• Газеты, часопісы і г.д.
  • Дом без гаспадара  Генрых Бёль

    Дом без гаспадара

    Генрых Бёль

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 285с.
    Мінск 1996
    64.15 МБ
    — Ну чаму вы такая злосніца?
    — Злосніца? Вы быццам з дзяўчынкай размаўляеце: злая дзяўчынка-ўпора, не падае цётцы ручку — у кут яе! Зрэшты, вы, можа, не ведаеце, што мой муж загінуў на фронце?
    — Ведаю,— сказаў ён,— патэр Віліброрд мне расказваў. Ды і хто гэтага не ведае. Прабачце мне.
    — Што мне вам прабачаць? Што майго мужа прыстрэлілі? Шлёпнулі, і кропка! Перарэзалі стужку кінафільма, якому суджана было ўвасобіцца ў жыццё, ён застаўся нязбыўнай марай, абрыўкі стужкі валяюцца недзе ў архіве. Паспрабуй жа склей іх! Пасля ўсяго гэтага не так ужо і важна памятаць імёны генералаў.
    Гезелер доўга маўчаў. Шанавальнае маўчанне! Назіраючы за ім збоку, яна зразумела, што ён думае пра вайну: успамінае суровыя гады нягод, франтавое сяброўства, Эрвіна.
    — Як называецца ваш даклад?
    — Мой даклад? «Перспектывы развіцця сучаснай лірыкі».
    — Вы будзеце гаварыць пра майго мужа?
    — Канешне! — адказаў ён.— У нашы дні нельга гаварыць пра лірыку, не гаворачы пра вашага мужа!
    — Мой муж быў забіты пад Калінаўкай,— сказала
    яна і, глянуўшы на яго са здзіўленнем і расчараваннем, выявіла, што не адчувае аніякага хвалявання. Ніводзін мускул не ўздрыгнуў і на ягоным твары.
    — Так, я ведаю,— сказаў ён.— Дзіўна, я ж таксама быў у тых мясцінах. Летам тысяча дзевяцьсот сорак другога года я ваяваў на Украіне! Дзіўна, ці не так?
    — Так, дзіўна,— сказала яна.
    Ёй раптам захацелася, каб ён аказаўся толькі цёзкам таго, сапраўднага Гезелера.
    — Забыў, усё забыў,— паўтарыў ён.— Я ўпарта праганяў з памяці вайну. Вайну трэба забыць!
    — Так, забыць,— сказала яна.— Забыць усё — удоў і сірот, кроў і бруд, клопаты — і пракладваць шлях у светлую будучыню. Упэўненасці не хопіць — возьмем пазыку ў Крэдытным банку. Забудзем вайну, але абавязкова запомнім імёны генералаў!
    — Ах ты, Божа мой, ну што тут асаблівага? Здараецца часам — скажаш слова на жаргоне тых гадоў.
    — Сапраўды,— сказала яна,— гэта якраз жаргон тых гадоў.
    — Хіба гэта настолькі ўжо кепска?
    — Кепска! Кепскія хлопчыкі — так гавораць пра гарэз, якія цягаюць яблыкі з чужога саду. Але для мяне гэта горш, чым «кепска», калі я слухаю ваш «жаргон таго часу». Мой муж ненавідзеў вайну, і я не дам ніводнага верша для вашай анталогіі, калі вы не возьмеце ў дадатак адно з яго пісьмаў, тое, якое выберу я сама. Ен ненавідзеў вайну, ненавідзеў генералаў і ваеншчыну, і я павінна была б ненавідзець вас. Але, дзіўная рэч, вы толькі наводзіце на мяне нуду.
    Гезелер усміхнуўся.
    — Навошта ж вам ненавідзець мяне? — спытаў ён.
    Голас яго прагучаў самотна, і твар набыў той пакутлівы выраз, які цалкам задаволіў бы пастаноўшчыка аматарскага спектакля.
    — Я ненавідзела б вас, калі б са смерцю мужа не абарвалася і маё жыццё. Я хачу аднаго — уваскрасіць яго нянавісць, жыць яго нянавісцю. Бо калі б ён ведаў вас у тыя гады або цяпер, усё роўна, ён проста даў бы вам аплявуху. Я павінна была прадоўжыць яго справу, дзейнічаць і думаць так, як ён вучыў мяне,— сцябаюць па шчоках людзей, якія забыліся пра вайну, але як слінявыя гімназісты з трапятаннем вымаўляюць імёны генералаў.
    Гезелер маўчаў. Нэла бачыла, як ён моцна сціснуў вусны.
    — Былі б вы, урэшце, болып сумленнымі! Адкрыта ўсхвалялі б вайну, не тоячыся ігралі б сваю ролю азлобленых гора-заваёўнікаў. Але робіцца проста жахліва, калі вы, менавіта вы, чытаеце даклады «пра перспектывы развіцця сучаснай лірыкі».
    Гезелер збавіў хуткасць. Замак быў ужо блізка. У густой лістоце мільгануў барочны павільён. Над ім заўсёды кружылі галубы, тлустыя, адкормленыя бутэрбродамі экскурсантаў.
    Вось і скончыўся рэкламны фільм, зняты бяздарным аматарам. Асвятленне нічога не вартае, і нават «хэпі энд» не атрымаўся. Традыцыйны «пацалунак у дыяфрагму» на фоне Брэрніхскага замка не адбудзецца. Яна захацела хутчэй вярнуцца дадому, зайсці ў кафэ да марожаншчыка Генэля, убачыць усмешлівага Луіджы, пачуць пласцінку, якую ён заўсёды ставіць, як толькі яна заходзіць у кафэ, і чакаць імгнення, калі скончацца апошнія такты мелодыі. Яе пацягнула да Альберта, да Марціна, і яна пашкадавала, што назаўсёды знік той уяўны Гезелер, якога можна было ненавідзець.
    Дробны кар’ерыст, які сядзеў каля яе, не выклікаў у яе нянавісці. Хіба гэта той чорны чалавек, змрочны зладзей, чый вобраз маці яе спрабавала пасяліць ва ўяўленні дзіцяці? Фанабэрысты, дробязны, зусім не дурны. Такі зробіць кар’еру.
    — Я выйду тут,— загадала яна.
    Ён спыніў машыну, не гледзячы на яе. Яна адчыніла дзверцы.
    — Чамадан няхай занясуць у мой пакой.
    Ён кіўнуў. Нэла паглядзела на яго збоку, марна чакаючы, што ў душы яе абудзіцца спагада да яго, гэтак жа марна, як толькі што чакала ўспышкі нянавісці.
    Патэр Віліброрд ужо набліжаўся да яе з раскінутымі рукамі.
    — Нэла! — усклікнуў ён.— Нарэшце! Выдатнае месца мы выбралі гэтым разам для семінара, праўда?
    — Так, выдатнае,— адказала яна.— Што, паседжанне пачалося ўжо?
    — Даўно ўжо. Шурбігель толькі што прачытаў бліскучы даклад. Усе з нецярплівасцю чакаюць Гезелера.
    Гэта ягоны дэбют у нашым коле.
    — Правядзіце мяне ў мой пакой,— сказала Нэла. — Хадзем, я правяду вас,— прапанаваў патзр.
    Яна бачыла, як Гезелер падымаўся па шырокай лесвіцы з партфелем і яе чамаданам у руках. Але калі яна з патэрам Вілібрордам падышла да дзвярэй, Гезелера ўжо не было, а чамадан яе стаяў каля каморкі швейцара.
    15
    Кандуктарскай фуражкі на вешалцы не было. У прыхожай пахла булёнам і падгарэлым маргарынам. Генрых заўсёды смажыў бульбу на маргарыне. На верхнім паверсе фрау Барусяк спявала «Зялёны грудочак на роднай магілцы». Голас у яе быў чысты, прыгожы, ён ліўся зверху, быццам ласкавы летні дождж. Марцін паглядзеў на вышчарбленую сцяну — невядомы пісаў на ёй тое самае слова не менш за трыццаць разоў. Свежая драпіна пад газавым лічыльнікам сведчыла пра тое, што зусім нядаўна тут зноў прайшло нямое адзінаборства. Унізе, у сталярнай майстэрні, глуха вуркатаў стругальны станок. Дамашні, мірны гром, ад якога заўсёды дрыжалі сцены. Часам гук рабіўся болып рэзкім. Станок амаль што трашчаў, калі абгабляваная дошка вылузвалася з ягонай пашчы. Як толькі сціхаў стругальны станок, пачынаў віскліва скуголіць такарны. Лямпа ў прыхожай безупынку хісталася. А зверху даносіўся прыгожы моцны голас, які ліўся быццам Божы дар. Акно ў двор было шырока расчынена. Унізе гаспадар майстэрні разам са сваім вучнем складваў дошкі ў штабель. Вучань, малады хлопец, ціхенька насвістваў, уторачы фрау Барусяк. Насупраць, у глыбіні двара, грувасціліся руіны дома, які згарэў падчас бамбёжкі. Тырчала толькі пярэдняя сцяна, з зеўрамі праёмаў акон, і праз крайняе з іх, правае, быў бачны самалёт, які пралятаў. За ім цягнуўся даўжэзны транспарант. Вось самалёт знік за прасценкам між вокнамі, але неўзабаве зноў паказаўся ўжо ў праёме другога акна. Маленькі і шэры, ён плыў у блакітным небе, цягнучы ад праёма да праёма свой доўгі шлейф, быццам страказа з неймаверна цяжкім хвастом. Затым ён паляцеў далей і, змяніўшы
    накірунак, марудна папоўз да званіцы; цяпер Марцін змог разабраць надпіс на транспаранце. Ён чытаў яго слова за словам, па меры таго, як самалёт, разварочваючыся, выцягваў з-за сцяны свой доўгі хвост. Ці гатовы ты да ўсяго?
    Фрау Барусяк усё яшчэ спявала. Голас быў глыбокі, моцны. Калі фрау Барусяк спявала там наверсе, Марцін ясна бачыў яе, быццам яна стаяла вось тут, каля яго. Бялявая, зусім светлая, яна была падобная на маму, толькі крыху паўнейшая. Тое слова здавалася немагчымым у яе вуснах. Муж яе таксама загінуў на вайне — раней яе звалі фрау Горн. Зараз у яе быў другі муж, пан Барусяк, паштальён, які разносіў грашовыя пераводы. Яна па-сапраўднаму выйшла замуж, гэтак жа, як і маці Грэбхакэ выйшла замуж за пана Зобіка. Пан Барусяк быў такі ж добры, як і яна. Ён прыносіў часам грошы дзядзьку Альберту і маме. Дзеці ў фрау Барусяк былі ўжо вялікія. Старэйшага звалі Рольф Горн. Гэта ён развучваў літургію са служкамі. Марціну ўспомніўся надпіс на мармуровай дошцы, якая прыбіта да сцяны царквы: «Петэр Канізіус Горн. Забіты ў 1942 г.». На той жа дошцы, толькі вышэй, быў і другі надпіс: «Раймунд Бах. Забіты ў 1942 г.». Марцін счакаў, пакуль змоўк унізе стругальны станок, і прыслухаўся. Бывала, Леа адносіў сваю фуражку ў пакой. Але за дзвярыма не чутно ні гуку — значыцца, Леа яшчэ не прыйшоў. Марцін адышоўся ад акна і, крыху счакаўшы, піхнуў дзверы.
    — Ой, гэта ты! — ускрыкнуў Генрых.— А дзядзька Альберт цябе паўсюль шукае!
    Генрых сядзеў за сталом і нешта пісаў; перад ім ляжаў аркуш паперы, у руцэ ён сціскаў аловак, і выгляд у яго быў вельмі важны. Адарваўшыся ад сваёй работы, ён спытаў:
    — Ты ўжо паспеў забегчы дадому?
    Марцін не выносіў, калі Генрых напускаў на сябе важнасць, а рабіў ён гэта даволі часта, калі гаварыў яму: «Ну што ты ў гэтым разумееш?» I Марцін выдатна разумеў, што ён мае пры гэтым на ўвазе грошы. Скажам, у грашах ён сапраўды нічога не разумее, але ўсё ж ён не выносіў, калі Генрых так задаваўся. Твар ягоны набываў тады нейкі асаблівы грашовы выраз.
    — He,— адказаў Марцін,— я яшчэ не быў дома.
    — Тады зараз жа ідзі дадому. Дзядзька Альберт ведаеш як хвалюецца?
    Марцін моўчкі хітнуў галавой і падышоў да Вільмы, якая выпырхнула насустрач яму са свайго кутка.
    — Ну і свіння ж ты,— сказаў Генрых,— проста свіння!
    Ён зноў нахіліўся над сваім аркушам. Вільма тым часам занялася з ранцам Марціна. Марцін сеў проста на падлогу каля дзвярэй і ўзяў Вільму да сябе на калені. Яна засмяялася, саслізгнула на падлогу, учапілася за раменьчык ад ранца і адцягнула яго ўбок. Марцін стомлена назіраў за ёй. Вільма паспрабавала адкрыць ранец, яна торгала за раменьчык, але не магла выцягнуць яго са спражкі. Марцін прыцягнуў ранец да сябе, паслабіў абодва раменьчыкі і зноў падпіхнуў ранец да Вільмы. Тая зноў тарганула за адну спражку і, калі металічны шпянёк выйшаў з дзіркі ў раменьчыку, нават закрычала ад радасці. Яна пацягнула другую спражку і, раскрыўшы яе гэтак жа лёгка, прыйшла ў захапленне і закрычала яшчэ мацней. Рэзкім рухам яна адкінула крышку ранца. Марцін назіраў за ёй, прыхінуўшыся да сцяны.
    — He, гэта проста подласць,— паўтарыў Брылах, не паднімаючы галавы. He дачакаўшыся адказу, ён зірнуў на Марціна і дадаў:
    — Ну, і на каго ж ты будзеш падобны? Штаны ж запэцкаеш!