• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дом без гаспадара  Генрых Бёль

    Дом без гаспадара

    Генрых Бёль

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 285с.
    Мінск 1996
    64.15 МБ
    Бразгот здолеў прачытаць ярка-жоўты надпіс на блакітным кардоне: «Дамашнія локшыны Бамбергера».
    Альберт вярнуўся з кухні, не зачыніўшы за сабой дзвярэй, і Бразгот заўважыў, што кухня вельмі вялікая. Сцены абкладзеныя белай кафляй, а на ёй мазаіка з маленькіх чорных плітак, якая выяўляе розныя сімвалы кулінарнага мастацтва,— палонікі, каструлі, скавароды, велізарныя ражны, і сярод гэтых узораў красуецца надпіс: «Шлях да сэрца мужчыны праходзіць праз яго страўнік».
    — Гэта яе муж-паэт на партрэце? — спытаў Бразгот.
    — Ды ты паглядзі адсюль, так лепш бачна.
    Мякка ўзяўшы Бразгота за плячо, Альберт павярнуў яго тварам да люстэрка, якое па намеры было гэтакім жа, як і партрэт. Бразгот задумліва глядзеў на партрэт у люстэрку, на кавалак блакітнага кардону з перавернутымі жоўтымі літарамі. Люстэрка адбівала яго і Альберта, іх стомленыя твары і парадзелыя валасы. Зірнуўшы адзін на другога, яны ўсміхнуліся.
    — Пачакаем з абедам, пакуль не прыйдзе хлопчык,— сказаў Альберт.— А пакуль што вып’ем.
    Яны прайшлі ў пакой Альберта, прасторны і светлы, з высокай столлю. Каля сцяны стаяў ложак, насупраць яго — рабочы стол. Стол быў вялізны, але паміж ім і ложкам заставаўся яшчэ шырокі праход.
    Каля самага акна стаяла кушэтка, каля яе шафа, крэсла і столік з тэлефонам.
    Альберт дастаў з шафы кілішкі, бутэльку каньяку і паставіў на стол.
    Бразгот сеў і закурыў. Усё навокал дыхала спакоем. Дом і сад патаналі ў глыбокай дрымотнай цішыні. Даўно ўжо ён не адчуваў такой асалоды. Яму тут было добра, і маючая адбыцца гаворка з Альбертам пра Нэлу ўзбуджала ў ім радаснае прадчуванне. Пакуль Альберт наліваў кілішкі, Бразгот падняўся, падышоў да акна і расчыніў яго. Аднекуль здалёк пачуліся дзіцячыя галасы і смех. Па вясёлых крыках дзяцей можна было адразу здагадацца, што яны пялёхаюцца ў вадзе. Бразгот вярнуўся да стала, сеў насупраць Альберта і прыгубіў наліты кілішак.
    — Добра ў цябе тут,— сказаў ён,— як хочаш, а я пасяджу тут да тае пары, пакуль ты мяне не прагоніш.
    — Ну і сядзі сабе на здароўе.
    — Мне толькі трэба будзе яшчэ пазваніць у рэдакцыю, пазней, гадзіны ў чатыры.
    — Адгэтуль і пазвоніш.
    Альберт увесь час сачыў за Бразготам і жахнуўся, калі заўважыў выраз дрэнна схаванага адчаю і адсутнасці на ягоным твары, які вельмі нагадаў яму Шэрбрудэра, які дваццаць гадоў таму застрэліўся з-за безнадзейнага каханвя да Нэлы. У той час Нэла была адказнай за правядзенне вечароў адпачынку ў саюзе германскіх дзяўчат і пасябравала з Шэрбрудэрам, які ладзіў такія ж вечары ў саюзе гітлераўскай моладзі. Шэрбрудэру толькі што споўніўся дваццаць адзін год, ён скончыў настаўніцкую семінарыю і атрымаў месца настаўніка малодшых класаў у адной з навакольных вёсак. У прыгарадным гаі, што акружаў руіны старой крэпасці, Шэрбрудэр знайшоў магутны, разгалісты дуб. Па ягонай указцы вакол дуба ссеклі некалькі дрэў і расчысцілі невялікую паляну. Ён назваў яе «Цінгам»1, прыводзіў сюды дзяцей са сваёй школы, ладзіў з імі гульні, развучваў песні. Шчуплы і цемнавалосы, Шэрбрудэр быў падобны на цыгана. Няцяжка было здагадацца, што ён бы аддаў правую руку на адсячэнне за бялявыя валасы. А ў Нэлы валасы былі светлыя, залацістыя. Яна была падобная на тып герман-
    1 Вечавая плошча ў старадаўніх германцаў.
    скіх жанчын з расісцкіх часопісаў, толькі нашмат цікавейшая за іх. Шэрбрудэр данёс на Рая і Альберта мясцовым штурмавікам, якія зрабілі у старой крэпасці, паблізу ягонага «Цінга», невялікі, амаль прыватны канцлагер. Іх пратрымалі там тры дні, дапытвалі, збівалі. Да гэтага часу Альберту, бывала, сніліся змрочныя казематы крэпасці, дзікія крыкі катаваных, якія рэхам адгукаліся пад скляпеннем. Плямы разлітага супу разам з плямамі крыві на бетоннай падлозе, п’яны рык штурмавікоў, якія збіраліся ўвечары на кухні, дзе зняволеныя абіралі бульбу. У рэдкія хвіліны зацішша сюды з шэрбрудэраўскага «Цінга» даносілася песня «Наперад, блакітныя драгуны!».
    Альберта і Рая пратрымалі ў старой крэпасці ўсяго тры дні. Бацька Нэлы, які пастаўляў мармелад у вялікі летні лагер «Гітлер-югэнд» бліз горада, вызваліў іх адтуль.
    Яны зразумелі, што ўсё гэта адбылося з-за Нэлы, але сама яна ніколі не гаварыла пра свае адносіны з Шэрбрудэрам.
    I пасля іх вызвалення Шэрбрудэр усё яшчэ не мог забыць Нэлу; неяк яны бачылі яго ў кафе, у марожаншчыка Генэля. Альберт запомніў выраз страснай закаханасці на твары Шэрбрудэра, такі ж, як зараз на твары Бразгота.
    — Выпі яшчэ,— сказаў ён Бразготу.
    Той наліў сабе кілішак і выпіў.
    Шэрбрудэр застрэліўся пад дубам на «Цінгу» ноччу на 22 чэрвеня, пасля святкавання летняга сонцастаяння. Яго знайшлі раніцай два школьнікі. Яны прыйшлі на «Цінг», каб раздзьмуць на тлелых галавешках начнога кастра новае вогнішча і спаліць галлё, якое засталося. Кроў з прастрэленай скроні Шэрбрудэра сцякала на ягоную сінюю форменную гімнасцёрку, і сукно прыняло фіялетавае адценне.
    Бразгот трэці раз наліў кілішак.
    — Неразумна так улюбляцца ў мае гады! — сказаў ён хрыпла.— Але я вось закахаўся і нічога не магу з сабой зрабіць.
    Альберт кіўнуў. Ён думаў зусім пра іншае. Яму ўспомніўся Авесалом Біліг, якога замучылі ў змрочным каземаце праз некалькі месяцаў пасля самазабойства Шэрбрудэра. I адразу ж яму прыйшло ў голаў, што ён забыўся пра многія рэчы, ён нават не даду-
    маўся звадзіць хлопчыка ў старую крэпасць,— паказаць яму засценак, дзе тры дні запар катавалі ягонага бацьку.
    — Мне хочацца слухаць пра яе,— сказаў Бразгот.
    Альберт паціснуў плячамі. Які сэнс расказваць Бразготу пра ўтрапёную, няўстойлівую натуру Нэлы! Пакуль Рай быў жывы, яна трымалася малайцом, але, калі Альберт вярнуўся з фронту, ён быў уражаны тым, як Нэла надломлена. Часам на яе находзілі прыступы набожнай пакоры. Гэта доўжылася месяцамі; яна ўставала на досвітку, каб трапіць на ютрань, праз усю ноч чытала жыццяпісы схімнікаў. Затым раптоўна яна зноў упадала ў апатыю, цэлымі днямі не ўставала з ложка або праводзіла час у пустой балбатні з гасцямі і была надта задаволеная, калі сярод гасцей надараўся хоць крыху прыстойны паклоннік. Яна хадзіла з ім у кіно, у тэатр. Часам Нэла на некалькі дзён з’язджала з мужчынамі. Вярталася падаўленая, разбітая і плакала наўзрыд, запёршыся ў сваім пакоі.
    — Адкуль ты даведаўся, што яна з’ехала? — спытаў Альберт.
    Бразгот прамаўчаў. Альберт уважліва глядзеў на яго. Бразгот пачынаў раздражняць яго. Ён не выносіў, калі мужчына, расчуліўшыся, пачынае, як кажуць, раскрываць душу. А Бразгот, мяркуючы па ўсім, гатовы пачаць гэта. Ён быў падобны зараз на валацугу з фільма. Буйны план — хаціна ў джунглях, абвітыя ліянамі стваліны. Валацуга сядзіць на ганку. Малпа скача з галіны на галіну і кідае ў валацужніка бананамі. Валацуга кідае ў малпу парожнюю бутэльку з-пад віскі, і малпа з пранізлівым віскатам хаваецца ў густым лісці. Затым дрыжачымі рукамі валацуга адкаркоўвае новую бутэльку віскі і п’е з горлачка. У гэты момант з’яўляецца другая дзейная асоба, і бадзяга пачынае свой роспавяд. Яго суразмоўнік — урач, або місіянер, або паважаны купец — заклікае валацужніка «пачаць новае жыццё». I вось тут, зрабіўшы страшэнны глыток, валацуга раве сіплым голасам: «Новае жыццё?» — і рагоча д’ябальскім смехам. Затым ён усё тым жа сіплым голасам расказвае доўгую гісторыю пра жанчыну, якая «давяла яго да жыцця такога». Сіплы голас, наплыў. Буйным планам — здзіўлены твар урача, місіянера або паважанага купца. I чым меней віскі застаецца ў бутэльцы, тым гру-
    бейшым робіцца голас бадзягі, тым бліжэй канец фільма.
    Аднак Бразгот усё яшчэ маўчаў, хоць выпіў ужо шэсць кілішкаў запар і добра-такі асіп. Раптам ён устаў, перасек пакой і, спыніўшыся каля акна паміж пісьмовым сталом і ложкам, пачаў задумліва церабіць ружовую занавеску. Цяпер ён ужо не быў падобны на валацугу, гэта быў разумны, абаяльны герой з выдатна знятага, зробленага па выдатным сцэнарыі фільма. Менавіта ў такой позе героі падобных фільмаў у сентыментальным настроі стаяць каля акна, збіраючыся адкрыць некаму душу.
    Альберт наліў кілішак і вырашыў скарыцца сваёй долі. Хлопчыка ўсё яшчэ не было,— гэта трывожыла яго. Бразготу непакоіцца няма чаго. Мужчыны такога складу заўсёды падабаліся Нэлі: «разумны і мужны твар», нядбайна апрануты. Праўда, цяпер непадыходзячы момант, але трэба думаць, настрой у яе хутка зменіцца. На Нэлу часам находзіла. Штогод на пэўны час яна захаплялася зносінамі з разумнымі і адукаванымі манахамі, падоўгу гутарыла з імі пра рэлігію. Гэтыя гутаркі, чаруючыя і пачуццёвыя, праходзілі звычайна ў вялікім светлым пакоі ля каміна за бутэлькай добрага віна, да якога падаваліся асаблівыя гатункі пячэння. Добрыя карціны сучасных мастакоў стваралі неабходны фон. Нэла цешылася кампаніяй прыгажуноў манахаў з палаючымі вачыма. У параўнанні з усімі іншымі манахі мелі адну перавагу. У сваіх сутанах яны выглядалі нашмат разумнейшымі і значнымі, чым былі на самай справе.
    Альберт усміхнуўся. Ён падумаў пра тое, што ён вельмі прывязаны да Нэлы і з радасцю чакае яе вяртання.
    — Добра табе ўсміхацца,— пачуўся ад акна голас Бразгота,— а я месца сабе не знаходжу. Я, мабыць, пагадзіўся б з роляй безнадзейна закаханага, калі б не сустрэў яе сёння раніцай...
    — Ты бачыў, як яна ад’язджала?
    — Так, з адным тыпам, якога я не выношу. Я ўзненавідзеў яго яшчэ да таго, як сустрэў іх разам.
    — Хто ён? — машынальна запытаў Альберт, адчуваючы, што Бразгот не можа абысціся без суразмоўніка.
    — Гэта нейкі Гезелер,— са злосцю сказаў Бразгот.— Ты яго ведаеш?
    — He.
    Раней адно гэтае імя выклікала ў Альберта лютую нянавісць. Але цяпер ён толькі ўздрыгнуў... Яму раптам зрабілася зразумелым, на што намякала Нэла, калі гаварыла пра «задуманую справу».
    — He, ты ўсё ж ведаеш яго,— сказаў Бразгот і зноў падышоў да стала.
    Па ягоным твары Альберт зразумеў, як выглядаў ён сам, калі пачуў імя Гезелера.
    — He зусім так. У свой час я ведаў аднаго Гезелера — жудасная свалата.
    — У тым, што ён свалата, у мяне няма сумнення,— сказаў Бразгот.
    — Чым ён займаецца? — спытаў Альберт.
    — Нейкая скаціна з католікаў. Прамышляе ў галіне культуры. Вось ужо тры тыдні, як ён працуе ў рэдакцыі «Весніка».
    — Дзякуй за камплімент,— сказаў Альберт,— я, між іншым, таксама католік.