна, талковы»,— засмяяўся Гезелер. ♦Мы ж з вамі на брудэршафт не пілі»,— адказаў Рай.
    Альберт замоўк. Яму здавалася, што ён лыжкай чэрпае смерць з кацялка. Навошта? Навошта ўсё гэта зноў расказваць? Трэба ж было гэтаму надарыцца, зноў невядома адкуль усплыў чалавек з прозвішчам Гезелер, да якога Бразгот прыраўнаваў Нэлу.
    — Гэты адказ,— праз сілу працягваў ён,— вырашыў лёс Рая. Гезелер паслаў нас у разведку. На такую справу мы былі абсалютна няздатныя. Усе гэта разумелі. Наш фельдфебель, які добра нас ведаў, спрабаваў адгаварыць Гезелера, і нават капітан, наш ротны, умяшаўся і спрабаваў давесці яму, што наўрад ці ўдасца нам такая рызыкоўная вылазка. Вёска быццам вымерла, і ніхто не ведаў, ці ёсць там рускія. Усе наперабой стараліся пераканаць Гезелера, але ён нікога не слухаў і толькі крычаў: «Я вас пытаю, выконваюць тут загады афіцэра або не?» Ротны і сам ужо не ведаў, як выблытацца з гэтай гісторыі.
    Альберт стаміўся, яму не хацелася ўспамінаць усе падрабязнасці.
    — Капітан, ведаеш, сам пабойваўся Гезелера і пачаў угаворваць нас. Ён сказаў, што, калі Гезелер паведаміць пра ўсё ў штаб батальёна, нас за невыкананне загаду пэўна паставяць да сценкі, а калі мы ўсё ж пойдзем у разведку, то, магчыма, усё яшчэ абыдзецца. I мы паддаліся на ўгаворы — гэта і было самае жахлівае. Мы не павінны былі саступаць, але ўсё ж саступілі. Усе аказаліся раптам наймілейшымі людзьмі — надавалі нам гару слушных парад; усе — і унтэры, і салдаты. I, мабыць, упершыню мы адчулі, што ўсе не гэтак ужо і кепска ставяцца да нас. Менавіта гэта і было самае жахлівае: усе ўгаворвалі нас, і мы саступілі і пайшлі ў разведку. А праз паўгадзіны больш чым палова роты было забіта або палонена. Гэтая праклятая Калінаўка была бітком набіта рускімі, і нам давялося даваць драла хто як мог. I знайшоў жа я час даць Гезелеру па мордзе! Пасля гэта здалося мне недарэчнасцю — як быццам можна аплявухай адпом-
    сціць за смерць Рая. Яна мне дорага абышлася, гэтая аплявуха,— я паўгода прасядзеў у ваеннай турме. Зразумеў цяпер, як усё гэта здарылася?
    — Так, зразумеў,— сказаў Бразгот.— Гэта вельмі на яго падобна.
    — He павінны мы былі саступаць,— сказаў Альберт.— Да гэтага часу не магу сабе дараваць. Ты зразумей,— гэта ж была асабістая нянавісць, якая не мела аніякага дачынення да вайны. Ён узненавідзеў Рая адразу ж, як толькі пачуў словы: «Мы ж на брудэршафт з вамі не пілі». А Рай, у сваю чаргу, яго не выносіў.
    — Ты ведаеш,— Альберт злёгку ажывіўся,— у нас з Раймундам на фронце ўжо так павялося — усіх новых камандзіраў мы класіфікавалі з гранічнай дакладнасцю. Рабіў гэта, уласна кажучы, Рай. Вось якую характарыстыку ён даў Гезелеру: «3 адзнакай скончыў гімназію. Заўзяты католік. Намерваўся вывучаць права, акрамя таго, лічыць сябе знаўцам мастацтва. Перапісваецца з палітыканствуючымі манахамі. Хваравіта прагны да славы».
    — Вось дык так! — усклікнуў Бразгот.— Ведаеш, я адчуваю, што час ад часу трэба чытаць вершы. Характарыстыка вычарпальная, павер мне. Гэта можа быць толькі ён! Ніякай фотакарткі нам не трэба.
    — Так, мабыць, не трэба, а вершы Рая табе і сапраўды не шкодзіла б прачытаць. Ён спадзяваўся ацалець і саступіў менавіта таму, што хацеў жыць. Яму цяжка было паміраць, бо ён саступіў такому чалавеку, як Гезелер... Паўсюль параскіданыя бляшанкі з-пад мармеладу з ягонай рыфмаванай рэкламай... Нацысцкія газеты расхвальвалі яго.
    — Пачакай, якія бляшанкі, пры чым тут нацысцкія газеты?
    — У тысяча дзевяцьсот трыццаць пятым годзе імя Рая пачало набываць папулярнасць у Германіі. У яго знайшлося многа апекуноў: бо спрыяць Раю было зусім бяспечна. У сваіх вершах ён пазбягаў непасрэдна гаварыць пра палітыку, але той, хто ўмеў іх чытаць, здагадваўся, пра што ў іх гаворка. Рая «адкрыў» Шурбігель, і нацысты адразу ўчулі, што яго вершы для іх смачны кавалак. Яны ж былі такія непадобныя на смярдзючыя віршыкі іхніх пісак. Вершы Рая можна было зрабіць ходкім таварам і даказаць такім чынам
    уласную шырыню поглядаў. Рай трапіў у жахлівае становііпча: нацысты нахвальвалі яго. Ён перастаў публікаваць свае вершы, ды і пісаць амаль што кінуў. У хуткім часе ён паступіў на фабрыку да свайго цесця. У поўнай адзіноце чарціў дыяграмы, што адлюстроўвалі, якія гатункі мармеладу спажываюць у пэўных мясцовасцях, хто іх спажывае і ў якой колькасці. Ён з галавой зашыўся ў гэтую работу, вывучаючы статыстыку спажывання. Даныя, якія паступалі з аддзела збыту, ён адлюстроўваў у дыяграмах, выкарыстоўваючы пры гэтым усе адценні чырвонага. Калі праходзіў чарговы партайтаг у Нюрнбергу або яшчэ якое нацысцкае зборышча, у Рая не хапала карміну. Калі я вярнуўся з Англіі, мы пачалі працаваць разам — малявалі плакаты і аб’явы, складалі рэкламныя вершыкі і лозунгі. Іх штампавалі на бляшанках з мармеладам, і мы пасля, у час вайны, раз-пораз натраплялі на іх. А Рай міжволі рабіўся знакамітасцю,— яны паўсюль вышуквалі ягоныя вершы і выдавалі іх, хоць ён і пісаў ім, што не жадае гэтага. Рай быў не ў сабе. Ён проста шалеў.
    — Ты ведаў раней Шурбігеля? — спытаў Бразгот. — Ведаў. А што?
    — Як ты лічыш, можа яна сысціся з гэтым Гезелерам?
    — He. Дарэчы, яна ведае, хто ён такі.
    — Як гэта «ведае»?
    — Яна неяк дзіўна гаварыла пра свой ад’езд, быццам на нешта намякала.
    — Куды яны паехалі?
    — У Брзрніх, на нейкі семінар.
    — Божа,— сказаў Бразгот,— як бы я хацеў паехаць туды зараз жа!
    — Кінь,— адказаў Альберт,— яна сама ведае, што трэба рабіць.
    — Так? Што яна можа зрабіць?
    — He ведаю, будзь унэўнены,— яна сама з ім справіцца.
    — Па мордзе яму б надаваць, ды што там па мордзе — пад зад каленам: лешпага ён не вартыі Я б яго проста прыбіў.
    Альберт прамаўчаў.
    — Хлапчанё мяне непакоіць. Уявіць сабе не магу, куды ён падзеўся. Ён жа ведае, што мы сёння ўвечары
    павінны паехаць разам. Ты есці хочаш?
    — Хачу,— сказаў Бразгот,— давай перакусім.
    — Хадзем.
    Яны пайшлі на кухню. Альберт паставіў на газ каструлю з тушанай капустай, дастаў салатніцу з халадзільніка. Нэла перад ад’ездам паспела замясіць цеста для блінцоў, нарэзаць сала для скварак і змалоць каву. Яна правяла дома тры дні, не запрашаючы гасцей. У доме ў гэтыя дні былі цішыня і парадак. Альберт утаропіўся на надпіс на сцяне: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік». Нечаканае з’яўленне Гезелера выбіла яго з раўнавагі. Ён баяўся сустрэцца з жывым Гезелерам; гаварьіць і думаць пра яго было лёгка. Але цяпер умяшаецца маці Нэлы, яна ўблытае ў гэтую гісторыю хлапчука. Бразгот стаяў каля яго і з выразам змрочнай рашучасці на твары глядзеў, як смажацца блінцы і злёгку падскокваюць завязлыя ў цесце скваркі.
    Кожны шоргат, што даносіўся з вуліцы, змушаў Альберта насцярожвацца. Ён добра ведаў хаду Марціна: хуткія, лёгкія крокі — у хлопчыка хада Рая. Альберт ведаў, як рыпіць садовая брамка, калі ў яе ўваходзіць Марцін,— ён толькі злёгку прачыняе яе. Нэла заўсёды расчыняе яе адным рыўком, і брамка грукае аб убіты ў зямлю калочак. Марцін жа прачыняе брамку толькі напалову і бачком уваходзіць у сад, і заўсёды гэта суправаджаецца звыклым шоргатам. Гэтага шоргату чакаў Альберт. На патэльні шыпела масла, глуха мармытала пара ў каструлі з капустай — усё гэта раздражняла Альберта, перашкаджала яму лавіць шаргаценне, што даносілася звонку. Ён зняў з патэльні першы гатовы блінец, паклаў яго на талерку Бразгота, прысунуў яму міску з салатай і сказаў: