Дом без гаспадара
Генрых Бёль
Выдавец: Беларусь
Памер: 285с.
Мінск 1996
«Спыніце машыну!» —ледзь не вырвалася ў яе.
Але яна змаўчала і толькі каля павароту зноў азірнулася. Віль цярпліва стаяў з прышчэпкамі ў руках, а маці Альберта, паставіўшы на дол ярка-жоўты кош, развешвала яго белую начную кашулю. Нэла з сумам глядзела на гэты сцяг міру, які застаўся далёка ззаду, пакуль дрэвы не схавалі яго.
— Цудоўныя мясціны,— сказаў ён.
— Цудоўныя,— пацвердзіла яна.
Ён зноў недаверліва зірнуў на яе. Магчыма, нешта ў яе голасе змусіла яго насцярожыцца. Але ўсмешка зноў усыпіла яго падазрэнні. Жаночая ўсмешка — цудадзейны бальзам, ад якога святлеюць насупленыя твары мужчын. ♦! зноў ззяе сонца, і зноў жыццё цудоўнае!» Гезелер наддаў газу, стрэлка спідометра падскочыла да сямідзесяці пяці. Ён упэўнена і лёгка браў крутыя павароты, і ўсё тыя ж кадры мільгалі на экране. «Наведайце замак Брэрніх, пярліну нямецкага барока ў маляўнічай даліне Брэра».
Унізе журчаў Брэр, вузенькая зялёная ручаінка, якая даўно ўжо перасохла б, калі б да яе не падводзілі ваду па падземнай бетоннай трубе. Няхай па-ранейшаму шуміць маляўнічы ручай, надаючы ідылічны выгляд акаляючым лясам і лугам. А вось і непазбежны вадзяны млын. Бадзёры грукат драўлянага кола — чуллівая мелодыя маляўнічай даліны Брэра.
— Божа мой, як прыгожа! — сказаў ён.
— Вельмі прыгожа,— згадзілася яна.
Недаверлівы позірк, гаючая ўсмешка, кадры змяняюць адзін аднаго. На імгненне Нэла нават забылася, што сядзіць каля Гезелера. Нуда зламіла яе, як раптоўная хвароба. Душачы пазяханне, яна праз сілу падтрымлівала «свецкую» гутарку: толькі б ён не заўважыў, як ёй нудна.
Але не, мяркуючы па ўсім, ён упэўнены, што ёй вельмі весела слухаць расповед пра тое, як у выніку
доўгіх і заблытаных інтрыг яму пашэнціла стаць рэдактарам у «Весніку».
Гезелер збавіў хуткасць. Па абодва бакі дарогі праплываў мірны вясковы пейзаж. Жывыя загародкі, каровы на лузе, свінні каля платоў. Да плаціны было ўжо недалёка — Брэр унізе раптоўна забурліў, быццам дзікая горная рачулка. Пэўна, наглядчык за плацінай павярнуў рычаг, і свежая вада хлынула ў ручай. Брэр прыняў чарговую порцыю вясковай ідыліі. Гэты фільм, як бачна, быў зняты вельмі добрасумленным і старанным аматарам. Шэрае святло, без паўтаноў. Пры гэткім асвятленні ўсё навокал здавалася плоскім, быццам ажылі раптоўна фотаздымкі ў нейкіх сумных альбомах. Цэлая гара альбомаў, і ўсе іх давядзецца перагартаць. Мярцвяна-шэрыя кадры, зафіксаваныя на плёнцы няўмелай рукой, што націснула на спускавую кнопку фотаапарата. Гэтакія ж шэрыя здымкі запаўнялі альбомы яе школьных сябровак. Пранумараваная нудота, альбомы, набітыя здымкамі, якія праяўлялі і друкавалі пыхлівыя фатографы на модных курортах. Ад Фленсбурга да Медыны, ад Кале да Карлсбада, на працягу ўсяго доўгага шляху ад адваго летняга курорта да іншага было ўвекавечана рашуча ўсё, што заслугоўвала ўвекавечвання. Нуда групамі, нуда Ў адзіночку, нуда фарматам 8 на 8 і фарматам 12 на 16, а дзе-нідзе нуда ў партрэтным фармаце. Вось яна — Лота на беразе Медынскага заліва, фармат 18 на 24. Гэта — у альбоме № 12, які адлюстроўвае дзявоцтва Лоты ад выпускнога экзамена да заручын. За ім ідзе альбом № 13 — о, мы не прымхлівыя,— цалкам прысвечаны вяселлю і вясельнаму падарожжу Лоты. Нуда пад вэлюмам і без вэлюму, нуда цнатлівая і нуда пазбыўшыся цнатлівасці. «А вось і тата Бернгарда! Ты яго ўжо бачыла?» — «Не».— «Ды што ты?!» Нікому не вядомы весялун, увекавечаны ў фармаце 6 на 8. Ну, а ў альбоме № 14, вядома, цудоўны малы. Міла, Божа, як міла! Адважная рука генія адрэтушавала здымак і нанесла выразныя шэрыя цені на тварык немаўляці.
Ён, зразумела, спыніць машыну ў самай маляўнічай мясціне, палезе цалавацца, затым выцягне «лейку» з партфеля. Яшчэ адзін здымак для альбома: Нэла на развілку дарог. Унізе бачны Брэр, справа плаціна ў лесе, ціхае возера — суцэльная ідылія. Вёска
ў даліне, вежа старой царквы ўся ў барочных выкрутасах і гэтакі ж старадаўні шынок «Блакітная свіння».
— Як, вы не ведаеце, адкуль пайшла гэтая назва? Вось паслухайце...
Непазбежны гістарычны анекдот, затым зноў пацалунак, яны выходзяць з машыны, наведзены апарат.
Гатова! Шчоўкнуў і барочную царкву, і «Блакітную свінню»...
Цуд здарыўся. Хутка з фоталабараторыі прынясуць пачак нудоты вызначанага фармату.
— Як тут міла! Ці не праўда?
— Але, вельмі міла.
Нэла часта праязджала па гэтай дарозе, да вайны — з мужам, у апошнія гады — з Альбертам, і ніводнага разу яшчэ ёй не было тут нудна. Нават царква і «Блакітная свіння» не наганялі на яе нуды. Але зараз яе так адольвае нуда, што яна болып не мае сілы стрымліваць сябе. Раздражненне неўтаймоўна нарастае,— гэтак паўзе ўверх ртутны слупок тэрмометра ў спякотны летні дзень.
— Спыніце машыну,— рэзка сказала яна,— я выйду, падыхаю свежым паветрам!
Ён затармазіў. Нэла выйшла з машыны, але не паспела яна прайсці і два крокі ў накірунку лесу, як пачула за спіной шчаўчок і, азірнуўшыся, убачыла Гезелера, які стаяў каля машыны з «лейкай» у руках.
Яна падышла да яго і ціха сказала:
— Ану дайце мне плёнку.
Ён тупа паглядзеў на яе.
— Плёнку дайце, дастаньце касету!
Высока ўзняўшы бровы, Гезелер марудна адчыніў апарат, выняў касету і падаў яе Нэлі. Яна выцягнула з касеты плёнку і парвала яе на кавалачкі.
— He выношу здымацца,— спакойна сказала яна,— глядзіце не ўздумайце болып здымаць мяне.
Яны зноў селі ў машыну, Нэла крыху павесялела і крадком назірала за Гезелерам. Твар яго набыў упарта-пакрыўджаны выраз, ён нават крыху надзьмуў вусны.
Так і ёсць. Ён спыніў машыну на развілку дарог, адкуль можна было палюбавацца перасыхаючым Брэрам, барочнай царквой і «Блакітнай свіннёй». Пахлапечы гуляючы фотаапаратам, які боўтаўся у яго на
грудзях, ён прамовіў менавіта тыя словы, якіх яна чакала.
— Ну, хіба не чароўна тут!
— Так, вядома,— сказала яна,— а што, доўга яшчэ ехаць да замка?
— 3 паўгадзіны,— адказаў ён,— вы ведаеце Брэрніх?
— Так, я некалькі разоў была там.
— Як гэта мы з вамі там не сустрэліся? За апошні месяц я двойчы быў у Брэрніху.
— Я ўжо год там не была.
— Ах, вось як? Тады зразумела — я ж тут усяго два месяцы.
— А што вы рабілі да гэтага?
— Вучыўся. Прыйшлося перавучвацца наноў.
— Вы доўга служылі ў войску?
— Так,— адказаў ён,— чатыры гады. Пасля шэсць гадоў замежжа: я ж не меў грамадзянскай прафесіі. Толькі зараз я пачынаю жыць па-чалавечы.
— Жыць? — перапытала яна.— Вы ж, мабыць, гадоў дваццаць восем жывяце на свеце?
— He, амаль што трыццаць два,— усміхнуўся ён.— Дзякую за камплімент.
— Гэта не камплімент, а звычайная цікаўнасць. Я так і ведала, што вы скажаце, колькі вам гадоў на самай справе. Вы ж не хацелі б выглядаць старэйшым, ці не так?
— Дзеля вас я з задавальненнем накінуў бы сабе гады са два.
— Навошта? — суха запытала яна, абыякава глянуўшы на «Блакітную свінню», якая грэла на сонцы свой наноў пабелены, свежапафарбаваны фасад.
— Тады я быў бы на чатыры гады старэйшым за вас.
— Якія складаныя кампліменты,— стомлена сказала яна.— Але вы памыляецеся, мне ўжо трыццаць сем.
He, гэта не падобна на паядынак мацёрага бандыта з вопытным следчым. Нешта такое зведвае, мабыць, паліцэйскі чыноўнік, калі дапытвае дробнага зладзюжку.
— Калі і камплімент, то ненаўмысны,— сказаў ён,— вы сапраўды выглядаеце маладзей за свае гады.
— Ведаю.
— Дык што, можа, паедзем далей?
— Паедзем. Толькі, крый Божа, не спыняйцеся ні каля царквы, ні каля «Блакітнай свінні».
Ён з усмешкай глянуў на яе. Нэла змаўчала — дарога перад самым уездам у вёску рабіла крутую пятлю. Гезелер лёгка ўзяў паварот, і яны павольна паехалі па вуліцах мястэчка.
— Забаўная гзтая гісторыя пра «Блакітную свінню», хіба не так? — сказаў ён.
— Пацешная! — згадзілася яна.
Фільм працягваўся — тыповая рэклама бюро падарожжаў.
Лугі, каровы, чыста паголены трэццеразрадны акцёрчык у галоўнай ролі, рэжысуе загадчык аддзелам рэкламы ў бюро падарожжаў — сам быў акцёрам у маладыя гады. А яна? О, яна — кіназорка, якой добра заплацілі за ўдзел у здымках. Фільму патрэбна прыманка! Мірны вясковы пейзаж — як бясплатны дадатак. 3 кінакамерай — аператар-дылетант, на кароткатэрміновых аматарскіх курсах яго лічылі здольным хлопцам. Ёй ніяк не ўдаецца абарваць надакучліва мільгаючыя кадры гэтага рэкламнага фільма і ўзнавіць у памяці іншыя кадры: ні фільм, напоўнены ўспамінамі, ні яго другую серыю — непражытае жыццё. Жыццё без баласту, дзеці, свая рэдакцыя, бутэлькі з пярэстымі этыкеткамі ў халадзільніку, Альберт — верны сябра дома. Глума і Больды не было ў гэтым фільме, затое з’явіліся прыгатаванцы 1950 і 1958 гадоў, незачатыя і ненароджаныя дзеці. Яна пакутліва спрабуе ўзнавіць у памяці воблік Рая і зноў распаліць сваю нянавісць. Але памяць падсоўвае толькі шэрыя кадры, цьмяныя, нерухомыя клішэ: італьянскія вёсачкі з рэкламных праспектаў, і на гэтым фоне Рай, быццам турыст, што збіўся з дарогі. Раптам рэчаіснасць урываецца ў мары: яна адчула на сваім плячы руку Гезелера і спакойна сказала: «Прыміце руку!» Ён прыняў руку, і яна марна чакала, што ў душы ўспыхне ранейшая нянавісць.
Успомні, успомні — Авесалом Біліг, растаптаны на цэментнай падлозе. Рай, які ніколі не вернецца, яго забілі, прынеслі ў ахвяру прынцыпу, аўтарытэту камандзіра. Але Рай не прыходзіць — памяць маўчыць. Былая нянавісць не вяртаецца, і толькі пазяханнем крывіць рот. Зноў легла на яе плячо рука Гезелера, зноў яна сказала гэтак жа спакойна: «Пры-
міце руку!» — і ён зноў прыняў руку. I гэта ён называў «жыць па-чалавечы»? Паціскаць жанчыну ў машыне, затым пацалаваць яе на лясной ускраіне... А з галля глядзіць на закаханую парачку пужлівая лань, глядзіць і быццам пасмейваецца. Лань, якая смяецца,— знаходка аператара!
— Кіньце! — сказала яна.— I не спрабуйце больш. Гэта нудна. Раскажыце лепш, на якіх франтах вы ваявалі?
— He люблю ўспамінаць пра гэта. Спрабую забыць, і гэта мне ўдаецца. Што было, тое прайшло.
— Але на якіх франтах вы былі, гэта, спадзяюся, вы помніце?
— Амаль на ўсіх. На Усходнім, на Заходнім, на Паўднёвым. Толькі на Паўночным не давялося пабыць. Пад канец вайны я быў у арміі Эрвіна.
— У якой арміі? У каго? — перапытала яна.
— У Эрвіна Ромеля. Хіба вам незнаёмае гэта імя?
— Імёны генералаў, прызнацца, мяне ніколі не цікавілі.